Мітрапаліт Мелхіседэк (Паеўскі)

Міхаіл Львовіч Паўескі нарадзіўся ў верасні 1878 г. (паводле іншых дадзеных - у жніўні ці лістападзе 1879 г.) у в. Вітулін Канстанцінаўскага пав. Седлецкай губ. (цяпер Падляшскае ваяв., Польшча) (паводле іншых дадзеных - Вельскага (Бельскага) павета Гродненскай (Холмскай) губерні) у сям'і Льва Сямёнавіча Паеўскага, археолага, краязнаўцы, святара. Будучы Мітрапаліт быў другім з дзевяці дзяцей у сям'і. З дзяцінства ён дапамагаў бацьку ў царкоўным служэнні.

Пасля заканчэння духоўнай вучэльні паступіў у Санкт-Пецярбургскую семінарыю, але з-за праблемаў з лёгкімі, вымушаны быў перабрацца на поўдзень, у Сімферопаль, дзе скончыў Сімферопальскую духоўную семінарыю, на апошнім курсе якой прыняў манаскі пострыг.

Пасля заканчэння семінарыі, паступіў у Казанскую духоўную акадэмію, дзе на першым курсе прыняў пастрыжэнне ў мантыю з імем Мелхіседэк. Калі ён быў на другім курсе акадэміі, малады манах падаў прашэнне аб накіраванні яго ў Пекінскую місію, аднак паехаць у яго туды не атрымалася. Пасля заканчэння акадэміі ў 1904 г. са ступенню кандыдата багаслоўя Мелхіседэк быў прызначаны выкладчыкам Магілёўскай духоўнай семінарыі, дзе чытаў курсы асноўнага, дагматычнага і маральнага багаслоўя.

Цягам некалькіх год прызначаўся кіраўніком розных манастыроў на Захадзе Расійскай імперыі. З 1905 г. выконваў абавязкі настаяцеля Магілёва-брацкага Богаяўленскага манастыра, ігуменам якога стаў у 1906 г., быў сябрам Магілёўскага царкоўна-праваслаўнага брацтва. У студзені 1907 г. быў пераведзены ў Бялыніцкі манастыр Магілёўскага пав. ў сане архімандрыта, у верасні 1907 настаяцелем Херсонскага Свята-Ўладзіміраўскага манастыра Таўрычаскай губ., у 1909 пераведзены ў Спаса-Праабражэнскі манастыр у г. Ноўгарад-Северскі Чарнігаўскай губ.

З 1910 г. прызначаецца назіральнікам Уладзікаўказскага духоўнага вучылішча, а ў 1914 г. рэктарам Тыфліскай духоўнай семінарыі, дзе дазволяў богаслужэнне на грузінскай мове, роднай для большасці студэнтаў, чым выклікаў незадаволенасць грамадзянскіх уладаў.

У 1916 г. у Пецярбугскім Казанскім саборы быў хіратанісаны ў  епіскапа Кранштацкага, вікарыя Петраградскай епархіі, а праз год - у чэрвені 1917 г. стаў епіскапам Ладажскім. 

У 1919 г. епіскап Мелхіседэк вяртаецца на радзіму, спачатку вікарным Слуцкім епіскапам, а потым - у 1921 г. - Мінскім і Тураўскім, кіраўніком Беларускай епархіі ў складзе СССР. На той момант на тэрыторыі Беларусі склалася цяжкая сітуацыя, звязаная з наступствамі нямецкай і польскай акупацыі, а таксама палітыкай, якую пасля 1917 г. праводзіў тут савецкі ўрад, перш за ўсё, звязаную з пераследам царквы, канфіскацыяй царкоўных каштоўнасцей і абнаўленскім расколам. Архіепіскап Мелхіседэк заняў цвёрдую пазіцыю супрадзеяння абнаўленцам, хаця трываў ціск з боку АДПУ з мэтай схіліць яго да супрацоўніцтва з імі.

10 ліпеня 1922 г. з ініцыятывы епіскапа Мелхісідэка быў скліканы сход беларускага праваслаўнага духавенства (сярод іншых у ім удзельнічалі вядомыя протаіярэі Сцяфан Кульчыцкі, Уладзімір Касцючэнка, Уладзімі Біруля, Уладзімір Хіраска) які выступіў з дэкларацыяй аб аўтаноміі Беларускай Праваслаўнай Царквы, ствараецца новая структура кіравання Царквой - Царкоўнае ўпраўленне Беларусі (ЦУБ), прадстаўнікі новастворанай стуктуры святары С.Касцючэнка і У.Сакалоў выехалі ў Маскву з мэтай зацвярджэння вынікаў з'езда, аднак ВЦУ ні аўтаноміі, ні Мітрапаліта Мелхіседэка ў новым чыне не зацвердзіла, аргументуючы гэта тым, што Беларуская Праваслаўная Царква на той момант складалася з адной епархіі, а сама БССР - толькі з Міншчыны, а для стварэння аўтаномнай царквы адной епархіі недастаткова, тым больш, калі такая аўтаномія абвяшчаецца без санкцыі цэнтральных органаў кіравання. ВЦУ, кіраванае абнаўленцамі, не было зацікаўленае ў асобе Мітрапаліта Мелхіседэка, вядомага сваім супрадзеяннем абнаўленству, таму пастаянна аказвала ціск на іерарха і царкоўнае кіраўніцтва ў Мінску. Аднак Мінская епархія заставалася выспай, на якой абнаўленцы амаль не мелі распаўсюду, у той час як на іншых беларускіх землях - Віцебшчыне і Гомельшчыне, якія знаходзіліся ў складе Савецкай Расеі, - яны мелі значныя пазіцыі.

Такім чынам, аўтаномія Беларускай Праваслаўнай Царквы пры Мітрапаліце Мелхіседэку дазволіла захаваць царкву ад інспіранавага бальшавікамі руху абнаўленцаў. Аднак пры ўзбуйненні БССР, калі Віцебшчына і Гомельшчына былі далучаныя да Міншчыны, Беларуская Царква таксама ўзрасла за кошт дзвюх епархій, практычна цалкам абнаўленскіх, быў створаны абнаўленскі Сінод. Тым не менш, кіраўнічая стуктура, якую ўзначальваў Мітрапаліт Мелхіседэк, - на той час яна называлася Беларускім епархіяльным упраўленнем - імкнулася пашырыць свой уплыў на тэрыторыю ўсё Беларусі. У сувязі з гэтым, НКУС аказваў на ўпраўленне ціск, і ў выніку супраць членаў-ціханаўцаў была ўсчатая крымінальная справа "аб утойванні царкоўных каштоўнасцей", Мітрапаліт Мелхіседэк узяты пад хатні арышт.

Нават ва ўмовах хатняга арышту Мітрапаліт працягваў кіраваць епархіяй, яго падтрымлівалі тры вікарныя епіскапы - Філарэт (Раменскі) Бабруйскі, Мікалай (Шамяціла) Слуцкі, Іван (Пашын) Мазырскі. Яны наладжвалі цароўнае жыццё ў далучаных епархіях, супрадзейнічалі абнаўленцам.

У 1925 г. расследаванне па справе было завершанае, Мітрапаліту і ягоным паплечнікам пагражала вышэйшая мера пакарання, аднак з-за таго, што ў Маскве не вельмі зацікавіліся гэтай справай, а супраць Мелхіседэка не ўдалося "выбіць" абвінаваўчых сведчанняў сярод яго акружэння, быў вынесены прысуд аб пазбаўленні Мітрапаліта Мелхіседэка волі на тры гады ўмоўна, а ягоных аднадумцаў - ад аднога да двух гадоў умоўна. Аднак 22 снежня 1925 г. Мітрапаліт быў увязнены і змешчаны ў Бутырскую турму ў Маскве, адкуль вызвалены 4 траўня 1926 г.

Пасля вызвалення Мітрапаліт Мелхіседэк падтрымаў рух, які ўзначальваў архіеп. Свярдлоўскі і Ірбіцкі Грыгор (Яцкоўскі). Гэты рух, названы пазней грыгарыянскім расколам, выступаў за аднаўленне саборнасці ў кіраванні Расейскай Праваслаўнай Царквой, для аднаўлення якой быў створаны Часовы вышэйшы царкоўны савет. Аднак, доўга ў гэтым расколе не пабыў, а ў к. чэрвеня 1926 г. пакаяўся перад мітр. Сергіем (Старагародскім) і падаў прашэнне аб складанні епіскапскага сан.

Быў высланы ў Сібір, дзе да вясны 1927 г. знаходзіўся на Марыінскіх пасяленнях, пасля вяртання з ссылкі быў затрыманы 23 траўня 1927 г. органамі бяспекі і арыштаваны "за выкарыстанне рэлігійнага настрою масаў у антысавецкіх мэтах". Зноў вызвалены з турмы 17 верасня таго ж году з падпіскай аб нявыездзе. На Вялікдзень 1928 г. быў прызначаны архіепіскапам Енісейскім і Краснаярскім, і зноў адправіўся ў Сібір, дзе практычна штодзённа служыў у кафедральным саборы. Ён вельмі сумаваў аб Радзіме, але ў Беларусь так і не вярнуўся.

У 1931 г. Мітрапаліт быў выкліканы ў Маскву, дзе на летняй сесіі абраны ў Сінод, дзе раптоўна памёр 17 траўня 1931 г. пры невысветленых акалічнасцях пад час службы ў кафедральным Дарагамілаўскім Богаяўленскім саборы (паводле іншых дадзеных у царкве Пакравоў Божай Маці на Краснасельскай).

Першапачаткова быў пахаваны ў Кузьмінках у Маскве (паводле іншых дадзеных - на Сямёнаўскіх могілках). Пазней прах беларускага мітрапаліта перазахаваны на Праабражэнскіх могілках.

Працы мітрапаліта Мелхіседэка:

"Участие правительственной власти (в лице генерал-губернатора) в восстановлении православия в северо-западном крае 1839-1867 гг." (Исторический очерк). См. указ. на лит. труд: "Прав. Собес." 1905, июль-август, с. 25.

Речь при наречии его во епископа Кронштадтского. "Приб. к "ЦВ" 1916, № 41, с. 989.

"Слово о входе в Иерусалим"

"Божьей Милостью"

Біяграфічная даведка падрыхтаваная з выкарыстаннем наступных крыніцаў:

1. Голас царквы (Нью-Ёрк) №36, 1972.

2. Процька Т. Пакутнік за веру і бацькаўшчыну. Мн., 1996

3. Елевферий, митрополит Виленский. Неделя в Патриархии. Париж, 1933. С. 140—141

4. Мартос А., архиепископ. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990. С. 259—262.

5. Правящие архиереи Минской епархии - Правящие архиереи Минской епархии (1793-2003). Авт.-сост.: Коржич Н., свящ., Кривонос Ф. свящ., Шейкин Г.Н., Мн., 2003

6. http://www.ortho-rus.ru/cgi-bin/ps_file.cgi?2_2278

7. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2. Даведнік. Укладальнік Маракоў Л.

8. Кривонос Ф., свящ. Минская епархия в период революционных потрясений 1917 г. и во время немецкой и польской оккупации Белоруссии (до марта 1921 г.)

9. Навіцкі У. Палітыка расколу Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі (1920-я гг.)