ПРАВАВОЕ СТАНОВІШЧА ПРАТЭСТАНЦКАГА І ПРАВАСЛАЎНАГА НАСЕЛЬНІЦТВА БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ У ДРУГОЙ ПАЛОВЕ XVII-XVIII стст. У КАНТЭКСЦЕ ЕЎРАПЕЙСКІХ МІЖНАРОДНЫХ АДНОСІН

 

У сярэдзіне XVII ст. у Еўропе сфарміравалася сістэма міжнародных адносін, у глыб якой трапілі ўнутраныя царкоўна-рэлігійныя канфлікты Вялікага княства Літоўскага. Найбольшую ўвагу міжнароднай супольнасці прыцягвала унікальная канфесійная сітуацыя на беларускіх землях. Міжканфесійныя адносіны на Беларусі як аб'ект міжнароднай палітыкі айчыннымі даследчыкамі раней не вывучаліся.

 

Дзяржаўная канфесійная палітыка ўрада Рэчы Паспалітай разам з войнамі сярэдзіны XVII ст. і перамогай контррэфармацыі прывялі да канчатковага афармлення і абвастрэння ў другой палове XVII ст. так званага дысідэнцкага пытання. У XVIII ст. найбольш востра яно паўстала на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, а канкрэтней - на Беларусі. Калі ў Польшчы і Літве рэлігійнае дысідэнцтва ахоплівала пратэстантаў, на Украіне - праваслаўных, то на этнічных беларускіх землях - і тых, і другіх. Не будзе перабольшваннем сказаць, што дысідэнцкае пытанне тут стаяла ўзведзеным у квадрат і таму прыцягвала да сябе пільную ўвагу зацікаўленых дзяржаў як з захаду, так і з усходу.

 

Пратэстанты на беларускіх землях былі ў асноўным прадстаўлены кальвіністамі і гуртаваліся вакол самай моцнай у Рэчы Паспалітай Літоўскай кальвінісцкай абшчыны, чатыры з шасці дыстрыктаў якой прыходзіліся на землі сённяшняй Беларусі. Беларускае праваслаўнае насельніцтва было аб'яднана апошняй і адзінай у Рэчы Паспалітай Магілёўскай (Беларускай) праваслаўнай епархіяй і падпарадкоўвалася духоўнаму цэнтру ў Кіеве, які, у сваю чаргу, быў падначалены Маскоўскаму патрыярхату.

 

Прававое становішча праваслаўных і пратэстантаў у XVIII ст. рэгулявалася ў асноўным заканадаўчымі актамі. Так, соймавыя канстытуцыі 1658 і 1668 г. абвяшчалі ў Рэчы Паспалітай каталіцкае веравызнанне дзяржаўным. У парадку дня сойма 1661 г. стаяла зацвярджэнне праекта, які прадугледжваў пакаранне ўсіх тых пратэстантаў, што не згаджаліся прыняць каталіцызм. Некатолікаў не дапускалі да займання ўрадавых пасадаў. Сойм 1673 г. закрыў дысідэнтам шлях у шляхецтва.

 

У незайздросным прававым і сацыяльным становішчы знаходзілася праваслаўнае насельніцтва Беларусі. Каралеўская грамата 1676 г. забараняла праваслаўнаму духавенству і свецкім людзям уступаць у кантакты з Канстанцінопалем і выязджаць з гэтай мэтай за межы дзяржавы [8, с. 237]. У 1682 г. асобы, якія пераходзілі з уніі ў праваслаўе, былі пазбаўлены грамадзянскіх і рэлігійных правоў [19, с. 256]. Варшаўскі сойм 1699 г. ухваліў чарговыя абмежавальныя пастановы адносна дысідэнтаў. Адна з іх закрывала для праваслаўных і пратэстантаў шлях да пасадаў у гарадской адміністрацыі. Замацоўвалася права пратэктарату: уласнік зямлі, на якой знаходзілася царква або збор, лічыўся іх пакравіцелем.

 

Спрэчныя міжканфесійныя сітуацыі звычайна вырашаліся не на карысць дысідэнтаў. Так, каралеўскай рэакцыяй на скаргу драгічынскіх уніятаў у 1676 г. аб «отобрании на схизму» іх цэркваў было жорсткае пакаранне «схізматыкаў» [2, с. 231]. Сілком адабралі на унію праваслаўную царкву ў вёсцы Плотніцы Пінскага павета нехта Ярашэвіч і Абрамовіч, хоць і сустрэлі супраціўленне сялян [10, с. 63]. У Жлобіне кожны, хто адмаўляўся ад уніі, павінен быў заплаціць штраф у 10 злотых [13, с. 226]. З 60-х гг. XVII ст. пазбавілі права займаць пасады ў магістраце праваслаўных горада Пінска [9, с. 187].

 

Надзвычай востра дысідэнцкае пытанне паўстала на «нямым сойме» 1717 г., дзе ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай вырашаліся за пасрэдніцтвам расійскага цара Пятра І. Соймавая пастанова ўтрымлівала артыкул аб значным абмежаванні рэлігійнай свабоды праваслаўных і пратэстантаў: «Дысідэнтам веры Хрысціянскай, апроч даўніх збораў, ... новых збораў ставіць нельга, ... набажэнствы ў хатах робяць, і то казанні і спевы не дазваляюцца... Дадзеным трактатам зацвярджаем: калі ёсць якія зборы, дагэтуль і потым супраць ухвалы правоў узгаданых у гарадах і мястэчках, вёсках і дварах толькі што пабудаваныя, без усялякай перашкоды зруйнаваць... А той, хто бачыў такія набажэнствы і казанні, яўна або патаемна зробленыя, або тэалагічных настаўнікаў да выканання абрадаў далучаў або добраахвотна прыходзячых прымаў, такім хай будзе паведамлена аб грашовым пакаранні, а потым выгнаць разам са сваімі прыдыкатамі» [16, арк. 1 зв.].

 

Не апошнюю ролю ва ўскладненні становішча праваслаўных і кальвіністаў адыгрывала каталiцкае духавенства. Менавіта яно, як правіла, выступала iнiцыятарам руйнавання дысідэнцкіх храмаў, забароны набажэнстваў, закрыцця школ. Так, віленскі бiскуп Рупнеўскiзвяртаўся да Аўгуста ІІ з просьбай закрыць усе пратэстанцкiя зборы ў яго дыяцэзii [3, арк. 12]. У сваіх казаннях і павучаннях львоўскі уніяцкі біскуп М. Выжыцкі параўноўваў дысідэнтаў з д'яблам, які акружыў краіну, пужаў католікаў пакутамі ў пратэстанцкіх і праваслаўных краінах [1, с.124].

 

Аб сваім становішчы кальвіністы ў 1724 г. пісалі наступнае: «...нават на смертным ложы дысідэнтам спакою не даюць, з'яўляюцца езуіты, калі даведаюцца, што кальвініст або лютэранін памірае або цяжка хварэе, сілком даюць яму камунію і лічаць яго, такім чынам, за католіка...; нападаюць на бязвінных дысідэнтаў на дарогах і ў гарадах; не так даўно езуіты напалі на хату каменданта горада Слуцка, забралі адтуль двух дысідэнцкіх вучняў і завялі ў свой калегіум, там збілі...» [12, c. 356].

 

Істотным чынам пагоршыла прававы статус некатолікаў пастанова канфедэрацыі 1733 г., зацверджаная ў 1736 г. соймам. Дысідэнтам забаранялася прымаць удзел у пасяджэннях Пасольскай ізбы, Трыбунала; а ўрадавым чыноўнікам Кароны і Княства пад пагрозай пакарання забаранялася ім садзейнічаць [20, c. 286]. Абмежавальныя па сваёй сутнасці пастановы 1717, 1736 гг. падцвярджаліся на соймах 1764 і 1766 гг.

 

Такім чынам, юрыдычны статус вернікаў праваслаўнай і кальвінісцкай царквы Беларусі цалкам адпавядаў статусу рэлігійных дысідэнтаў. У той жа час шэраг абставін дае нам магчымасць разглядаць беларускія землі як асобны арэал са спецыфічным і адметным становішчам праваслаўных і кальвіністаў.

 

На думку польскіх даследчыкаў М. Космана [7, с. 12], В. Крыгзайзена, А. Рахубы, Вялікае княства Літоўскае, а разам з ім і беларускія землі ў палітычным, парламентарным, культурным і рэлігійным сэнсах значна адрозніваліся ад Каралеўства, што і абумовіла тут больш спрыяльныя ўмовы для некатолікаў. Істотнае значэнне ў гэтым сэнсе мела колькасная перавага кальвінісцкага насельніцтва ВКЛ над аднаверцамі Кароны. Важную ролю адыгрываў і той факт, што на тэрыторыі Княства сетка каталіцкіх прыходаў (асноўных прэтэндэнтаў на маёмасць пратэстантаў і на сферы іх уплыву) не была такой шчыльнай, як у Кароне [11, с. 60]. Гэтыя абставіны дапаўняліся тым, што побач з моцнай кальвінісцкай абшчынай на тэрыторыі Беларусі дзейнічала апошняя ў Рэчы Паспалітай праваслаўная епархія - Магілёўская.

 

Абмежаваныя ў правах дысідэнты ВКЛ, Беларусі, абапіраючыся на міжнародныя пагадненні 1660 г. (Аліўскі мір) і 1686 г. (Вечны мір), актыўна карысталіся падтрымкай замежных апекуноў. На працягу ўсяго XVIII ст. Прусія і Расія, вырашаючы свае палітычныя пытанні, прадастаўлялі аднаверцам у Рэчы Паспалітай небходную фінансавую, адміністрацыйную і кадравую дапамогу. Асаблівае значэнне ў гэтай палітыцы апякунства мела дзейнасць Пятра І. У абароне праваслаўных расійскі манарх не аднойчы ўздымаў на міжнародным узроўні пытанне аб іх правах, вёў перамовы з прадстаўнікамі вышэйшай каталіцкай іерархіі, накіроўваў сваіх камісараў у Беларусь і нават фізічна распраўляўся з тымі, хто праваслаўе абражаў [15, с. 149].

 

Важную ролю ў лёсе кальвінізму на Беларусі адыгралі апошнія прадстаўнікі біржанскай галіны роду Радзівілаў. Магнаты фінансавалі будаўніцтва збораў, школ, шпіталяў у Слоніме, Слуцку, Кейданах [4, арк. 21]. Пасля смерці Людвікі Караліны Радзівіл апякунства гэтымі землямі ўзяў на сябе яе муж, нойбургскі князь Карл Піліп. Ён, ужо як рэйнскі электар (паўднёвы захад Германіі), падтрымліваў уладанні жонкі, якія атрымалі назву «нойбургскія землі», і іх жыхароў-пратэстантаў [5, с. 18].

 

Абмежаваныя ў правах беларускія дысідэнты нярэдка знаходзілі падтрымку і мясцовай шляхты каталiцкага веравызнання. Маршалак лiтоўскi Станiслаў Патоцкi ўступіўся за вайскоўцаў-дысідэнтаў. За пратэстантаў заступаліся Радзiвiлы, Сапегi, Чартарыйскiя. Пункты на карысць пратэстантаў утрымлiвалi iнструкцыi на сойм паслоў з ВКЛ, напрыклад, абраных соймiкам Ваўкавыскага павета ў 1718 г. [18, с. 20]. Натуральнай выглядала сітуацыя, калі перад смерцю шляхціц адпісваў рознага роду каштоўнасці ўсім культавым установам, якія знаходзіліся побач, незалежна ад іх веравызнаўчай прыналежнасці [6, арк. 7]. Такі запіс зрабіў, у прыватнасці, у сваім завяшчанні Франц Фельвентон з в. Уздзенцы Мінскага павета [14, арк. 56].

 

Адметнасць прававога і грамадскага становішча праваслаўных і кальвіністаў на Беларусі захоўвалася яшчэ і дзякуючы таму, што амаль усё XVIII ст. сваю канфесію абаранялі асобы, якія займалі ў дзяржаве высокія ўрадавыя і духоўныя пасады. Сярод іх Станістаў Незабытоўскі - генеральны эканом і губернатар Слуцкага і Капыльскага княстваў, дэпутат Трыбунала ВКЛ; Стэфан Алендскі - кальвініст, які засядаў у сойме Рэчы Паспалітай да сярэдзіны XVIII ст.; Багуслаў Незабітоўскі (1691-1739 гг.) - стараста прапойскі, кашталян навагрудскі і інш. Яны з'яўляліся патаемнымі кальвіністамі. Вымушаныя афіцыйна прыняць каталіцызм, у сям'і яны працягвалі выконваць абрады па пратэстанцкай традыцыі. На баку пакрыўджаных актыўна выступалі праваслаўныя святары Сільвестр Чацвярцінскі, Іосіф і Геранім Валчанскія, Георгій Каніскі. Унікальнай з'явай у развіцці дысідэнцкага пытання на беларускіх землях было супрацоўніцтва праваслаўнага духавенства з пратэстантамі [17, с. 49].

 

Такім чынам, прававое становішча праваслаўнага і кальвінісцкага насельніцтва ў Беларусі, згодна з соймавымі пастановамі і актамі 1658, 1668, 1673, 1682, 1699, 1717, 1736, 1764, 1766 гг., было складаным. У той жа час канфесійная сітуацыя на беларускіх землях у другой палове XVII-XVIII стст. была унікальнай, што тлумачыцца: 1) дзейнасцю тут самай шматлікай і моцнай у Рэчы Паспалітай кальвінісцкай абшчыны, якая карысталася падтрымкай замежных манархаў, мясцовай аднавернай, а часам і каталіцкай шляхты і ўрадавых служачых; 2) сканцэнтраванасцю праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай пераважна на этнічнай тэрыторыі Беларусі, дзе захавалася апошняя ў Рэчы Паспалітай праваслаўная епархія і дзейнічалі буйныя праваслаўныя духоўныя асяродкі ў Вільні, Беластоку, Пінску, Драгічыне, Слуцку, Смаленску і інш.; 3) суіснаваннем і супрацоўніцтвам дысідэнцкіх канфесій і іх апекуноў паміж сабой; 4) невысокай шчыльнасцю каталіцкіх прыходаў і 5) паступовым пашырэннем уніі.

 

Спіс крыніц і літаратуры

 

1. Awedyk, K. Kazania w niektorych materyach tego polityczniejszego i uczeńszego wieku wielce potrzebnych wielkich zasług imieniem jasnie wielmożnego Szczęsnego Czackigo podczaszago koronnego starosty Nowogrodzkeigo, rotmistrza znaku pancernego wojsk J.K. Mci i RP. Zaszczycone / K. Awedyk. - Lwуw: Societatis JESU, 1757. - 424 s.

 

2. Беднов, В.А. Православная церковь в Польше и Литве / В.А. Беднов. - Минск: Лучи Софии, 2002. - 430 с.

 

3. Галоўны архіў старажытных актаў у Варшаве. Архіў Радзівілаў. - Ф. II. Гістарычныя дакументы. - Кн. 31. - № 4972. - Арк. 12.

 

4. Галоўны архіў старажытных актаў у Варшаве. Архіў Радзівілаў. - Ф. VIII. Акты, якія датычаць духавенства. - Спр. 710. - Арк. 21.

 

5. Мацук, А.У. Радзівілы і справа аб «нойбургскіх уладаннях» (1730-1740-я гг.) / А.У. Мацук // Беларускі гістарычны часопіс. - 2005. - № 3. - С. 15-21.

 

6. Дзяржаўны архіў у Любліне. - Ф. IV. Акты веравызнаўчых інструкцый. - Воп. 111. Акты грэка-каталіцкіх кляштараў у Белай 1695-1795. - Спр. 166. - Арк. 7.

 

7. Kosman, M. Protestanci i kontrreformacija z dziejόw tolerancji w Rrzeczypospolitej XVI-XVIII w. / M. Kosman. - Wrocław, Warszawa, Krakόw, Gdańsk: Wyd. Polskiej Akademii Nauk, 1978. - 173 s.

 

8. Kozuchowski, S. Constytucye, statuta, przywilei koronne y WKL na walnych sejmach od r. 1550 az do r. 1726. / S. Kozuchowski. - Druk. dziedzicznej Mokrzku, 1732. - 1033 s.

 

9. Красковский, А. Борьба против унии в Западной России и единство белорусского народа в 1648-1668 гг. / А. Красковский. - Витебск: Тип. Манковича и Сролизовича, 1914. - 245 с.

 

10. Лочмель, М.Ф. Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов / М.Ф. Лочмель. - М.: Воениздат, 1940. - 163 с.

 

11. Litak, S. Parafie w Rzeczypospolitej w XVI-XVIII wieku. Struktura, funkcje społeczno-relegijne i edukacyjne / S. Litak. - Lublin: Wyd. KUL, 2004. - 515 s.

 

12. Łukaszewicz, J. Dzieje kościołуw wyznania helweckiego w Litwe / J. Łukaszewicz.- Poznań: Druk. Orędownika na Garbarach, 1842.- T. 1-2. - 414 s.

 

13. Мараш, Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII века / Я.Н. Мараш.- Минск: Вышэйшая школа, 1974.- 288 с.

 

14. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. - Ф. 694. Фонд Радзівілаў. - Воп. 5. - Спр. 313. - Арк. 56.

 

15. Поляк, Н. Рэлігійны аспект знешняй палітыкі Пятра І на Беларусі / Н. Поляк // Тез. докл. VIII республиканской научно-технической конференции студентов и аспирантов «НИРС - 2003»^ в 7 ч., Минск, 9-10 дек. 2003 г.- Минск: БНТУ, 2003- Ч. 6.- С. 149-150.

 

16. Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў у Маскве. - Ф. 12. Справы аб Польшчы і Літве. - Воп. 1. - Спр. 55. - Арк. 1 зв.

 

17. Ряжев, А.С. Просвещённое духовенство при Екатерине II / А.С. Ряжев // Вопросы истории.- 2004.- № 9.- С. 43-57.

 

18. Feldman, J. Czasy Saskie. Wybόr żrόdeł / J. Feldman.- Krakόw: Krakowska spόłka wydawnicza, 1928.- 256 s.

 

19. Уния в документах / сост. В.А. Теплова, З.И. Зуева.- Минск: Лучи Софии, 1997. - 520 с.

 

20. Volumina Legum.-Petesburg: Nakładem i drukiem Jozafa Ohryzki, 1860.- T. VII-VIII. - 590 s.

 

Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народу. Пад рэд. Марозавай С.В., Ярмусік Э.С., - ГрДУ, Гродна, 2008.

 

""

 

 

Поляк Н.А.

Рубрыка: