Дзяржава і Касцёл: словы, справы і маўчанне

 

 З 13 па 15 лістапада ў Мінску праходзіла канферэнцыя, арганізаваная Хрысціянскім адукацыйным цэнтрам, на тэму: “Праваслаўна-каталіцкі дыялог: хрысціянскія этычныя каштоўнасці як унёсак у сацыяльнае жыццё Еўропы”. За шмат гадоў правядзення падобных канферэнцыяў склад іх удзельнікаў і тэмы для абмеркавання сталі ўжо традыцыйнымі, але кожны раз нехта з запрошаных гасцей становіцца “цвіком праграмы”. Гэтым разам такім “цвіком” стаў, як гэта ў прынцыпе і прадугледжвала спецыфіка тэматыкі – праваслаўна-каталіцкі дыялог, высокі госць з Ватыкана. Ім стаў адказны за экуменічныя сувязі ці, афіцыйна кажучы, за садзейнічанне хрысціянскай еднасці, кардынал Курт Кох, які змяніў на гэтай пасадзе іншага кардынала Вальтэра Каспера – “цвіка праграмы” лістападаўскай канферэнцыі 2009 г. на тэму хрысціянска-юдэйскага дыялогу, якую праводзіў той самы ХАЦ у гонар свсв. Мяфода і Кірыла.

 

У прынцыпе, адну і тую ж тэму ў беларускае інфармацыйнае поле можна закідваць незлічоную колькасць разоў, і яна будзе гучаць свежай і сенсацыйнай. У рэлігійнай сферы такімі тэмамі з 2008 г. беларускім рэжымам эксплуатуюцца звязаныя з т.зв. “паваротам да каталіцкай царквы” падпісанне паміж Беларуссю і Ватыканам адмысловага пагаднення - Канкардату, а таксама магчымы візіт у Беларусь Папы Рымскага.

 

Сапраўды, улетку 2008 г. Беларусь наведаў не проста кардынал, а Дзяржсакратар Ватыкана Тарчызіё Бертоне. Відавочна, што ў час гэтага візіта, найбольш яркімі момантамі якога якраз і стала запрашэнне Прэзідэнтам Беларусі Папы Рымскага, а таксама заява пра падпісанне міждзяржаўнага пагаднення. І гэты візіт быў не проста шэраговым пратакольным мерапрыемствам, але адлюстроўваў, як тады здавалася, пералом дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да Рыма-Каталіцкай Царквы. З аднаго боку, 2008 г. быў пераломным шмат у чым – т. зв. лібералізацыя, паварот на Захад, які выклікаў значны шок, бо стратэгічным партнёрам заўжды была Расейская Федэрацыя, а Захад пазіцыянаваўся як варожы. Адпаведна, у рэлігійнай сферы стратэгічным партнёрам беларускага рэжыму была Руская Праваслаўная Царква, таму візіт высокага каталіцкага іерарха і раптоўны “паварот да каталіцтва” таксама ўспрымаўся шокава. Шмат у чым гэты шок быў звязаны з той акалічнасцю, што для Беларусі шматвектарнасць з’яўляецца праблемнай, бо дастаткова толькі павярнуцца ў профіль ад сваіх стратэгічных партнёраў – Расеі і РПЦ, як гэта адразу можа быць праінтэрпрэтавана як “адвярнуцца” ад іх на карысць альтэрнатыўных сілаў – свецкіх ці рэлігійных. Таму ўзмацненне “заходняга вектара” ўзбудзіла некаторы неспакой на Ўсходзе. І як паказала развіццё далейшых падзеяў, неспакой дарэмны.

 

Каротка нагадаю, як развівалася гісторыя з падпісаннем канкардату – пасля прыезду Тарчызіё Бертоне, пайшла гаворка пра хуткае падпісанне, і праз год, у пачатку траўня 2009 г. Упаўнаважаны па справах рэлігій заявіў: “Візіт у Беларусь Тарчызіё Бертонэ адбудзецца да канца першага паўгоддзя 2009 г. У час візіта прадстаўніка Святога Прастолу плануецца падпісаць пагадненне паміж Беларуссю і Ватыканам”[1]. Але толькі ў другім паўгоддзі нарэшце прыехаў кардынал, і не Тарчызіё Бертоне, а Вальтэр Каспер, і безумоўна, ніякага падпісання канкардату не адбылося. Мінуў увесь 2010 г., вось ужо і 2011 г. падыходзіць да канца – і зноў, візіт яшчэ аднаго кардынала – Курта Коха – але зноў, падпісанне будучага канкардату толькі ў планах. Тэма ж падпісання “літаральна ў бліжэйшы час” узнікала не толькі ў кантэксце візітаў кардыналаў. Так, у снежні 2010 г. Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Беларусі Аляксандар Кашкевіч заявіў Радыё “Ватыкан”, што дакумент падрыхтаваны, але, каб ён быў хутка падпісаны “трэба маліцца”, і што “гэта пытанне Апостальскай Нунцыятуры” [2]. І сапраўды, як сведчаць дакументы кіруючай структуры РКЦ – Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Беларусі пытанне канкардату да канца 2011 г. там нават не разглядалася. Цяжка сказаць нават, якія суб’екты вядуць распрацоўку дакумента з боку РКЦ і з боку беларускага ўраду. Упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў, напрыклад, адзначаў, што “на дадзены момант вядзецца распрацоўка Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Ватыканам. Асноўным распрацоўшчыкам з’яўляецца МЗС РБ, адначасова з ягонай просьбы Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў прымае ўдзел у працы на тэкстам Пагаднення” [3].

 

Тэма канкардата ўздымалася таксама і ў час візіту А. Лукашэнкі ў Ватыкан у 2009 г., а таксама пры сустрэчы з кардыналам Тарчызіё Бертоне ў час саміту АБСЕ ў Астане ў 2010 г., на якой іерарх адзначыў, што “ключавым момантам таго, што паміж нашымі краінамі склаліся даверлівыя адносіны, з\`яўляецца пагадненне, над якім мы цяпер працуем” [4]. Праца над тэкстам пагаднення відавочна зацягнулася, хаця амбасадар Беларусі пры Апостальскай сталіцы Сяргей Алейнік у канцы 2010 г. адзначыў, што “праца над пагадненнем знаходзіцца ў прагрэсіўнай стадыі” і беларуская дзяржава разлічвае, што “гэтая праца будзе завершана даволі хутка, але неабходны яшчэ некаторы час” [5]. Тэрмінаў ужо ніхто не называе, ніхто не бачыў і тэкста пагаднення, і нават прыблізна невядомы ягоны змест. Тым часам канкардат з Ватыканам паспеў заключыць Азербайджан [6], гэта адбылося ў кастрычніку 2011 г. Дарэчы, фактычна адразу пасля падпісання гэтай дамовы, апостальскага нунцыя – амбасадара Ватыкана – у Азербайджане, арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, які, відавочна, нямала папрацаваў у гэтай сувязі, з Азербайджана паслалі менавіта ў Мінск. І калі гэта сапраўды пытанне апостальскай нунцыятуры, то, відавочна, такім чынам, Ватыкан спрабуе актывізаваць працэс, які хоць і знаходзіцца ў прагрэсіўнай стадыі, але пакуль ніякага плёну не даў.

 

І вось ізноў тэма каркардату загучала падчас візіта кардынала Коха. Спачатку на сустрэчы кардынала з Аляксандрам Лукашэнкам апошні заявіў, што дакумент гатовы, яго можна разглядаць і падпісваць [7]. Гэта пацвярджае і Ўпанаважаны па справах рэлігій Леанід Гуляка: “сёння яно падрыхтавана, адпрацавана нашымі службамі ў Рэспубліцы, у тым ліку юрыдычнымі і ўсімі астатнімі, і перададзена праз міністэрства замежных спраў яшчэ ў траўні гэтага года ў сакратарыя Ватыкана для адпрацоўкі ўсіх пытанняў” [8].

 

Калі падрыхтоўка пагаднення з БПЦ заняла невялікі прамежак часу – пасля прыняцця новага закона “Аб свабодзе сумлення” ў 2002 г. прайшло не больш за год, то чамусьці з Ватыканам усё так проста не атрымліваецца. Магчыма, што праблема ў тым, як упісаць гэтае пагадненне ў нашую прававую сістэму, як зрабіць яго аналагічным пагадненню з БПЦ, а гэтае пытанне прынцыпова невырашальнае, бо, як ужо адзначалася, з пагадненне з БПЦ – гэта дамова паміж дзяржавай і адной з зарэгістраваных у Беларусі некамерцыйных арганізацый; у выпадку ж з канкардатам – гэта міждзяржаўнае пагадненне, і заключаць яго з Беларуссю будзе нават не Каталіцкі Касцёл, а дзяржава Ватыкан.

 

Такім чынам, канкардат у стасунках паміж Беларуссю і Каталіцкай Царквой так і не набывае афармлення ў дакумент, але застаецца працэсам, які можа “ў прагрэсіўнай стадыі” доўжыцца неабмежаваны прамежак часу, але калі ён будзе падпісаны, і ці будзе падпісаны ў межах згаданага трэнду “паварота да каталіцкай царквы”, застаецца сумніўным.

 

Другая тэма – візіт Папы – таксама даўняя. Але яна надзвычай актуалізавалася падчас таго ж візіта кардынала Бертоне ў 2008 г., калі А.Лукашэнка запрасіў Папу ў Беларусь. Гэта быў эфектны крок, і хаця сам па сабе візіт Папы мае, хутчэй, сімвалічны характар, гэтая прапанова запомнілася нават больш за канкардат. Але ж што стаіць за візітам Папы? Толькі ўявіце, гэта не проста беларускія пілігрымы-каталікі ў колькасці некалькі тысячаў ідуць у Будслаў. Гэта дзясяткі тысячаў каталікоў збіраюцца ў адным месцы, да іх дадаюцца прагнучыя пабачыць Папу візіцёры з суседніх краін, асабліва краін бязвізавага ўезду. Але што самае цікавае, гэтыя дзясяткі тысячаў ловяць на беларускай зямлі кожнае слова не Аляксандра Лукашэнкі, але кожнае слова зусім іншага чалавека, а ён можа казаць усё што заўгодна. Пару дзясяткаў тысячаў дэманстрантаў у Беларусі кантраляваць ужо навучыліся, але на сотні тысячаў, у выпадку чаго, не хопіць міліцыі нават у нашай мілітарызаванай краіне. Гэта адна праблема, якая для беларускага рэжыма стварае занадта вялікую рызыку.

 

Ёсць тут праблемы і іншыя – датычна візіта Папы не ўсё залежыць ад добрай волі таго бока, які запрашае. Папа Рымскі Бенедыкт XVI больш блізкі ў дыпламатычным плане да Маскоўскага Патрыярхату, чым ягоны папярэднік Яна Павел ІІ, які б, думаю, каб атрымаў запрашэнне ў належны час, не паглядзеў бы на рэакцыю РПЦ і прыехаў бы. Але той баланс інтарэсаў, а таксама адно з сапраўдных абліччаў праваслаўна-каталіцкага дыялогу не пра этычныя каштоўнасці, а пра кананічныя тэрыторыі, якія склаліся на дадзены момант паміж Каталіцкай Царквой і Царквой Рускай Праваслаўнай, выключаюць несанкцыянаваны прыезд Папы туды, куды яго не запросіць сам Патрыярх Маскоўскі. І пакуль гэты праваслаўна-каталіцкі дыялог стаіць у тупіку, які стварыў у першую чаргу Маскоўскі Патрыярхат, паставіўшы ўмовы Ватыка. Галоўным чынам, датычна уніятаў ва Ўкраіне, якім пасля абвяшчэння незалежнасці, былі вернутыя многія храмы, што на той час належалі РПЦ [9]. Але якое выйсце можа быць з “украінскай” сітуацыі? Што цяпер можа зрабіць Ватыкан? Заклікаць грэка-каталікоў аддаць храмы праваслаўным? Ці наогул зліквідаваць унію? Такая ўмова абсурдная, бо наўрад ці можа ўсур’ёз ажыццявіцца. Але ў рэчаіснасці двухбаковых перамоваў высокія прадстаўнікі РПЦ камунікуюць з Папам вельмі цёпла, як прыклад, апошні сёлетні візіт да Бенедыкта ХVI мітр. Іларыёна і цэлай дэлегацыі РПЦ [10]. Як будзе развівацца сітуацыя, скажаць цяжка, але што зразумела цалкам ясна – гэта тое, што Маскоўскаму Патрыярхату і Ватыкану не патрэбныя пасярэднікі [11] ў сваім дыялогу, у якія актыўна ў 2009 г. набіваўся беларускі Прэзідэнт, і які быў рэзка спынены РПЦ.

 

Ну і трэцяя праблема, гэта тое, што ўсе эфектныя крокі Прэзідэнт Беларусі прызвычаіўся рабіць нечакана. Гэта і запрашэнне кардынала Тарчызіё Бертоне, які зваліўся сярод лета, як снег на галаву. Гэта і перадпасхальны візіт самога Лукашэнкі ў Ватыкан у 2009 г. Гэта таксама і паездка да Ўсясветнага Патрыярха Варфаламея, якая таксама стала нечаканасцю. З Папам так не атрымаецца. Візіт Папы мае рыхтавацца працяглы час, а ў нас, як не падрыхтоўка, то выходзіць зацягванне працэсу. Справа ў тым, што робячы нечаканыя незапланаваныя візіты, Лукашэнка не дазваляе да гэтых візітаў падрыхтавацца іншых, ці то рэлігійных дзеячаў, ці то экспертаў і аналітыкаў, ці іншыя зацікаўленыя бакі. Дый, па сутнасці, візіты гэтыя і разлічаныя на эфект, на карцінку, а зусім не на планамерны вынік. Больш за тое, відавочна, што ў акружэнні Прэзідэнта няма прафесійных дарадцаў па справах рэлігій, які я б маглі яму данесці не рамантычныя ўяўленні пра прымірэнне канфесій, і не эмоцыі. Так, палітыка Лукашэнкі з выкарыстаннем рэлігійнага фактара мае некаторы эфект, аднак, думаю, гэта зусім не той эфект, на які разлічвае сам беларускі лідар.

 

Гэтую фрустрацыю ён і выказаў кардыналу Курту Коху: “Ад каталіцкай царквы і асабіста ад Папы Рымскага Бенедыкта XVI мы чакаем большага ў абароне сваіх інтарэсаў, асабліва на Захадзе. Мы не прыймаем той палітыкі, якая зараз праводзіцца еўрапейцамі ў дачыненні да Беларусі. Гэта ненармальна. Таму мы чакаем больш актыўнай пазіцыі ў гэтым накірунку каталіцкай царквы” [12]. У гэтай фрустрацыі адчуваецца сапраўднае здзіўленне і непаразуменне – чаму каталіцкая царква і асабіста Папа не абараняе інтарэсы беларускага рэжыму? Мы ўжо столькі ўсяго паспелі паабяцаць, больш за тое, Прэзідэнт асабіста прыехаў, яны з папам абмяняліся цёплымі словамі, але гэтыя цёплыя словы так і засталіся словамі. А.Лукашэнка ў стасунках з іншымі ўяўляе сябе такім пупам зямлі – ён САМ прыехаў на аўдыенцыю да Папы. Ды тут у Беларусі перад прыездам Прэзідэнта гарады і вёскі ледзь не з нуля будуюць, а Папа чамусьці не пранікся. Ну хіба не відавочна, што Захад з Папам таксама вядзе дыялог, заключае канкардаты не на словах, а на справах, дае неўпрыкмет большую свабоду Каталіцкай Царкве, шмат дзе ў краінах Захаду ёсць і каталіцкія школы, і каталіцкія шпіталі, і маёмасць у прыватнай уласнасці, дый чаго толькі няма. Ужо не гаворачы пра мільёны і мільёны вернікаў, і пра тысячы і тысячы розных пытанняў і праблем. Нават калі падыйсці тут не з гледзішча этыкі і каштоўнасцяў, а з гледзішча прагматычных інтарэсаў і наогул прыярытэтаў Каталіцкай Царквы, то чаму раптам Папа мусіць кінуць усё і пачаць абараняць інтарэсы беларускага рэжыму? Але, падобна на тое, што Прэзідэнту Лукашэнку гэта зразумець цяжка. Усё ж такі, падаецца, ён спрабуе даць гэта зразумець шляхам тонкіх спекуляцый і пагроз: “Усё, што я тады абяцаў, мы выканалі” [13]. Насамрэч жа, усё, што абяцалася, знаходзіцца на мяжы выканання – вось-вось падпісаваецца канкардат, які ў любы момант можна ўзяць і не падпісаць. Дый некаторая палёгка, зробленая каталікам у 2008 г., у т.л. што датычыцца замежных святароў, а таксама будаўніцтва храмаў, можа тым жа самым чалавекам у адзін момант быць адмененая. Відавочна таксама, што беларускі каталікі тут выступаюць усяго толькі ў якасці разменнай манеты, і дапамога ім дзяржавай аказваецца не дзеля іх саміх, як грамадзян Беларусі, а дзеля таго, каб паўплываць на Ватыкан, які мае “абараняць інтарэсы” беларускага рэжыма.

 

Здаецца, што гэтая гульня рэверансаў і намёкаў, можа працягвацца доўга. Вальтэр Каспер падараваў Лукашэнку сувенірны медаль [14]. I журналісты, з падачы дзяржаўных смі, падхапілі навіну ў рэчышчы “Папа Рымскі ўзнагародзіў Лукашэнку”. І невядома, ці наўмысна ватыканскі іерарх зрабіў крок, які можна было праінтэрпрэтаваць як сімвалічную падтрымку беларускага прэзідэнта без рэальнай падтрымкі, альбо гэта беларускія дзяржаўныя смі і прэс-служба Прэзідэнта на радасцях просты сувенір успрыняла за ўзнагароду. Курт Кох жа выступіў у Мінску на богаслужэнні з гаміліяй, у якой сказаў фразу “Людзі, якія жывуць ва ўмовах палітычнай дыктатуры, на ўласным прыкладзе зведалі, што значыць не мець суддзі” [15], якую многія сродкі масавай інфармацыі падхапілі ледзь не як камень у бок беларускай судовай сістэмы і палітычнай дыктатуры. Таксама невядома, ці кардынал Кох адмыслова ўставіў гэтую “фігу ў кішэні” ў сваю гамілію, каб паслаць намёк вернікам ці дзяржаве, ці гэта проста сентэнцыя ў кантэксце канкрэтнай казані, і ніякай рэферэнцыі да беларускай сітуацыі ў ёй не прадугледжвалася. Мне здаецца, што абедзве крайнасці – з медалём як узнагародай і гаміліяй як асуджэннем - у рэчаіснасці не існуюць. Спроба разгледзіць за словамі схаваныя пасланні можа даць плён толькі ў кантэксце справаў. Сімвалічны капітал – гэта таксама неаходная ў палітыцы рэч. Але словы могуць не толькі адкрываць рэчаіснаць, але і маскіраваць, і заблытваць яе. А часам слова патрэбныя для таго, каб схаваць маўчанне. Маўчанне Царквы, ад якой з надзеяй чакаюць Слова.

 

-----------------

 

[1] http://churchby.info/bel/news/2009/05/08-1/

 

[2] http://storico.radiovaticana.org/bie/storico/2010-12/443835.html

 

[3] http://www.belarus21.by/ru/main_menu/religion/sotr/new_url_1648988856

 

[4] http://www.belta.by/ru/all_news/president/Belarus-i-Vatikan-prodolzhajut-rabotu-nad-dvustoronnim-soglasheniem_i_533828.html

 

[5] http://churchby.info/rus/633/

 

[6] http://press.catholica.va/news_services/bulletin/news/27331.php?index=27331&po_date=30.04.2011&lang=it

 

[7] http://www.belta.by/ru/all_news/president/Lukashenko-vysoko-tsenit-slozhivshiesja-v-Belarusi-dobrye-otnoshenija-mezhdu-konfessijami_i_581563.html

 

[8] http://www.ctv.by/km/~news=59180?utm_medium=twitter

 

[9] http://www.reuters.com/article/2011/09/12/us-pope-orthodox-idUSTRE78B49S20110912

 

[10] http://www.youtube.com/watch?feature=player_embedded&v=C3kKmesG_IY

 

[11] http://www.svaboda.org/content/article/24390904.html

 

[12] http://president.gov.by/press132528.html#doc

 

[13] http://churchby.info/bel/737/

 

[14] http://www.regnum.ru/news/1223230.html

 

 

[15] http://churchby.info/bel/738/

 

Наше мнение

Васілевіч, Наталля, Агенцтва палітычнай экспертызы

Рубрыка: