ЦАРКОЎНЫ З'ЕЗД У ПОЛАЦКУ 1839 г. - ПЫТАННЕ ПРА ЯГО КАНАНІЧНАСЦЬ

Лёс Уніяцкай Царквы ў Беларусі і асабліва яе ліквідацыя з'яўляюцца сёння прадметам зацікаўленасці гісторыкаў, кананістаў, багасловаў розных краінаў Еўропы.

Як прыклад варта адзначыць, што на пачаку 2009 г. на працягу некалькіх тыдняў адбывалася электронная кансультацыя навукоўцаў, на якой абмяркоўвалася справа так званага «Сабору» ў Полацку ў 1839 г.

Вынікам гэтага сталі 10 тэзісаў, названых «Polatsk 1839 - Appunti di Casola Lunigiana», якія з'яўляюцца скарочанай рэдакцыяй галоўных думак вышэй згаданай кансультацыі-дыскусіі. Абмеркаванне і самі дыскусіі яшчэ працягваюцца, а інфармацыю пра іх ход і змест можна атрымаць па электронным адрасе: polatsk170@gmail.com.

Справа царкоўнага з'езду ў Полацку ў 1839 г., на якім была зліквідавана Уніяцкая Царква, абмяркоўвалася на міжнародным сімпозіуме «Місія Усходніх Каталіцкіх Цэркваў у жыцці Паўсюднай Царквы ды ў сучасным свеце», які адбыўся ў Міжнародным Багаслоўскім Інстытуце (ITI, International Theological Institute) у аўстрыйскім горадзе Гамінг (інфармацыю аб гэтым можна знайсці на сайце www.iti.ac.at/news/news_symposium.htm).

Акрамя таго, гістарычныя і кананічныя кансеквэнцыі Полацкага з'езду 1839 г. будуць абмяркоўвацца і на міжнароднай кансультацыйнай сустрэчы ўсходніх каталіцкіх іерархаў Еўропы - CHOCE (Consulta Hierarcharum Orientalium Catholicorum Europae) ва Ужгарадзе (Украіна) 12 - 14 траўня 2009 г.

Да навейшых публікацый, у якіх кампетэнтна разглядаецца пытанне Полацкага з'езду («сабору») 1839 г., належыць таксама кніга італьянскага даследчыка гісторыі Усходняй Еўропы і міжнароднага права прафесара з універсітэту ў Трыесце Джаванні Кодевілля (Giovanni Codevilla) «Lo zar e il patriarca. I rapporti tra trono e altare in Russia dalle origini ai giorni nostri» (Milano, 2008). Хочам узгадаць і кананічныя даследванні прафесара Луіса Окуліка (беларуса па паходжанні), намесніка старшыні Інстытута Кананічнага Права ў Венецыі.

Коратка прадставім некалькі момантаў, якія нарадзіліся ў працэсе вышэй узгаданай дыскусіі ў інтэрнэце, прысвечанай царкоўнаму з'езду ў Полацку ў 1839 г. і пытанню яго кананічнасці.

1. Як вядома, у 1795 годзе адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай, федэратыўнага дзяржаўнага арганізму, у склад якога ўваходзілі беларускія землі. У выніку падзелу гэтыя землі былі далучаны да Расійскай імперыі, а беларускі народ упершыню за ўсю гісторыю свайго існавання апынуўся пад уладай расійскіх цароў, варожых да беларускай незалежнасці і самабытнасці.

«Новая ўлада зразумела, што стрыжнем беларускай самасвядомасці з'яўляецца Беларуская Уніяцкая Царква, да якой у той час належала абсалютная большасць беларускага народу. Таму ад самага пачатку была разгорнута шырокая антыуніяцкая акцыя, скіраваная на аслабленне структураў Беларускай Царквы і выкараненне яе гістарычных адметнасцяў ад расійскай» (Ян Майсейчык, Антверпен). Гэта акцыя трывала на беларускіх землях усё XIX стагоддзе.

Як заўважае беларускі праваслаўны гісторык з Беластоку, прафесар Яўген Мірановіч, «на пачатку XIX ст. грэка-каталіцкая Царква ўсё яшчэ была найбольшай Царквой на Беларусі. Да яе належала большасць беларусаў, хаця поступ праваслаўя ў час панавання Кацярыны ІІ і рымскага каталіцтва ў час панавання Аляксандра І спрычыніліся да значнага памяншэння колькасці уніятаў» (E. Mironowicz, Historia Białorusi od połowy XVIII do XX w. (Rozdział X). Białystok, 2002).

Адначасова ва Уніяцкай Царкве трываў канфлікт паміж епархіяльным (белым) духавенствам і ордэнам базыльянаў (чорнае духавенства). Барацьбу «белых» з «чорнымі» ачольвала духавенства з былой Супрасльскай епархіі, якая была далучана да Брэсцкай епархіі.

Але хутка стан «белага» кліру змяніўся. Праправаслаўная і прарасійская палітыка на беларусіх землях напрыканцы панавання Аляксандра І ажывіла справу «з'яднання уніятаў з праваслаўнай Царквой», якая вяла да ліквідацыі Уніяцкай Царквы. Першым з гэтай думкай выступіў Мікалай Навасільцаў (Mikołaj Nowosilcow). У 1825 г. ён пісаў да новага міністра адукацыі Шышкова, што «ўрад расійскі, па-за ўсёй сваёй талерантнасцю да існуючых у нашым краі веравызнанняў, не можа глядзець з абыякавасцю на тых, якія вызнаюць тую самую веру, што і ён, але аддзеленыя ад яго Царквы».

Палітычны, прадзяржаўны і некананічны характар гэтай праграмы з'яўляецца дастаткова яўным.

2. У рамках акцыі «набліжэння да праваслаўя» духоўныя навучальныя ўстановы Уніяцкай Царквы былі выведзены з-пад улады біскупаў і падпарадкаваныя прафесуры, якая была моцна захоплена лібералізмам і модным ужо ў той час вальнадумствам ды, адпаведна, мела антыпапскі і антыкаталіцкі настрой. Гэта была тыповая асветніцкая пазіцыя, якая панавала ў Галоўнай семінарыі ў Вільні.

Прыкладам можа паслужыць настаўнік уніяцкіх семінарыстаў у Галоўнай семінарыі Міхал Баброўскі, аб якім напісана, што ён «імкнуўся да павяртання тоеснасці уніяцкай Царквы». Праўда толькі, што «Царкву ён трактаваў перадусім як грамадскую інстытуцыю» (Я. Мірановіч). М. Баброўскі быў гарачым прыхільнікам язэпізму, г.зн. падпарадкавання царкоўнай улады свецкім уладам па прыкладу парадкаў, якія ўвёў у Аўстрыі імператар Язэп ІІ.

Гэта чарговы прыклад некананічнасці дзейнасці па падрыхтоўцы ліквідацыі Уніяцкай Царквы.

3. Таксама трэба ўзгадаць, што каталіцкая прафесура ў Галоўнай семінарыі адкрыта адмаўляла ўладу Папы рымскага, з чаго можна лёгка зразумець, што з гэтай семінарыі выходзілі вельмі кволыя ў каталіцкай веры святары, не здольныя супрацьстаяць націску афіцыйнай прапаганды і таму схільныя да апастазіі (адступніцтва). Менавіта такімі выпускнікамі сталі Язэп Сямашка, Антон Зубко і Васіль Лужынскі. Іх схільнасць да адступніцтва была заўважана царскімі ўладамі, і таму ўсе яны неўзабаве былі ўхваленыя на біскупскія кафедры.

У падзяку за гэта яны павялі непрыкрытую барацьбу з духавенствам, якое мела моцную каталіцкую веру і глыбокую адданасць уніяцкай традыцыі. Дзейнасць гэтых біскупаў прыняла дэструктыўны характар, скіраваны на разбурэнне ўнутранага ладу Царквы, што было, відавочна, некананічна.

Можна пагадзіцца з Я. Мірановічам, што «роля Сямашкі ў ліквідацыі Уніі звычайна перабольшваецца», і што «ў сваёй Царкве ён мог спадзявацца на падтрымку вузкай эліты, бо Галоўную семінарыю скончыла толькі 40 уніятаў. Рашаючае значэнне мела воля расійскіх уладаў».

Гэта вельмі важная заўвага. У ліквідацыі Уніяцкай Царквы вырашальнае значэнне мела воля расійскіх уладаў - уладаў свецкіх, дзейнасць якіх была цалкам некананічнай.

4. У 1827 годзе Язэп Сямашка склаў план ліквідацыі Уніяцкай Царквы і падаў яго расійскаму ўраду, які ацаніў яго старанні і стаў рыхтаваць яго на мітрапалічы пасад.

Згодна з Сямашкавым планам, быў распачаты штучны падзел духавенства грэцкага і лацінскага абрадаў (апошняе было выдалена з Грэцка-Уніяцкай Калегіі), таксама былі абрабаваны на карысць царскай казны базыльянскія манастыры, а самі базыльяне, што вызначаліся адданасцю Каталіцкай Царкве, былі выведзены з-пад кіраўніцтва протаігумена і аддадзены пад уладу біскупаў-апастатаў, якія ўрэшце забаранілі навіцыят (прыняцце новых паслушнікаў).

Акрамя таго, кандыдатам да святарства было забаронена выязджаць на навучанне ў Рым, і адначасова здольных клірыкаў «дзеля лепшага знаёмства з расійскім духам у вышэйшых праваслаўных духоўных установах» пасылалі на навучанне ў Маскву ды Пецярбург.

Гэта чарговыя прыклады палітычнага (а, значыць, і некананічнага) ўмяшання царскіх уладаў у жыццё Уніяцкай Царквы.

У 1831 годзе замест уніяцкага быў прымусова ўведзены праваслаўны Службоўнік, у якім не было памінання Папы Рымскага, таксама і ў семінарыях грэка-каталіцкія падручнікі былі заменены на маскоўскія кнігі.

Нязгодныя прыняць гэтыя змены былі рэпрэсаваны (напрыклад, з 54 святароў Наваградскага павету, якія падпісалі пратэстацыю, некаторыя пад пагрозай былі прымушаны адклікаць свае подпісы, а тыя, што не паслухаліся, былі асуджаны да году пакуты ў манастырах. У найбольш упартых адбіралі дзяцей, а іх саміх высылалі ў Сібір (Я. Майсейчык, Антвэрпэн).

5. У 1838 годзе памёр стары мітрапаліт Язафат Булгак - апошняя перашкода ў справе знішчэння Уніяцкай Царквы. 3 сакавіка 1838 г. Язэп Сямашка стаў на чале Грэка-Уніяцкай Калегіі.

Я. Мірановіч прыводзіць чарговыя дадзеныя пра адносіны уніяцкага духавенства да ідэі т.зв. ўз'яднання з Расійскай Царквой. «У Літоўскай епархіі у 1837 г. за ўз'яднанне выказалася 760 духоўных, у Беларускай - з 680 падпісалася толькі 180» (E. Mironowicz, Koscioł prawosławny…). Каб змяніць сітуацыю, належала разгарнуць шырокую агітацыю за «ўз'яднанне».

Я. Сямашка, адчуўшы, што апазыцыя яго раскольніцкай дзейнасці практычна задушана, заняўся актыўнай падрыхтоўкай адступніцкага «сабору».

24 лютага 1839 году ў Полацку пад патранатам расійскіх уладаў адбыўся царкоўны з'езд, які часам называецца Полацкім саборам.

На гэтым «саборы» літоўскі біскуп Язэп Сямашка і яго нешматлікія паплечнікі абвясцілі сваё адмаўленне паслухмянасці Папе Рымскаму і «ўз'яднанне» Уніяцкай Царквы на беларускіх землях з дзяржаўнай Царквой Расійскай Імперыі (якая афіцыйна называлася «православно-кафолическая Церковь»).

З кананічнага пункту бачання, аніводны царкоўны з'езд, які адкідае ўладу і аўтарытэт найвышэйшага іерарха не можа называцца саборам, а тым больш не можа лічыцца кананічным.

З'езд у Полацку ў 1839 г. быў не царкоўным саборам, але прадзяржаўным з'ездам, які ліквідаваў Уніяцкую Царкву па палітычных прычынах.

6. Уніяцкая Царква на Беларусі была Каталіцкай Царквой, і ў ёй абавязковымі з'яўляліся кананічныя правілы усёй Каталіцкай Царквы, у склад якой заўсёды ўваходзілі і Цэрквы розных усходніх традыцый. Адно ж з гэтых кананічных правілаў кажа, што дзяржаўныя ўлады не маюць права ўмешвацца ва ўнутранае жыццё Царквы.

З'езд у Полацку у 1839 г. быў яскравым прыкладам такога некананічнага ўмяшання.

У Праваслаўнай Царкве, у тым ліку ў Праваслаўнай Царкве Расійскай Імперыі, існаваў прынцып сімфоніі духоўнай і свецкай ўладаў. На практыцы, відавочна, усе рашэнні прымаў «Священный Синод». Такая сітуацыя прыносіла вялікую шкоду самой Праваслаўнай Царкве, і менавіта гэта сітуацыя стварыла магчымасць некананічнай, насільнай ліквідацыі Уніяцкай Царквы ў 1839 г.

У працэсе ліквідацыі рэлігійная свабода была цалкам згвалчана.

Часамі можна пачуць, што таксама і Брэсцкая Унія не давала свабоды выбару. Варта ўсё ж адзначыць, што ў Брэсце ў 1596 г. адбыліся два сіноды: праунійны і антыунійны. У Полацку ў 1839 г. аніякага выбару не было. Царкоўны Полацкі з'езд быў толькі сцэнай рэалізацыі сцэнарыя, які доўга і сакрэтна рыхтаваўся «Сакрэтным Камітэтам» у Пецярбургу.

Гэтая сакрэтнасць падрыхтоўкі - чарговае пацвярджэнне некананічнасці дадзенага з'езду.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Гаек С., Сапунько О.

Рубрыка: