У Менску:  13:17     Чацвер, 28-га Жніўня, 2008 по-русски | in english   
НАВІГАЦЫЯ  
  Галоўная старонка 
  Гасьцявая кніга 
  Форум 
  Пра сайт 
  Пошук па сайце 

НАВІНЫ  
  Усе навіны 
  Навіны Беларусі 
  Навіны замежжа 

МАТЭРЫЯЛЫ  
  Артыкулы 
  Каментарыі 
  Афіцыйнае 
  Казань 
  Інтэрвію 
  Асобы 
  Бібліятэка 
  Усе 
  Паводле папулярнасці 

НА ФОРУМЕ  


Православный Байнет
Беларуская Праваслаўная Царква
Портал Православный Дом - общение и знакомства. Форум, чат, православная библиотека.
Рыма-каталіцкі Касцёл на Беларусі
Православный сайт КЕЛИЯ






абмеркаваць (0 каментароў)

На ніве Хрыстовай
Архіепіскап Апанас (Мартас)

назад змест далей

Архіпастырства ў Нямеччыне (1945-1950)

У Францэнсбадзе я жыў ня толькі як на курорце з сусьветнавядомай славай, але і як у манастыры - адлучаны ды ізаляваны ад вонкавага сьвету. Хоць мы ўсе жылі ў адным гатэлі, але я ні да каго не заходзіў і са сваімі ў гатэлі не сустракаўся. Кожны з нас жыў сваім жыцьцём і займаўся сваімі зацікаўленьнямі. Велічныя паркі і самотныя алеі былі маімі ўлюбёнымі мясьцінамі для адпачынку і прагулак. Такі стан рэчаў мне падабаўся і я адчуваў сябе дастаткова добра, хоць і жылося ў голадзе.

Мне здавалася, што пра маё знаходжаньня нікому не вядома і пра мяне ніхто ня ведае. Таму я быў вельмі зьдзіўлены і занепакоены, калі аднаго дня ў кастрычніку 1944 года зьявіўся да нас з Бэрліна наш агульны знаёмец П. I. Сьвірыд з запрашэньнем у міністэрства, і ён прыехаў мяне суправаджаць. Чаму і навошта ён і сам ня ведаў ці, магчыма, сказаць не хацеў. У той жа дзень уначы мы выехалі цягніком у Бэрлін. Тады іншых шляхоў не было.

Пераначаваўшы там у сваіх знаёмцам з Наваградка, спачатку ў іхняй кватэры, а потым у бамбасховішчы, раніцою я паехаў па дадзеным мне адрасе ў міністэрства. Мне трэба было зьявіцца да сп. Розэна. Прыняў ён мяне прыязна і адразу ж патэлефанаваў нейкаму генэралу, сказаў, што хоча зь ім пазнаёміць. Прыйшлі да генэрала. У кабінэце пасадзілі мяне ў фатэль, зьявіўся перакладчык, і генэрал асьцярожна і дыпляматычна пачаў размову - па якой справе я запрошаны. Увогуле, я даведаўся, што мне прапануюць пасаду вайсковага епіскапа над рускімі ды ўкраінскімі палкавымі капэлянамі пры нямецкай арміі і для гэтага даюць званьне нямецкага генэрала з усімі прывілеямі, належнымі гэтаму чыну. Я спалохаўся і ў думках зьвярнуўся да Бога з просьбай выбавіць з такога ліха. Адмовіцца я не рызыкаваў, але спадзяваўся на дапамогу Усявышняга. Да гэтага часу я толькі слухаў і маўчаў. Па-нямецку тады я размаўляў і разумеў і цяпер, у крытычны момант жыцьця, я вырашыў гаварыць сам. Да немалога зьдзіўленьня генэрала і перакладчыка, я загаварыў па-нямецку. Даведаўшыся, у чым сутнасьць справы, я сказаў генэралу, што не магу заняць прапанаваную пасаду, бо рускія і ўкраінскія вайсковыя праваслаўныя капэляны не захочуць падпарадкавацца мне як епіскапу Беларускай Царквы. Генэрал яшчэ запытаўся нешта для ветлівасьці і разьвітаўся са мною, сказаўшы: "Мы запросім Вас у бліжэйшы час, калі сфарміруюцца беларускія атрады". 3 радасьцю я выйшаў з міністэрства, дзякуючы Усёмагугнаму за выратаваньне. Я праходзіў каля рускага рэстарана "Мядзьведзь", які разьмяшчаўся ў разбураным аднапавярховым доме. Быў час абеду, і я добра пад'еў у ім, вядома, на нямецкія карткі.

Наведаў архімандрыта Гермагена (Ківачука), якога я добра ведаў яшчэ з яго студэнцкіх гадоў у Варшаве і які цяпер служыў вайсковым капэлянам пры арміі генэрала Уласава48. Пераначаваўу яго і спаўусю ноч спакойна. Уранку выехаў у Францэнсбад. Дома, пасьля прыезду. архірэі распытвалі мяне, у чым справа. Я растлумачыў ім падрабязна ўсю маю гісторыю. Мітрапаліт Панцеляймон злосна заўважыў "Вы ня мелі права адмовіцца. Ваш абавязак - бараніць радзіму". Я запытаўся толькі ад каго. Ён мне не адказаў. На гэтым нашая размова закончылася і болып не ўзнаўлялася.

Набліжаліся сьвяты Нараджэньня Хрыстова. Яшчэ болып мілітарна слабела Германія, але ўпарта абаранялася. Мы разумелі, што яе канец набліжаецца. 1944 год завяршаўся. Нечакана прыехаў да мяне малады казак з Казацкага Стану, што знаходзіўся ў Італіі, у Альпах. Ён прывёз для мяне ліст ад казацкага протасьвятара Васіля Грыгор'ева і дакумэнты на праезд па чыгунцы ў горад Талмеца да казакоў. Айцец протасьвятар паведамляў, што казацкае духавенства прызнае мяне за свайго епіскапа яшчэ з Наваградка і іншага епіскапа ня мае. Прасіў мяне прыехаць да іх у Казацкі Стан у Талмеца да Нараджэньня Хрыстова. Мне было прыемна атрымаць гэтую вестку, бо я ня ведаў нічога, дзе знаходзяцца казакі, што выехалі з Наваградка. Пра мяне яны даведаліся толькі ад мітрапаліта Серафіма Бэрлінскага.

Вырашыў ехаць да казакоў і пачаў рыхтавацца. Ня меў пры сабе архірэйскага адзеньня, але пазычыў яго ў мітрапаліта Палескага Аляксандра (Іназемцава), які ў той час жыў ў Марыенбадзе, непадалёку ад Францэнсбада. Падрыхтаваўшы ўсё неабходнае, я выехаў з прысланым да мяне казаком у Італію.

Ехалі двое сутак. У Філяху і яшчэ на адной станцыі ў гарах начавалі. Падарожжа было цікавае - сярод Альпаў, праз цясьніны і тунэлі. У некаторых мясьцінах цягнік імчаў на вялікай вышыні ўздоўж бездані. На месца даехалі ўранку. На вакзале мяне сустрэлі казакі і адвезьлі ў царкву, дзе ўжо адбывалася літургія. Царкву зрабілі ў былой залі кінатэатра, доўгай і вялікай. Вернікаў было мала.

Госьця пачалі з гонарам прымаць, спачатку ў афіцэрскім клюбе. а потым у прыватных асобаў. Казацкія афіцэры з новых і старых эмігрантаў ставіліся да мяне з павагай. За сталамі, крыху на падпітку, яны жадалі і спрабавалі гаварыць са мною пра свае перажываньні і духоўныя патрэбы. Гаварылі шчыра, некаторыя са сьлязьмі. Былі як дарослыя дзеці. Я палюбіў іх: добрыя хлопцы. Ва ўсе нядзельныя ды сьвяточныя дні я праводзіў Набажэнствы. Мне саслужылі протаіерэй В. Грыгор'еў і сьвятар У. Чаканоўскі. Былі галасісты протадыякан і добры хор.

Аднойчы атаман Даманаў павёз мяне ў аддаленую станіцу ў гарах. Там я служыў літургію і прапаведаваў. Настаяцельстваваў протаіерэй Ісідор Дзераза, украінец, які гаварыў па-руску з моцным украінскім акцэнтам. У 1950-1954 гадах я сустрэў яго ў Аўстраліі, дзе ён сьвятарстваваў, эмігрыраваўшы сюды пасьля вайны. Пазьней вярнуўся на радзіму і служыў у Крывым Рогу. Там і памёр. Атаманам гэтай станіцы быў палкоўнік Ротаў. Сваім клопатам арганізаваў ансамбаль песьні і танца. 3 нагоды нашага прыезду яны зладзілі канцэрт. Выконвалі народныя песьні выдатна. Адным з нумароў канцэрту быў танец лезгінка. Прыродныя чэркесы, яны выканалі гэты танец, як сапраўдныя артысты.

У Талмеца я наведваў казакоў у шпіталі. Там паказалі мне казакоў. зь якіх зьдзекаваліся партызаны: выкалалі ім вочы і адрэзалі языкі. Шкада да сьлёз і страшна было глядзець на гэтых няшчасных маладых людзей. Ім сказалі, хто прыйшоў іх адведаць. Яны хацелі плакаць. але замест плачу вылі. Без языкоў не маглі гаварыць.

Ваенная абстаноўка ў Казацкім Стане мне не падабалася. I я вырашыў вярнуцца ў Францэнсбад і папрасіў дапамагчы мне ў гэтым і даць суправаджэньне. Протаіерэй Грыгор'еў прасіў мяне застацца зь імі, але я абяцаў прыехаць у Талмеца на Велікодныя сьвяты. Прабыўшы там болып за месяц, паехаў у Франценсбад. Мяне суправаджалі палкоўнік Якуцэвіч, былы інспэктар беларускай арміі і мой келейнік Юлік Рымко, вядомы мне яшчэ з радзімы, і немец - маёр Р., які гаварыў па-руску. Ён выратаваў мяне ад сьмерці на зваротным шляху ноччу, калі ў цягніку мяне амаль не затапталі нямецкія салдаты пры пагрузцы ў вагон на станцыі Шпіталь (Аўстрыя). Да ўсяго наш цягнік абстралялі з кулямётаў аэрапляна цітаўскія партызаны. Аэраплян заўважылі, цягнік спынілі, і ўсе пасажыры выбеглі з вагонаў у глыбокі сьнег, схаваліся пад вялікімі елкамі. Адзін казак быў забіты ў вагоне. Мае валізкі, якія засталіся ў вагоне, былі пасечаныя кулямі, а віно, якое я вёз у падарунак за адзеньне мітрапаліту Аляксандру, зьнікла. У Францэнсбад я вярнуўся ўдала.

Незадоўга да Вялікадня прыехаў да мяне мой казацкі келейнік Юлік, каб суправаджаць мяне ў Казацкі Стан. Германія тады знаходзілася на краі пагібелі. Было зразумела, што доўга яна не пратрымаецца. Адносна паездкі да казакоўя вагаўся. Мне страшна за іхні лёс. бо яны ваявалі з камуністамі на баку немцаў. Апрача таго, мяне клікаў да казакоў архіпастырскі абавязак, як да сваёй паствы. Каб прыняць рашэньне, я прызначыў сабе пост на працягу трох дзён і пасьля яго заканчэньня служыў літургію, а потым у царкве, у алтары, кінуў жэрабя. Выпала з указаньнем ня ехаць. Другі раз кінуў. I другі раз выпала тое самае слова. Адольвала мяне спакуса: хацелася выцягнуць жэрабя з указаньнем ехаць. Паведаміў пра гэта Юліку і загадаў яму ехаць без мяне. Я напісаў ліст протаіерэю Грыгор'еву з тлумачэньнем прычыны майго непрыезду. У той самы дзень пасланец паехаў. Я маліўся пра яго шчасьлівае падарожжа. Аказалася, як той расказаў пасьля вайны, што ён цудам уратаваўся ад сьмерці па дарозе ад мяне да казакоў.

Бог захаваў мяне ад паездкі ў Казацкі Стан. Іхняя трагедыя ўсім вядомая. Ангельцы усіх казацкіх афіцэраў выдалі праз падман савецкім камуністам на сьмерць, а потым гвалтам шмат цывільных: жонак і дзяцей перадалі тым самым Саветам. Гэтая трагедыя адбылася 1 чэрвеня 1945 года. Калі б я тады быў з казакамі, і мяне маглі гвалтам перадаць Саветам.

Пасьля вайны Юлік расказваў мне, што яму было дадзенае распараджэньне ехаць зноўу Францэнсбад і перавезьці мяне ў Зальцбург. дзе для мяне падрыхтавалі вілу. Для гэтага далі яму ў дапамогу некалькі нямецкіх салдатаў для аховы і вялікі аўтобус. Яму было загадана арыштаваць мяне і вывезьці, калі я не захацеў бы ехаць у Зальцбург. Але ў гэты час фронт з захаду ўжо быў недалёка ад Францэнсбада. Юліку не ўдалося выканаць сваю місію. Ён вярнуўся ў Талмеца, а адтуль з казакамі пераправіўся праз Альпы ў Аўстрыю. Тут з казакамі расправіліся ангельцы, гвалтам перадаўшы савецкім ваенным уладам увесь штаб, афіцэраў, шмат шарагоўцаў, а таксама жанчын і дзяцей, некаторых сьвятароў. Пра гэта я ўжо згадваў у папярэдніх радках. Але гэтая выдача адбывалася ўжо пасьля заканчэньня вайны зь немцамі і акупацыі ўсёй Германіі і Аўстрыі зьвязьнікамі - Англіяй, ЗПІА, Францыяй і Савецкім Саюзам.

Я ўжо казаў пра тое, як нашая епіскапская група выехала з Францэнсбада ў Баварыю. Пасьля чатырохмесячнага туляньня, ня маючы сталага месца жыхарства, мы атрымалі ў сваё распараджэньне вялікі зручны дом у два паверхі ў гарадку Тырсгайм. Уладкавала нас туды ЮННРА (Міжнародная арганізацыя Дапамогі перамешчаным асобам). Яна ж выдала нам і харчаваньне. Зь нямецкай эканомікай мы спраў ужо ня мелі. За выключэньнем адзінага - зьбіралі ў навакольным лесе нямецкія грыбы.

Мае браты архірэі сядзелі бяз працы, сумавалі, гулялі ў карты або ўспаміналі мінулае. Я хадзіў увесь дзень па лесе ці па палях, прыгадваючы сваю Завітую, дзе я таксама бавіў час у лесе, полі і лугах. Вясковая прырода была маёй роднай стыхіяй. Апрача таго, я пачаў выдаваць тут часопіс на беларускай мове з дапамогай рататара, які атрымаў у нямецкай канцылярыі. Сваёй працай я быў задаволены. Мне здавалася, што я ўсё ж прыношу нейкую карысьць сваім суайчыньнікам. Артыкулы да часопісу сам складаў у місіянэрска-рэлігійным і маральным духу. Рассылаў іх беларусам у лягеры.

Самы сумны час - гэта зіма. Слота, холад, мароз і сьнег не дазвалялі прайсьціся. Але і сядзець у пакоі бяз спраў цэлымі днямі было невыносна. У такім настроі прайшлі зімовыя месяцы, пачатак 1946 года. Нядзелю я праводзіўу Рэгензбургу, дзе для беларусаў праводзіў Набажэнствы ў Беларускім камітэце49 і выкладаў Закон Божы ў іхняй гімназіі50 ў лягеры. На гэта я траціў тры дні на тыдзень.

Дый тое адабралі ад мяне канкурэнты - беларусыкаталікі і адзін протаіерэй. Я перадаў яму свой занятак у пачатку студзеня 1946 года. Увесну, у траўні, я атрымаў прызначэньне ад сваіх беларускіх епіскапаў абслугоўваць беларусаў, але зьбітью з панталыку беларускія дзеячы не далі мне магчымасьці выканаць сваю задачу. Я пакінуў іх і болып ужо не вяртаўся да гэтага занятку.

Беларусы мелі падставы не пускаць нас у свае цэрквы і не дазваляць духоўна абслугоўваць іх, бо іхнія архіпастыры ў лютым 1946 года аб'ядналіся зь епіскапствам Рускай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы, да якой належаў мітрапаліт Бэрлінскі Серафім (Лядэ). Беларускія дзеячы абвясьцілі сваіх епіскапаў за гэта здраднікамі і на мітынгах і ў сваіх газэтах заклікалі нас выйсьці са складу Рускай Замежнай Царквы. 3 гэтай нагоды епіскапы Беларускай Царквы пісалі пасланьні да сваёй паствы з тлумачэньнем прычынаў, якія прывялі іх да аб'яднаньня, але тое ня мела посьпеху. Адбыўся разрыў беларускіх вернікаў на эміграцыі са сваімі епіскапамі, што не наладзілася і ў далейшым. Невялікая група беларусаў польскай арыентацыі стварыла сваю царкоўную арганізацыю пад назвай "Беларуская аўтакефальная царква"51, якую ўзначаліў украінскі епіскап Сяргей Ахоценка52, болыпасьць беларусаў пайшлі пад амафор Канстантынопальскага патрыярха і арганізавалі свае прыходы ў ЗПІА і ў Канадзе53. Беларускія епіскапы атрымалі прызначэньні на катэдры ў Рускай Зарубежнай Царкве ў розных краінах.

Мітрапаліт Анастасій, першаіерарх Рускай Зарубежнай Царквы і старшыня Архірэйскага Сыноду, склікаў Сабор епіскапаў ў Мюнхэне, які адбыўся 5 траўня 1946 года. У гэтым Саборы ўдзельнічалі беларускія і ўкраінскія аўтаномныя епіскапы, аб'яднаныя з герархамі Рускай Зарубежнай Царквы. Такім чынам, тры епіскапскія групы, незалежныя адна ад адной, аб'ядналіся ў складзе Рускай Зарубежнай Царквы. Гэтае аб'яднаньне мела на мэце болып пасьпяховае і добрае духоўнае абслугоўваньне рускіх, украінцаў і беларусаў на эміграцыі. Украінскія аўтакефальныя епіскапы трымаліся самастойна і ў ніякія аб'яднаньні не ўваходзілі. Да іх далучыліся амаль усе ўкраінцы ў лягерах ДП, а пазьней і з розных краінаў, дзе яны пасяліліся.

У Рэгензбургу я стварыў беларускі прыход у Нямеччыне, але доўга служыць у ім мне не давялося. Маё месца настаяцеля заняў протаіерэй Мікалай Лапіцкі54, які і прадоўжыў маю пастырскую працу. На сьвята Дабравесьця Прасьвятой Дзевы Марыі я служыў літургію ў царкоўнай супольнасьці ў Заўгаў на поўдні Баварыі і ўсклаў мітру на настаяцеля гэтай супольнасьці протаіерэя Ю. Альхоўскага, які належаў да Наваградзкай епархіі на радзіме. Потым я правёў Набажэнства ў горадзе Равенсбургу, дзе служыў сьвятаром протаіерэй М. Гарбацэвіч з катэдральнага сабора ў Наваградку. Адтуль мяне павезьлі ў вёску, дзе часова жыла група бежанцаў са Слоніма, якіх абслугоўваў протаіерэй А. Самойлавіч. Гэтыя тры царкоўныя супольнасьці былі маёй паствай з наваградзкай епархіі з радзімы. У сьвята Пяцідзесятніцы я служыў літургію ў горадзе Марбургу, дзе знаходзілася група студэнтаў з Наваградчыны, якія вывучалі мэдыцыну. У час літургіі яны сваім хорам сьпявалі на працягу ўсяго Набажэнства. Іх настаяцелем быў а. Барадаеў. Усюды мяне прымалі добра і з радасьцю. Я рады быў наведваць сваіх землякоў на чужыне і маліцца зь імі. Пазьней усе яны разьехаліся - хто ў Аўстралію, а болыпасьць у ЗША і Канаду.

назад змест далей
абмеркаваць (0 каментароў)
Copyright © 2005 Беларускі партал "ЦАРКВА".
Пры капіяваньні эксклюзыўных матэрыялаў сайта пажаданая спасылка.
Меркаваньні аўтараў могуць не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі.
Rambler's Top100 Rating All.BY Рейтинг ЧИСТЫЙ ИНТЕРНЕТ - logoSlovo.RU