Канцэрт калядак “З ВІФЛЕЕМУ – ПА ЎСІМ СВЕЦЕ” прайшоў у межах праваслаўнай выставы

29 снежня ў Палацы мастацтваў у межах праваслаўнай выставы прайшоў канцэрт калядак на беларускай мове “З ВІФЛЕЕМУ – ПА ЎСІМ СВЕЦЕ”, арганізаваны Цэнтрам “Экумена”, Свята-Міхайлаўскім прыходам г. Мінска і Беларускай Асацыяцыяй клубаў ЮНЭСКА.

У канцэрце ўзялі ўдзел хор Брацтва ў гонар св. Віленскіх пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія, гурт Ejrut, Раман Абрамчук, Раман Яраш, Віктар Сямашка, Уладзімір Сыпчу, дуэт Варвары і Валерыі, якія выканалі калядкі розных народаў свету – беларускія і  ўкраінскія, ірландскія і ўэльскія, індыйскія і аргентынскія, грэцкія і румынскія, гішпанскія і ангельскія. Першую калядку заспявалі пастухам Ангелы: “Слава Богу на вышынях, а на зямлі мір, у людзях – добрая воля!” і вестка, што Бог учалавечыўся і нарадзіўся ў Віфлееме сягнула ўсіх куткоў свету. Простыя сюжэты старадаўніх і сучасных калядак, уквечаныя разнастайнымі вобразамі і эмоцыямі, складаюцца ў адну мазайку. Гісторыя кожнага чалавека і кожнага народа своеасаблівая, у кожнага свой тэмперамент, і хоць аднойчы нарадзіўся Хрыстос у Віфлееме, у розных краінах і розных эпохах па-свойму славасловілі Яго прышэсце і ўчалавечанне, ад якога мы адлічваем гады.

Песні, якія прагучалі са сцэны Палацу мастацтваў, гэта, у асноўным, аўтарскія пераклады – Макса Шчура, Наталлі Васілевіч, Аляксея Крукоўскага.

Праграма “Царква ў разнастайнасці” мае сваёй мэтай пашырэнне і папулярызацыю беларускай хрысціянскай культуры, а таксама знаёмства з хрысціянскай культурнай і багаслоўскай спадчынай іншых народаў, краінаў і эпох. Дадзеная праграма рэалізуецца ў супрацоўніцтве са Свята-Міхайлаўскім прыходам г. Мінска (у Сухарава), а таксама з шэрагам іншых арганізацыяў і творчых груп. Цягам мінулага году на базе прыходу былі праведзеныя нацыянальныя дні, прысвечаныя хрысціянству ў Японіі, Фінляндыі, Ірландыі.

Рыў, рыў, чыў (пер. з гішпанскай мовы), выконвае гурт Ejrut, здымкі Ганны Звездзінай

Рубрыка: