Бежанцы ДП з Нямеччыны і Аўстрыі, а таксама з іншых краінаў Заходняй Эўропы, дзе яны часова жылі пачынаючы з 1948 года, масава перасяляліся ў заморскі край: Аўстралію, Аргентыну, Бразылію. Парагвай, Вэнэсуэлу, ЗПІА, Канаду і Марока. У свае родныя мясьціны пад камуністычнай уладай ніхто не жадаў вяртацца - баяліся рэжыму і турмы. Заходняя Эўропа, асабліва Заходняя Германія, хутка вызвалялася ад бежанцаў з Усходу. Лягеры масава зачыняліся, ліквідаваліся з прычыны адсутнасьці насельнікаў. Памяншалася колькасьць прыхаджанаў і ў Гамбургу. Дзякуючы амэрыканскаму камандаваньню, на маю просьбу, пераправілі аэраплянам з Бэрліна да мяне ў Гамбург сям'ю майго старога прыяцеля протаіерэя П. Закідальскага, якому пагражала высылка на радзіму. Ён прасіў мяне дапамагчы яму зь сям'ёй перасяліцца ў Гамбург.
Выпісваючы сабе ў дапамогу протаіерэя Закідальскага, я меў на ўвазе, што ён зойме маё месца ў Гамбургу як настаяцель прыходу. Маё становішча ў Германіі зрабілася няпэўным, бо мяне запрашалі двойчы ў Паўночную Амэрыку на епіскапства. Архірэйскі Сынод маўчаў адносна мяне, а я не жадаў пераходзіць у Паўночна-Амэрыканскую Мітраполію, дзе мне прапаноўвалі епіскапскую катэдру. Але на пачатку 1950 года прыйшла, нарэшце, чарга за мною. Мітрапаліт Анастасій, старшыня Архірэйскага Сыноду, пісьмова прапанаваў мне месца вікарнага епіскапа ў Аўстраліі, дзе ўжо кіраўніком Аўстралійскай епархіі быў епіскап Феадор, прызначаны туды яшчэ ў 1948 годзе. 3 ім я быў даўно добра знаёмы, яшчэ з акадэмічных студэнцкіх гадоўу Варшаве, а потым шматразова сустракаўся ў Мюнхэне, дзе ён жыў прыватна, як просты бежанец. У сан епіскапа ён быў высьвечаны на роднай яму Валыні ў 1942 годзе і належаў да Ўкраінскай аўтаномнай Царквы59. Адтуль ён выехаў у бежанства і пасяліўся ў Мюнхэне, ператрываўшы розныя бежанскія нягоды. Знаходзячыся ў Аўстраліі і жывучы ў Сіднэі, ён пісаў мне лісты зрэдчас. Аднойчы ён напісаў мне ліст з просьбай прыбыць у Аўстралію яму ў дапамогу. А мітрапаліту Анастасію напісаў прапанову прызначыць мяне кіраўніком Аўстралійскай епархіі, а яго прызначыць вікарыем. Мітрапаліт на гэта не пагадзіўся і вырашыў мяне паслаць яму ў дапамогу. Таму і запрасіў маёй згоды. Усьведамляючы, што Сынод кудысьці пашле мяне з Германіі, я аддаў перавагу ехаць, ці плыць, у далёкую і невядомую мне Аўстралію. Мяне прываблівалі старое знаёмства і сяброўства з епіскапам Феадорам (Рафальскім), былым протаіерэем да епіскапства, як я яго з таго часу ведаў.
На падставе маёй згоды на епіскапскую катэдру ў Аўстралію епіскап Феадор зьвярнуўся з просьбай у міністэрства іміграцыі ўключыць мяне ў сьпіс імігрантаў у Аўстралію. Міністэрства пагадзілася і дало распараджэньне сваім чыноўнікам у Германіі ўключыць мяне ў сьпісы. ІРА ў Германіі паведаміла мне пра гэта, выклікаўшы на мэдыцынскую камісію. Адначасова я атрымаў запрашэньне ад містэра Патэрсана Моргана правесьці месячны адпачынак у горадзе Лакарна (Швэйцарыя) у доме Сусьветнай Рады Цэркваў. Я прыняў гэтае запрашэньне і напрыканцы лютага туды паехаў. Там было добра: выдатныя ўмовы ў доме, мэдыцынская дапамога, прыемная адукаваная грамада прафэсараў і здаровы горны клімат. Горад разьмешчаны на беразе вялікага возера - Ляка Маджора. Пачыналася вясна. расьцьвіталі дрэвы мімозы і паўсюль было шмат кветак. Штодзённа я гуляў па бульварах, засаджаных дрэвамі і кветкамі. Калі-нікалі гуляў па прысадах у гарах. Я захапляўся цёплым кліматам пасьля халоднай і сьнежнай зімы ў Гамбургу.
Перад ад'ездам у Лакарна я напісаў мітрапаліту Анастасію ў Мюнхэн ліст, паведамляючы пра сваю паездку. I зрабіў кепска, бо сам сабе пашкодзіў. Мітрапаліт адказаў мне, што адпачываць я буду на параходзе, шляхам у Аўстралію, і загадаў паскорыць ад'езд з Швэйцарыі назад у Гамбург для падрыхтоўкі да адплыцьця. Я пайшоў да доктара. Агледзеўшы мяне, ён катэгарычна раіў застацца яшчэ на месяц у Лакарна. Аднак, каб не аслухацца мітрапаліта, неўзабаве я зьехаў адтуль, не дачакаўшыся канца прызначанага тэрміну.
Па дарозе назад вырашыў я наведаць Жэнэву. Праяжджаў цягніком па цясьнінах высокіх Альпаў, цераз доўтія тунэлі і з шматлікімі прыпынкамі на станцыях у гарах. Маляўнічыя краявіды. На італьянскім баку на станцыях заходзілі ў вагон жабракі прасіць міласьціны, грошай. Убогі яны мелі выгляд. У Лазане была перасадка на мясцовы электрычны поезд. У вагоне гучала француская мова. 3 увагай я ўслухоўваўся ў размовы пасажыраў, стараўся зразумець іх маўленьне. Францускую мову я ведаў, але за шмат гадоў бяз практыкі яе забыўся, а цяпер успамінаў, услухоўваючыся ў чужое маўленьне.
3 Лакарна я паведаміў настаяцелю рускай царквы ў Жэнэве пра свой прыезд, але на вакзале ніхто мяне не сустрэў. Дзякуючы сваёй францускай мове я ўдала даехаў да царквы. Дапамог мне ў гэтым кандуктар трамвая. Настаяцель, архімандрыт Лявонцій, сказаў мне, што не атрымаў майго ліста. Ён уладкаваў мяне ў бліжэйшым гатэлі, а на абеды я хадзіў да яго. Быў першы тыдзень Вялікага посту і прытрымліваліся строгага посту. Харчаваліся галоўным чынам бульбай у мундзірах з сольлю. У доме настаяцеля гасьцявалі: ягоны брат архімандрыт Антоній, цяпер архіепіскап Жэнэўскі і Заходнеэўрапейскі, ягоны родны бацька, архімандрыт Іоў, настаяцель манастыра ў Мюнхэне, як цывільны - палкоўнік, епіскап Нафанаіл і яшчэ нехта. Вялікая грамада. Размовы за сталом вяліся пераважна на палітычныя тэмы, пра Расею, пра тое, што няма ўкраінцаў, і іншыя шавіністычныя гугаркі. Мне не падабаліся гэтыя прамовы. Стараўся болып не заходзіць. Хадзіў па горадзе, наведаўунівэрсытэт і музэі. Даўні горад, але без асаблівых славутасьцяў. Затое Жэнэўскае возера - аздоба горада. Вакол яго разьмешчаны шыкоўныя вілы і гатэлі. 3 епіскапам Нафанаілам і архімандрытам Лявонціем я наведаў грэцкага мітрапаліта Фіятырскага Германаса. Ён распавядаў пра сваю паездку ў Маскву на ўрачыстасьці аўтакефаліі Рускай Царквы. Хтосьці з нас запытаўся, як ён лічыць, ці законная герархія ў Маскве. Грэк падумаў і сказаў: "Кананічна законна, але па сумленьні складана прызнаць". Спыніўся ён у гатэлі на беразе возера. Апрануты - у цывільным.
У Жэнэве я прабыў тры дні і зьехаў у Мюнхэн. Да мяне далучыўся архімандрыт Іоў, які вяртаўся ў свой манастыр. У дарозе агіналі вялікае Бодэнскае возера. Ён распавядаў мне, як правозіў удала розныя тавары з Жэнэвы ў Мюнхэн без кантролю, і лічыў гэта цудам. Зласьліва і аднабакова нападаў на мітрапаліта Варшаўскага Дыянісія. Я спрабаваў растлумачыць яму ягонае няправільнае меркаваньне. Беспасьпяхова, тады я пайшоў у іншае купэ. Ён застаўся на самоце, але перад прыбыцьцём у Мюнхэн прымірыўся са мною. Мы разьвіталіся з ім па-братэрску. Стварылася ў мяне ўражаньне непрыхільнае, тыповае для старога эмігранта з 1-й вайны з ягонымі мэнтальнасьцю і патрыятызмам. Для новага пакаленьня ён не падыходзіў. Расказвалі пра яго, што ў сваім манастыры, калі заўважаў, што на клірасе размаўляюць, ён падыходзіў і камандаваў: "У шэрагу не размаўляць!"
У Мюнхэне разьвітаўся з сваімі ўладыкамі: мітрапалітамі Панцеляймонам (Ражноўскім) і Анастасіем, а таксама Серафімам Бэрлінскім і Германскім, які выказаў шкадаваньне, што я пакідаю Нямеччыну. Разьвітаўся таксама і з іншымі ўладыкамі і знаёмцамі. Усьведамляў, што ў жыцьці болып ня ўбачуся з імі. Мітрапаліты Панцеляймон і Серафім неўзабаве памерлі ў Мюнхэне і там пахаваныя. Мітрапаліт Панцеляймон удзельнічаў у маёй хіратаніі ў епіскапства ў Мінску на пачатку сакавіка 1942 года, а мітрапаліт Серафім ставіўся да мяне вельмі добра і дапамагаў, калі быў у Варшаве ў 1940 годзе.
У Мюнхэне мне перадалі Сынадальны указ аб прызначэньні мяне на новаадчыненую катэдру вікарнага епіскапа ў горадзе Мэльбурне з тытулам "епіскап Мэльбурнскі". Туды я і накіраваўся, не ведаўшы будучыні. Але на месцы ўжо высьветлілася, што маё епіскапства ў Мэльбурне бьшо толькі пераходным этапам на паперы. Пачалася гульня Сыноду і епіскапа Феадора са мной, як з мячыкам футбалістаў.
Пасьля вяртаньня ў Гамбург з Швэйцарыі я прадаў аўтамабіль за бясцэнак. Прызначыў а. Закідальскага сваім намесьнікам, якога зацьвердзіў мітрапаліт Серафім. Сам я паехаўу лягер на мэдыцынскую камісію ў г. Мюнстэр. Там прабыў каля двух тыдняў. У камісіі рэнтгенаўскія здымкі выявілі старью рубцы былога тубэркулёзу лёгкіх. Рускі доктар з гэтай камісіі дапамог мне тым, што аўстралійскамудоктару падставіў здымак лёгкіх здаровага чалавека пад маім імем. Мяне прапусьцілі ў Аўстралію. Гэты доктар ужо шмат гадоў жыве ў Сан-Паўла (Бразылія) і карыстаецца вялікай папулярнасьцю ня толькі сярод рускіх, але і сярод бразыльцаў.
Перад ад'ездам у Аўстралію я вырашыў наведаць свайго дваюраднага брата Міхаіла Мартаса, які жыў у Лёндане (Англія) і якога я ня бачыў шмат гадоў. Мы разам з ім правялі нашае юнацтва. Ён служыў у польскай арміі шмат гадоў і падчас польска-нямецкай вайны ў верасьні 1939 года эвакуяваўся разам з палякамі праз Румынію і Францыю ў Англію. Служыў у арміі генэрала Андэрса60. Ажаніўся з англічанкай і меў свой дом. Зьліставаўшыся з ім, на аэрапляне я выправіўся ў Лёндан ў назначаны дзень. Быў моцны вецер, і наш аэраплян падымаўся ў паветра з хістаньнем. Але наверсе было ціха і сонечна. На аэрадроме сустрэлі мяне архіепіскап Сава Саветаў, епіскап з Полыпчы, і архімандрыт Віталій, настаяцель рускага прыходу ў Лёндане. Архіепіскап Сава меў чын польскага генэрала па сваёй пасадзе вайсковага епіскапа. Архіепіскап запрасіў мяне ў госьці і на начлег. Архімандрыт Віталій на сваім аўтамабілі адвёз да сябе ў царкоўны дом і пачаставаў абедам. Тамсама я сустрэў свайго пляменьніка Аляксандра. На наступны дзень я гасьцяваў у брата. Архіепіскап Сава папрасіў мяне наведаць ягоную царкву і адслужыць акафіст. Ягонымі прыхаджанамі былі беларусы з арміі Андэрса. Да іх я зьвярнуўся з словам павучаньня.
Архіепіскап Сава і архімандрыт Віталій вазілі мяне і паказвалі горад, каралеўскі палац, парлямэнт, палац архіепіскапа Кентэрбэрыйскага і шмат іншых славутасьцяў. Усё гэта мне было цікава. На зваротным шляху я крыху прыхварэў, але пасьпяхова вярнуўся ў Гамбург.
Неўзабаве мяне выклікалі ў транзытны лягер у Дэльмэнгорст каля Брэмэна. Разьвітаўшыся з прыхаджанамі, з а. Закідальскім і ўзяўшы свае неабходныя рэчы, я паехаўу Дэльмэнгорст. Там пратрымалі мяне амаль месяц. Была нейкая інтрыга супраць мяне: хтосьці жадаў перашкодзіць мне з ад'ездам у Аўстралію. Быў адзін такі ў гэтым лягеры. Мяне вазілі з транспартам у лягер Аўрых каля мяжы з Даніяй, а адтуль зноўу Дэльмэнгорст. Мне дапамог Іван Яўсеенка, былы рэгент у Фішбэку, які выпраўляўся да сваіх бацькоўу Мэльбурн. Ён папрасіў аўстралійскага начальніка транспарту ўключыць мяне ў якасьці параходнага капэляна для праваслаўных. Той і зрабіў. Дзякуючы гэтаму 17 чэрвеня на параходзе "Скаўгум" я адплыў у Аўстралію. На нашым параходзе знаходзіліся дзьве тысячы пасажыраў-эмігрантаў
Пасьля 25-дзённага падарожжа прыплылі ў заходнюю Аўстралію. у порт Фрымантл каля горада Пэрт. Дзённы прыпынак мелі толькі ў Порт-Саідзе. Пасажыры, убачыўшы здалёк аўстралійскія берагі, моцна ўзрадаваліся і масава выйшлі на палубу паглядзець на іх. Штосьці думаў кожны. На прыстані каля парахода сустрэў мяне а. гераманах Афанасій Магілёў, якога я ведаў па лягеры Фішбэк. Ён выпрасіў для мяне ў адміністрацыі транзытнага лягера легкавы аўтамабіль з шафёрам, на ім ён і адвёз мяне ў гэты лягер, названы Нордзэм, былы амэрыканскі вайсковы лягер. Мне далі асобны пакой у бараку і дазволілі сталавацца разам з адміністрацыяй. Такім чынам мяне ўважылі.
У лягеры пратрымалі мяне нядоўта. Адтуль я езьдзіў праводзіць Набажэнствы ў г. Пэрт і служыў з а. Афанасіем у лягеры Нордзэм. Усе прыбылыя ДП, якіх назвалі "новыя аўстралійцы", праходзілі мэдыцынскую камісію. Тут прычапіліся да маіх лёгкіх і хацелі вярнуць мяне ў Нямеччыну. Параілі мне зьвярнуцца да галоўнага доктара камісіі. Я растлумачыў яму мэту свайго прыезду, і ён ахвотна пагадзіўся адпусьціць мяне з лягера ў Сіднэй. Па паходжаньні ён быў аўстрыйскі габрэй з Вены. 3 ім я гаварыў па-нямецку. Пасьля камісіі я атрымаў свае рэчы і білет на чыгунку і паехаў з лягера. Цягнік імчаўся тры дні цераз неаглядную пустыню. Вагоны былі спальныя, для чатырох пасажыраў. У нашым купэ ехалі тры "новыя аўстралійцы" і адзін "стары аўстраліец", які бесьперапынна піў піва і нас частаваў. У Адэлаідзе пераселі на іншы цягнік да Мэльбурна. Я разьвітаўся з сваімі спадарожнікамі. На вакзале сустрэў мяне сьвятар I. Зуземіль, знаёмец з Бэрліна і Якаўлевы, якія забралі мяне да сябе ў дом.
Епіскап Брысбэнскі
У Аўстралію прызначылі мяне на катэдру епіскапа Мэльбурнскага, але, пакуль я знаходзіўся ў марскім плаваньні на шляху ў Аўстралію, мяне перавялі на катэдру епіскапа Брысбэнскага. Пра гэта я даведаўся ад епіскапа Феадора, якога ўжо ўзьвялі ў сан архіепіскапа. У Мэльбурне я затрымаўся толькі праездам на некалькі дзён і правёў там Набажэнства ў англіканскім храме. У Мэльбурн толькі прыяжджалі на пасяленьне рускія, украінцы і беларусы з Германіі, але яшчэ не ўладкаваліся, таму не было і сваёй царквы. Усе здымалі сабе кватэры дзе-небудзь на ўскраінах горада. Пазьней, калі ўладкаваліся і разбагацелі, купілі ўчасткі і пабудавалі свае дамкі, невялікія, але з усімі выгодамі. Так было і ў Сіднэі, і ў Брысбэне, і ў Адэлаідзе, і ў іншых гарадах. У Сіднэі і ў Брысбэне жылі старажылы, рускія эмігранты з Сыбіры і цэнтральнай Расеі. Яны абжыліся за шмат гадоў, мелі свае дамы і пабудавалі цэрквы: у Сіднэі - Сьв.-Уладзімірскую, а ў Брысбэне - Сьв.-Мікалаеўскую. У гэтых двух гарадах служылі ў цэрквах старыя сьвятары: у Брысбэне - протаіерэй Валянцін Антоньеў, былы палкавы сьвятар у Сыбіры, у Сіднэі - архімандрыт Феадор (Будашкін), стары манах з манастыра Казанскай епархіі з чарамісаў. 3 гэтымі сьвятарамі ня ладзіўуладыка Феадор: ён скардзіўся на іх, а яны на яго. Гэта і зрабілася падставай прасіць Сынод прызначыць мяне ў Аўстралію. Ён палохаў іх маёй асобай, што я строгі і патрабавальны архірэй. Сам уладыка Феадор служыў і жыў па чарзе то ў Сіднэі. то ў Брысбэне, дзе ў абодвух гарадах былі кватэры пры храмах.
Архіепіскап Феадор сустрэў мяне радасна, хваліў і знаёміў з прыхаджанамі. Мы служылі з ім літургію ў Сьв.-Уладзімірскім храме. На наступным тыдні ён павёз мяне ў сталіцу Аўстраліі - Канбэру - для прадстаўленьня міністру іміграцыі Холту. У Аўстраліі ўрад не цікавіцца Царквой і яе жыцьцём - паводле прынцыпу: Царква аддзеленая ад дзяржавы, - таму мой і архіепіскапа візыт да міністра ня быў патрэбны, але ўладыка жадаў яго зрабіць. Міністар прыняў ветліва і нешта пытаўся. Уладыка дзякаваў яму за дапамогу ў справе майго прыезду ў Аўстралію. Перакладчыцай была мясцовая жыхарка Гунчанка. Яна ж пасьля прыёму ў міністра забрала нас у свой дом і пачаставала абедам. Там я захварэў на моцны прыпадак мігрэні і ня мог прысутнічаць за сталом. Гэтая хвароба адбылася ўпершыню і болып не паўтаралася. Прычыны таму я не знайшоў, але толькі мы селі ў цягнік, хвароба мая супакоілася.
Праз нейкі час прыбываньня ў Сіднэі архіепіскап Феадор павёз мяне цягніком у Брысбэн як епіскапа Брысбэнскага, але трымаў у сакрэце, баючыся, што ў Брысбэне мяне могуць не прыняць. Падставаў у яго, вядома, не было для гэтага. Ён думаў, што, калі да яго ставіліся недружалюбна прыхаджане там, то і да мяне таксама паставяцца. Але ад мяне гэта ён хаваў.
На вакзале ў Брысбэне сустрэў нас настаяцель протаіерэй Антоньеў. Я быў новы чалавек, а ўладыка Феадор ужо лічыўся там сваім і звыклым. Прыехалі ў царкоўны дом, вялікі і добра абстаўлены, які стаяў побач з царквой ў двары. Была субота, а ўвечары служылі ўсяночную. Храм напоўніўся прыхаджанамі. Цікавіліся, які новы архірэй прыехаў. Пасьля Набажэнства ўсе падыходзілі да мяне па блаславеньне. Архіепіскап заставаўся нібы ўбаку. На наступны дзень, у нядзелю, служылі літургію, а пасьля яе зрабіла чай сястрыцтва для архірэяў і прыхаджанаў. Вялікая заля была застаўленая сталамі, і сядзела грамада. Падчас чаю праз прамову з нагоды майго прыезду адбыўся канфлікт паміж а. Антоньевым і архіепіскапам. Грамада гэта заўважыла і заняла пазыцыю на абарону а. Антоньева. Гучна ніхто нічога не казаў, але пазьней я даведаўся пра гэта. Мне тэлефанавалі і прасілі перадаць архіепіскапу, каб папрасіў прабачэньня публічна перад а. Антоньевым. Я, вядома, не перадаваў гэтай просьбы. Архіепіскап прабыў некалькі дзён і паехаў у Сіднэй.
Пазнаёміўшыся з Брысбэнскай царкоўнай абстаноўкай, я ўзяўся за працу. Першай справай пачаў выдаваць царкоўны часопіс і назваў яго "Праваслаўны хрысьціянін". Выдаваў яго на рататары, які прывёз з сабой з Нямеччыны, штомесяц. Сам я пісаў артыкулы, набіраў іх на матрыцы і друкаваў на рататары, а потым рассылаў па прыходах, якія памнажаліся з прыездам былых ДП з Эўропы. На гэтую справу ішло два тыдні. Праводзіў я Набажэнствы ў кожную нядзелю і па чарзе з а. Антоньевым прапаведаваў. Ён чытаў свае казаньні па сшытку і пра зьмест даваў тлумачэньні на эвангельскую тэму. Мне падабаліся ягоныя казаньні. Я ж прамаўляў свае павучаньні экспромтам і закранаў разнастайныя пытаньні жыцьця, разглядаючы іх з эвангельскага пункту гледзішча. Па суботах я езьдзіў у бліжэйшы лягер і навучаў праваслаўных дзяцей Закону Божаму. Апрача таго, арганізаваў пры царкве ў Брысбэне царкоўную суботнюю школу, падзяліўшы вучняў на шэсьць клясаў. Навучальная справа пайшла добра. Клясы запоўніліся вучнямі. Падабраны былі дасьведчаныя выкладчыкі па ўсіх прадметах.
У нядзелі адзін раз на месяц увечары я зьбіраў дарослую моладзь на духоўныя размовы. Зьбіраліся і размовамі цікавіліся. Частку моладзі салідарысты зьвялі ў Рускі клюб, дзе іх забаўлялі танцамі. Наступіў Вялікі пост, і я прыпыніў свае размовы з моладзьдзю, а размаўляў з дарослымі прыхаджанамі. Гэтыя размовы праходзілі болып пасьпяхова і мнагалюдна. У правядзеньні размоваў з прыхаджанамі дапамагаў мне а. Антоньеў, які ўжо меў вялікі досьвед у гэтай справе з папярэдняй сваёй дзейнасьці.
Мае адносіны з а. Антоньевым устанавіліся добрыя і не было паміж намі ніякіх непаразуменьняў. Толькі ён прызвычаіўся быць самастойным у сваёй дзейнасьці цягам многіх гадоў і без нагляду епіскапа, таму прысутнасьць архірэя на месцы была яму ў цяжар, але сваёй незадаволенасьці не выказваў. Прыхаджане ставіліся да мяне таксама добра. 3 ініцыятывы а. Антоньева прыхаджане сабралі грошы і заказалі ў жаночым манастыры ў Іерусаліме мітру для мяне ў падарунак з нагоды майго 10-годзьдзя архірэйства (у сакавіку 1952 года). А. Антоньеў ад імя прыхаджанаў падарыў мне гэтую мітру пад-час аднаго з Набажэнстваў у сьвяточны дзень у прысутнасьці прыхаджанаў. Я падзякаваў за ўвагу і любоў. Гэтая мітра была доказам таго, што прыхаджане ацанілі маю дзейнасьць і маё служэньне.
Пасьля гэтага я вырашыў абнавіць іканастас у сваім катэдральным саборы. У ім знаходзіліся абразы прымітыўнай працы, і некаторыя былі зусім кепскія. Я заказаў іканапісцу Савіцкаму, які прыбыў з Шанхая і які напісаў новыя абразы ў ніжні ярус іканастаса, а прыхаджане сваімі ахвяраваньнямі іх аплацілі. Чамусьці а. Антоньеў быў незадаволены гэтым і спрабаваў угаварыць Савіцкага адмовіцца ад пісаньня абразоў. Посьпеху ня меў. Антоньеў супакоіўся і пазьней задаволіўся. Напісаныя новыя абразы і цяпер аздабляюць гэты храм. Ужо тых ахвяравальнікаў няма - памерлі, а іх месца займаюць новыя, якія прыехалі з Харбіна ў 1960-я гады як новыя эмігранты.
3 Брысбэнскім англіканскім архіепіскапам у мяне наладзіліся добрыя стасункі. Ён наведваў наш храм, часам прысутнічаў на нашых Набажэнствах і запрасіў мяне наведаць яго духоўную сэмінарыю. Мяне сустракалі па цырымоніі епіскапаў Англіканскай Царквы з сьпевамі хору сэмінарыстаў, з духавенствам ў адзеньні і прамовай рэктара, а таксама з кароткім Набажэнствам. На мяне ўсе гэта зрабіла вялікае ўражаньне.
У мяне тады гасьцяваў мой прыяцель англіканскі сьвятар а. В. Лек. які быў у Брытанскай зоне Германіі прадстаўніком Кентэрбэрыйскага архіепіскапа Фішера і які шмат дапамагаў нашаму духавенству Дзякуючы яму я хутка авалодаў ангельскай мовай.
У царкоўным доме пры саборы я жыў на самоце. Прысутнасьць а. Лека разнастаіла маё жыцьцё. 3 ім мы наведвалі горад і знаёміліся з яго славутасьцямі. На жаль, ён доўга ня быў і зьехаў у Інданэзію. Я застаўся зноў адзін у доме. Маю самоту скарысталі нядобрасумленныя людзі і пачалі распаўсюджваць плёткі з мэтай падарваць мой аўтарытэт і пашкодзіць маёй дзейнасьці. Пісьменьнік М. Горкі ў творы "У людзях" выказаўся пра такіх людзей такімі словамі: "Расея па-ранейшаму пакутуе на сваю хранічную хваробу - лішак нягоднікаў". Такія знайшліся і ў Брысбэне сярод рускіх.
Апрача катэдральнага Сьв.-Мікалаеўскага сабора ў Брысбэне быў адкрыты другі прыход для незадаволеных протаіерэем а. Антоньевым. Адзін стары падараваў свой дом прыходу, і ў ім зрабілі прыгожую дамавую царкву. Я часта служыўу гэтай царкве. Настаяцелем яе быў сьвятар Н. Усьпенскі, якога я прызначыў і які быў пад маім кіраўніцтвам у лягеры Фішбэк (Германія). У Брысбэне ён жыў з сваёй сям'ёй. Быў ён добры знаўца царкоўных сьпеваў.
Епіскап Мэльбурнскі
Маё служэньне набліжалася да завяршэньня. Архіепіскап Феадор задумаў перавесьці мяне ў Мэльбурн, пра што мне і паведаміў. Але ён хутка захварэў і ня зьдзейсьніў свайго намеру. Нагодай для майго перамяшчэньня ў Мэльбурн была тая акалічнасьць, што там арганізавалася невялікая група прыхаджанаў, якая адкрыта выступіла супраць мясцовага настаяцеля сьвятара I. Зуземіля, абвінаваціўшы яго ў розных праступках. Архіепіскап камандзіраваў мяне дасьледаваць абвінавачваньні супраць а. Зуземіля. Туды я езьдзіў і служыўу царкве. распытаўся ўсіх абвінаваўцаў, але ніхто зь іх ня мог даказаць віны а. Зуземіля. Увесь пісьмовы матэрыял пра допыты і абвінавачваньні я перадаў архіепіскапу, а ён склікаў епархіяльную раду і даручыў вынесьці пастанову супраць а. Зуземіля. Епархіяльная рада не змагла асудзіць а. Зуземіля, але прапанавала архіепіскапу тры рэзалюцыі для зацьвярджэньня на яго выбар. Архіепіскап раззлаваўся на членаў епархіяльнай рады і абазваў іх "дурнямі". У склад епархіяльнай рады ўваходзілі шанаваныя протаіерэі і епіскап Афанасій як старшыня замест архіепіскапа. Пасьля гэтага ўладыка архіепіскап сур'ёзна захварэў і тры месяцы знаходзіўся ў шпіталі. Кіраваньне епархіяй часова перадалі мне, але кантралявалі, баючыся, што я магу што-небудзь зрабіць яму кепскае. У Мэльбурне ворагі сьвятара Зуземіля замоўклі. але прасілі мяне перасяліцца ў Мэльбурн і заняць пасаду настаяцеля царквы. Зуземіль у гэты час атрымаў у сваё веданьне цудоўны англіканскі храм і зрабіў у ім вялікую царкву з іканастасам.
Перад Вялікаднём 1953 года архіепіскап Феадор выйшаў з шпіталя і прапанаваў мне перасяліцца ў Мэльбурн. У адносінах да мяне заняў непрыхільную пазыцыю. У Мэльбурне прызначыў протаіерэя Т. Кірычука, настаяцеля другога прыходу з незадаволеных а. Зуземілем. дабрачынным і праз яго меў зносіны са мною. Я пасяліўся ў Мэльбурне і праводзіў Набажэнствы па чарзе: адну нядзелю ў царкве сьвятара Зуземіля, а наступную нядзелю ў храме а. Кірычука. У першага ў храме было шмат вернікаў, у другога - толькі дзесяткі два. Зуземіль з сваіх царкоўных сум аплачваў мне кватэру і даваў грошы на ўтрыманьне. Другі нічога не плаціў мне. Фактычна я харчаваўся пераважна на свае асабістыя грошы. А ўвогуле маё становішча было даволі нядобрае. Прыхаджане ставіліся да мяне з павагай і любоўю, ня ведаючы нашых узаемінаў духавенства. Ім ніхто гэтага не даводзіў. Затое ў Мэльбурне я жыў спакойна і без усялякіх інтрыг. Муж і жонка Фрэзе купілі сабе дом і запрасілі мяне перасяліцца да іх. Нейкі час я думаў, але пасьля іх настойлівых просьбаў пагадзіўся. Яны ставіліся да мяне вельмі клапатліва, як да роднага, блізкага. У іх доме мне было добра. Абое яны працавалі і ўвесь дзень адсутнічалі. Я ж заставаўся нібы гаспадаром. У кастрычніку 1953 года ў Нью Ёрку адбыўся Сабор Епіскапаў Рускай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы. 3 прычыны свайго хваравітага стану архіепіскап Феадор на Сабор не паляцеў аэраплянам, бо баяўся, а параходу на той час у Нью Ёрк не было. Не паслаў і мяне туды замест сябе. Аднак напісаў рапарт з просьбай перавесьці мяне з Аўстраліі і прызначыць на маё месца іншага епіскапа. Ён мусіў прывесьці нейкія важкія аргумэнты супраць мяне, бо архірэі пастанавілі перавесьці мяне з Аўстраліі, а на маё месца прызначыць протаіерэя Раеўскага з пастрыжэньнем яго ў манаства, настаяцеля прыходу ў Маямі ў Фларыдзе (ЯТТТА). Аднак якія б ні былі тыя аргумэнты, яны былі паклёпніцкія і зьневажальныя. Архірэі павінны былі спачатку правесьці дасьледаваньне па сутнасьці прыведзеных аргумэнтаў супраць мяне, запытаўшыся і мяне адносна іх, а потым выносіць сваю пастанову. Але нічога такога не зрабілі, што сьведчыць пра легкадумнасьць архірэяў Сабору. Фактычна мой лёс знаходзіўся ў руках аднаго архіепіскапа Феадора. Ён вырашаў, пісаў свае вырашэньні ў Сынод, і Сынод іх зацьвярджаў без усялякай праверкі на грунтоўнасьць. Так было з пераменай майго месцажыхарства ў Аўстраліі: у Аўстралію я прыбыў на епіскапства ў Мэльбурн, а ў Аўстраліі архіепіскап Феадор спачатку прызначыў мяне ў Брысбэн, а пазьней зноў у Мэльбурн, а цяпер зусім пераводзіў мяне з Аўстраліі. Такога зьдзеку з архірэя ніколі не было ў Рускай Праваслаўнай Царкве. Вінаваты быў у гэтым і мітрапаліт Анастасій, як першагерарх і старшыня Сыноду і Сабору Епіскапаў, што дапусьціў такую практыку, а дакладней, самавольства епіскапа над іншым епіскапам.
Я даведаўся пра свой перавод толькі тады, калі завяршыўся Сабор епіскапаў і Сынод даслаў мне праз пошту ўказ пра гэта. Атрымаўшы яго, я быў моцна расхваляваны нечаканасьцю свайго звальненьня і пераводу з Аўстраліі. Шчыра я шкадаваў, што паслухаўся калісьці запрашэньня і пакінуў Гамбург. Аднак лічыў паводле сваёй веры, што такая была воля Ўсявышняга.
Загадкавай была для мяне асоба майго начальніка архіепіскапа Феадора, якога раней я мала ведаў па характары і настроі. У Аўстраліі я лепш яго зразумеў і вывучыў. Найперш ён вылучаўся сумніўнасьцю і гістэрычнасьцю, а таксама раўнівасьцю і падазронасьцю да іншых. Псыхічна ён быў неўраўнаважаны і часта мяняўся ў настроі. Выдумаў сабе, што я жадаю яму сьмерці, каб заняць ягонае месца. Протадьюкану Грышаеву аднойчы ён з гневам сказаў: "Ня ўбачыць ён маёй епархіі як сваіх вушэй без люстэрка". Тычылася гэта мяне. Відавочна. гэтыя асаблівасьці ягонага характару і зрабілі яго маім ворагам.
|