УДЗЕЛ СВЯТА-ТРОІЦКАГА ВІЛЕНСКАГА БРАЦТВА Ў ЖЫЦЦІ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ КІЕЎСКАЙ МІТРАПОЛІІ ДА 1596 г.

Свята-Троіцкае Віленскае Праваслаўнае брацтва з'явілася ў 1584 г. пры Свята-Троіцкім манастыры [14, с. 548]. Падчас яго ўтварэння ў Вільні існавала пяць праваслаўных брацтваў, але ўсе яны адносіліся да так званых «мядовых», ці «філантрапічных» [4, с. 62]. У сувязі з гэтым у гістарычных даследваннях часам блытаюць Троіцкае брацтва з адным з гэтых пяці папярэдніх, але яно было зусім новым стварэннем [3, с. 8; 9, с. 8-9]. У XVI ст. на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага шырока распаўсюдзіўся пратэстантызм і посттрыденскае каталіцтва. Перад Праваслаўнай царквой паўстала вострая праблема рэлігійнага асветніцтва. Гэтае пытанне стала галоўным для новага тыпу праваслаўных брацтваў - рэлігійна-асветніцкіх, да якіх і адносілася Віленскае Свята-Троіцкае брацтва.

Супрацьдзеянне, сустрэтае з боку некаторых віленскіх гараджан, прымусіла брацтва прасіць мітрапаліта Анісафора аб дазваленні надрукаваць статут і аб дараванні новай благаславеннай граматы. У 1587 г. мітрапаліт пацвердзіў законнасць стварэння брацтва, і ў 1588 г. яно надрукавала свой статут [7, с. 54]. У ім звяртае на сябе ўвагу ўступ, заснаваны на евангельскіх словах, якія заклікаюць злучыцца ў брацкі саюз для выканання запавету Хрыста аб любові да Бога і бліжняга [8, с. 235-237].

У брацтва мог уступіць любы, але калі пасвячалі ў братчыкі, ён павінен быў пацвердзіць сваю згоду з абавязацельствам ні ў чым не пярэчыць брацтву. Брацтва было ўсесаслоўным і прымала асоб мужчынскага і жаночага полу [8, с. 240]. Братчыкі штомесяц павінны былі наведваць сход, дзе абмяркоўваліся і вырашаліся бягучыя справы, збіраліся ахвяраванні. Брацкія справы павінны былі зберагацца ў строгім сакрэце, і ўсяму брацтву было дадзена права суда над вінаватымі [8, с. 246]. У статуце сцвярджалася аб недапушчэнні галечы свайго брата, клопаце аб хворых, адзінокіх і бедных. Асаблівая ўвага ўдзялялася пахаванню, выдаткі і арганізацыю якога брацтва брала на сябе [8, с. 250-252].

Найважнейшай дзейнасцю брацтва была арганізацыя школы ў Вільні, якая, магчыма, з'явілася некалькі раней за Львоўскую. Львоўскае брацтва ўтворана ў 1585 г., а брацкая школа ў Львове з'явілася ў 1586 г. па благаслаўленню Антыахійскага патрыярха Іакіма, які тады наведаў Львоў [5, с. 603]. Школа з самага пачатку была галоўным клопатам Віленскага брацтва. Віленская школа раней за Львоўскую пачала карыстацца друкаванымі падручнікамі. Маецца на ўвазе выдадзенная ў 1586 г. славянская граматыка Іаана Дамаскіна ў перакладзе Іаана, экзарха Балгарскага. Пасляслоўе гэтай граматыкі, датаванае 8 кастрычнікам 1586 г., сведчыць аб тым, што яна ўзята з «газафілакіі» (скарбніцы, казнасховішчы) князя К.К. Астрожскага [11, с. 316].

Разам з К.В. Харламповічам можна дапусціць, што каб звязацца з князем Астрожскім і атрымаць граматыку, яе адрэдагаваць і надрукаваць, павінна было спатрэбіцца шмат часу, тым больш, што гэта была яшчэ зусім незнаёмая справа. Такім чынам, рашэнне надрукаваць граматыку ўзнікла ў пачатку 1586 г., а з'яўленне школы можна аднесці да 1585 г.

5 чэрвеня 1588 г. Віленскае брацтва атрымала благаславенне самога Канстанцінопальскага патрыярха Іерыміі, які, едучы ў Маскву, спыніўся ў Вільні. Патрыярх ухваліў статут, убачыўшы, што ўсе напісанае накіравана «к соединению любви духовное и к совершенному христианскому благочестию» [11, с. 319]. Таксама ён благаславіў «школу братскую в дому братском, языка греческаго, латинскаго и рускаго имети. Також и друкарню вся книги ветхаго и новаго завета по святых отец преданию печатати» [11, с. 319]. Як і Львоўскаму брацтву, патрыярх даў права адлучаць усенародна ў царкве праз мясцовых святароў тых братчыкаў, якія не жадалі падпарадкоўвацца ці паводзілі сабе непрыстойна. Усіх духоўных асоб патрыярх папярэдзіў, каб не перашкаджалі брацтву [6, с. 21-22].

21 чэрвеня 1589 г. Жыгімонт ІІІ пацвердзіў законнасць брацтва і брацкай школы. Каралю былі прапанаваны чын брацтва і грамата патрыярха Іерыміі. Знашоўшы дзейнасць брацтва законнай і карыснай, Жыгімонт зацвердзіў усе артыкулы брацкага статута, даў брацтву пячатку, вызваліў яго ад усялякіх грашовых і натуральных падатакаў і падпарадкавання гарадскім уладам [1, № 52].

На сходзе ў Вільні ў 1591 г. групоўка сенатараў і шляхты Вялікага княства Літоўскага пад кіраўніцтвам новагародскага ваяводы Фёдара Скуміна-Тышкевіча ўвайшла ў склад Віленскага брацтва [2, № XLII]. Такім чынам, брацтва з аб'яднання віленскіх гараджан пераўтваралася ў аб'яднанне, якое магло ўплываць на царкоўныя справы [10, с. 68-69]. Братчыкі прымалі ўдзел у Берасцейскім царкоўным саборы 1591 г., на якім была прынята вялікая праграма па рэфармаванню існуючага ладу ў Царкве. Таксама дэлегаты Віленскага брацтва заявілі аб аб'яднанні намаганняў з Львоўскім брацтвам. Гэта прапанова была пацверджана віленскімі дэлегатамі ў Львове: «единость …утверждаючи, дабы посполу промышляти о всем в общую ползу и заступати от напасти» [13, № CCXVI, с. 341].

У 1591 г. Багдан Сапега, мінскі ваявода, адзін з адметных прадстаўнікоў Віленскага брацтва, дзякаваў у лісце Львоўскае брацтва за дасланую граматыку і прасіў даслаць «до тоеж науки граматычное писма кгрецкого и словацкого делателя искусна то ест дидяскала чоловека доброго в том умеетного» [13, CCI, с. 310]. Віленскай школе былі вельмі патрэбны адукаваныя дыдаскалы (настаўнікі). Святара Ігнація і Кірыла Транквіліёна-Стаўравецкага, прысланых Львоўскім брацтвам, прынялі толькі пасля сур'ёзных іспытаў.

У 1594 г. Віленскае Свята-Троіцкае брацтва прыняло актыўны ўдзел у наступным Берасцейскім царкоўным саборы. Дэлегаты брацтва прыехалі на сабор з «інструкцыяй», якая была падпісана групоўкай сенатараў і шляхты Вялікага княства Літоўскага на чале з Ф. Скуміным [2, № CCII]. Інструкцыя ўяўляла сабой праграму далейшых рэформ у Праваслаўнай Царкве і датычыла пераважна месца і ролі ў ёй брацтваў. У ёй патрабавалася пацвердзіць права і статус брацтваў, заснаваных па благаславенню патрыярха, мітрапаліта і епіскапаў і «не только не препятствовать, но и всячески содействовать их процветанию, а все иные церковные братства, противные этим, хотя бы получили начало от какого-либо епископа, знать не хочем и возбраняем» [2, № CCII, с. 497]. У кожнага брацтва павінна быць свая царква і школа, а іншыя трэба забараніць. Інструкцыя абвінавачвала епіскапаў у тым, што яны выкарыстоўвалі царкоўныя сродкі дзеля свайго ўзбагачэння. Гэтыя грошы прапанавалася накіраваць на стварэнне «школ и наук», на ўтрыманне свядомых святароў, на будаўніцтва шпіталяў і храмаў [2, № CCII, с. 498].

Брацтвы і школы з «учеными попами» належала стварыць у кожным павятовым горадзе [2, № CCII, с. 498]. Права друкаваць царкоўныя кнігі давалася толькі Віленскаму і Львоўскаму брацтвам [2, № CCII, с. 498]. Віленскай школе разам з Львоўскай надаваўся статус галоўных адносна ўсіх іншых царкоўных школ [13, CCCXII].

У 1593 - 1594 гг. у Віленскай школе выкладалі не толькі чатыры мовы, але і «вшелякия науки» [11, с. 322]. Рэктарам школы быў Стэфан Зізаній, запрошаны сюды з Львова ў 1593 г. Яго «Катехизис» быў надрукаваны ў 1595 г. у Вільні на польскай і рускай мовах [6, с. 43]. На працягу 1595-1596 гг. у Віленскай друкарні былі надрукаваны «Молитвы повседневные», «Псалтырь», «Казанье святого Кирилла, патриарха Иерусалимского, о антихристе и знакох его, з росширением науки против ересей розных» С. Зізанія, «Грамматика словенска съвершеннаго искусства осмии частей слова и иных нуждных» Л. Зізанія, складзеная Зізаніем «Наука ку читаню и розуменю письма словенского, тутыж о Святой троици и о Вочеловечении Господни», «Книга о вере», «Часовник» [12, с. 481].

Такім чынам, з моманту свайго заснавання за вельмі кароткі адрэзак часу (1584-1596 гг.) Віленскае Свята-Троіцкае брацтва зрабіла шмат карысных спраў: заснавала школу, запрасіла аўтарытэтных выкладчыкаў, устанавіла кантакты з іншымі брацтвамі, разгарнула друкарскую справу, уладкавала шпіталь і брацкія пабудовы. Брацтва прымала актыўны удзел у Берасцейскіх царкоўных саборах, адстойваючы свой погляд на царкоўныя рэформы. Зрабіла значны ўклад у дагматычнае багаслоўе. Але галоўнай справай брацтва з'явілася ўмацаванне праваслаўнага насельніцтва Вялікага княства Літоўскага ў сваёй веры.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Акты, издаваемые Виленскою Археографическою комиссиею. - Т. IX: Акты Виленского земского суда. - Вильна: Тип. А.Г. Сыркина, 1878. - XXII с., 592 с., 58 с.

2. Архив Юго-Западной России, издаваемый комиссиею для разбора древних актов, состоящей при Киевском, Подольском и Волынском Генерал-Губернаторе. - Ч. I. Т. Х: Акты, относящиеся к истории Галицко-русской Православной Церкви (1423 - 1714 гг.). - Киев: Тип. Императорского Университета, 1904. - 966 с.

3. Виленское Свято Троицкое впоследствии Свято-Духовское братство. - СПб.: Издание Редакции народного журнала «Мирской Вестник», 1876. - 60 с., 2 с.

4. Зилитинкевич, И.П. Виленские филантропические или медовые братства / И.П. Зилитинкевич. - Вильна: Виленская Губернская Типография, 1887. - 85 с.

5. Карташев, А.В. Очерки по истории Русской Церкви / А.В. Карташев. - Т. I. - Репринт: Париж, 1959. - Москва: «Наука», 1991. - 704 с.

6. Папков, А.А. Братства: Очерк истории западно-русских православных братств. - Свято-Троицкая Сергиева Лавра: Тип. Св.-Троицкой Сергиевой Лавры, 1900. - LXIV с., 291 с., 22 с., 5 с., XXIV с., XXXIX c.

7. Рункевич, С.Г. Описание документов архива западно-русских униатских митрополитов / С.Г. Рункевич. - Т. 1: 1470 - 1700. - СПб., 1897. - 502 с.

8. Устав виленского братства, утвержденный иерусалимским Патриархом Феофаном во время пребывания его в Киеве // Голубев, С.Т. Киевский митрополит Петр Могила и его сподвижники. Опыт исторического исследования. Т. 1. - Приложение / С.Т. Голубев. - Киев: Тип. Г.Т. Корчак-Новицкого, 1883. - С. 235 - 256.

9. Флеров, И., свящ. О православных церковных братствах, противоборствовавших унии в Юго-Западной России в XVI, XVII и XVIII столетиях/ свящ. И. Флеров. - Репринт: СПб., 1857. - 1996. - III с., 200 с.

10. Флоря, Б.Н. Брестские синоды и Брестская уния / Б.Н. Флоря // Славяне и их соседи. - Вып. 3: Католицизм и православие в средние века. - М., 1991. - С. 59 - 75.

11. Харлампович, К. Западнорусские Православные школы XVI и нач. XVII века, отношение их к инославным, религиозное обучение в низ и заслуги их в деле защиты православной веры и церкви/ К. Харлампович. - Казань: Типо-Литография Импер. Университета, 1898. - 524, LXII с.

12. Харлампович, К.В. Западнорусские церковные братства и их просветительная деятельность в конце XVI и начале XVII в. / К.В. Харлампович. - Б.м.: б.изд., б. г. - 19 с.

13. Шлевис, Г.П. Виленское Православное Свято-Духовское братство / Г.П. Шлевис // Православная энциклопедия. - Том VIII: Вероучение - Владимиро-Волынская епархия. - М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2004. - С. 480 - 484.

14. Milkowicz, W. Monumenta confraternitatis stauropigianae Leopoliensis sumptibus Instituti Stauropigiani/ W. Milkowicz. - T. I. - Leopolis, 1895. - XVI p., 960 p.

15. ΣΥΝОΨΙΣ, - сочинение въ защиту правъ православной западно-русской церкви, изданное Виленскимъ братствомъ ко времени конвокаціоннаго сейма после смерти короля Сигизмунда III 1632 года // Архив Юго-Западной Россіи, издаваемый коммиссіею для разбора древних актовъ, состоящей при Киевском, Подольском и Виленском Генералъ Губернаторе. - Ч. І, т. VII. - Киев: Тип. Г.Т. Корчакъ-Новицкаго, 1887. - С. 533 - 576.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Юнгіна А.С.

Рубрыка: