Да Мітрапаліта Філарэта звярнулiся з просьбай пахадайнічаць за Аляксандра Здвіжкова

Намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч звярнуўся да мітрапаліта Філарэта з просьбай хадайнічаць перад органамі дзяржаўнай улады аб змякчэнні прысуду Аляксандру Здвіжкову. Прэс‑служба палітыка паведамляе, што адкрыты ліст кіраўніку Беларускай Праваслаўнай Царквы ён накіраваў 22 студзеня.

«Асуджэнне журналіста да турэмнага зняволення за перадрукоўку ўсім вядомых карыкатур з’яўляецца недапушчальным для хрысціянскай краіны, — гаворыцца ў пасланні. — Гэты прысуд можа справакаваць хвалю справядлівага грамадскага абурэння сярод беларускіх хрысціян, што пагражае разбурэннем міжканфесійнага спакою ў краіне», — перакананы А. Міхалевіч.

Ён заклікае мітрапаліта «скарыстаць вялікі маральны аўтарытэт Беларускай праваслаўнай царквы дзеля абароны журналіста, асуджанага за выяўленне сваіх хрысціянскіх перакананняў» і просіць «хадайнічаць перад органамі дзяржаўнай улады аб змякчэнні прысуду праваслаўнаму верніку Аляксандру Здвіжкову».

Як патлумачыў сп. Міхалевіч прэс‑службе ГА «БАЖ», ён уважліва сачыў за справай Здвіжкова і быў узрушаны жорсткім рашэннем суда. Палітык перакананы, што змякчыць гэты прысуд можа толькі кіраўнік дзяржавы, а мітрапаліт Філарэт — адзіны, хто можа паўплываць на яго рашэнні.

Крыніца:

Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Рубрыка: