105-ыя ўгодкі з дня нараджэння беларускай паэткі Ларысы Геніюш адзначылі ў Зельве

105-ыя ўгодкі з дня нараджэння беларускай паэткі Ларысы Геніюш адзначылі ў Зельве. У мясцовай Свята-Троіцкай царкве адбылася памінальнае набажэнства, якое  традыцыйна  праводзяць у памяць пра паэтку.

Як паведамляе сайт Гродненскай епархіі БПЦ, набажэнства адбывалася на беларускай мове.

У сваім звароце да прысутных настаяцель храма протаіерэй Георгій Субаткоўскі звярнуў увагу на тое, што беларуская паэтка знаходзіла сілы і сродкі падтрымліваць прыход і абараняць святароў. Так, за ўласныя сродкі ёю было зроблена асвятленне царквы. І тое, што сёння меладычна і малітоўна набажэнства гучыць на беларускай мове, якую яна любіла ўсім сэрцам, пацвярджае, што справа ўсяго жыцця была не дарэмна.

Пасля паніхіды каля помніка Ларысе Антонаўне, які ўсталяваны на тэрыторыі царквы па благаславенні Высокапрыасвяшчэннейшага Філарэта, мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі, адбыўся літаратурны вечар, выступілі паэты і барды. Пасля мерапрыемства жадаючыя змаглі наведаць музей прыхода, большасць матэрыялаў якога датычацца жыцця і дзейнасці Ларысы Антонаўны.

З Зэльвы паведамляе карэспандэнтка Радыё Рацыя Яна Запольская:

– Каля бюста Ларысы Геніюш, які знаходзіцца непасрэдна пры царкве, вядомы беларускі літаратар, даследчык творчасці паэткі Міхась Скобла прэзентаваў новую кнігу пад назвай “Духу магутныя чары…”, якая гэтымі днямі выйшла ў выдавецтве “Лімарыюс”. Гэтая кніга сабрала шматлікія архіўныя матэрыялы, якія яшчэ захоўваюцца нават у дамах некаторых мясцовых жыхароў. Таксама выступіла вядомая беларуская гарадзенская паэтка Данута Бічэль, яка распавяла свае ўспаміны пра Ларысу Геніюш, пра той дом, у які яна сюды прыязджала, дзе нашая паэтка жыла разам з мужам Янкам Геніюшам. На мерапрыемстве прысутнічала даволі шмат людзей. Тут прадстаўлены Гародня, Ліда, Слонім, Мастоўшчына, Дзятлаўшчына, шмат мясцовых жыхароў, на жаль, з Менску прыехала нешматлікая група. Варта, напэўна, адзначыць, што на заклік мясцовых актывістаў прыехаць у Зэльву прэтэндэнтаў кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, ніхто з іх не з’явіўся.

Потым прысутныя  паехалі і ўсклалі кветкі на магілу Ларысы і Янкі Геніюшаў на мясцовых зэльвенскіх могілках. Завяршалася ўрачыстасць, як паведамляе Радыё Рацыя, больш працяглым канцэртам у мясцовасці Беражкі непадалёк Зэльвенскага вадасховішча.

Фота Уладзіміра Хільмановіча (Радыё Рацыя)

Ларыса Антонаўна Геніюш, у дзявоцтве Міклашэвіч (1910 - 1983) - беларуская паэтка, празаік, грамадскі дзеяч. Скончыла Ваўкавыскую беларускую гімназію (1928). Выйшла замуж за Янку Геніюша і ў 1937 годзе пераехала ў Прагу, дзе ён вучыўся, а потым працаваў урачом. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР (1939), быў арыштаваны бацька Ларысы Геніюш. Неўзабаве, па кароткім зняволенні ў гродзенскай турме, яго расстралялі. Маці Ларысы Геніюш і двух яе сясцёр выслалі ў Казахстан. У 1937—1947 гадах жыла ў Празе. Наладзіла сувязі з беларускай эміграцыяй, удзельнічала ў рабоце ўраду БНР на эміграцыі. У сакавіку 1943 года стала Генеральным сакратаром ураду і займалася захаваннем і ўпарадкаваннем архіва БНР. Апекавала беларускіх эмігрантаў, палітычных уцекачоў, беларускіх работнікаў і ваеннапалонных у Германіі. З 1945 года савецкія ўлады дамагаліся экстрадыцыі Геніюшаў, ставячы ім у віну «антысавецкую нацыяналістычную дзейнасць» падчас вайны. У 1948 годзе  іх перадалі савецкім уладам. Утрымліваліся ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1948 года ў турме ў Мінску, дзе Ларысу Геніюш дапытваў міністр Дзяржбяспекі БССР Л. Цанава, які беспаспяхова патрабаваў ад яе перадаць архівы БНР. У лютым 1949 года Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Ларысу Геніюш да 25 гадоў зняволення ў лагерах. Да такога ж тэрміну быў прыгавораны Я. Геніюш. Пакаранне адбывала ў лагерах Інты і Абедзе (Комі АССР) і ў Мардоўскай АССР. У 1956 годзе разам з мужам часткова рэабілітавана, тэрмін пакарання зменшаны да 8 гадоў, якія ўжо прайшлі з моманту прысуду. Пасля вызвалення пасяліліся на радзіме мужа ў Зэльве. Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславакіі. Дом Геніюшаў у Зэльве стаў прыцягальным асяродкам для творчай моладзі Беларусі. Нягледзячы на нагляд КДБ, частымі гасцямі ў Зельве бывалі паэты і пісьменнікі, мастакі, навукоўцы.

Конфессии: 
Страны: 
Рубрыка: