Палітыка расколу Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі (1920-я гг.)

 

Раскол Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) звязаны з абнаўленчым рухам, якi аформiўся на пачатку ХХ ст. У Пецярбургу ў 1905 г. пачаў дзейнасць гурток "32 святары". Па iнiцыятыве былых членаў гэтага гуртка 7 сакавiка 1917 г. тут узнiк Усерасiйскi саюз дэмакратычнага праваслаўнага духавенства i мiран. Разам з патрабаваннямi шырокiх унутрыцаркоўных рэформ новае фармiраванне выступала пад лозунгам "Хрысцiянства на баку працы, а не на баку насiлля i эксплуатацыi", што сведчыла пра яго зблiжэнне з сацыялiстычнымi iдэямi. Сярод кiраўнiкоў выдзяляўся сын дырэктара вiцебскай гiмназii Аляксандр Ввядзенскi.

На Памесным саборы, якi пачаў работу ў жнiўнi 1917 г., прыхiльнiкi абнаўлення апынулiся ў значнай меншасцi. Моцны ўдар па iдэi саборнага кiравання нанесла аднаўленне патрыяршаства, выбранне на гэту пасаду мiтрапалiта Маскоўскага Цiхана. У вынiку ў пачатку 1918 г. у кiраўнiкоў Усерасiйскага саюза дэмакратычнага праваслаўнага духавенства i мiран выспеў план расправы з афiцыйнай царквой. Але па прычыне невялiкай колькасцi прыхiльнiкаў iдэi разрыў не адбыўся.

Улiчваючы той факт, што кiраўнiцтва РПЦ у асобе патрыярха Цiхана адкрыта выступiла супраць новай улады, бальшавiкi прыйшлi да iдэi расколу царквы i стварэння новай, больш лаяльнай да сябе царкоўнай арганiзацыi. Гэту работу пачало праводзiць у жыццё створанае на базе Усерасiйскай Надзвычайнай Камiсii (УНК) Аб’яднанае дзяржаўнае палiтычнае ўпраўленне (АДПУ). Гэта структура ўтварылася ў сувязi з дэкрэтам УЦВК ад 6 лютага 1922 г. "Аб скасаваннi УНК i аб правiлах правядзення вобыскаў, выемак i арыштаў". Пра неабходнасць узяць пад кантроль дзейнасць канфесiй адзначаў у снежнi 1920 г. Ф.Дзяржынскi: "Царкоўную палiтыку развалу павiнна весцi толькi УНК, а не хто-небудзь iншы... Лавiраваць можа толькi УНК для адзiнай мэты разлажэння святароў. Сувязь, якая б нi была са святарамi iншых органаў, кiне на партыю цень".

22 сакавiка 1922 г. ЦК РКП(б) пастанавiў стварыць ва ўстановах, на прадпрыемствах, у ВНУ "Бюро садзейнiчання" органам ДПУ. У яго склад уваходзiлi тры члены партыi, абавязкамi якiх з’яўлялася тайнае вывучэнне палiтычных настрояў у калектывах, аказанне дапамогi супрацоўнiкам ДПУ. Гэтыя фармiраваннi знаходзiлiся ў вядзеннi сакрэтных аддзяленняў губернскiх ДПУ i былi строга засакрэчаны.

Гэта пастанова садзейнiчала разгортванню асведамляльнай работы сярод духавенства i вернiкаў для прыняцця неабходных уладам рашэнняў. Штабам па выпрацоўцы стратэгii i тактыкi антыцаркоўных кампанiй становiцца Сакрэтнае аддзяленне (СА), куды ўваходзiў VI (царкоўны) аддзел на чале з Я.Тучковым. У ДПУ Беларусi гэтыя функцыi выконвала адпаведнае аддзяленне, якое рэгулярна забяспечвала Маскву неабходнай iнфармацыяй. 20 сакавiка 1922 г. АДПУ накiроўвае ў Палiтбюро ЦК РКП(б) лiст, у якiм прапаноўвала шляхам умяшання ва ўнутранае жыццё царквы ажыццявiць "пераварот" i прывесцi да ўлады лаяльных да палiтыкi бальшавiкоў архiрэяў: "ДПУ валодае звесткамi, што некаторыя мясцовыя архiрэi знаходзяцца ў апазiцыi да рэакцыйнай групы сiнода i што яны з-за кананiчных правiл i iншых прычын не могуць рэзка выступаць супраць сваiх вярхоў, таму яны лiчаць, што з арыштам членаў сiнода iм прадастаўляецца магчымасць склiкаць царкоўны сабор, на якiм яны могуць абраць на патрыяршы прастол i ў сiнод асоб, якiя больш лаяльна настроены да Савецкай улады. Падстаў для арышту Цiхана i самых рэакцыйных членаў сiнода ў ДПУ i яго мясцовых органаў маецца дастаткова". Такая прапанова iмпанавала вышэйшаму палiтычнаму кiраўнiцтву. 30 сакавiка 1922 г. Л.Троцкі прадставіў на пасяджэнне Палітбюро дакладную запіску, у якой сфармуляваў тактычную і стратэгічную праграму дзейнасці партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва ў адносінах да абнаўленцаў. Прапаноўвалася справакаваць царкоўны раскол, а потым ператварыць абнаўленцаў у «выкідыш».

АДПУ пачало наладжваць кантакты са створанай Петраградскай групай прагрэсiўнага духавенства, якая стала цэнтрам абнаўленчага руху. 24 сакавiка 1922 г. група выдала дэкларацыю, у якой было заяўлена пра адмежаванне ад святароў, якiя праводзiлi антыбальшавiцкую палiтыку. Сярод членаў петраградскай групы былi протаiерэi А.Ввядзенскi i У.Краснiцкi (1880—1936), якiх не задавальняла iх асабiстае становiшча. Яны добра разумелi, што зрабiць царкоўную кар’еру можна з дапамогай улады пры дыскрэдытацыi царкоўнага кiраўнiцтва на чале з патрыярхам. Сярод членаў петраградскай групы былi святары, якiя ўсведамлялi неабходнасць рэфармавання царкоўнага жыцця. Але яны былi адцiснуты на заднi план палiтычнымi прыстасаванцамi. Новы рух атрымаў назву — абнаўленчы. 18 красавiка 1922 г. ЦК РКП(б) за подпiсам I.Сталiна накiроўвае на месцы сакрэтную тэлеграму, у якой падкрэслiвалася неабходнасць дыферэнцыраванага падыходу да свяшчэннаслужыцеляў, гарантавалася падтрымка тым, хто адыходзiў ад пазiцыi патрыярха Цiхана. "Лаяльныя элементы духавенства павiнны быць упэўнены, — адзначалася ў тэлеграме, — што Савецкая ўлада ... не дазволiць контррэвалюцыйным iерархам расправiцца з дэмакратычнымi элементамi духавенства". Рэкамендавалася выдзелiць у партыйных структурах работнiкаў па пытаннях царквы i расколу сярод духавенства. Ставiлася задача ўсялякiм чынам "падштурхоўваць лаяльных святароў на склiканне новага Памеснага сабора для зняцця контррэвалюцыйнага патрыярха i яго клiкi, нi губкамы, нi губвыканкамы з такiмi прапановамi выступаць не павiнны, прапановы павiнны зыходзiць ад дэмакратычных святароў, вернiкаў".

12 мая група петраградскiх абнаўленцаў з дазволу кiраўнiцтва АДПУ была дапушчана да Цiхана, якi знаходзiўся пад дамашнім арыштам. Яны паставiлi пытанне аб тэрмiновым склiканнi Памеснага сабора, прапанавалi патрыярху скласцi свае паўнамоцтвы. Не маючы магчымасцi выконваць свае абавязкi, Цiхан даручыў кiраванне РПЦ мiтрапалiту Яраслаўскаму Агафангелу. Пра гэта патрыярх пiсьмова паведамiў старшынi УЦВК М.Калiнiну. Аднак АДПУ не дазволiла Агафангелу прыбыць у Маскву. 16 мая абнаўленцы абвясцiлi пра стварэнне свайго органа кiравання РПЦ — Вышэйшага царкоўнага ўпраўлення (ВЦУ). 19 мая патрыярх быў заключаны ў Данскi манастыр, i пачалася афiцыйная дзейнасць ВЦУ. ВЦУ накiроўвала намаганнi на тое, каб на месцах ствараць жывацаркоўныя прыходы, благачыннi i епархii. А гэта было магчыма пры ўмове ўвядзення ў кiруючыя царкоўныя органы адданых абнаўленцам святароў i вернiкаў. З гэтай мэтай органы АДПУ на месцах разгарнулi работу па стварэннi агентурнай сеткi. Збiралiся дадзеныя пра святароў, iерархаў i такiм чынам выяўлялiся працэсы, што адбывалiся ў царкоўным жыццi.

Абнаўленцы звярнулiся з лiстом у епархii, у якiм прапаноўвалася парваць з "цiханаўшчынай" i перайсцi ў "Жывую царкву". Устаноўчы сход гэтай арганiзацыi адбыўся 29 мая 1922 г. у Маскве. 11 лiпеня быў прыняты статут, абраны ЦК з 10 членаў. Згодна статуту, яе членамi маглi быць "праваслаўныя епiскапы, святары, дыяканы, псаломшчыкi, якiя прызнавалi справядлiвасць Расiйскай Сацыялiстычнай Рэвалюцыi i сусветнага аб'яднання для абароны правоў працоўнага i эксплуатаванага чалавека". "Застарэлыя" царкоўныя каноны адмянялiся, спрошчвалiся богаслужэннi з мэтай прыблiжэння iх да народнага разумення. Новая плынь выступала за саборнае кiраванне царквой, за закрыццё манастыроў, дазваляла святарам другi раз жанiцца, адкрывала доступ да епiскапскага сану жанатым свяшчэннаслужыцелям. Узначалiў "Жывую царкву" епiскап Антанiн (Граноўскi Аляксандр Андрэевiч, 1865—1927), яго намеснiкам быў протаiерэй У.Краснiцкi. Гэтыя асобы ўзначальвалі і ВЦУ.

Асаблiвая ўвага ў праводзiмай палiтыцы надавалася схiленню на бок абнаўленцаў епархiяльных архiрэяў. Тыя, хто захоўваў адданасць патрыярху, падвяргалiся рэпрэсiям. Пасля няўдалых спроб схiлiць да супрацоўнiцтва мiтрапалiта Петраградскага і Гдоўскага Венiямiна ВЦУ зняло яго з пасады. Тэрмiнова пачаў рыхтавацца грандыёзны судовы працэс, якi праходзiў з 10 чэрвеня па 5 лiпеня 1922 г. Да адказнасці прыцягваліся 86 чалавек. Нягледзячы на адсутнасць доказаў, 10 чалавек былi прыгавораны да расстрэлу, 36 — да турэмнага зняволення. У ноч з 12 на 13 жнiўня чатыры чалавекi былi расстраляны. Разам з мiтрапалiтам Венiямiнам былi расстраляны архiмандрыт Сергiй (Шэiн), вернiкi прафесар Ю.Навiцкi, I.Каўшараў.

Органы ДПУ Беларусi павялi работу па вярбоўцы iерархаў, якiя змаглi б выступiць супраць Цiхана. Пачалася "распрацоўка" епiскапа Мiнскага i Тураўскага Мелхiседэка. 8 чэрвеня 1922 г. сакратар ЦБ КП(б)Б В.Багуцкi ў лiсце на iмя I.Сталiна паведамляў: "У сувязi з выклiкам у ДПУ для перамоў пра магчымае выкарыстанне ў барацьбе з Цiханам i рэакцыйным духавенствам епiскапа Мiнскага i Тураўскага Мелхiседэка ЦБ КП(б)Б даручае тав. Карэйве (начальнiку Сакрэтнага аддзялення ДПУ Бел.) атрымаць ад Вас далейшыя даручэннi, якую лiнiю ў далейшым праводзiць тут нам. Мы лiчым, што Мелхiседэка пры ўмелым падыходзе можна выкарыстаць у барацьбе з рэакцыйным духавенствам. Неабходна толькi да яго падысцi асцярожна, бо Мелхiседэк вялiкi дыпламат, якi перажыў усе акупацыi i ладзiў з усiмi ўладамi".

Мелхiседэк праявiў сваю дыпламатычнасць i на гэты раз. Ён заяўляе аб прызнаннi ВЦУ i ў той жа час пачынае праводзiць работу па стварэннi Беларускай аўтаномнай царквы. У гэтым кроку Мелхiседэк бачыў магчымасць супрацьстаяць пранiкненню ў Мiнскую епархiю царкоўна-абнаўленчай плынi. Разам з Мелхiседэкам iдэю стварэння аўтаномii адстойвала мiнскае духавенства — протаiерэi Стэфан Кульчыцкi, Уладзiмiр Касцючэнка, Уладзiмiр Бiруля, Уладзiмiр Хераска. Яе вiталi i падтрымлiвалi вiдныя дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння — Уладзiмiр Пiчэта, Сцяпан Некрашэвiч, Аляксандр Савiч i iнш. На думку ДПУ Беларусi, "фактычна iнiцыятыва аб аўтаномii царквы высунута беларускiмi шавiнiстамi, а правесцi гэта пытанне ў жыццё даручана духавенству".

Iдэю аўтаномii ДПУ не адвяргала па той прычыне, што яе падтрымлiвалi некаторыя iерархi, у прыватнасцi, мiтрапалiт Агафангел, якi ў сувязi з арыштам патрыярха выступiў 18 чэрвеня 1922 г. з пасланнем "Да архiпастыраў, пастыраў i ўсiх вернiкаў Расiйскай Праваслаўнай Царквы". Ён назваў прынятую абнаўленцамi ўладу i iх дзеяннi незаконнымi i прадпiсаў епархiяльным архiрэям для аднаўлення вышэйшай царкоўнай улады перайсцi на самакiраванне, iгнаруючы дырэктывы абнаўленчых цэнтральных iнстанцый. Такая пастаноўка пытання аб самакiраваннi царквы ўскладняла становiшча ў РПЦ, дзе ўзнiкла беспрэцэдэнтная ў яе гiсторыi з’ява — рух "аўтакефалiстаў". Аўтаномнымi абвясцiлi сябе цэрквы ва Украiне, у Крыме, Царыцыне, Пензе, Тамбове, Рыбiнску, Iркуцку, Краснаярску i iншых месцах.

Палiтычнае кiраўнiцтва рэспублiкi не ўзяло на сябе адказнасць за стварэнне аўтаномii без кансультацыi з Масквой. Першая асоба беларускай партыйнай структуры В.Багуцкi iнфармуе I.Сталiна, што "групай (нязначнай) беларускiх святароў, а таксама некаторай беларускай грамадскасцю паднята пытанне аб аўтаномii (не аўтакефалii) Беларускай царквы". Ён лiчыць неабходным "не ствараць другой групы праваслаўнага духавенства", а "пагадзiцца на аўтаномiю, калi гэта выклiкаецца якой-небудзь палiтычнай мэтазгоднасцю, калi аўтаномная царква будзе ў залежнасцi ад Маскоўскага Упраўлення". Мэтазгоднасць палiтыкi Крамля заключалася ў тым, каб як мага больш адарваць ад патрыярха аўтарытэтных праваслаўных iерархаў. З гэтай мэтай выкарыстоўвалiся ўсе магчымыя спосабы — ад бiзуна да пернiка. Намаганнi давалi вынiкi — ужо ў маi 1922 г. з 73 епархiй толькi 36 узначальвалi адданыя Цiхану архiрэi.

23 лiпеня 1922 г. у Мiнскiм Свята-Духавым кафедральным саборы адбыўся з’езд духавенства Мiнскай епархii. Ён абвясцiў аўтаномiю Беларускай праваслаўнай царквы. З’езд прыняў рашэнне пра ўзвядзенне Мелхiседэка ў сан мiтрапалiта з тытулам "Мiнскi i Беларускi". ДПУ Беларусi iнфармавала Маскву: "Высунутае пытанне аб аўтаномii беларускай царквы праведзена ў жыццё".

У сувязi з прыняццем акта аўтаномii сход духавенства г. Мiнска ўтварае па прыкладу ВЦУ новую кiруючую структуру. Замест епархiяльнага ўпраўлення фармiруецца Царкоўнае ўпраўленне Беларусi (ЦУБ). У яго склад акрамя Мелхiседэка ўвайшлi новыя члены — прадстаўнiкi праваслаўнага духавенства сталiцы С.Кульчыцкi, С.Касцючэнка, У.Бiруля, У.Сакалоў, а таксама прадстаўнiк вернiкаў i нiжэйшага духавенства Канарскi. 26 жнiўня С.Касцючэнка i У.Сакалоў выехалi ў Маскву з мэтай зацвярджэння вынiкаў з’езда. Аднак ВЦУ не зацвердзiла нi аўтаномii, нi Мелхiседэка ў якасцi мiтрапалiта. Аргументацыяй з’яўлялася тое, што нi адна епархiя не мае права абвяшчаць сябе аўтаномнай без ведама i санкцыi Вышэйшага царкоўнага ўпраўлення.

У гэты час органы ДПУ накiроўваюць намаганнi на актывiзацыю "царкоўна-рэвалюцыйнага" руху ў Беларусi. Першым у рэспублiцы падтрымаў "Жывую царкву" Халопенiцкi прыход Барысаўскага павета. 6 жнiўня 1922 г. настаяцель царквы Фёдар Курышаў на царкоўным савеце прыхода зрабiў даклад аб незалежнасцi ад Масквы беларускай царквы i абнаўленчым царкоўным руху. Пасля даклада сход прыняў пастанову: "У сувязi з жаданнем кiраўнiкоў Беларускай аўтакефальнай царквы адмежавацца ад кананiчнай царкоўнай улады ... Халопенiцкi савет веруючых адмяжоўваецца ад мiнскiх манарха-чарнасоценных духоўных кiраўнiкоў з контррэвалюцыйным адценнем, галосна заяўляючы, што Халопенiцкi савет веруючых на чале з настаяцелем цалкам прымыкаюць да групы "Жывая царква" i будуць прыкладваць намаганнi да ажыццяўлення абнаўленчых прынцыпаў у царкве i ярка выражаных гэтай групай адносiн да ўлады".

Халопенiцкi прыход паклаў пачатак стварэнню ў Мiнскай епархii "царкоўна-прагрэсiўнага" руху. Каб развiць гэты пачын, 17 жнiўня 1922 г. ДПУ Беларусi дасылае павятовым аддзелам распараджэнне пра неабходнасць выявiць "падыходзячых для работы свяшчэннаслужыцеляў, арганiзаваць iх у групы i ўсяляк стымуляваць далучэнне да iх астатняга духавенства". 5 верасня старшыня ДПУ БССР Ян Ольскi дакладваў у Маскву пра формы работы, якiя разгортвалiся на месцах: па-першае, паслана дырэктыва пра выяўленне прагрэсiўнага духавенства, якое б спрыяла стварэнню абнаўленчых груп; па-другое, даручана садзейнiчаць аб’яднанню святароў, што маюць асабiстыя рахункi са сваiм кiраўнiцтвам i якiя могуць узяць кiраванне ў свае рукi; па-трэцяе, для работы па расколу прыцягнуты партыйныя работнiкi, якiя маюць знаёмых сярод духавенства; па-чацвёртае, было ўстаноўлена асведамляльнiцтва сярод духавенства Беларусi; па-пятае, выяўлялася "фiзiяномiя" кiраўнiкоў груп.

Адначасова з халопенiцкiм настаяцелем у Мiнску з iнiцыятывай стварэння групы жыва-царкоўцаў выступiў намеснiк загадчыка адной з друкарань Уладзiмiр Трыгубаў, якi меў духоўную акадэмiчную адукацыю. Сярод мiнскага духавенства прыхiльнiкаў абнаўлення царквы не было. На дапамогу У.Трыгубаву прыехаў халопенiцкi "рэфарматар". За некалькi тыдняў сумеснай работы iм удалося схiлiць на свой бок святара Канзельскага, псаломшчыка Смiрнова i некалькi мiран. Гэта група праз друк звярнулася з адозвай да праваслаўных Савецкай Беларусi папоўнiць шэрагi абнаўленцаў. Але нiхто з мiнскага духавенства не далучыўся да названай групы. 7 верасня 1922 г. з мэтай наладжвання сувязей з ЦК "Жывой царквы" новыя лiдэры прыбылi ў Маскву. У Мiнск яны вярнулiся ў новых ролях: Курышаў быў прызначаны ўпаўнаважаным ЦК "Жывая царква", а Трыгубаў — упаўнаважаным ВЦУ па Мiнскай епархii.

Трэба адзначыць, што ўпаўнаважаныя ВЦУ пры епархiяльных упраўленнях мелi шырокiя правы, нават права адмяняць рашэннi епархiяльных архiрэяў. Да таго ж яны карысталiся падтрымкай дзяржаўных органаў. 10 верасня Курышаў i Трыгубаў, якiя прыехалi ў Мiнск, наведалi ЦУБ i асабiста Мелхiседэка i паведамiлi пра свае прызначэннi, а таксама пра тое, што мiтрапалiт без iх згоды неправамоцны прымаць рашэннi.

Мiж тым органы ДПУ на месцах прыкладалi намаганнi па арганiзацыi i пашырэннi дзейнасцi груп абнаўленцаў. Стаўка рабiлася на вярбоўку асведамляльнiкаў з лiку духавенства. З iх дапамогай вывучаўся настрой свяшчэнна-служыцеляў, прымалiся канкрэтныя крокi да кожнага з мэтай вярбоўкi ў групу абнаўленцаў. Напрыклад, у бабруйскага святара Iлiшэўскага не складвалiся адносiны з благачынным протаiерэем Сурнiцкiм. Iлiшэўскаму прапанавалi, калi ён пяройдзе ў абнаўленства, заняць пасаду Сурнiцкага, якi выступаў супраць канфiскацыi царкоўных каштоўнасцей i быў арыштаваны за антысавецкую агiтацыю. Але Iлiшэўскi ад такой прапановы адмовiўся.

Былi i iншыя прыклады, калi святары iшлi на супрацоўнiцтва са спецслужбамi. На фоне вельмi маруднага працэсу па расколу царквы выдзяляўся Мазырскi павет дзякуючы дзеянням святара Г.Бядрыцкага. Пачаўшы супрацоўнiцтва са спецслужбамi, ён быў запрошаны ў Сакрэтнае аддзяленне ДПУ Беларусi па пытанню расколу царквы. Пасля вяртання ў Мазыр яму "былi прадастаўлены спiсы найбольш "левых" святароў, якiя могуць прымкнуць i стварыць абнаўленчую групу". Выбар спынiлi на мазырскiм святары Пяшкоўскiм, якi з задавальненнем узначалiў групу "Жывая царква". На пачатку 1923 г. група налiчвала 30 чалавек. На той час гэта быў адзiны выпадак такой паспяховай дзейнасцi. Калi ў пачатку сакавiка 1923 г. Пяшкоўскi па сямейных абставiнах выехаў у Маскву, старшыня ДПУ БССР Станiслаў Пiнталь iнфармаваў тэлеграмай Я.Тучкова: "З Мiнска ў Маскву выехаў святар Пяшкоўскi, былы кiраўнiк групы "Жывая царква" ў Мазырскiм павеце. Перад ад’ездам ён быў завербаваны як асведамляльнiк, ён быў добрым нашым работнiкам. Устанавiце, цi знаходзiцца цяпер Пяшкоўскi ў Маскве, i калi так, то паведамiце яго адрас на прадмет сувязi з iм як на сакрэтнага асведамляльнiка".

Дзейнасць жывацаркоўцаў не садзейнiчала паскарэнню стварэння групы абнаўленцаў на месцах. На канец 1922 г. у астатнiх 5 паветах удалося перацягнуць на свой бок 1—2 сельскiх святароў, але арганiзаваныя групы не былi створаны. Не папаўнялася новымi членамi мiнская суполка. Такое становiшча было звязана з тым, што, з’яўляючыся вышэйшым кiруючым органам беларускай царквы, ЦУБ праводзiла скрытую работу па недапушчэннi руху абнаўленцаў у Мiнскай епархii.

Не спрыяў распаўсюджванню "рэвалюцыйнага" руху i аўтарытэт Мелхiседэка сярод духавенства, якое не iшло за "рэфарматарамi". ВЦУ, якое было не задаволена работай ЦУБ, некалькi разоў уносiла прапановы аб лiквiдацыi аўтаномii. У лiстападзе 1922 г. Мелхiседэк пад цiскам ВЦУ быў вымушаны пайсцi на ўтварэнне новай кiруючай структуры праваслаўнай царквы — Беларускага епархiяльнага ўпраўлення (БЕУ). Да пачатку 1923 г. у цяжкай барацьбе яго склад быў сфармiраваны i зацверджаны ВЦУ. Цубiсты пры фармiраваннi вышэйшага царкоўнага органа iмкнулiся, каб у яго склад трапiла як мага менш абнаўленцаў i яны мелi магчымасць i надалей праводзiць сваю палiтыку. Гэту лiнiю цалкам удалося вытрымаць. Сярод 8 членаў епархiяльнага ўпраўлення толькi 3 з’яўлялiся жывацаркоўцамi на чале з упаўнаважаным ВЦУ У.Трыгубавым.

З першых дзён сваёй дзейнасцi БЕУ усяляк тармазiла работу па пашырэннi руху абнаўленцаў. Нягледзячы на катэгарычнае патрабаванне ўпаўнаважанага ВЦУ У.Трыгубава правесцi тую цi iншую пастанову абнаўленчага характару, яна па розных прычынах адкладвалася. ДПУ Беларусi вымушана было праiнфармаваць маскоўскае кiраўнiцтва: "Нанава сканструяванае епархiяльнае ўпраўленне ў перыяд двухмесячнай работы выявiла сябе не як абнаўленчае, а працягвае iгнараваць распараджэннi ВЦУ, упаўнаважанага ВЦУ па Мiнскай епархii i да цяперашняга часу вядзе супрацьабнаўленчую работу, не даючы магчымасцi разгарнуцца прагрэсiўнаму руху на вёсцы".

Складаныя працэсы, што адбывалiся ў абнаўленчым руху ў Беларусi, адлюстроўвалi становiшча, якое склалася ў Маскве. 24 жнiўня 1922 г. у сталiцы прайшоў з’езд новай групы абнаўленцаў — Саюза царкоўнага адраджэння (СЦА) — на чале з епiскапам Антанiнам. Гэта група ставiла за мэту пераадолець разрыў памiж абнаўленчым духавенствам i вернiкамi, без падтрымкi якiх рэфарматарскi рух быў асуджаны на правал. Для гэтага прапаноўвалася ва ўсiх органах СЦА мець прадстаўнiцтва ў прапорцыi 1/3 ад духавенства i 2/3 ад вернiкаў. Новая плынь выступiла за радыкалiзм у богаслужэннi: перанесцi алтар на сярэдзiну храма, чытаць усе тайныя малiтвы ўслых, скарацiць да мiнiмуму перазвон. СЦА выказаўся за тое, каб захаваць манаства i чорны епiскапат, не прызначаць жанатых святароў на пасады архiрэяў, не дазваляць другi шлюб клiрыкам i г. д.

У пачатку кастрычнiка 1922 г. была створана яшчэ адна група — Саюз суполак старажытна-апостальскай царквы (СССАЦ), якую ўзначалiў А.Ввядзенскi. Яна займала прамежкавае становiшча памiж ранейшымi i стаяла на пазiцыях усталявання iдэй "хрысцiянскага сацыялiзму" ў грамадстве i, у першую чаргу, ва ўнутрыцаркоўным жыццi, адстойвала iдэю аскетызму. У той жа час з агаворкамi дапускаліся жанатыя епiскапаты, другi шлюб святароў.

Акрамя трох асноўных кірункаў, абнаўленчы рух пачаў дзялiцца i на iншыя дробныя групы. Мiжусобная барацьба несла пагрозу ўсяму руху. Таму 16 кастрычнiка 1922 г. адбылася рэарганiзацыя ВЦУ. У яго новы склад увайшлi па 5 прадстаўнiкоў ад СССАЦ i СЦА i 3 — ад "Жывой царквы". Старшынёй з’яўляўся мiтрапалiт Антанiн, намеснiкамi протаiерэi Ввядзенскi i Краснiцкi. Была створана камiсiя па падрыхтоўцы Памеснага сабора. 25 снежня 1922 г. Усерасiйская нарада членаў ВЦУ i мясцовых епархiяльных упраўленцаў вырашыла склiкаць сабор у красавiку 1923 г.

У гэты час i надалей у Беларусi абнаўленчы рух у асноўным прадстаўляла "Жывая царква". На 1 лютага 1923 г. не стварылi суполак нi СССАЦ, нi СЦА, нягледзячы на тое, што сярод духавенства мелiся прыхiльнiкi ўказаных плыней. Прычым прыхiльнiкаў "царкоўнага адраджэння" было больш, чым "старажытнаапостальскай царквы". Адсутнасць iншых арганiзацыйна сфармiраваных плыней ДПУ БССР тлумачыла менавiта тым, што "духавенства ў Беларускай епархii з’яўляецца настолькi рэакцыйным, што не прымкнула да правай царкоўнай групоўкi "адраджэння", а пра ўваходжанне ў левую суполку "старажытнаапостальскай царквы" i гаворкi быць не можа".

Пачатак 1923 г. азнаменаваўся актывiзацыяй абнаўленчага руху, што было звязана з падрыхтоўкай Памеснага сабора, якi павiнен быў аб’яднаць канкурыруючыя рэфарматарскiя плынi. ВЦУ паставiла задачу забяспечыць абранне лаяльных дэпутатаў на выбарах, якiя мелiся адбыцца ў красавiку месяцы. На месцах гэта задача вырашалася з дапамогай органаў ДПУ, якiя падбiралi канкрэтныя кандыдатуры. Духавенства Мiнскай епархii не праяўляла цiкавасцi да будучага сабора, разам з вернiкамi выказвала патрабаваннi не мяняць догматы праваслаўнага веравучэння. 4 красавiка 1923 г. старшыня ДПУ БССР С.Пiнталь iнфармаваў Я.Тучкова пра тое, што кандыдаты ад епархii яшчэ не падабраны. Выказвалася занепакоенасць, што ў прыватных гутарках гарадское духавенства выступала за тое, каб у лiку абраных дэлегатаў знаходзiўся протаiерэй С.Кульчыцкi як удзельнiк сабора 1917 г. Абнаўленцы выступалi супраць гэтай кандыдатуры па той прычыне, што на "саборы ён стане падымаць пытанне пра аўтаномiю". "ДПУ будзе своечасова праiнфармавана пра тых, хто паедзе на Сабор, i ў выпадку, калi на Сабор трапіць Кульчыцкi i тут, на месцах, нiчога зрабiць не ўдасца, — iнфармавала Маскву ДПУ Беларусi, — то ДПУ павiнна своечасова гэта ўлiчыць i даць адвод дэлегату ад Мiнскай епархii Кульчыцкаму, бо такi непажаданы на Саборы". Адзначалася, што, паводле звестак, Мелхiседэк не збiраецца ехаць на сабор.

Невядома па якой прычыне, але неўзабаве Масква дала распараджэнне выклiкаць мiтрапалiта ў АДПУ. 10 красавiка 1923 г. Мелхiседэка запрасiлi ў ДПУ БССР i пад распiску паведамiлi пра неабходнасць выехаць у сталiцу. Вонкавае назiранне спецслужбаў дало падставу сцвярджаць, што мiтрапалiт успрыняў гэта паведамленне спакойна, нiкога, акрамя абслугоўваючага персаналу, да сябе не выклiкаў. 11 красавiка Мелхiседэк адбыў у Маскву. Афiцыйнай версiяй паездкi лiчылася наступная: выклiк у якасцi эксперта па справе патрыярха Цiхана. Але асноўная задума ўлад стала зразумелай крыху пазней.

Ад Мiнскай епархii на сабор былi абраны 4 дэлегаты, але па невядомых прычынах паехалi толькi два — святар В.Нiкольскi з Мазырскага павета i У.Сакалоў, член епархiяльнага ўпраўлення. Пра ўдзел у рабоце сабора iншых прадстаўнiкоў сведчыць наступная тэлеграма ў Маскву 16 красавiка 1923 г.: "Па палажэнню царкоўнага Сабору, якi павiнен адкрыцца 29 красавiка, акрамя абраных дэлегатаў абавязаны паехаць мясцовы правячы епiскап i ўпаўнаважаны ВЦУ. У сувязi з ад’ездам у Маскву Мелхiседэка на будучы Сабор ад Мiнскай Беларускай Епархii, замест мiтрапалiта Мелхiседэка, паедзе епiскап Мазырскi Iаан — абнаўленец". Такiм чынам, ад Мiнскай епархii ў саборы прынялi ўдзел 3 чалавекi.

Сабор адкрыўся 29 красавiка 1923 г. Аднак яго работа не зняла напружанасцi, якая назiралася сярод канкурыруючых плыней. Па шэрагу пытанняў не сустрэлi падтрымкi даклады А.Ввядзенскага i У.Краснiцкага "Аб рэформах Царквы". Тым не менш сабор узаконiў роўнасць жанатага i бясшлюбнага духавенства, дазволiў святарам другi раз уступаць у шлюб, увёў новы, грыгарыянскi каляндар. Пагiбельнай для абнаўленцаў з’явiлася пастанова аб пазбаўленнi Цiхана сана i манаства, якая з абурэннем была ўспрынята большасцю вернiкаў.

Кiруючым органам праваслаўнай царквы стаў абраны Вышэйшы царкоўны савет (ВЦС) пад старшынствам мiтрапалiта Антанiна. У яго ўвайшлi 18 членаў, прапарцыянальна прадстаўнiцтву на саборы: 10 — ад "Жывой царквы", 6 — ад СССАЦ, 2 — ад СЦА. Сабор спрыяў палiтычнаму ўзлёту лiдэра СССАЦ А.Ввядзенскага, прыняў пастанову высвецiць яго ў архiепiскапа. Пасля хiратанii Ввядзенскi канчаткова пераехаў у Маскву i заняў лiдзiруючае становiшча ў кiраўнiцтве абнаўленчай царквы. Пасля сабора барацьба памiж абнаўленцамi i цiханаўцамi ў БССР абвастрылася. Гэта было звязана з тым, што 15 мая 1923 г. ВЦС прызначыў былога епiскапа Магілёўскага Сергiя (Iванцова) кiраўнiком Мiнскай епархii. Такiм чынам, духавенству i вернiкам стала зразумелай сапраўдная прычына выкліку Мелхiседэка ў Маскву. Абвастрыла супрацьстаянне вызваленне патрыярха Цiхана з турмы АДПУ, якое адбылося 27 чэрвеня 1923 г. у сувязi з яго раскаяннем у "антысавецкай дзейнасцi". Палiтычнае кiраўнiцтва краiны вымушана было лiчыцца i з разгорнутай у краiнах Заходняй Еўропы кампанiяй па спыненні насiлля над патрыярхам. У першым сваiм пасланнi да Царквы 28 чэрвеня Цiхан заявiў пра неправамоцнасць абнаўленчага сабора i яго рашэнняў.

У пачатку чэрвеня 1923 г. епiскап Сергiй прыступiў да выканання абавязкаў кiраўнiка Мiнскай епархii i паказаў сябе актыўным абнаўленцам. Аднак ужо з першых дзён яго знаходжання ў Мiнску мясцовае духавенства разгарнула "кампанiю па вяртаннi ў Беларусь Мелхiседэка". Пад гэтым лозунгам ажыццяўлялася барацьба з абнаўленствам. Каб падтрымаць Сергiя i прыцягнуць мясцовае духавенства на свой бок, у чэрвенi Мiнск наведаў А.Ввядзенскi. Архiепiскап прачытаў тры лекцыi, прычым для духавенства яны былi бясплатныя. Адбылася таксама двухгадзiнная сустрэча са служыцелямi культу горада, якiя вельмi стрымана сустрэлi аднаго з кiраўнiкоў ВЦС.

Падчас знаходжання Ввядзенскага ў Мiнску яму была перададзена заява на iмя ВЦС з подпiсамi вернiкаў, у якой выказвалася просьба вярнуць Мелхiседэка ў Мiнск. Былi таксама прадастаўлены дакументы, якiя сведчылi пра лаяльнасць мiтрапалiта да Савецкай улады. У прыватнасцi, адзiн з дакументаў сведчыў пра тое, як у часы польска-савецкай вайны Мелхiседэк выступiў за памiлаванне арыштаванага камунiста, якi працаваў у польскiх адмiнiстрацыйных структурах.

Абвастрэнню становiшча ў Мiнскай епархii спрыяў той факт, што духавенства епархii не пайшло на абмеркаванне дырэктывы ВЦС "Раскаянне Патрыярха i лёс Царквы", атрыманай 14 лiпеня 1923 г. На пасяджэннi епархiяльнага ўпраўлення было прынята рашэнне "не гаварыць пра Цiхана, каб не бударажыць вернiкаў". Упаўнаважаны ВЦС У.Трыгубаў заявiў, што такая лiнiя паводзiн уяўляе сабой супрацiўленне справе абнаўлення царквы, прыпынiў рашэнне епархiяльнага ўпраўлення i перадаў свае паўнамоцтвы Курышаву. Пра канфлiкт ён праiнфармаваў ВЦС.

Каб схiлiць мiнскае духавенства на бок абнаўленцаў, у Мiнск другi раз прыязджае А.Ввядзенскi. 6 жнiўня ён выступiў з лекцыяй "Раскаянне Патрыярха i лёс Царквы". На гэты раз вернiкi сустрэлi архiепiскапа вельмi варожа. Усё пачалося з таго, што ранiцай каля архiрэйскага дома, дзе размясцiўся маскоўскi госць, сабраўся натоўп каля 300 чалавек. Калi Ввядзенскi выйшаў, каб накiравацца ў манастырскую царкву, вернiкi перагарадзiлi яму шлях. Архiепiскапу было прапанавана адмовiцца ад чытання лекцыi, выказвалiся пагрозы ў адрас маскоўскага пасланнiка. Яго абвiнавачвалi ў тым, што ён не перадаў у ВЦС узятае ад вернiкаў у першы прыезд хадайнiцтва аб вяртаннi ў Мiнск Мелхiседэка. На гэта было заяўлена, што атрыманыя дакументы перададзены ў царкоўны аддзел НКУС.

ДПУ стала вядома, што падчас лекцыi некаторыя вернiкi збiралiся закiдаць А.Ввядзенскага тухлымi яйкамi. Каб пазбегнуць iнцыдэнту, былi прыняты меры па падтрыманнi парадку шляхам узмацнення нарада мiлiцыi. Паколькi епiскап Сергiй у той час знаходзiўся ў Маскве, у ДПУ быў выклiканы епiскап Феадосiй. Яму прапанавалi "супакоiць вернiкаў i не дапускаць справу да публiчнага скандалу". Больш жорсткiм з’яўлялася папярэджанне святару чыгуначнай царквы У.Хiраску. Яму было заяўлена, што "як духоўны кiраўнiк сваiх прыхаджан ён нясе адказнасць за iх дзеяннi". У вынiку лекцыя, на якой прысутнiчала каля 2 тыс. вернiкаў, прайшла спакойна, без эксцэсаў. Мiнскае духавенства праiгнаравала выступленне архiепiскапа. На лекцыi прысутнiчаў толькi епiскап Феадосiй са сваiм дыяканам. Як iнфармаваў 10 жнiўня 1923 г. АДПУ старшыня ДПУ БССР С.Пiнталь, праз гадзiну пасля заканчэння лекцыi А.Ввядзенскi выехаў у Бабруйск. Перад ад’ездам ён "звярнуўся да нас з просьбай, маючы такое прадпiсанне ад Тучкова, тайна праводзiць яго ў Бабруйск, а адтуль у Маскву, а таму спешна, без камандзiровачных пасведчанняў, адпраўлены з iм супрацоўнiкi Камароўскi i Хатаневер, якiм даручана заданне па прыбыццi ў Маскву з’явiцца да тав. Тучкова i далажыць аб паездцы".

У Бабруйску А.Ввядзенскi выступiў два разы. У адрозненне ад Мiнска тут прысутнiчала духавенства горада i навакольных вёсак. Але яны прадэманстравалi поўны нейтралiтэт: не выступiлi супраць А.Ввядзенскага, але i не асудзiлi Цiхана. У цэлым наведванне Мiнскай епархii адным з уплывовых кiраўнiкоў абнаўленцаў паказала, што духавенства епархii падтрымлiвае патрыярха Цiхана i епiскапа Мелхiседэка.

Пасля вяртання архiепiскапа А.Ввядзенскага ў Маскву процiстаянне з абнаўленцамi ў Мiнскай епархii ўзмацнiлася. Архiепiскап прыслаў на iмя епiскапа Сергiя службовую запiску, у якой выказвалася незадавальненне дзеяннямi святара Мiнскага Свята-Духава кафедральнага сабора Лаўра Васюковiча, якi прыкладаў актыўныя намаганнi па зрыву выступлення А.Ввядзенскага. У адказ епархiяльнае ўпраўленне часова адхiлiла яго ад святарскiх абавязкаў i прапанавала ў нядзелю, 9 верасня, рэабiлiтаваць сябе правядзеннем службы, падчас якой выказаць сваё стаўленне да Цiхана i рашэнняў царкоўнага сабора 1923 г. У пропаведзi святар заявiў, што ён не прызнае епiскапа Сергiя i падпарадкоўваецца патрыярху Цiхану. Пасля такой “рэабiлiтацыi” Сергiй вывеў Васюковiча за штат святароў. Але такiя дзеяннi не падтрымала большасць членаў епархiяльнага савета. Праз некалькi дзён на пастырскiм сходзе епiскапу Сергiю заявiлi, што, iдучы насустрач пажаданням вернiкаў, духавенства адмаўляецца ад зносiн з iм, i параілi яму, каб не ўносiць варожасцi ў царкоўнае жыццё, хутчэй з’ехаць у Маскву.

13 верасня 1923 г. Сергiй адправiўся для правядзення службы ў Мiнскi Свята-Духаў кафедральны сабор, але быў затрыманы групай вернiкаў, якiя сарвалi з яго галавы клабук. 14 верасня з дапамогай выклiканай мiлiцыi епiскапа пусцiлi ў сабор, але правесцi службу не дазволiлi, зачынiлi яго ў рызнiцы. У рэшце рэшт Сергiю ўдалося правесцi службу, на якой ён вырашыў скампраметаваць у вачах вернiкаў Мелхiседэка i называў прозвiшчы быццам бы блiзкiх да яго жанчын, якiя настройвалi вернiкаў супраць яго, Сергiя. Гэтым учынкам ён канчаткова страціў сваiх прыхiльнiкаў.

У прыходах Мiнскай епархii адбылiся сходы вернiкаў, на якiх быў выказаны недавер яе кiраўнiку. Некаторыя прадстаўнiкi царкоўна-прыходскiх саветаў падалi епiскапу Сергiю заявы, у якiх яны ад iмя ўсiх вернiкаў епархii паведамлялi, што не прызнаюць яго сваiм духоўным кiраўнiком i адмаўляюцца ад далейшых малiтоўна-духоўных зносiн з iм. На прыходскiх сходах вернiкi выступiлi за вяртанне ў епархiю Мелхiседэка. ДПУ было вядома, што духавенства падтрымлiвала сувязь з патрыярхам Цiханам i Мелхiседэкам. Гэта вельмi хвалявала сiлавыя структуры Беларусi. 13 кастрычнiка 1923 г. старшыня ДПУ БССР С.Пiнталь iнфармуе тэлеграмай Я.Тучкова: “Паводле атрыманых дакладных звестак, Мелхiседэк на днях прыязджае ў Мiнск з прызначэння Цiхана. Просьба прыняць тэрмiновыя меры па забароне Мелхiседэку ўезд у Мiнск, высылцы яго з Масквы ў адну з цэнтральных альбо ўсходнiх губерняў Саюза”30.

Улiчваючы тое, што епiскап Сергiй фактычна канчаткова згубiў павагу духавенства i вернiкаў, ДПУ прапануе прызначыць на Мiнскую кафедру аўтарытэтнага i ўплывовага абнаўленца, былога рэктара Мiнскай духоўнай семiнарыi Цiхана. У той час ён працаваў у абнаўленчым Свяшчэнным сiнодзе, якi быў утвораны 8 жнiўня 1923 г. замест скасаванага Вышэйшага царкоўнага савета (ВЦС). Узначальваў сiнод мiтрапалiт Еўдакiм (Мешчаракоў).

З восенi 1923 г. цэнтральныя органы ўлады i спецслужбы СССР павялi палiтыку прымiрэння памiж цiханаўцамi i абнаўленцамi пад кiраўнiцтвам паслухмянага Свяшчэннага сiнода. З гэтым, на нашу думку, звязаны дазвол Масквы на вяртанне Мелхiседэка ў Беларусь. Органы ДПУ сачылi за кожным крокам мiтрапалiта i iнфармавалi Маскву. “24 лiстапада прыбыў у Мiнск, прыступiў да кiравання мiтраполiяй мiтрапалiт Мелхiседэк. Паводле нашых звестак, Мелхiседэк павiнен быў прыехаць абнаўленцам, — дакладваў у VI аддзяленне АДПУ намеснiк начальнiка ДПУ БССР Кандрацьеў, — але ... праводзiць сваю старую палiтыку аўтаномii беларускай царквы, каб такiм чынам адмежавацца ад Масквы i на коранi прыпынiць усялякi абнаўленчы рух у Беларусi”31.

Пасля вяртання ў Беларусь палiтыка мiтрапалiта стала больш жорсткай у адносiнах да абнаўленцаў. Былi зняты з пасад найбольш актыўныя прадстаўнiкi “рэвалюцыянераў”. Сваё стаўленне да абнаўленцаў Мелхiседэк падкрэслiў тым, што не прыняў прадстаўнiка сiнода Канарскага, якi на пачатку снежня прыбыў у сталiцу БССР.

Пасля вяртання Мелхiседэка ў Беларусi склалася новая рэлiгiйная сiтуацыя. Кiраўнiкi РКП(б) прынялі iдэю беларускiх камунiстаў аб неабходнасцi ўзбуйнення БССР. На тэрыторыях, якiя намячалася далучыць, абнаўленцы мелi моцныя пазiцыi. “Мiнская епархiя апынулася як бы балотам сярод дзвюх епархiй — Вiцебскай i Гомельскай, у якiх абнаўленчы рух дасягнуў пажаданых памераў, — iнфармавала Маскву ДПУ БССР. — Мiнская епархiя адстала, з аднаго боку, з-за кансерватызму духавенства, а з другога боку, у сувязi з распачатай камедыяй аўтаномii Беларускай царквы”32.

21 снежня 1923 г. у Мiнску адбылася нарада абнаўленчых епархiяльных упраўленняў Беларусi. На ёй было заяўлена пра неабходнасць узяць справу арганiзацыi беларускага царкоўнага жыцця “ў свае рукi, не лiчачыся зусiм з самавольнай Менскай мiтраполiяй i епiскапам Мелхiседэкам”33.

15 красавiка 1924 г. Магiлёўскае епархiяльнае ўпраўленне заявiла аб правядзеннi ў Магiлёве беларускага з’езда праваслаўнага духавенства i прыхаджан. Гэта выклiкала рэзкае незадавальненне з боку Гомельскага епархiяльнага ўпраўлення, упаўнаважанага сiнода Канарскага, якiя хацелi правесцi з’езд у iншым месцы. У сувязi з такой сiтуацыяй ДПУ Беларусi звярнулася ў VI аддзяленне АДПУ з просьбай дапамагчы зняць Канарскага з займаемай пасады. Прычына заключалася яшчэ i ў тым, што, як адзначалася ў iнфармацыi, “Канарскi амаль што не хавае сваёй сувязi з органамi АДПУ i на рабоце прымяняе метады зусiм недапушчальныя i кампраметуючыя органы АДПУ”34.

У такiх абставiнах 3 мая 1924 г. Часовае Беларускае бюро ЦК РКП(б)Б прыняло сакрэтную пастанову аб правядзеннi з’езда духавенства “Жывой царквы” ў Магiлёве35. Гэта было невыпадкова, таму што правесцi з’езд у Мiнску было немагчыма з-за слабасцi абнаўленчага руху ў сталiцы. Толькi ў сакавiку 1924 г. тут стварылася суполка абнаўленцаў, якую ўзначалiў упаўнаважаны сiнода Пiгулеўскi. Групоўка не мела нi сваёй царквы, нi прыхода, а службы праводзiла ў будынку, якi яны атрымалi з дапамогай ДПУ. У Магiлёве гаспадарылi абнаўленцы, якiя мелi дастаткова сiл i сродкаў для правядзення падрыхтоўчай работы.

Першы беларускi абласны царкоўны з’езд, якi потым назвалi саборам, адбыўся 18—20 мая 1924 г. у Магiлёве. У яго рабоце прынялi ўдзел 42 чалавекi, з iх толькi адзiн з’яўляўся цiханаўцам. Мiнскую епархiю прадстаўлялi 4 дэлегаты, абраныя мясцовай абнаўленчай групай. На з’езд былi запрошаны архiепiскап Кастрамскi Серафiм (Мешчаракоў) i архiепiскап Смаленскi Аляксей (Дзяканаў). Апошнi старшынстваваў на саборы. Апрача гэтых ганаровых гасцей арганiзацыйная камiсiя запрасiла прыняць удзел Мелхiседэка i яго трох вiкарных епiскапаў. За дзень да адкрыцця сабора Мелхiседэку было накiравана яшчэ адно запрашэнне па тэлеграфе, але нi мiтрапалiт, нi яго акружэнне на з’езд не з’явiлiся, нiякага адказу на запрашэнне не даслалi. Зразумела, што Мелхiседэк не мог адмовiцца ад таго, чаму прысвяцiў сваё жыццё. Пайсцi на кантакт з абнаўленцамi азначала здрадзiць не толькi сабе, але i духавенству, прыхаджанам, якiя верылi мiтрапалiту.

Вынiкам работы сабора з’явiлася ўтварэнне абнаўленчага Беларускага праваслаўнага сiнода на чале з мiтрапалiтам i акруговых упраўленняў, якiя абвяшчалiся адзiнай царкоўнай уладай на ўсёй тэрыторыi БССР. Сiнод i мiтрапалiт цалкам падпарадкоўвалiся абнаўленчаму ВЦУ ў Маскве i працавалi ў Магiлёве. Сабор абраў мiтрапалiтам Серафiма (Мешчаракова), былога епiскапа Полацкага i Вiцебскага (1902—1911 гг.). Такiм чынам, у Беларусi стала два мiтрапалiты. Серафiм доўга не з’яўляўся на месца службы, а затым перайшоў у лагер цiханаўцаў. Гэта з’явiлася значным ударам як па ўтворанаму сiноду, так i па руху абнаўленцаў. Пачаўся пошук новай кандыдатуры. У кастрычнiку 1924 г. на спецыяльна склiканым пленуме сiнода мiтрапалiтам быў абраны епiскап Таганрогскi Уладзiмiр (Кiрылаў). Да пачатку духоўнай кар’еры ён знаходзiўся на дзяржаўнай службе ў Вiцебску, i гэта выклiкала сур’ёзныя прэтэнзii ў духавенства. Нягледзячы на тое, што кандыдатуры будучых членаў сiнода правяралiся структурамi АДПУ, сярод iх знаходзiлiся душпастыры, якiя не падтрымлiвалi абнаўленцаў. Пра гэта з горыччу канстатавала кiраўнiцтва ДПУ: “У лiку членаў Сiнода маюцца 1—2 чалавекi, прозвiшчы якiх адмоўна дзейнiчаюць на настрой нават iдэйных прыхiльнiкаў абнаўленцаў. Намi робяцца захады, каб паднавiць склад Сiнода, але пакуль з-за адсутнасцi падыходзячых асоб даводзiцца лiчыцца з тымi, што маем”36.

У падпарадкаваннi Свяшчэннага сiнода знаходзiлiся тры епархii: Вiцебская, Магiлёўская i Велiжска-Высачанская. Апошняя толькi часткова ахоплiвала прыходы ў Беларусi. Кiраванне ў епархiях ажыццяўлялi епархiяльныя ўпраўленнi, а ў Магiлёўскай непасрэдна члены сiнода пад старшынствам мiтрапалiта.

Памiж цiханаўцамi i абнаўленцамi працягвалася барацьба па схiленнi на свой бок тых цi iншых святароў. У сакавiку 1925 г. настаяцель кафедральнага сабора ў Магiлёве У.Мiгай разам з царкоўнапрыходскiм саветам правёў агульны сход вернiкаў, i яны прынялi рашэнне перайсцi да цiханаўцаў. Такую “непаслухмянасць” сiнод не мог дараваць i звярнуўся да мясцовых улад з патрабаваннем скасаваць дамову з прыходскiм саветам на выкарыстанне сабора. Вернiкi наладзiлi абструкцыю мiтрапалiту абнаўленцаў Уладзiмiру падчас набажэнства ў Брацкiм Богаяўленскiм храме. Нягледзячы на актыўныя iх дзеяннi, улады падтрымалi сiнод i вярнулi святыню абнаўленцам37. Такая сiтуацыя назiралася i ў iншых месцах рэспублiкi.

Епархii знаходзiлiся ў цяжкiм фiнансавым становiшчы, што было звязана з байкотам прыхаджанамі палiтыкi абнаўленцаў. Становiшча настолькi абвастрылася, што сiнод не змог ажыццяўляць выпуск зарэгiстраванага абнаўленцамi “Белорусского Праваславного Вестника”.

Пасля з’езда абнаўленцаў у БССР разам са Свяшчэнным сiнодам працягвала дзейнасць другая структура — Беларускае епархiяльнае ўпраўленне (БЕУ), якое ажыццяўляла кiраўнiцтва Мiнскай епархiяй. Практычна, акрамя групы абнаўленцаў у сталiцы, у Мiнскай епархii абнаўленчыя суполкi не iснавалi. Прааналiзаваўшы перспектывы развiцця руху абнаўленцаў, ДПУ Беларусi ў iнфармацыi ў Маскву канстатавала, што цiханаўшчына значна мацнейшая за абнаўленчы рух. Яго пашырэнню перашкаджала епархiяльнае ўпраўленне, якое, са свайго боку, вяло работу супраць “Жывой царквы”. Галоўны вывад ДПУ заключаўся ў тым, што “для таго, каб узбударажыць епархiю i прывiць духавенству мiнскаму, гарадскому i сельскаму абнаўленчыя iдэi, неабходна, безумоўна, выдалiць не адзiн дзесятак папоў з епархii, а самае галоўнае — гэта выдалiць дзве цэнтральныя фiгуры, якiя з’яўляюцца тормазам для ўсяго руху — гэта Мелхiседэка i протаiерэя Кульчыцкага, выдалiць iх патрэбна такiм чынам, каб iнiцыятыва перамяшчэння мiтрапалiта i Кульчыцкага належала ВЦУ, а не епархiяльнаму Мiнскаму ўпраўленню”38.

Нягледзячы на ўтварэнне абнаўленчага Свяшчэннага сiнода, БЕУ пашырала свае функцыi па кiраўнiцтву царкоўнымi справамi на тэрыторыi ўсёй узбуйненай Беларусi. У сувязi з гэтым улады тэрмiнова прымалi меры па лiквiдацыi гэтай кiруючай структуры. У вераснi 1924 г. НКУС прапанаваў БЕУ самараспусцiцца, таму што структура не была зарэгiстравана ў гэтым ведамстве. Адначасова большая частка членаў была арыштавана па надуманай ДПУ Беларусi справе аб утойваннi царкоўных каштоўнасцей. “На працягу 1924 г. намi праводзiлася падрыхтоўчая работа па адшуканнi спосабаў даць адпор цiханаўшчыне, i такi спосаб быў знойдзены — шляхам завядзення справы пра царкоўныя каштоўнасцi”, — iнфармавала Маскву ДПУ Беларусi39.

Па справе, якая разглядалася ў жнiўнi 1924 г., праходзiлi дзевяць чалавек. Мелхiседэк знаходзiўся пад дамашнiм арыштам40. Тым не менш ён працягваў актыўна кiраваць епархiяй: прызначаў, перамяшчаў святароў, прымаў пад сваю ўладу прыходы пасля далучэння да БССР новых тэрыторый. Была створана канцылярыя, якую ўзначалiў былы рэктар Мiнскай духоўнай семiнарыi Iван Язвiцкi. У такiх складаных палiтычных умовах працягвалася барацьба з абнаўленцамi. Мiтрапалiта Мелхiседэка падтрымлiвала большая частка благачынных, якiя, паводле дадзеных ДПУ, з’яўлялiся ярымi цiханаўцамi i “разносчыкамi ўсялякага праяўлення ў царкве прагрэсiзму”41. Мелхiседэк адчуваў падтрымку з боку трох вiкарных епiскапаў, якiх ён хiратанаваў у 1922 г. 28 красавiка 1925 г. у дакладзе ў Маскву старшыня ДПУ БССР Пiлiп Мядзведзь наступным чынам характарызаваў епiскапаў: “1) Бабруйскi — Фiларэт Раменскi, знаходзiцца пад ботам Мелхiседэка; 2) Слуцкi — Мiкалай Шамяцiла — моцны цiханавец i 3) Мазырскi — Iван Пашын — чарнасоценец i, зразумела, цiханавец. У адносiнах да апошняга вядзецца справа для прадстаўлення да адмiнiстрацыйнай высылкi”42.

Прынцыповая палiтыка Мелхiседэка i яго аднадумцаў у адносiнах да абнаўленцаў садзейнiчала таму, што ў Мiнскай епархii рух “прагрэсiстаў” так i не распаўсюдзiўся. Нават у Мiнску ячэйка, якая ўтрымлiвалася з дапамогай ДПУ, не мела адпаведнага храма, а службы праводзiлiся ў доме абнаўленцаў. Для спецслужбаў паўстала першачарговая задача — знайсцi храм. Яны выбралi царкву жаночага Спаса-Праабражэнскага манастыра, паблiзу якой размяшчалiся абнаўленцы. Пасля таго як не ўдалося схiлiць на свой бок манашак i iгуменню Надзею (Лiдзiю Выржыкоўскую), заставалася толькi адмiнiстрацыйна перадаць царкву абнаўленцам. Па ўказанню ДПУ гарадскiя ўлады правялi абследаванне стану царквы, наяўнасцi маёмасцi. Зразумела, былi знойдзены “парушэннi”, i ўлады скасавалi дамову з царкоўным саветам. 27 лютага 1925 г. Мiнскi акруговы выканкам апячатаў царкву. Два разы вернiкi зрывалi пячатку, пасля чаго быў выстаўлены мiлiцэйскi пост. 1 сакавiка некалькi соцень вернiкаў, што сабралiся пад набатны звон, вырашылi абаранiць царкву. Конны i пешы нарады мiлiцыi разагналі натоўп, былi арыштаваны царкоўныя актывiсты. На наступны дзень адбылiся дадатковыя арышты, якiя хутка “ўскрылi” факт крадзяжу манашкамi царкоўных каштоўнасцей падчас канфiскацыi iх у 1922 г. Царква была перададзена абнаўленцам, якiя хутка пачалi праводзiць у ёй службы. ДПУ БССР разглядала перадачу царквы “як базiс для развiцця руху абнаўленцаў на перыферыю”43.

Не апраўдалiся спадзяваннi партыйна-дзяржаўных структур рэспублiкi на ўзмацненне абнаўленчай плынi ў сувязi са смерцю патрыярха Цiхана 7 красавiка 1925 г. Змен у настроi цiханаўцаў у Беларусi i асаблiва ў Мiнскай епархii спецслужбы не заўважылi. Гэта было звязана з актыўнай дзейнасцю Мелхiседэка. Выступаючы перад вернiкамi, ён падкрэслiваў, што “царкоўная палiтыка са смерцю Цiхана не мяняецца, а павiнна застацца такой жа цвёрдай, як i раней”44.

З асаблiвай карпатлiвасцю збiраўся кампрамат па “справе” Мелхiседэка i яго паплечнiкаў. 2 лютага 1925 г. было завершана расследаванне, а матэрыялы перададзены ў ЦК КП(б)Б. Было прапанавана прымянiць да мiтрапалiта вышэйшую меру “рэвалюцыйнай справядлiвасцi”. Справа мiнскiх святароў з праектам прысуду была накiравана для ўзгаднення ў Маскву. Пасля яе разгляду намеснiк наркама юстыцыi СССР накiраваў у Пракуратуру БССР i ЦК КП(б)Б наступную тэлеграму: “...зыходзячы: 1) што злачынства, iнкрымiнаванае абвiнавачаным, датычыць першай паловы 1922 года; 2) што справа па свайму характару страцiла тую грамадска-палiтычную цiкавасць, якую магла б мець падчас канфiскацыi каштоўнасцей i 3) што прад’яўленне гр-ну Паеўскаму абвiнавачвання ў агiтацыi i прапагандзе з мэтай звяржэння Савецкай улады мала вынiкае з абставiн справы, — выказваемся за слуханне гэтай справы без прымянення вышэйшай меры сацыяльнай абароны”45.

Але ЦК КП(б)Б з мэтай дыскрэдытацыi цiханаўскага духавенства палiчыў мэтазгодным правядзенне судовага працэсу, якi быў прызначаны на 10 жнiўня 1925 г. Газеце “Звязда” даручалася падрабязна асвятляць гэты працэс. Справу разглядаў Вярхоўны суд БССР на працягу сямi дзён у клубе iмя Карла Маркса. Кожны дзень больш за тысячу чалавек сачылi за ходам працэсу. Усе прыцягнутыя да адказнасцi, акрамя келейнiка Чаплiна, не пацвердзiлi абвiнавачваннi, якiя прад’яўлялiся Мелхiседэку. Таму па ўзгадненнi з ЦК КП(б)Б суд быў вымушаны вынесцi прыгавор аб пазбаўленнi мiтрапалiта на тры гады волi ўмоўна, а яго аднадумцаў ад аднаго да двух гадоў умоўна46.

Тым часам смерць Цiхана ажывiла надзеi абнаўленцаў. Яны выказвалi думку, што дзейнасць патрыярха з’яўлялася прычынай расколу, i прапаноўвалi правесцi чарговы Памесны сабор. Абнаўленчы сiнод звярнуўся да месцаахоўнiка патрыяршага прастола Пятра (Круцiцкага) з прапановай стварыць пагаджальную камiсiю для яго правядзення. Але мiтрапалiт заняў яшчэ больш жорсткую пазiцыю, чым патрыярх, i заявiў пра незаконнасць новага лжэсабора.

8 жнiўня 1925 г. бюро ЦК КП(б)Б прыняло пастанову пра склiканне сабора абнаўленцаў. У пастанове адзначалася: “1. Даць па лiнii ДПУ дырэктывы аб запрашэннi на Усебеларускi Памесны сабор часткi цiханаўцаў, працягваючы ў той жа час барацьбу асноўнага цiханаўскага ядра супраць абнаўленчай царквы. 2. З’езд правесцi ў Магiлёве. 3. Даць дырэктыву Галоўлiту друкаваць перадз’ездаўскiя адозвы i звароты абнаўленцаў i цiханаўцаў. У газетах асвятляць царкоўны раскол як праяўленне разлажэння царквы, весцi антырэлiгiйную прапаганду супраць абедзвюх праваслаўных цэркваў”47. Але “мелхiседэкаўцы-цiханаўцы” праiгнаравалi сабор абнаўленцаў, якi праходзiў у Магiлёве 12—16 верасня 1925 г. На саборы замест Уладзiмiра кiраўнiком абнаўленчага Беларускага сiнода быў абраны Iосiф (Крачатовiч), якi напярэдаднi быў прызначаны архiепiскапам Магiлёўскiм.

Уладныя структуры БССР разумелi, што надалей пакiдаць Мелхiседэка ў рэспублiцы не мае сэнсу. Ён заставаўся заўзятым ворагам абнаўленцаў i не iшоў нi на якiя кампрамiсы як з “прагрэсiўнай” плынню, так i з ДПУ. У лiстападзе 1925 г. мiтрапалiт быў выклiканы ў Маскву i больш у Беларусь не вярнуўся. У сталiцы ён быў арыштаваны, а затым сасланы ў Краснаярск. У маi 1931 г. ён загадкава памёр у Маскве падчас падрыхтоўкi да правядзення службы48.

У лютым 1926 г. Мiнскую кафедру ўзначалiў Данiiл (Грамавенка), абраны епiскапам у 1923 г. на Другiм Памесным саборы. 37-гадовы архiрэй, якi закончыў Адэскую духоўную семiнарыю i пачаў царкоўную службу ў Томскай губернi, падтрымаў рух абнаўленцаў. Сiбiрскiм абласным царкоўным упраўленнем ён быў камандзiраваны на Другi Памесны сабор. Пасля Другога Памеснага сабора быў прызначаны намеснiкам старшынi Сiбiрскага абласнога царкоўнага ўпраўлення, а з кастрычнiка 1924 г. нёс службу ў Табольску. У Мiнску ён праводзiць палiтыку змяшчэння з кiруючых пасад цiханаўцаў, а на iх месца прызначае сваiх аднадумцаў49. Новы епiскап накiроўвае свае намаганнi на стварэнне абнаўленчых прыходаў у сельскай мясцовасцi. У сакавiку 1927 г. абнаўленцам быў перададзены Петрапаўлаўскi сабор у Мiнску.

Паводле архiўных дадзеных, на 1 чэрвеня 1927 г. на тэрыторыi БССР налiчвалася 1 110 праваслаўных прыходаў, у якiх неслi службу 1 140 святароў. З iх 300 прыходаў з 308 свяшчэннаслужыцелямi з’яўлялiся абнаўленчай арыентацыi, цiханаўскiх прыходаў налiчвалася 810. У iх неслi службу 833 святары50. Актыўную дапамогу цiханаўцам у адстойваннi пазiцый аказвалi царкоўнапрыходскiя саветы.

Па распараджэнню VI аддзялення АДПУ ад 20 чэрвеня 1927 г. пачала рыхтавацца акцыя па арышце членаў царкоўнапрыходскiх саветаў цiханаўскай арыентацыi. 20 лiпеня ДПУ Беларусi разаслала мясцовым структурам дырэктыву, у якой прапанавала “папярэдне заняцца збiраннем кампраметуючых матэрыялаў, а затым прадаставiць нам спiсы з вычарпальнымi дадзенымi, асаблiва ў адносiнах тых царкоўнiкаў, якiя сапраўды па свайму сацыяльнаму становiшчу ў мiнулым (былыя купцы, чыноўнiкi, афiцэры i палiцэйскiя чыны) у цяперашнi час могуць з’яўляцца ворагамi савецкай улады”51.

Пасля прадастаўлення патрабуемых з месцаў звестак ДПУ зацвердзiла спiсы асоб, якiх неабходна было “распрацаваць”. У вынiку праведзенай у ноч з 12 на 13 снежня 1927 г. аперацыi былі арыштаваны 257 чалавек, з iх 16 чалавек (4,9%) — былыя дваране, 17 (5,1%) — былыя жандары i палiцэйскiя, 43 (14,1%) — гандляры, 45 чалавек (15%) — домаўладальнiкi i былыя дробныя заводчыкi, 33 (10,1%) — чыноўнiкi, 22 (7,1%) — прадстаўнiкi духавенства i манаства, 38 (11,8%) — мяшчане i 43 (14,1%) — кулакi. Большасць арыштаваных была абвiнавачана як “злосныя цiханаўцы i непрымiрымыя ворагi Савецкай улады, якiя на працягу некалькiх гадоў распаўсюджвалi розныя контррэвалюцыйныя i антысавецкiя чуткi”52.

На самай справе падчас вобыскаў знайшлi толькi партрэты царскай сям’i, у значных сумах царскiя грошы, аўтарскiя вершы, перапiску асобных царкоўнiкаў з высланым духавенствам.

13 лютага 1928 г. ДПУ Беларусi паведамляла ў VI аддзяленне АДПУ, што з арыштаванымi праводзiлася работа “па вярбоўцы асведамляльнiкаў з асоб, якiя карысталiся аўтарытэтам i даверам як сярод вернiкаў, так i духавенства, каб праз iх можна было больш шырока асвятляць i праводзiць нашу работу”53. На асоб, што былi настроены антысавецкi, заводзiлiся следчыя справы з мэтаю высялення iх за межы рэспублiкi. Многiя вернiкi былi напалоханы. Падводзячы вынiкi аперацыi, ДПУ Беларусi канстатавала, што пасля яе некаторыя члены царкоўных саветаў падавалi заявы аб вызваленнi iх ад сваiх абавязкаў альбо заставалiся зусiм нейтральнымi ў рэлiгiйным жыццi.

Дзейнасць сiлавых структур садзейнiчала ўзмацненню абнаўленчай плынi. У жнiўнi 1926 г. Магiлёўская абнаўленчая епархiя, якая ахоплiвала тры адмiнiстрацыйныя акругi, была падзелена на тры епархii: Магiлёўскую, Аршанскую i Мсцiслаўскую. У епархiях прайшлi епархiяльныя сходы, былi абраны епархiяльныя ўпраўленнi. У Магiлёве епiскапам стаў мiтрапалiт Iосiф, у Мсцiславе — архiепiскап Гаўрыiл (Свiдзерскi), у Оршы — Аляксей (Капытаў). Паводле архiўных дадзеных, на 1 студзеня 1927 г. у БССР налiчвалася 6 абнаўленчых праваслаўных епархiй. На працягу 1927 г. у рэспублiцы былi створаны яшчэ дзве епiскапскiя кафедры абнаўленцаў — у Гомелi i Мазыры. Гэтаму садзейнiчаў пераход да абнаўленцаў кiраўнiцтва мясцовых сабораў. Як iнфармавала Маскву ДПУ Беларусi, “дзякуючы праведзенай унутры агентурнай рабоце ў Гомелi сабор быў перададзены на падставе рашэння самога духавенства, а ў Мазыры з перадачай храма абнаўленцам да iх перайшлi ўсе вернiкi разам з царкоўным саветам”54.

У жнiўнi 1927 г. ДПУ iнiцыiравала стварэнне яшчэ адной плынi на базе цiханаўскай — аўтакефальнай. Гэту iдэю сiлавыя структуры выношвалi некалькi гадоў. Яшчэ ў 1925 г. такую задачу перад беларускiмi структурамi паставiла АДПУ. 28 красавiка 1925 г. старшыня ДПУ БССР Ф.Мядзведзь выказаў сваю думку па гэтаму пытанню: “У адносiнах да правядзення на Беларусi аўтакефальнай плынi ДПУ БССР лiчыць яе некалькi заўчаснай з прычыны недастатковай моцы абнаўленчага руху”55.

Але справа заключалася не ў слабасцi абнаўленчай плынi, а ў складанасцi задачы па расколу цiханаўшчыны. Паводле iнфармацыi ДПУ, цяжкасцi былi звязаны, па-першае, з недахопам вопытных асведамляльнiкаў, праз якiх можна было правесцi неабходныя мерапрыемствы; па-другое, з асаблiвай спайкай i аб’яднаннем цiханаўскага духавенства ў Гомельскай, Вiцебскай i Магiлёўскай акругах; па-трэцяе, увогуле з кансерватыўным i недаверлiвым стаўленнем мiнскага духавенства да палiтыкi ДПУ. Як паведамляў у Маскву 12 сакавiка 1928 г. намеснiк начальнiка ДПУ БССР Залiн, “даводзiлася прымаць разнастайныя меры, шукаць усялякiя спосабы i захоўваць асаблiвы такт лавiравання, каб у вынiку праз Бабруйскага епiскапа Фiларэта схiлiць большасць цiханаўцаў да аўтакефалii”56.

Фiларэт стварыў iнiцыятыўную групу па склiканнi з’езда прадстаўнiкоў Беларускай праваслаўнай царквы, якi адкрыўся 9 жнiўня 1927 г. у Мiнску. У iм прынялi ўдзел прадстаўнiкi 333 прыходаў Мiнскай, Барысаўскай, Мазырскай, Слуцкай, Бабруйскай акруг i аднаго благачыння Аршанскай акругі. Асудзiўшы дзейнасць Цiхана, яго пераемнiка Пятра (Круцiцкага) як скiраваную супраць Савецкай улады, з’езд абвясцiў аўтакефалiю беларускай царквы i ўтварыў самастойную кiруючую структуру.

Некаторая частка духавенства Мiнскай епархii не падтрымала аўтакефалiю, лiчачы гэты факт незаконным па кананiчных правiлах царквы. Яны называлi паслядоўнiкаў аўтакефалii богаадступнiкамi, самазванцамi, “самасвятцамi” i г. д. Засталiся па-за аўтакефалiяй Казанская царква Мiнска, благачынне Бабруйскай акругi, iншыя прыходы. Былы келейнiк арыштаванага епiскапа Пашына iераманах Агапiй сам ездзiў у Маскву ў сiнод патрыяршага месцаахоўнiка мiтрапалiта Сергiя з дакладам пра створаную ў Беларусi аўтакефалiю.

Барацьба, якая пачалася памiж цiханаўцамi i аўтакефалiстамi, распаўсюдзiлася на iншыя тэрыторыi. На 1 студзеня 1928 г. у Гомельскай акрузе мелiся 24 аўтакефальныя прыходы, у Полацкай — 12, Аршанскай — 10. Усяго ў БССР у гэты час налiчвалася 344 аўтакефальныя прыходы, у якiх неслi службу 399 святароў. Гэта плынь была створана ў выніку расколу цiханаўцаў, якiм падпарадкоўвалiся 411 прыходаў з 429 святарамi. Акрамя таго, на тэрыторыi рэспублiкi дзейнiчалi 305 абнаўленчых прыходаў з 312 святарамi57.

З канца 1920-х гг. улады паступова пачалi адыходзiць ад палiтыкi падтрымкi абнаўленцаў. 29 красавiка 1935 г. у Маскве быў лiквiдаваны Свяшчэнны сiнод, якi выдаў свой апошнi ўказ “Аб скасаваннi калегiяльнай сiстэмы кiравання”. Згодна яму, уся вярхоўная ўлада ў абнаўленчай царкве перадавалася адной асобе — першаiерарху з тытулам “Ваша Першасвяшчэнства”. Iм стаў мiтрапалiт Вiталiй (Уладзiмiр Лаўрэнавiч Ввядзенскi, 1870—1950), якi з 1930 г. узначальваў абнаўленчы Сiнод. Намеснiкам першаiерарха заставаўся яго цёзка па-прозвiшчу, знакамiты Аляксандр Ввядзенскi58.

З сярэдзiны 1930-х гг. у краiне пачалася шырокамаштабная кампанiя рэпрэсiй i тэрору. Яна закранула ўсе пласты насельнiцтва. Падверглiся рэпрэсiям i святары-абнаўленцы. У грамадстве ўкаранялася думка пра тое, што ў краiне iснуюць шпiёнска-дыверсiйныя арганiзацыi з удзелам духавенства, мэтай якiх з’яўляецца звяржэнне Савецкай улады. 13 сакавiка 1935 г. быў арыштаваны мiтрапалiт Данiiл. Ён абвiнавачваўся ў тым, што, з’яўляючыся сакрэтным супрацоўнiкам УДБ НКУС БССР, займаўся дэзiнфармацыяй органаў, не выкрываў контррэвалюцыйную дзейнасць царкоўнiкаў, прыкрываючыся сувязямi з органамi УДБ, разгарнуў спекуляцыйную дзейнасць прадметамi культавага ўжытку. 7 чэрвеня 1935 г. Данiiл быў асуджаны на пяць гадоў папраўча-працоўных лагераў “за распаўсюджванне звестак, якiя не падлягаюць абвяшчэнню, i спекуляцыю”59.

Мiтрапалiта Данiiла замянiў на пасадзе кiраўнiка сiнода вядомы абнаўленец Пётр (Блiноў). Як i яго папярэднiк, да прыезду ў Мiнск ён працаваў у Сiбiрскiм царкоўным упраўленнi. 4 лютага 1938 г. быў арыштаваны як кiраўнiк “шпiёнска-паўстанцкай арганiзацыi”. 25 мая 1938 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. 17 снежня 1958 г. быў рэабi-лiтаваны60.

Палiтыка разбурэння цэркваў i рэпрэсiй святароў прывяла да таго, што, паводле архiўных дадзеных, на 24 чэрвеня 1938 г. у БССР засталiся дзейнiчаць толькi 2 царквы — у Оршы i Мазыры. На ўлiк у НКУС БССР былi ўзяты ўсяго 15 служыцеляў культу, у тым лiку 13, хто зняў з сябе духоўны сан61. Такiм стаў фiнал палiтыкi бальшавiкоў, якую яны ажыццяўлялi пасля прыходу да ўлады.

10 кастрычнiка 1941 г. Венiямiн перадаў уладу свайму намеснiку Аляксандру, якi кiраваў абнаўленцамi да сваёй смерцi 26 лiпеня 1946 г. Пасля смерцi А.Ввядзенскага абнаўленчы раскол у краiне перастаў iснаваць.

Як бачна, абнаўленчы раскол Царквы быў арганiзаваны з дапамогай органаў дзяржаўнай улады. Сапернiцтва памiж узнiклымi плынямi падрывала ўнутраныя сiлы Царквы i аслабляла яе супрацiўленне ўцiску з боку ўлад і антырэлiгiйнай прапагандзе. Але i ў такiх складаных умовах РПЦ працягвала сваю дзейнасць.

1 Шишкин А. Сущность и критическая оценка "обновленческого" раскола русской православной церкви. Казань, 1970. С. 121.

2 Одинцов М.И. Государство и церковь (История взаимоотношений. 1917–1938 гг.). М., 1991. С. 24–25.

3 Колпакиди А.И., Серяков М.Л. Щит и меч: Руко-водители органов государственной безопасности Московской Руси, Российской империи, Советского Союза и Российской Федерации. СПб., 2002. С. 348–349.

4 Архивы Кремля. В 2-х кн. Кн. 1. Политбюро и церковь. 1922-1925 гг. М.-Новосибирск. 1997. С. 149–150.

5 Там жа. С. 161—163.

6 Сосуд избранный: Сборник документов по истории Русской Православной Церкви. СПб., 1994. С. 312—316.

7 Там жа. С. 316.

8 Занальны дзяржаўны архiў у г. Полацку. Ф. 104, воп. 1, спр. 28, арк. 153.

9 Цыпин В. История Русской Православной Церкви. 1917-1990. М., 1994. С. 51.

10 Архивы Кремля. Кн. 1. Политбюро и церковь. 1922–1925 гг. С. 231.

11 Архiў КДБ РБ. Ф. 7, воп. 1, спр. 10, арк. 38.

12 Козаржевский А.Ч. А.И. Введенский и обнов-ленческий раскол в Москве // Вест. Моск. ун-та. Сер. 8. История. 1989. № 1. С. 60.

13 Архивы Кремля. Кн. 1. Политбюро и церковь. 1922–1925 гг. С. 231.

14 Там жа. С. 232.

15 Архiў КДБ РБ. Ф. 7, воп. 1, спр. 10, арк. 70.

16 Там жа. Арк. 33.

17 НА РБ. Ф. 4, воп. 1, спр. 489, арк. 81.

18 Архiў КДБ РБ. Ф. 7, воп. 1, спр. 10, арк. 2.

19 НА РБ. Ф. 4, воп. 1, спр. 489, арк. 81.

20 Архiў КДБ РБ. Ф. 7, воп. 1, спр. 10, арк. 53.

21 Там жа. Арк. 39.

22 Шишкин А. Сущность и критическая оценка "обновленческого" раскола русской православной церкви. С. 205–206.

23 Русская Православная Церковь. 988-1988: Очерки истории 1917–1988 гг. Вып. второй. М., 1988. С. 27.

24 Архiў КДБ РБ. Ф. 7, воп. 1, спр. 10, арк. 39.

25 Там жа. Арк. 56.

26 Там жа. Арк. 62.

27 Алексеев В.А. Был ли патриарх Тихон "вождем церковной контрреволюции"? // Диалог. 1990. № 10. С. 102–103.

28 Архiў КДБ РБ. Ф. 7, воп. 1, спр. 10, арк. 80.

29 Там жа. Арк. 84.

30 Архiў КДБ РБ. Ф. 7, воп. 1, спр. 10, арк. 94.

31 Там жа. Арк. 96.

32 Там жа. Арк. 40.

33 Процька Т. Пакутнiк за Веру i Бацькаўшчыну: Мiтрапалiт Мельхiседэк. Мн., 1996. С. 49.

34 Архiў КДБ РБ. Ф. 7, воп. 1, спр. 10, арк. 101.

35 НА РБ. Ф. 4, воп. 20, спр. 22, арк. 20.

36 Архiў КДБ РБ. Ф. 7, воп. 1, спр. 10, арк. 114.

37 Пушкiн I. Стан праваслаўнай царквы ў Магiлёве, дзейнасць архiепiскапа Паўлiна (Крашэчкiна) 20—30-я гады ХХ ст. // Мiнулая i сучасная гiсторыя Магiлёва: (Зб. навуковых прац, удзельнiкаў Другой Мiжнароднай канферэнцыi “Гiсторыя Магiлёва: мiнулае i сучаснасць”). Магiлёў, 2001. С. 216.

38 Архiў КДБ РБ. Ф. 7, воп. 1, спр. 10, арк. 40.

39 Там жа. Арк. 104.

40 НА РБ. Ф. 4, воп. 21, спр. 60, арк. 6.

41 Архiў КДБ РБ. Ф. 7, воп. 1, спр. 10, арк. 114.

42 Там жа. Арк. 103.

43 Там жа. Арк. 89.

44 Там жа. Арк. 117.

45 НА РБ. Ф. 4, воп. 7, спр. 6, арк. 243.

46 Процька Т. Пакутнiк за Веру i Бацькаўшчыну: Мiтрапалiт Мельхiседэк. С. 56.

47 Протька Т. Убиение Бога // Круг. 1996. № 1. С. 12.

48 Канфесii на Беларусi (канец XVIII—XX ст.). Мн., 1998. С. 166.

49 Архiў КДБ РБ. Спр. 34577с.

50 Там жа. Ф. 7, воп. 1, спр. 10. арк. 146.

51 Там жа. Арк. 165.

52 Там жа. Арк. 116.

53 Там жа. Арк. 167.

54 Там жа. Арк. 148.

55 Там жа. Арк. 118.

56 Там жа. Арк. 149.

57 Там жа. Арк. 146.

58 Козаржевский А.Ч. А.И.Введенский и обновленческий раскол в Москве // Вестник Московского университета. Сер. 8. История. 1989. № 1. С. 64.

59 Архiў КДБ РБ. Спр. 34577с.

60 Архiў КДБ РБ. Спр. 158173с.

61 НА РБ. Ф. 4, воп. 21, спр. 1400, арк. 56.

Часопіс "Адукацыя і выхаванне" №2, 2003 (пачатак)

Часопіс "Адукацыя і выхаванне" №3, 2003 (заканчэнне)

Уладзімір Навіцкі

Рубрыка: