СПЕЦЫФІКА РЭЛІГІЙНАСЦІ ХРЫСЦІЯН СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСІ

Крах камуністычнай сістэмы каштоўнасцей у пачатку 90-х гг. прывёў да ўтварэння ідэалагічнага вакуума. У пошуках новай ідэалагічнай апоры масавая свядомасць звярнулася да рэлігіі, якая прапаноўвала правераныя стагоддзямі каштоўнасныя стандарты, што падыходзілі большасці насельніцтва. Дзяржава адмовілася ад супрацьстаяння з рэлігійнымі арганізацыямі, спадзеючыся, што апошнія змогуць спыніць той духоўны крызіс, які набіраў моц у грамадстве. У спрыяльных умовах актывізавалася дзейнасць усіх рэлігійных канфесій, у першую чаргу, хрысціянскіх. Хутка пачала расці колькасць афіцыйна зарэгістраваных рэлігійных арганізацый: з 1340 у 1992 г. да 2829 у 2005 г. [2, с. 401; 5, с. 32].

Відавочна значнае павелічэнне колькасці абшчын усіх канфесій, але асабліва высокія тэмпы роста дэманстравалі пратэстанты. Колькасць іх абшчын вырасла ў перыяд з 1988 па 2004 г. больш чым у 4 разы. Адпаведна ўзрастала колькасць вернікаў, якая ў канцы 1990-х гг. дасягнула амаль 50 %. Сярод іх 96 % складаюць вернікі-хрысціяне: каля 80 % адносяць сябе да праваслаўных, каля 15 % - да католікаў, 0,6 % - да пратэстантаў, 2,5 % - «увогуле хрысціяне» [4, с. 31]. У такой сітуацыі, здавалася, можна гаварыць аб «хрысціянскім адраджэнні», але аналіз узроўню і характару рэлігійнасці беларускіх хрысціян паказвае не вяртанне да артадаксальных форм рэлігійнай свядомасці, а складванне эклектычнага «напаўрэлігійнага» тыпу масавай свядомасці; выяўляе значную розніцу па ступені рэлігійнасці паміж рознымі канфесійнымі групамі.

Чалавек, які лічыць сябе веруючым і адносіць да пэўнай канфесіі, павінен прымаць і выконваць асноўныя палажэнні яе веравучэння, прымаць удзел у богаслужэннях, абрадах і таінствах.

Аснову хрысціянскага веравучэння складае Святое Пісанне. Кожны хрысціянін павінен ведаць і рэгулярна чытаць Біблію. Аднак сярод праваслаўных вернікаў падрабязна знаёмыя з Бібліяй толькі 28,8 % ад іх агульнай колькасці. У католікаў гэты паказчык складае 51,3 %, а ў пратэстантаў - 91,3 %. 40 % праваслаўных і 34 % католікаў чыталі Біблію адзін раз, а 1/5 праваслаўных і 1/10 католікаў знаёмыя з асноўнай крыніцай свайго веравучэння «па чутках». Такія лічбы прымушаюць сумнявацца ў сапраўднасці іх веры.

Як высветлілася, у асноўныя дагматы той або іншай хрысціянскай канфесіі верыць далёка не кожны, хто аб'яўляе сябе прыналежным да яе. Так, сярод праваслаўных Гродзеншчыны кананічныя паняцці аб Іісусе Хрысце як Сыне Божым падзяляюць 70,9 % (для 6,4 % ён герой народнай міфалогіі, для астатніх - прапаведнік хрысціянства), сярод католікаў - 80,8 %. У існаванне пекла і рая вераць 45,3 % праваслаўных і 58,1 % католікаў, у заступніцтва святых - адпаведна 43,4 % і 56,8 % [6, с. 453, 455]. У другое прышэсце Хрыста вераць 24,4 % праваслаўных, 38,1 % католікаў і 90,5 % пратэстантаў [1, с. 74]. Кідаецца ў вочы розніца паміж дастаткова высокім узроўнем веры ў асноўны дагмат хрысціянства - аб богачалавечай прыродзе Іісуса Хрыста і ўдвая ніжэйшым узроўнем веры ў іншыя аспекты зместу рэлігійнай веры. Акрамя таго, характэнай рысай сучаснай рэлігійнай свядомасці з'яўляецца шырокае распаўсюджанне паранавуковых (у НЛА, астралогію) і парарэлігійных вераванняў (у сурокі, варажбу, перасяленне душ). Так, 57,3 % з ліку тых, хто верыць у Бога (асабліва сярод праваслаўных), адначасова вераць у сурокі і варажбу, 42,1 % - у прадказанне будучага, 27,9 % - у перасяленне душ. Прычым гэтыя вераванні толькі пашыраюцца (напрыклад, з 1994 па 1998 гг. колькасць веруючых у магчымасць прадказання будучыні ўзрасла ўдвая!) [4, с. 35]. Прыведзеныя дадзеныя сведчаць аб актыўнасці працэсу размывання ў масавай рэлігійнай свядомасці дакладных межаў царкоўна-дагматычных уяўленняў. Карані гэтага трэба шукаць, па-першае, у росце колькасці інфармацыі аб дадзеных з'явах, што пачаўся пасля распаду СССР; па-другое, падчас грамадскіх трансфармацый у сітуацыі духоўнага крызісу людзі жадаюць пазбавіцца страху перад няпэўнай будучыняй, знайсці хуткі выхад з цяжкіх жыццёвых абставін.

У паняцце «рэлігійнасць» уваходзіць абавязкова такі фактар, як «устойлівыя культавыя паводзіны» - рэгулярнасць наведвання богаслужэнняў, выканання малітвеннага правіла, удзелу ў абрадах і таінствах. Рэгулярна моляцца каля 13 % праваслаўных, 18 % католікаў і 85,7 % пратэстантаў Беларусі [1, с.73]. Рэгулярна наведваюць богаслужэнні 23,5 % веруючых, 61% робяць гэта зрэдку і 15,2 % - ніколі. Яшчэ менш тых, хто ўдзельнічае ў здзяйсненні абрадаў і таінстваў сваёй рэлігіі - рэгулярна гэта робяць 20,9 %, зрэдку - 54 %, а 25,1 % у іх ніколі не ўдзельнічала [4, с. 32]. Аднак паміж асобнымі групамі веруючых існуюць значныя адрозненні, якія ў сярэднім даюць вышэйадзначаныя лічбы. Рэгулярна наведваюць богаслужэнні 19,5% праваслаўных хрысціян, 44,7 % католікаў і 93,6 % пратэстантаў; зрэдку прыходзяць у храм 65,4 % праваслаўных, 54 % католікаў і 6,1 % пратэстантаў; увогуле не наведваюць богаслужэнні 14,8 % праваслаўных, 1,3 % католікаў і 0 % пратэстантаў [4, с. 33]. Абавязкова ўдзельнічаюць у абрадах і таінствах сваёй рэлігіі 18,1 % праваслаўных, 37,3 % католікаў, 87,3 % пратэстантаў [1, с. 73]. З прыведзеных дадзеных добра бачна, як адрозніваюцца культавыя паводзіны сярод прыхільнікаў трох асноўных напрамкаў хрысціянства: для пратэстантаў наведванне богаслужэнняў і выкананне абрадавых дзеянняў з'яўляецца строга абавязковым. Дастаткова строгая дысцыпліна існуе і ў католікаў, у той час як для праваслаўных вернікаў характэрна эпізадычнасць праяўлення знешніх прымет рэлігійнасці.

Такая асаблівасць праваслаўных вернікаў тлумачыцца адсутнасцю цвёрдага кантролю з боку царквы і абшчыны, што вызваляе многіх веруючых ад выканання правіл царкоўнай дысцыпліны. Трэба яшчэ ўлічваць, што ў нашым грамадстве вяртанне да рэлігіі адбылося ў сітуацыі, калі некалькі пакаленняў людзей у сваёй большасці не мелі сувязяў з інстытутам царквы і рэлігійнай ідэалогіяй, не вучыліся ў нядзельных школах. Аднак актыўная дзейнасць царквы вядзе да росту колькасці вернікаў, чые паводзіны рэлігійна інстытуцыялізаваны - у 1997 г. рэгулярна наведвалі богаслужэнні 14,9 % праваслаўных, у 1998 - ужо 19,5 % [4, с. 33; 3, с. 96]. Адзначаюцца тэндэнцыі да ўзрастання рэфлексіўнасці і асэнсаванасці рэлігійных паводзін праваслаўных вернікаў: вырасла колькасць веруючых, хто наведвае богаслужэнні па рэлігійных меркаваннях (з 21,8 % да 37,8 %) і душэўнай неабходнасці (з 39,5 % да 54,8 %) [4, с. 34].

Такім чынам, вылучаюцца наступныя асаблівасці рэлігійнасці хрысціян сучаснай Беларусі: 1) масавая рэлігійная свядомасць мае аморфны і супярэчлівы характар: у ёй спалучаюцца як уласна хрысціянскія, так і акультныя і язычніцкія вераванні, несумяшчальныя з царкоўнай дагматыкай; 2) паміж рознымі канфесійнымі групамі веруючых існуюць адрозненні па ступені рэлігійнасці. Пратэстантаў вылучае самы высокі ўзровень рэлігійнасці і веры ў асноўныя дагматы, устойлівыя культавыя паводзіны. Вера праваслаўных хрысціян застаецца больш дэкларатыўнай, бо веруючыя самастойна, без увагі на царкоўныя ўстаноўкі, вырашаюць, у што верыць і якія абрады выконваць. Католікі паказваюць дастаткова высокую ступень рэлігійнасці і ўдзелу ў культавых практыках; 3) разам з тым сярод хрысціян Беларусі адзначаюцца тэндэнцыі павышэння агульнага ўзроўню рэлігійнасці, рост асэнсаванасці прыходу да веры і ўдзелу ў культавых практыках; 4) усе хрысціянскія канфесіі Беларусі маюць патэнцыял для прыцягнення новых вернікаў і павышэння ступені рэлігійнасці тых, хто ўжо ёсць. Але для гэтага іх кіраўніцтву патрэбна прыкласці значныя намаганні па актывізацыі работы з паствай і павышэння свайго аўтарытэту ў вачах грамадства.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Безнюк, Д. Состояние и специфика современной религиозной ситуации в Беларуси / Д. Безнюк // Социологические исследования - 2006. - № 2. - С. 128-135.

2. Ламака, Л.В. Некаторыя асаблівасці стану рэлігійнасці ў сучаснай Беларусі / Л.В. Ламака // Этносоциальные и конфессиональные процессы в современном обществе: материалы междунар. науч. конф.: под ред. У.Д. Розенфельда. - Гродно: ГрГУ, 2000. - С. 401-405.

3. Новикова, Л.Г. Основные характеристики динамики религиозности населения / Л.Г. Новикова // Социологические исследования. - 1998. - № 9. - С. 93-98.

4. Новикова, Л.Г. «Религиозный бум» в Беларуси: миф или реальность / Л.Г. Новикова // Социология. - 1999. - № 2. - С. 29-36.

5. Старостенко, В.В. Тенденции и особенности современной конфессиональной ситуации в Республике Беларусь / В.В. Старостенко // Веснік МДУ імя А. А. Куляшова. - 2005. - № 1. - С. 26-33.

6. Беспамятных, Н.Н. Уровень и характер религиозности населения Гродненской области / Н.Н. Беспамятных [и др.] // Этносоциальные и конфессиональные процессы в современном обществе: материалы междунар. науч. конф.: под ред. У.Д. Розенфельда. - Гродно: ГрГУ, 2000. - С. 448-462.

Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народу. Пад рэд. Марозавай С.В., Ярмусік Э.С., - ГрДУ, Гродна, 2008.

Макрушыч А.М.

Рубрыка: