Пасланне Архіепіскапа Канстанцінопаля – Новага Рыму і Ўсясветнага Патрыярха ВАРФАЛАМЕЯ на Раство Хрыстова

+ВАРФАЛАМЕЙ
ЛАСКАЙ БОЖАЙ
АРХІЕПІСКАП КАНСТАНЦІНОПАЛЬСКІ – НОВАГА РЫМУ І ЎСЯСВЕТНЫ ПАТРЫЯРХ
УСЁЙ СУПОЛЬНАСЦІ ЦАРКВЫ
ЛАСКА, МІЛАСЦЬ І МІР ЗБАЎЦЫ ХРЫСТА, НАРОДЖАНАГА Ў ВІФЛЕЕМЕ

“Хрыстос нараджаецца, услаўляйце; Хрыстос на зямлі – узносьцеся!”

Радасна святкуйма невымоўнае Божае зыходжанне. Ангелы паперад нас спяваюць: “Слава на вышынях Богу, і на зямлі мір, у людзях - добрая воля!”

І хаця на зямлі мы бачым і перажываем войны і ваенныя пагрозы, але не адмяняецца радасная вестка. Мір сапраўды прыйшоў на зямлю праз прымірэнне Бога і людзей у асобе Ісуса Хрыста. Але, нажаль, мы, людзі, не прымірыліся паміж сабой, насуперак святой волі Яго. Адзін да аднаго мы ставімся варожа. Мы праяўляем фанатызм як у рэлігійных, так і палітычных перакананнях, пажаду ў назапашванні зямных дабротаў, пашыраючы ўціск праз палітычную ўладу. І гэта прыводзіць нас да канфлікту з іншымі людзьмі.

Богаасвечаны Рымскі імператар Святы Канстанцін Вялікі, у 313 г. ад Раства Хрыстовага выдаў Міланскі эдыкт, усталяваўшы свабоду вызнання хрысціянскай веры, а таксама свабоду вызнання і ўсякай іншай рэлігіі. Нажаль, роўна праз тысяча сямсот гадоў у розных кутках зямлі працягваецца пераслед хрысціян і іншых хрысціянскіх меншасцяў.

Разам з гэтым, па ўсім свеце пашыраюцца эканамічная супярэчнасці, а пераслед дачасных выгодаў становіцца галоўнай мэтай. Жахлівыя ж наступствы таго, што багацці засяроджаны ў руках нямногіх і эканамічны заняпад шырокіх колаў людзей, проста ігнаруюцца. А гэтая няроўнасць, якая паўсюдна характарызуецца як эканамічны крызіс, ёсць, у сваёй сутнасці, спараджэннем маральнага крызісу. Нажаль, гэтаму маральнаму крызісу не надаецца належнай увагі, а для апраўдання такога становішча ўжываецца паняцце свабоднага гандлю. Але свабодны гандаль не дае права на злачынства. Злачынныя ж паводзіны – гэта не толькі тое, што вызначана ў якасці такіх у крымінальных кодэксах. Злачыннымі ёсць і паводзіны, якіх не ўтрымліваецца ва ўставах крымінальных законаў: прыўлашчванне маёмасці іншых людзей спосабамі, якая не вызначаныя як незаконныя. Паколькі ў такім разе закон не мае ўлады, дзейнасць шэрагу грамадзян выходзіць з-пад кантролю і выклікае парушэнне міранага грамадскага парадку.

Адусюль чуваць пра “войны і паўстанні”, што “паўстане народ на народ, і царства на царства”, усюды адбываюцца “мясцамі вялікія зямлятрусы, і голад, і мор, і страх, і знаменні з неба вялікія” (Лк. 21:10-12), а Ўсясветны Патрыярхат сочыць за “знакамі часоў”, у рэчаіснасці перажываючы словы Васіля Вялікага пра “два кшталты любові: адна - спачуваць і пакутаваць разам з тым, каго любіш, калі ён церпіць шкоду, а другая – сурадавацца з ім і працаваць дзеля яго карысці… А хто не прытрымліваецца гэтага, той зусім не любіць брата ці сястры” (Васіль Вялікі, Малы аскетыкон. Пыт. 175). Таму напярэдадні Новага году з гэтага святога пасаду, які ёсць цэнтрам Праваслаўя, мы абвяшчаем Год сусветнай салідарнасці.

Гэтак мы спадзяемся навярнуць сэрцы многіх з чалавечай супольнасці да праблемы агромністай і паўсюднай нэндзы, а таксама да неабходнасці належных захадаў для дапамогі галодным ды няшчасным.

Мы, маючы духоўную і царкоўную ўладу, заклікаем да супрацы ўсіх людзей і ўрады добрай волі, дзеля сцвярджэння на зямлі “міру Гасподняга” – міру, які абвесцілі Ангелы і які прынёс Немаўля Ісус. Прагнучы гэтага сапраўднага міру, які пераўзыходзіць усякае разуменне, мы павінны імкнуцца да яго дзейсна, не застаючыся абыякавымі да духоўнай ці фізічнай нямогласці нашага бліжняга, дзеля якога Хрыстос зыйшоў у свет.

Любоў і мір – неад’емныя рысы Гасподніх Вучняў і Апосталаў, таксама як і кожнага хрысціяніна. Заахвочвайма ж адзін аднаго да таго, каб у гэты Год сусветнай салідарнасці, мы – і асобныя людзі, і народы – прыклалі ўсе свядомыя высілкі для змякчэння нялюдзкіх наступстваў пануючай няроўнасці і для ўсеагульнага прызнання права слабых карыстацца ўсім неабходным для жыцця чалавека.

Такім чынам, наколькі можа ўмясціць чалавечая мера, мы пабачым здзейсненым мір і на зямлі.

Пакланяючыся разам з усім стварэннем – цялесным і духоўным – на зямлі народжанаму ад Дзевы Сыну і Слову Божаму, прыхілячы калені перад Дзіцяткам Ісусам, нашым Асветнікам і Збаўцам, абаронцам нашага жыцця, мы, хрысціяне, сапраўды запытаваем разам з Псалмаспеўцам: “Каго нам баяцца? Ці каго нам жахацца?” (Пс. 26), бо “нарадзіўся нам сёння Збаўца” (Лк. 2:11), “Госпад сілаў і славы Цар” (Пс. 23).

Зычым ад усяго сэрца і старанна молімся, каб надыходзячы 2013 год стаў Годам сусветнай салідарнасці, свабоды, прымірэння, добрай волі, міра і радасці, каб народжанае ў Віфлееме спрадвечнае Слова Айца, які злучыў у адзіны чын Ангелаў і людзей і сцвердзіў мір на зямлі, даў нам усім цярпенне, надзею і сілу, і блаславіў свет дарамі Сваёй Боскай Любові. Амінь.

Фанар<Раство Хрыстова 2012
+ Варфаламей Канстанцінопальскі
гарачы хадайнік перад Богам за ўсіх вас

© пераклад парталу ЦАРКВА 2012г.

Рубрыка: