Ліст мітрапаліту Паўлу ад таварыства аховы памятнікаў гісторыі і культуры

Грамадскае аб'яднанне
"Беларускае дабравольнае
таварыства аховы памятнікаў
гісторыі і культуры"

Мітрапаліту Мінскаму і
Слуцкаму Паўлу,
Патрыяршаму Экзарху
усёй Беларусі

На тэрыторыі Беларусі, у межах усіх епархій Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы адбываюцца негатыўныя працэсы з царкоўнымі будынкамі, якія маюць статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў, і пры правядзенні прац на якіх павінны дасканала выконвацца ўсе нарматыўна-прававыя, тэхнічныя і метадыдныя дакументы, якія рэгулююць парадак выканання навукова-даследчых, рамонтных, рэстаўрацыйна-аднаўленчых прац.

Калі больш дакладна пералічваць тыя негатыўныя працэсы, якія адбываюцца на шэрагу аб’ектаў Беларускага экзархату, то асноўнымі з іх з’яўляюцца змены формаў канструкцый дахаў, асабліва купальных завяршэнняў, калі барочныя ці класічныя завяршэнні замяняюцца цыбулепадобнымі; змены колеравых гамаў пакрыцця дахаў – выкарыстане кровельных матэрыялаў залатога колеру замест традыцыйных для Беларусі матэрыялаў, як па паходжанню, так і па колеры; замена старых іканастасаў і абразоў 18 – 19 стст., якія маюць высокую мастацкую і гістарычную каштоўнасць сучаснымі элементамі інтэр’еру, зачастую серыйнай вытворчасці; выкарыстанне ў аздабленні інтэр’ераў і фасадаў драўляных цэркваў сайдынгу і так званай дошкі-вагонкі і інш.

Праблемы можна пералічваць яшчэ доўга. І вынікам гэтых праблем з’яўляюцца неабгрунтаваныя змены, як непасрэдна аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, так і культурных ланшафтаў у агульным, навязванне для Беларусі, для краіны з уласнай больш чым тысячагадовай культурнай традыцыяй, чужых архітэктурных і мастацкіх формаў, шляхам свядомага знішчэння мясцовых асаблівасцяў у архітэктуры і дэкоры праваслаўных аб’ектаў, якія развіваліся ў агульнаеўрапейскім культурным кантэксце.

Негатыўнае стаўленне да помнікаў архітэктуры праяўляецца з боку інстытутаў царквы ў дачыненні і да свецкіх аб’ектаў. Так, напрыклад, для спрашчэння працэдуры ўзвядзення аб’ектаў нерухомасці для Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы ў Гістарычным цэнтры Мінска быў пазбаўлены статуса помніка будынак кан. 19 ст. па вул. Вызвалення, 6. Пазбаўленне статуса адбылося на падставе сфальшаванага навуковым кіраўніком Гістарычнага цэнтру заключэння.

Непавага да гісторыка-культурнай спадчыны – гэта непавага да народу, і праявы непавагі да беларускага народу недапушчальны для любой рэлігіі, для любой канфесіі. Негатыўнае, нігілістычнае стаўленне да помнікаў гісторыі і культуры з боку прадстаўнікоў Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы кідае цень на ўсю царкву і падрывае давер да яе сярод грамадзян Беларусі, найперш, сярод найбольш адукаванай часткі беларускага грамадства, дае падставы меркаваць пра нежаданне рускай праваслаўнай царквы спрыяць захаванню і далейшаму развіццю беларускіх нацыянальных традыцый.

Пазначаыя ў лісце праблемы вельмі важныя і таму іх неабходна ведаць, абмяркоўвць і прадухіляць у перспектыве, дзеля чаго трэба прыкласці намаганні царквы супольна з прадстаўнікамі свецкіх грамадскіх інстытутаў, у першую чаргу інстытутаў, якія па сваёй статутнай дзейнасці займаюцца аховай гісторыка-культурнай спадчыны.

У сувязі з гэтым прапануем арганізаваць кругля стол з удзелам прадстаўнікоў Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы, Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, іншых грамадскіх аб’яднанняў, зацікаўленых дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь, на якім распачаць дыялог дзеля прывядзення сітуацыі з помнікамі гісторыі і культуры, што знаходзяцца ва ўласнаці праваслаўнай царквы на Беларусі, ў прававое і навукова-метадычнае рэчышча.

Багатая матэрыяльная гісторыка-культурная спадчына праваслаўнай царквы на Беларусі – не толькі царкоўны, але і агульнанацыянальны здабытак, і павага з боку структур Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы да спадчыны – адзін з крытэрыяў, па якому можна вызначыць павагу царквы і яе прадстаўнікоў да беларускага народу.

З павагай,

Старшыня РС ГА БДТАПГК
Член Рэспубліканскага грамадскага
савета па справах культуры і мастацтва
пры Савеце Міністраў Рэспублікі
Беларусь
А.Астаповіч

Рубрыка: