МАНІТОРЫНГ СМІ: РАДЫЁ СВАБОДА: СВАБОДА НА БЕЛСАЦЕ: Пасткі для беларусаў у прамовах Кірыла

Візыт патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла – пасланьне зь мінулага ці з будучага? Беларуска-расейкія вайсковыя манэўры: за каго, супраць каго і навошта?

Гэтыя тэмы ў чарговым “Тыдні з Радыё Свабода” абмяркоўваюць дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, супрацоўнікі беларускай службы Сяргей Абламейка, Ян Максімюк, супрацоўніца расейскай службы Радыё Свабода Ірына Лагуніна і менскі карэспандэнт “Свабоды” Валер Каліноўскі.

Візыт патрыярха Кірыла – пасланьне зь мінулага ці з будучага?

<object><embed src="http://www.svaboda.org/flash/MediaPlayer.swf?cache=" type="application/x-shockwave-flash" wmode="transparent" width="384" height="357" allowfullscreen="true" flashvars="configFilePath=http://www.svaboda.org/GetFlashXml.aspx?param=3344|user|video" /></object>

Лукашук: На гэтым тыдні скончыўся візыт у Беларусь патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Ягоны побыт у Беларусі прыцягнуў

увагу некаторымі акалічнасьцямі. Ён правёў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам сам-насам, адведаў шэраг праваслаўных аб’ектаў, цытаваў клясыкаў беларускай літаратуры і сказаў што прыехаў дахаты – і ахараткарызаваў гэтую хату – Сьвятая Русь, якая рэалізуе сябе у трох дзяржавах.

Сяргей, на вашу думку, якое галоўнае пасланьне патрыярха Кірыла да беларускіх уладаў і беларускіх вернікаў. Што ён хацеў сказаць у Беларусі і што сказаў?

Абламейка: На гэтае пытаньне існуе два варыянты адказу – кароткі і доўгі. Кароткі складаецца з двух словаў: нічога новага. Дакладней, словы новыя былі, а вось ідэяў новых – не было. Нічога новага патрыярх не сказаў. Калі ж патлумачыць гэты кароткі варыянт – атрымаецца адказ доўгі. Патрыярх у Беларусі паўтарыў усе палажэньні расейскага вялікадзяржаўнага імпэрскага міту ўзору ХІХ – пачатку ХХ стагодзьдзя. Расейская праваслаўная царква ўжо даўно імкнецца разьмежаваць два паняцьці – Расея і Русь. Расея – гэта тая дзяржава, што ёсьць сёньня, а Русь – гэта нейкая ідэальная, сьвятая нацыянальна-дзяржаўна-духоўная агульнасьць, што існавала ў мінулым, і якая сёньня аб’ядноўвае народы, некалі сабраныя ў Расейскай Імпэрыі. З дапамогай тэрміну “Русь” беларусаў і ўкраінцаў цягнуць назад, у імпэрыю. Расейцы не зьмірыліся зь яе стратай і прагнуць рэваншу. Мы адзіныя, – сказаў патрыярх, – парушаць гэтае адзінства шкодна і згубна. Сярод паўдзясятка выступаў, прамоваў і казаньняў, якія ў Беларусі патрыярх Кірыл агучыў, самай важнай і ключавой зьяўляецца прамова ў Палацы рэспублікі. Там зноў мы пачулі фразы пра трыадзіны народ. Вось цытата:

История взаимоотношений народов России, Беларуси и Украины похожа на жизнь трех взрослых братьев, каждый из которых имеет свой дом, свою семью, свои собственные интересы, свое хозяйство. Но каждый из них сознает, что только вместе они смогут противостоять невзгодам и идти вперед. Православная Церковь как добрая мать хранит в народах-братьях дух верности однажды избранному историческому пути. Народы, когда меняют исторический путь, сбиваются с дороги и уходят со сцены”.

Патрыярх, канешне, знаходзіўся ў Беларусі як пасланьнік Крамля. Пазамінулай суботы мы ўжо цытавалі аднаго маскоўскага палітоляга, які казаў пра палітычную місію Кірыла што да выратаваньня беларуска-расейскага саюзу. І вось што патрыярх сказаў у Палацы Рэспублікі:

“Идея союза двух государств имеет огромное консолидирующее значение... И сегодня мне хотелось бы призвать всех политиков и все наши элиты и в России, и в Белоруссии: дорожите этим союзом, который создан в согласии с народной волей, с нашим согласием, который благословляется Православной Церковью!”

Патрыярх яшчэ раз паказаў, што калі Крэмль цяпер імкнецца так ці іначай аднаўляць імпэрыю, то ідэалягічнае абгрунтаваньне гэтага дае РПЦ. Яна зьяўляецца, такім чынам, натхняльніцай і захавальніцай гэтага імпэрскага міту.

Лукашук: Ян, пражываючы ў Польшчы, вы шмат разоў былі сьведкам візытаў папы рымскага ў гэтую краіну. Чым візыт Патрыярха Кірыла – галавы РПЦ – у Беларусь нагадваў, а чым адрозьніваўся ад паездак галавы Рыма-каталіцкай царквы ў Польшчу?

Максімюк: Калі глядзець на гэтыя візыты праз шкляны экран тэлевізара, то перш за ўсё кідаецца падабенства. Сьвятары, храмы,

маленьні... Мы бачым рытуал нядзельнага жыцьця, а не будзённага. Але калі прыгледзецца бліжэй да таго, што робяць патрыярх і папа, дык бачым адрозьненьні. Рэлігійны характар папскіх візытаў намнога мацнейшы за яго палітычнае напаўненьне. У выпадку патрыярха Кірыла, пра што ўжо сказаў Сяргей, мы чулі палітычны мэсыдж перш за ўсё. Прывяду два прыклады, пра якія Сяргей не згадаў. Будучы ў Менску, патрыярх не правёў ніводнага богаслужэньня. Калі ж папа прыяжджае ў Варшаву, то ён заўсёды праводзіць літургію. Фактычна праграма патрыярха ў Менску была насычаная сьвецкімі мерапрыемствамі, уключаючы ўдзел у канцэрце і прамову да грамадзкасьці. Калі папа хоча выступіць зь нейкім палітычным зваротам да народу, то ён гэта шыфруе пад біблейскую мову. Прыгадайма, што сказаў папа Ян Павал Другі палякам на пачатку свайго пантыфікату. Ён паслаў магутны палітычны мэсыдж, гаворачы простыя біблейскія словы: “Ня бойцеся!” І ўсе зразумелі, у чым справа. А што сказаў Кірыл? "Белая Русь – гэта заходні фарпост праваслаўнай цывілізацыі". Аголены палітычны мэсыдж , да таго ж яшчэ зь мілітарным адценьнем.

Лукашук: Сяргей, многія зьвярнулі ўвагу на тое, што патрыярх Кірыл спасылаўся на Якуба Коласа, згадваў Янку Купалу, што ён адкінуў мэтафару, якую любіць ужываць беларускае кіраўніцтва, аб тым, што што Беларусь – гэта мост паміж Усходам і Захадам. Выглядае, што ён праводзіў незалежную ад беларускіх уладаў лінію?

Абламейка: Гэта цалкам памылкова. Тут я хацеў бы зрабіць камплімэнт патрыярху Кірылу. Падчас візыту ў Беларусь ён паказаў сябе добрым сучасным мэнэджэрам, які можа выкарыстоўваць ня толькі прапахлыя нафталінам догмы, але і працу высокапрафэсійных PR-спэцыялістаў. У ключавой, як я ўжо сказаў, прамове ў менскім Палацы Рэспублікі, рэклямныя памочнікі патрыярха расставілі маячкі-пасткі для наіўных праваслаўных беларусаў, якія даўно ўжо стаміліся ад расейшчыны ў РПЦ і яе няўвагі да беларускай культуры. І вось прыяжджае новы патрыярх і пачынае згадваць пра Курапаты, сьцьвярджаць, што тварам краіны ня могуць быць тыраны кшталту Івана жахлівага ці Пятра І і цытуе клясыкаў беларускай літаратуры. І беларусы тут жа на гэта купіліся, пачаліся захапленьні і вохканьні: новае слова, новыя ідэі, новыя павевы. І вось ужо салідныя беларускія сайты кшталту “Нашай Нівы” пачынаюць цытаваць гэтыя выказваньні і сьцьвярджаць, што адбылося нешта небывалае. Але давайце больш уважліва прыгледзімся да таго, што сказаў патрыярх. Коласа, Багдановіча і Быкава ён цытаваў па-расейску. Паглядзіце, для чаго яму спатрэбіўся, напрыклад, Колас. Цытую:

Я хотел бы процитировать писателя Якуба Коласа, который говорит: “Нет у человека ничего прекраснее и дороже родины. Человек без родины — нищий человек...” И как важно нам сегодня понимать, что родина — это не пограничные столбики с изображением государственного герба, родина — это система ценностей, это вера, это язык (адна мова! – С.А.), это то, что нас объединяет в ОДИН НАРОД”.

А далей патрыярх Кірыл наогул заявіў нешта незвычайнае:

Белорусские писатели занимают значительное место в развитии нашей единой художественной литературы, вне зависимости от того, на каком языке эта литература создавалась”.

Аказваецца, і самастойнай літаратуры беларускай няма.

Пасткі піаршчыкаў спрацавалі вельмі добра. Сказаў пра тыранаў, і ўсе перанесьлі гэта на Аляксандра Лукашэнку. Але гэта зусім не адпавядае сапраўднасьці. Патрыярху вельмі падабаецца сацыяльна-палітычная сыстэма, створаная ў Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Вось як ён яе ахарактарызаваў:

“Несмотря на внешнюю критику, с которой вы все знакомы и я знаком, в стране существует высокая степень общественного согласия”.

А перад гэтым Кірыл сказаў, што ў Беларусі існуе “свободное волеизъявление белорусов, всех вас — тружеников этой земли”. Гэта ня крытыка Аляксандра Лукашэнкі. Гэта – поўная падтрымка. Ну і вядома, як да “свабоднага волевыяўленьня” беларусаў ставіцца ўвесь сапраўды свабодны сьвет.

Заяву патрыярха, што Беларусь ніякі ня мост і ня шлюз, і што яна – частка праваслаўнай цывілізацыі, я зусім не разглядаю, як антылукашэнкаўскую. Гэта найперш выпад супраць беларускай гістарычнай спадчыны, гэта палеміка з усёй беларускай незалежнай гістарычнай навукай, спроба яе перапісаць. У працах беларускіх гісторыкаў даўно сьцьвярджаецца (і гэта так ёсьць насамрэч), што ў XVІ-XVII стагодзьдзях Беларусь была мастом, пасярэднікам для перадачы ў Расею сакрэтаў друку, мастацкіх стыляў у архітэктуры, жывапісе і скульптуры, а таксама вытворчых тэхналёгіяў. Беларусь не крайняя заходняя зона праваслаўнай цывілізацыі, яна само памежжа, якое ўвабрала ў сябе розныя ўплывы і сынтэзавала іх. Гэта і ёсьць адметнасьць нашай краіны і народу. А словы патрыярха цягнуць нас назад у Расейскую імпэрыю.

Так што насамрэч, ні адкрытай, ні схаванай палемікі з Аляксандрам Лукашэнкам у прамове патрыярха Кірыла не было.

Яшчэ адзін прыклад, гэта засьцярога патрыярха, каб царква "ніколі і ні пры якіх абставінах не атаясамлівала сябе з уладай". Гэты выраз таксама шмат дзе на беларускіх сайтах захоплена працытавалі. І ніхто не заўважыў, што сам патрыярх атаясаміў сябе з расейскай дзяржавай, заявіўшы, што беларусы, маўляў, самы надзейны наш саюзьнік.

Лукашук: Ян, чаму, па-вашаму, Патрыярх Кірыл адрэагаваў так рэзка і недыпляматычна (“Нічога ня ведаю пра такое”) на пытаньне аб стараньнях Лукашэнкі арганізаваць яму сустрэчу з Бэнэдыктам XVI у Беларусі?

Максімюк: Я не магу ўявіць, каб людзі, якія рыхтавалі візыт патрыярха, не ведалі пра гэтую ініцыятыву, заяўленую ўслых. Патрыярх гэта ведаў. Калі ён так рэзка і не зусім дыпляматычна адказаў, то гэта, перакладаючы на мову простага народу, значыць: ня суньце нос не ў свае справы. Нічога дзіўнага, што А. Лукашэнка пакрыўдзіўся і не прыйшоў на канцэнт, на якім патрыярх выступаў са сваёй ключавой прамовай. Галоўная прычына тут у тым, што патрыярх хоча адбудаваць аўтарытэт Расейскай праваслаўнай царквы не пад кіраўніцтвам Масквы, якая атаясамліваецца, як улада ў Крамлі, а пад кіраўніцтвам Масквы – Трэцяга Рыму. Інакш кажучы, калі Кірыл вырашыць сустрэцца з папам рымскім, то ён хоча, каб усе ведалі, што сустракаецца кіраўнік каталіцкай царквы з кіраўніком праваслаўнай царквы гэтага трохадзінага народу, а не проста кіраўніком царквы ў Маскве.

Лукашук: І апошняе пытаньне: які ваш прагшноз, пасьля гэтага візыту ўзмоцніцца ці аслабіцца палітычная роля РПЦ у Беларусі, атрымае царква тут хуткія дывідэнты ці вынікі візыту больш супярэчлівыя?

Абламейка: Я думаю, што вялікіх зьменаў чакаць нельга. Не здарма ў нашым эфіры адзін з праваслаўных сьвятароў Петрапаўлаўскай царквы на Нямізе – айцец Віталь Харытановіч, сказаў, што ніякага рэлігійнага ажыўленьня чакаць не даводзіцца. Сьвятар ведае рэальную сытуацыю. Беларусы, як сьведчаць апытаньні, самы малаверуючы народ у Эўропе. Айцец Віталь таксама сказаў, што царква мае ўжо так шмат, што цяпер мова ідзе пра тое, каб гэта засвоіць, каб колькасьць пачала пераходзіць у якасьць. Зь іншага боку, нейкія невялікія зрухі магчымыя. На постсавецкай прасторы праваслаўныя герархі паўсюдна зьяўляюцца часткай намэнклятуры. Не выключэньне і Беларусь. І дзейнічаюць яны такімі асьцярожнымі намэнклятурнымі мэтадамі. Патрыярх наведаў полацкі Сафійскі сабор. Як вядома, РПЦ даўно хоча атрымаць гэты храм у сваю ўласнасьць. Для яе гэта было б важным крокам у аднаўленьні той эфэмэрнай “Сьвятой Русі”, аб якой у Маскве цяпер так шмат гавораць. Нездарма і патрыярх Кірыл казаў пра полацкую Сафію.

“Она является символом единой духовной реальности Святой Руси. София Киевская, София Новгородская, София Полоцкая — это как бы маяки, с одной стороны, освещающие наше общее пространство, а с другой стороны как крепостные стены — свидетельствующие о единстве этого духовного пространства”.

Таму ня выключана, што патрыярх рабіў захады, каб атрымаць ад Лукашэнкі такі падарунак. Ну, але ці атрымае, гэта ўжо іншая рэч. Аляксандар Лукашэнка, ня гледзячы на вялікую падтрымку праваслаўя ў Беларусі, усё ж кіруе цьвёрдай рукой і не дазваляе нічыім апэтытам разгуляцца напоўніцу.

Максімюк: Не зусім пагаджуся з Сяргеем. Мяркую, што хуткіх дывідэндаў ад гэтага візыту ня будзе, але пазыцыя РПЦ у Беларусі несумненна ўзмоцніцца, асабліва, калі беларускія япіскапы прыслухаюцца да словаў Кірыла, што важна, каб царква не атаясамлівала сябе з уладай і яе магутнасьцю. Патрыярх хоча, каб царква была асобнай сілай. Калі беларускія сьвятары прыслухаюцца да гэтага, то думаю, што пазыцыя Беларускага экзархату ўзмоцніцца. Праблема царквы ня ў тым, што ўлада не зьвяртае ўвагі і не надае дапамогі, праблема ў тым, што вернікі не надаюць належнай увагі і бачаць, перш за ўсё царву, якая атаясамлівае сябе з уладай, а не са звычайнымі вернікамі.

Рубрыка: