МАЛІТВЫ РОЗНЫЯ

 

Малітва падзякі свяціцеля Амвросія Медыяланскага

Цябе Бога хвалім, Цябе, Госпада, вызнаем, Цябе, спрадвечнага Айца, уся зямля велічае. Табе ўсе ангелы, Табе нябёсы і ўсе сілы, Табе Херувімы і Серафімы няспынна голасна ўсклікаюць: святы, святы, святы, Гасподзь Бог Саваоф, напоўнены неба і зямля веліччу славы Тваёй.

Цябе найслаўнейшы апостальскі сабор, Цябе хвальнае мноства прарокаў, Цябе хваліць найсвятлейшае воінства мучанікаў, Цябе па ўсім свеце вызнае святая Царква: Айца непрыступнага веліч, пакланяемага Твайго ісціннага і адзінароднага Сына і Святога Уцяшыцеля - Духа.

Ты - Цар славы, Хрысце. Ты - Айца вечнасны Сын. Ты дзеля збаўлення чалавека не пагрэбавау Дзявочым улоннем. Ты, адолеўшы смерці джала, адкрыў веруючым Царства Нябеснае.

Ты праваруч Бога сядзіш, у славе Айца, веруем, што як Суддзя Ты прыйдзеш. Таму просім Цябе: памажы рабам Тваім, якіх Ты пачэснай Крывёю выкупіў. Спадобі са святымі Тваімі ў вечнай славе Тваёй цараваць. Спасі, людзей Тваіх Госпадзі, і благаславі спадчыну Тваю, кіруй ёю і ўзвяліч навекі. Ва ўсе дні будзем благаслаўляць Цябе і ўсхваляць імя Тваё навек і ў век вечны. Спадобі, Госпадзі, у гэты дзень без граху захавацца нам. Памілуй нас, Госпадзі, памілуй нас. Няхай будзе міласць Твая, Госпадзі, на нас, бо мы спадзяёмся на Цябе. На Цябе, Госпадзі, спадзяёмся, каб не зняславіцца давеку. Амінь.

Малітва перад ядою

Вочы ўсіх да Цябе, Госпадзе, звяртаюцца з надзеяй, і Ты даеш ім ежу своечасова, адкрываеш Ты шчодрую руку Сваю і напаўняеш усё жывое ласкаю.

Малітва пасля яды

Дзякуем Табе, Хрысце Божа наш, што Ты насыціў нас зямнымі Тваімі дабротамі, не пазбаў нас і нябеснага Твайго Царства, але як Ты прыйшоў да вучняў Тваіх, Спасіцелю, мір даючы ім, так прыйдзі і да нас і спасі нас.

Малітва за тых, хто ў дарозе

Госпадзі, Іісусе Хрысце, Божа наш, ісцінны і жывы Шлях, Які пажадаў падарожнічаць у Егіпет з уяўным бацькам Тваім Іосіфам і Прачыстаю Дзеваю, Маці Тваёю, і Які падарожнічаў у Эмаус з Лукою і Клеопаю! І цяпер, пакорна молім Цябе Найсвяцейшы Уладару, будзь спадарожнікам і гэтым рабам Тваім праз Тваю благадаць. І як рабу Твайму Тавію, пашлі Ангела, ахоўніка і настаўніка, каб ён ахоўваў іх і пазбаўляў ад усялякай небяспекі, ад бачных і нябачных ворагаў, каб настаўляў іх на выкананне запаведзяў Тваіх, каб суправаджаў іх у міры, дабрабыце і добрым здароўі і каб прывёў іх назад цэлымі і спакойнымі. I дай ім усе свае добрыя намеры выканаць паспяхова ў дагаджанне Табе і ў славу Тваю. Бо ў Тваёй уладзе мілаваць і спасаць нас, і мы ўзносім Табе славу, з безпачатным Тваім Айцом і Прасвятым, Добрым і Жыватворчым Тваім Духам, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.

Малітва за хворага

Уладыка Уседзяржыцелю, Святы Цару, Ты караеш, але не ўмярцвляеш, падтрымліваеш тых, хто падае, і тых, хто ўпаў падымаеш, цялесныя пакуты чалавечыя ацаляеш. Молімся Табе, Божа наш, наведай Тваёю міласцю раба Твайго (імя), які пакутуе немаччу, даруй яму ўсялякае саграшэнне, вольнае і міжвольнае. Госпадзі. Пашлі з нябёс ацаляючую сілу Тваю, дакраніся да яго цела, пагасі ў ім гарачку, спыні пакуты і ацалі ўсялякую ў ім немач; будзь урачом раба Твайго (імя) і падымі яго з ложа хваробы, з ложа пакуты цэлым і зусім здаровым; зрабі яго здольным дагаджаць Царкве Тваёй і выконваць волю Тваю. Бо ў Тваёй уладзе мілаваць і ратаваць нас, Божа наш, і мы ўзносім Табе славу, Айцу і Сыну і Святому Духу, цяпер і заўсёды і на векі вякоў. Амінь.

Малітва за пацярпелых ад ядзернай катастрофы ў Чарнобылі

Госпадзе, Іісусе Хрысце, Божа наш! Спаглянь на ўсіх, хто пацярпеў ад ядзернай катастрофы ў Чарнобылі, не дай ім застацца без даху над галавой і надзеі на будучае жыццё, дай ім мужнасць і веру ў Тваю ўсясільную дапамогу. Ахавай, Госпадзе, будучыя пакаленні ад цяжкіх хваробаў і пачварстваў, захавай дзетак, якія ва ўлонні мацярынскім знаходзяцца. Усім жа невылечна хворым, хто ў смутку смяротным адыходзяць са свету гэтага, прабачэнне і адпушчэнне грахоў і саграшэнняў дай; і Ангелаў Тваіх пашлі прыняць душы іх. Ачысці, Госпадзе, рукою Тваёю зямлю, паветра і ваду ад згубных наступстваў чарнобыльскай бяды. Абарані нас малітвамі Прачыстай Уладычыцы нашай Багародзіцы, святых угоднікаў зямлі Беларускай, і ўсіх святых. Амінь.

Малітва да святога Ваніфація Міласцівага

Усесвяты Ваніфацій, міласцівы раб Міласэрнага Уладара! Пачуй тых, хто просіць цябе, апанаваных згубнай прагай алкаголю, і як у сваім зямным жыцці ты ніколі не адмаўляў у дапамозе тым, хто прасіў у Цябе, так і цяпер уратуй няшчасных (імёны). Некалі, багамудры ойча, град пабіў твой вінаграднік, ты ж, узнёсшы падзяку Богу, загадаў нямногія з ацалелых гронак пакласці ў тачыла і паклікаць бедных. Затым, узяўшы маладое віно, ты разліў яго па кроплі ва ўсе пасудзіны, якія былі ў епіскапіі, і Бог, што выконвае малітвы міласцівых, стварыў вялікі цуд: віно ў тачыле памножылася, і бедныя напоўнілі пасудзіны свае.

0, свяціцель Божы! Як па тваёй малітве памножылася віно для патрэб царквы і на карысць бедным і ўбогім, так ты, блажэнны, паменшы яго цяпер там, дзе яно прыносіць шкоду, збаў ад неадольнай цягі тых, хто апанаваны згубнай прагай да яго (імёны), ацалі іх ад цяжкай хваробы, вызвалі ад дыявальскай спакусы, умацуй іх, слабых, дай ім, нямоглым, моц і сілу паспяхова адолець гэтую спакусу, вярні іх да здаровага і цвярозага жыцця, накіруй на шлях працы, укладзі ў іх імкненне да цвярозасці і духоўнай бадзерасці. Памажы ім, угоднік Божы Ваніфацій, калі прага віна будзе пячы ім горла - знішчы іх згубнае жаданне. асвяжы іх вусны нябеснай прахалодаю, прасвятлі вочы іх, пастаў ногі іх на скалу веры і надзеі, каб, збавіўшыся ад сваёй душэўнай страсці, якая адлучае ад Царства Нябеснага, яны ўмацаваліся ў пабожнасці і ўдастоіліся неганебнага мірнага скону і ў вечным святле бясконцага Царства Славы годна праслаўлялі Госпада нашага Іісуса Хрыста з Беспачатным Яго Айцом і з Прасвятым і Жыватворчым Духам на векі вякоў. Амінь.

Малітва маці да Міласэрнага Госпада за дзяцей, якія загінулі ў мацярынскім улонні

Памяні, Чалавекалюбны Госпадзі, душы спачылых рабоў Тваіх - дзетак, якія ва ўлонні маці памерлі неспадзявана ад выпадковых дзеянняў або ад цяжкіх родаў, або ад нейкай неасцярожнасці, або свядома былі загубленыя і таму не прынялі Святога Хрышчэння.

Ахрысці іх, Госпадзі, у моры шчадротаў Тваіх і спасі невымоўнаю Тваёю благадаццю, а мне, грэшнай (імя), якая страціла дзіця ва ўлонні сваім, даруй і не пазбаў Тваёй міласэрнасці. Амінь.

Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнай.

Госпадзі, памілуй дзетак маіх, што памерлі ва ўлонні маім, за веру і слёзы мае, дзеля міласэрнасці Тваёй, Госпадзі, не пазбаў іх Святла Твайго Бажэственнага.

Малітва

О, Уладару, Госпадзі Ісусе Хрысце, Сыне Божы! Вялікая дабрыня Твая: дзеля нас, людзей, і дзеля нашага спасення Ты ў плоць адзеўся і быў распяты і пахаваны і Тваёю Крывёю абнавіў разбэшчаную прыроду нашую, прымі маё пакаянне ў грахах і пачуй голас мой: я саграшыла, Госпадзе, перад небам і перад Табою, словам, справаю, душою і целам і думкаю, і запаведзі Твае парушыла, не паслухалася загаду Твайго, прагневала Добрасць Тваю, Божа мой, але паколькі я Тваё стварэнне, не адчайваюся ў спасенні, але да бязмернай Тваёй Міласэрнасці адважваюся звярнуцца і малюся Табе: Госпадзі! у пакаянні дай мне скрушанае сэрца і прымі мяне ў малітве, і дай мне думкі добрыя, дай мне слёзы замілавання, Госпадзі, дай мне па благадаці Тваёй пакласці добры пачатак. Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне, паўшую, і памяні мяне, грэшную рабу Тваю ў Царстве Тваім, цяпер і заўсёды і на векі вякоў. Амінь.

Рубрыка: