Біскупы і вязні

Грамадзянкі і грамадзяне ў захапленні: Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроці наведаў палітычных вязняў у месцах іх зняволеньня.

Не меншае захапленне грамадзянак і грамадзянаў выклікаў зварот дзеяча Аб’яднанай Царквы хрысіцян веры евангельскай Сяргея Цвора ў сувязі з жорсткім абыходжаннем са зняволеным лідэрам Маладога Фронту Зміцерам Дашкевічам.

Удакладнім: Сяргей Цвор не біскуп Аб’яднанай Царквы хрысціян веры евангельскай у Беларусі, а толькі выканаўца абавязкаў біскупа. Ён біскуп Аб’яднання хрысціян веры евангельскай ў Менску і Менскай вобласці. А царква “Ян Прадвеснік”, членам якой з’яўляецца Зміцер Дашкевіч, уваходзіць у гэтае Аб’яднанне.

Публічнае слова біскупа Сяргея Цвора ў абарону верніка сваёй канфесіі выклікае павагу. Няцяжка прадбачыць, што з тэлеэкранаў на пяцідзясятнікаў зноў могуць выліць цэбар бруду, што ў Аб’яднання хрысціян веры евангельскай ў Менску і Менскай вобласці і асабіста ў біскупа Сяргея Цвора ў дадатак да старых могуць з’явіцца новыя праблемы з рэгістрацыяй цэркваў, з будаўніцтвам дамоў малітвы і г. д.

За кратамі з “ласкі” рэжыму апынуліся людзі розных вызнанняў. Гэта і пратэстант Зміцер Дашкевіч, і праваслаўны Павел Севярынец, і рыма-каталік Алесь Бяляцкі...

Што мітрапаліт Філарэт аніколі публічна не выступіць ў абарону праваслаўнага хрысціяніна, які трапіў за краты “за палітыку”, тое вядома даўно. Але з моманту зняволення Алеся Бяляцкага прайшоў немалы час, а князі Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі на чале з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам маўчалі. І іхняе маўчанне задоўжылася да непрыстойнасці. Гэтае маўчанне было тым больш непрыстойнае, што Алесь – даволі актыўны як вернік. У асяроддзі каталікоў не толькі расло недаўменне, але й абурэнне з прычыны такіх паводзін іерарахаў, якія дзеля добрых адносін з уладаю, дзеля таго, каб выпрасіць у яе дазвол на будаўніцтва чарговага касцёла, баяцца публічна ўголас выказаць салідарнасць з сынам Царквы.

І вось прыйшла вестка: Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроці наведаў палітычных вязняў і сваім візітам зрабіў прыемную неспадзяванку Алесю Бяляцкаму.

Нашы журналісты і аглядальнікі ў сваім захапленні нейк не заўважылі дзве істотныя дэталі. Ужо даўнавата Лукашэнка нават настойваў на тым, што Ватыкан павінен стаць пасрэднікам паміж яго рэжымам і Еўропай. Вось Ватыкан, бадай, і выкарыстаў момант, каб зрабіць тое, чаго не могуць зрабіць ні Рада Еўропы, ні Еўразвяз, ні АБСЕ. Але не менш істотна тое, што Ватыкан сваёй шырокай спіною і аўтарытэтам Святога Айца абараніў ад публічнай крытыкі епіскапат Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Сваімі візітамі ў турмы Апостальскі нунцый вызваліў мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ад абавязку публічна дэманстараваць салідарнасць з палітвязнямі, у тым ліку са зняволеным рыма-каталіком Алесем Бяляцкім. Мітрапаліт можа спадзявацца, што за свае разумныя паводзіны, за сваё маўчанне атрымае дазвол на будаўніцтва яшчэ аднаго касцёльчыка, яшчэ адной каплічкі...

 

Анатоль Сідарэвіч

Рубрыка: