Адбыўся кароткі візіт Патрыярха Кірыла ў Беларусь

Абвешчаны ўсяго за некалькі дзён рабочы візіт Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі прайшоў не зусім па абвешчанай праграме. Патрыяршае служэнне за святочнай Літургіяй у Свята-Пакроўскім храме, дзе адзначалася 400-годдзе з'явы Крупецкай іконы Божай Маці, не адбылося, хоць, па запэўненнях царкоўных прэс-службаў, менавіта да гэтага і быў прымеркаваны візіт.

Самалёт патрыярха прызямліўся ў менскім аэрапорце з спазненнем на тры гадзіны, і адбылося гэта, як запэўніваюць прэс-службы, з-за нялётнага надвор'я. Пры гэтым у ходзе візіту ў адной з прамоваў сам Патрыярх падзяліўся радасным уражаннем, што Мінск заўсёды сустракае яго яснай надвор'ем.

Адразу па прылёце ў Менск патрыярх Кірыл накіраваўся да храма Усіх Святых, раней вядомага як храм-помнік у гонар нявінна забітых у Айчыне нашай, а цяпер пераіменаваны ў "памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі". Тут у прысутнасці Мітрапаліта Філарэта, беларускіх епіскапаў, святароў прыходу на чале з настаяцелем прат. Фёдарам Поўным і іншых афіцыйных асоб горада патрыярх Кірыл асвяціў помнік свайму папярэдніку Аляксію II. Затым высокі госць наведаў памяшканні храма і  так званы "Дом міласэрнасці", які знаходзіцца ў юрысдыкцыі таго ж прыходу. Тут ён таксама асвяціў месца будаўніцтва ад таго ж прыходу "эксперыментальнай школы".

У завяршэнне візіту патрыярха Кірыла прыняў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, які ўручыў прадстаяцелю РПЦ ордэн Дружбы народаў. Пры гэтым сустрэча патрыярха з А. Лукашэнка не абвяшчалася ў афіцыйным прэс-рэлізе візіту.

Усе цэнтральныя моманты візіту, нечаканага нават для іерархаў, былі звязаны з набліжаным да кіраўніка дзяржавы настаяцелем прыходу Усіх Святых протаіерэем Фёдарам Поўным і, як мяркуюць, ім і быў арганізаваны.

Рубрыка: