Прысьвячэньне

Faci quod potui,
faciant meliora potentas...

Гэтую сьціплую працу прысьвячаю пяцідзесятым угодкам свайго пастырскага служэньня ў манаскім сане і 75-годзьдзю свайго жыцьця...

Да такога веку я змог дажыць па Волі Божай, хоць шмат разоў стаяў вочы ў вочы перад сьмерцю. Але Хрыстос Выратавальнік захаваў мяне і паставіў на пастырскае, а пазьней і архіпастырскае служэньне ў Сьвятой Ягонай Царкве. I гэты абавязак служэньня нясу ўжо палову стагодзьдзя і буду несьці яго да таго моманту, пакуль Усемагуты не пакліча мяне да жыцьця вечнага.

На маю долю выпалі важныя царкоўныя ды палітычныя падзеі ва ўсім сьвеце, якія моцна ўскладнілі маё служэньне Царкве. Народжаны і ахрышчаны ў лоне Расейскай Праваслаўнай Царквы царскіх часоў, духоўна я ўсё ж узрастаў у матчыных абдымках Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Полыпчы[1], дзе прыняў манаства і атрымаў ласку быць высьвечаным. У сан епіскапа мяне ўзьвялі і хіратанізавалі ў цяжкі ваенны час у роднай маёй Беларусі, дзе стваралася Беларуская Праваслаўная Царква як самастойная царкоўная адзінка, незалежная ні ад Масквы, ні ад Варшавы, ні ад Бэрліна. Так было на радзіме, але на эміграцыі цягам 35-ці гадоў Бог судзіў мне праходзіць архіпастырскае служэньне ў юрысдыкцыі Расейскай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы[2]. Усе згаданыя Цэрквы былі для мяне як бы марскімі маякамі, што асьвятлялі шлях майго плаваньня па бурапенных хвалях жыцьцёвага мора. Яны не сталіся мэтаю маёй духоўнай кар'еры дзеля зямнога дабрабыту.

Нейкая ліхая сіла перасьледавала мяне на ўсіх этапах майго жыцьця і дзейнасьці. Асабліва гэта моцна і трагічна выявілася ў апошнія дзесяцігодзьдзі майго архіпастырскага служэньня на чужыне. Разважаючы пра гэты пэрыяд майго пастырства, мне думаецца, не зграшу калі прывяду як параўнаньне словы сьв. апостала Паўла: "Беды ад паганцаў, - якімі былі слугі багаборчых сілаў; беды ад ілжэбраціі, -якая апранала мантыю маіх судзьдзяў". У такіх выпадках я маліўся і чэрпаў сілы ў словах Хрыста: "Шчасьлівыя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць, і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне" (Ев. Мацьв. 5, 11).

Нейкую фатальную ролю адыгралі ў маім жыцьці і архіпастырскім служэньні на эміграцыі тры гарады, тры сучасныя Вавілоны: Буэнас Айрэс, Сіднэй і Нью Ёрк. Паводле графічнай сымболікі яны ўтвараюць кабалістычную форму трохкутніка вяршыняй уніз. Гэтыя гарады пакінулі глыбокі сьлед у маім жыцьці на старасьці гадоў.

На змрочным фоне перажытага ўспамінаецца мне маладосьць. сьветлая і радасная, якая праімчала хутка і непрыкметна. Захавалася ў памяці служэньне Царкве ў сане гераманаха і архімандрыта. Гэтыя гады былі шчасьлівай часінай у маім жыцьці. Сёньня ўспамінаю пра іх зь вялікай тугою і зь нейкай асаблівай шчымлівасьцю, што перапаўняе сэрца. Гэты стан маёй душы найлепш перадаюць радкі Цютчава:

Нет дня, чтобы душа не ныла,

Не йзнывала б о былом.

Йскала слов й не находйла,

Й сохла, сохла с каждым днём.

Усё перажытае, зь мінулага і сёньняшняга, падштурхнула мяне напісаць гэтыя радкі і апублікаваць іх для сяброў, якія, магчыма, яшчэ жывуць у Буэнас-Айрэсе, Сіднэі, у Паўночнай Амэрыцы і на маёй паняволенай Бацькаўшчыне.

Успаміны друкую ў абмежаванай колькасьці экзэмпляраў. 3 гэтай прычыны карыстаюся не друкарскімі, а фатаграфічна-капіравальнымі прыладамі.

Аўтар

Страны: