Адбыліся вышэйшыя форумы гіерархаў праваслаўнай і каталіцкай цэркваў Беларусі

3 чэрвеня адбыліся пасяджэнне  Сіноду Беларускай Праваслаўнай Царквы  і  пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі (ККББ).

Абодва форумы, як праваслаўны, так і каталіцкі, мелі незвычайныя, у параўнанні з аналагічнымі пасяджэннямі папярэдніх гадоў,  рысы і вынікі.

Як паведамляе афіцыйны каталіцкі партал catholic.by, у  выніку выбараў на пасяджэнні ККББ гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч страціў пасаду Старшыні, якую займаў шмат гадоў. Замест яго Старшынёй ККББ абраны мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Віцэ-старшынёй прызначаны біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральным сакратаром — дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч вядомы сваёй больш прапольскай арыентацыяй, у параўнанні з іншымі біскупамі.

На пасяджэнні праваслаўнага Сіноду БПЦ незвычайнай была прысутнасць побач з дзеючым Экзархам усея Беларусі мітрапалітам Паўлам таксама і Ганаровага Экзарха  мітрапаліта Філарэта, які знаходзіцца за штатам. Хаця рашэнне Сіноду РПЦ прадугледжвала магчымасць такой прысутнасці, на практыцы гэта дагэтуль не выконвалася. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што ўдзельная вага мітрапаліта Філарэта ў кіраўніцтве БПЦ  апошні час значна вырасла. Як бачна, адбываюцца спробы вяртання мітрапаліта Філарэта на палітычную арэну БПЦ з мэтай змяніць расклад сілаў у кіраўніцтве.

Рубрыка: