17. На спачынку (1970-1971)

Вяртаючыся з ЗША ў Аўстралію, я затрымаўся са сваімі спадарожнікамі ў Ганалулу на тры дні з мэтай агледзець славутасьці гэтага вядомага вострава і горада. Пры дапамозе турыстычнага аўтобуса гэта было нескладана. Паведамілі ў Сіднэй сабаранам пра нашае вяртаньне.

У Сіднэі на аэрадроме, нягледзячы на раньні час, прыбылі мяне сустракаць болып як сотня прыхаджанаў катэдральнага сабора. Былі, вядома, і супраціўнікі ў ролі гледачоў. Стаялі здалёк. Прыхаджане падыходзілі да мяне, прасілі бласлаўленьня, спачувалі, але мала што разумелі пра сутнасьць справы. Муж і жонка Букасевы забралі мяне ў свой аўтамабіль і адвезьлі ў свой багаты дом ня толькі ў госьці, а пакінулі на пастаяннае жыхарства, атуліўшы клопатам і ўвагай.

На аўстралійскую архірэйскую катэдру часова прызначылі хворага архіепіскапа Саву. Многія зьдзіўляліся мудрасьці Архірэйскага Сыноду, які здаровага архірэя выправіў на спачынак, а хворага прызначыў кіраваць епархіяй. Але гэта было часова. Неўзабаве на ягонае месца прызначылі вікарнага епіскапа Феадосія.

Пры звальненьні мяне на спачынак дазволілі мне члены Сыноду правесьці толькі адну літургію і разьвітацца з прыхаджанамі. Замест сабора епіскап Феадосій дазволіў мне служыць у прыходзкай Сьв.-Мікалаеўскай царкве ў прадмесьці Бэнкстаўне, дзе настаяцельстваваў архімандрыт Веніямін, мною прызначаны.

Несправядліва і неразумна ставіліся да мяне кіруючыя архірэі: мітрапаліт і епіскап Феадосій. Як, напрыклад, памёр настаяцель катэдральнага сабора протаіерэй А. Гільчэнка, епархіяльны архірэй епіскап Феадосій не прыслаў сьвятара і сам не прыехаў адпяваць яго ў саборы, у якім памерлы служыў. Не было каму яго адпяваць і праводзіць на могілкі. Я прасіў іх дазволу адпяваць яго, але мне не дазволілі адпяваць у саборы. Я мусіў адпяваць яго ў англіканскім храме на гарадзкіх могілках. Мне саслужылі не епархіальныя сьвятары: архімандрыт Веніямін і мітрафорны протаіерэй Феадор Міхалюк. былы сакратар епархіяльнага праўленьня пры архіепіскапе Феадоры (памёр 5.5.1955). Усе прыхаджане сабора былі абураныя адносінамі ўладык да памерлага.

Пасьля скону а. Гільчанкі прыхаджане катэдральнага сабора засталіся без сьвятара. Епіскап Феадор не прызначыў новага настаяцеля, якога сабаране маглі б прыняць з радасьцю і любоўю. Па маёй парадзе яны зьбіраліся ва ўсе нядзельныя і сьвяточныя дні ў саборы. слухалі сьпевы хору богаслужбовых сьпеваў і чытаньне часоў, Апостала і Эвангельля. Такая практыка была вымушаная, але ў жаночых манастырах, дзе не было сьвятара, манашкі маліліся без сьвятароў У старой Русі так бывала і ў мужчынскіх манастырах - без сьвятароў Нягледзячы на гэтае сумнае становішча, сабор быў запоўнены вернікамі. Я сам зьдзіўляўся адданасьці сабаранаў. 3 імі я часта маліўся.

Надышлі велікодныя дні. Сьвятара не было. Мне не дазваляў служыць епархіяльный архірэй. Вернікі запаўнялі сабор на ўсе Набажэнствы ў гэтыя сьвятыя дні. Дванаццаць эвангельляў у вялікі чацьвер чытаў цывільны вернік, таксама па-цывільнаму выносілі сьв. Плашчаніцу. Трагічна чакалі надыходу вялікай суботы і велікоднай ночы. Мне шкада было да сьлёз няшчасных прыхаджанаў сабора без сьвятара. Я вырашыў сам зрабіць ім радасьць Вялікадня сваім нечаканым служэньнем у саборы, прыступіў да сьвятых дзеяньняў на сваю асабістую рызыку. О, як жа радасна прынялі мой выступ у сьвятую Ноч! 3 якім радасным пачуцьцём яны сьпявалі ў час крыжовага ходу і адказвалі на мае велікодныя прывітаньні: "Хрыстосуваскрэс!" Мне здавалася, сьцены сабора радаваліся разам з вернікамі ў гэтую сьв. Велікодную Ноч. Архірэйскі Сынод не адважыўся выкарыстаць санкцыі да мяне за гэтае маё велікоднае Набажэнства.

У свой свабодны час я пісаў даклады ўсім епіскапам Зарубежнай Царквы пра памылкі Сыноду і несправядлівае стаўленьне да мяне. Такіх дакладаў я напісаў некалькі і разаслаў іх па адрасах. Ніхто мне не адказаў на іх - баяліся. Але мне важна было, каб ведалі пра гэта. Тады я пераканаўся, што нашы архірэі заклапочаныя толькі сваімі епархіямі і самімі сабою. Да іншых ім справы няма. Выяўляўся ў нейкай ступені эгаізм, а таксама адсутнасьць братэрскай любові і спачуваньня да іншых. Аднак я нікога не асуджаў і нічога ад іх не жадаў. але маліўся: "Збаў мяне, Божа, ад паклёпаў чалавечых і хай не пануе ўсялякае беззаконьне".

Хоць я знаходзіўся на спачынку, але спакою мне не давалі. Мае супраціўнікі працягвалі паклёпнічаць на мяне адкрыта, асабліва з нагоды апублікаванай мною брашуркі пра ўмовы майго жыцьця і дзейнасьць у Аўстраліі. У ёй я апісаў усе нягоды, якія мне выпалі, калі я быў на аўстралійскай архірэйскай катэдры. Гэта не спадабалася маім ворагам. Прыдзіраўся да мяне таксама епіскап Феадосій, які патрабаваў ад мяне, слухаючы маіх ворагаў, выяўленьня нейкай ляяльнасьці да Архірэйскага Сыноду ў пісьмовай форме і апублікаваньня ў салідарысцкай рускай газэце ў Мэльбурне "Едйненйе". Ён апраўдваўся тым, што яму загадаў мітрапаліт Філарэт запатрабаваць ад мяне гэтую ляяльнасьць. Ад мяне патрабаваць ляяльнасьці да Архірэйскага Сыноду і, відавочна, Рускай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы, хто праслужыў гэтаму Сыноду і Царкве вераю і праўдаю 25 гадоў, было формай зьдзеку нада мною, старым архірэем і па гадах і па сане! Маліўся словамі Псалмапеўца: "Збаў мяне, Божа, ад прыгнёту чалавечага і ад чалавека хлусьлівага і несправядлівага".

Па-ранейшаму я знаходзіў сабе суцяшэньне сярод прыхаджанаў катэдральнага сабора, з якімі вёў духоўныя размовы ў прысаборнай залі ў нядзельныя дні ўвечары. Размовы былі на тэмы багаслоўскія і рэлігійна-асьветныя. Душэўна я адпачываўудоме Букасевых, дзе мне было добра і ўтульна, а таксама гасьцінна.

Знаходзячыся на спачынку, я атрымліваў шмат лістоў ад старых сяброў з розных краінаў, нават з Савецкага Саюза, і ад сваёй паствы з Аргентыны. Усім адказваў і ўсім распавядаў пра сваё жыцьцё. У Савецкім Саюзе сьвятарствавалі мае ўнівэрсытэцкія калегі і многія мае інтэрнацкія багаслоўскага факультэта ў Варшаве студэнты. Лёс іх раскідаў па вялізнай тэрыторыі гэтай краіны, як і нас на эміграцыі. "Адтуль" пісалі асьцярожна і коратка, баючыся цэнзуры і нагляду дзяржаўных арганаў. Пісалі мне праз сваіх знаёмых у ЗПІА ці проста на адрас краіны, дзе я жыў, без пазначэньня горада і вуліцы, а на канвэрце пісалі толькі па-руску: "Архіепіскап Афанасій". Ліст даходзіў і пошта прыносіла мне.

3 ЗША і Канады, з Германіі і Францыі, з Паўднёвай Амэрыкі мне пісалі сябры, выказвалі сваё спачуваньне з нагоды майго звальненьня на спачынак.

Ніжэй мне падалося патрэбным і важным прывесьці вытрымкі з лістоў маіх сяброў, каб паказаць, як і ў якой ступені кожны з іх успрыняў і перажыў Сынадальны акт аб маім звальненьні на спачынак. Не называю прозьвішчаў, бо гэта не патрэбна.

"Ваш прымусовы сыход на спачынак нас моцна ўсхваляваў той несправядлівасьцю, якую выявіў у адносінах да Вас Сынод Зарубежнай Царквы..."

"Дарагі Ўладыка! Сабраўся аднесьці ліст на пошту, але перажываючы ўсё, што адбылося з Вамі, ня спаў усю ноч, абдумваючы, і прыйшоў да высновы, што Ваша звальненьне - вынік інтрыг супраць Вас..."

"Ваша Велясьвятарнасьць, шаноўны і дарагі Ўладыка! Мы зьбянтэжаны ня толькі самім фактам звальненьня Вас на спачынак, выдатнага Герарха, без Вашай просьбы, але таксама і яго сапраўднымі прычынамі, хоць і старанна прыхаванымі. Калі мы ўспомнім, што яшчэ нядаўна Вас бяз Вашай волі перавялі з Аргентыны ў Аўстралію, то атрымліваецца яскравая карціна злоснай і няшчырай інтрыгі. Не хацелася дасюль верыць, што ў асяродку герархаў нашай Зарубежнай Царквы ёсьць асобы, якія асабістыя зацікаўленьні кар'ернага характару паставілі вышэй за інтарэсы сьв. Царквы..."

"Нават мітрапаліт і Сынод нам нічога не адказваюць на нашы просьбы і патрабаваньні вярнуць Вас да нас у Аргентыну. Асобы. што сядзяць у Сынодзе, ня маюць Бога ў сэрцы сваім, чыняць поўнае самавольства і беззаконьне. Тое, што зрабілі з Вамі архірэі, гэта злачынства..."

"Мы зьбянтэжаны несправядлівасьцю, выяўленай у адносінах да Вашай Велясьвятарнасьці. Мы вельмі хвалюемся, бязьмежна спачуваем. Гэтая падступная гульня, вядома, была прадуманая і распрацаваная загадзя. Яны ведалі, што адразу ўзяць і прыбраць Вас з Аргентыны - выкліча буру пратэстаў, а таму перавялі Вас у Аўстралію, ведаючы, што за кароткі час там Вы не пасьпееце набыць шмат сяброў. Але такую подлую ролю адыграў аўстралійскі Сава! Ён прасіў менавіта Вас туды прызначыць і, калі прызначылі. паступіў так жахліва. Вас прыбралі з дарогі. Усё ўзятае разам вельмі і вельмі прыкрае. Чалавек, калі ня верыць і не паважае князёў Царквы, можа дайсьці да атэізму ўвогуле..."

"Рашэньне Сыноду, якое выключыла архіепіскапа Афанасія з ліку кіруючых епіскапаў Рускай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы, мы, ніжэй падпісаныя, лічым несправядлівым і жорсткім, незразумелым многім сотням праваслаўных вернікаў ня толькі Аргентынскай і Аўстралійскай епархій, але і ўсёй Замежнай Царквы" (прашэньне аргентынскай паствы).

"А Аргентынскай епархіі не спакойна - хваляваньні. Мітрапаліт і Сынод страцілі прэстыж. Становішча ствараецца складанае..."

"Нечаканая вестка, што Сынод звольніў Вас у заштат, як гром з яснага неба, узрушыла і ўсхвалявала ў Буэнас-Айрэсе ўсіх нас. Адважыцца на выдаленьне такога заслужанага Архіпастыра, як Вы. Ваша Велясьвятарнасьць, калі паўсюль адчуваецца востры недахоп ня толькі ў энэргічным і адукаваным духавенстве, але і нават у звычайных сьвятарах, могуць толькі тыя, што ставяць свае зацікаўленьні, асабістыя і групавыя, вышэй за ўсё, нават за Царкву..."

"Ваша Велясьвятарнасьць, Дарагі Уладыка! Прыкрае ўсё тое. што адбьшося і адбываецца ў Аўстраліі. Нам збоку разабрацца ва ўсім гэтым не магчыма. Усёй душой спачуваю Вам. Ведаю толькі адзінае, што ўладыка Сава сам запатрабаваў Вас неадкладна ў Аўстралію як адзінага чалавека, які можа выратаваць епархію. Я ж прызвычаіўся бачыць у Вашай асобе на Саборах пачатак разумнасьці і законнасьці. У многія пытаньні, абмеркаваныя на Архірэйскіх Саборах, Вы ўносілі парадак і яснасьць. Вы разважалі заўсёды спакойна і пераканальна, перамагаючы супраціўнікаў лёгікай і веданьнем канонаў. I вось цяпер пасыпалася на Вас столькі бедаў і непрыемнасьцяў. Не магу нікога асуджаць, бо ад таго, што адбываецца ў Вас, я далёкі... Дапамажы Вам Гасподзь, Дарагі Ўладыка, перанесьці мужна ўсе выпрабаваньні і нягоды. Разумею, як шмат Вы зрабілі ў Аргентыне, але Вашы ворагі там разам з архіепіскапам Лявонціем зрабілі Вашае вяртаньне туды немагчымым. Мне сорамна за ўладыку Лявонція, якога Вы на Саборах заўсёды падтрымлівалі і абаранялі..." (Адзіны архірэй гэта напісаў мне.)

"Па сваім асабістым маленькім вопыце ведаю, як цяжка, невыносна цяжка, перанесьці паклёпы і несправядлівасьць, да таго ж ад сваіх братоў. Вядома, мой вопыт не параўнаны з цяжкімі выпрабаваньнямі, якія Вам выпалі. Аднак я магу сказаць, што Вы перанесьлі ўсе нягоды з хрысьціянскім гонарам і пакорай, што паслужыць для многіх прыкладам. Сустракаючыся з Вамі на Саборах у Нью Ёрку, па Вашых паводзінах я бачыў, што Вы ўсім даравалі і ня маеце да іх варожых пачуцьцяў, а толькі з шчымлівасьцю прыгадваеце мінулае. Думаю, што забыцца, выкрасьліць з памяці крыўды і напрасьліны вельмі складана. Але калі Вы здолелі так мужна вытрываць тое, што адбылося, то я ўпэўнены, што і ўспамін хутка страціць сваю вастрыню..."

"Вельмі падступна Вас падманулі. I зрабілі гэта архірэі, ахоўнікі праўды і справядлівасьці. Бог бачыць праўду, ды ня хутка скажа..."

"Агітацыя супраць уладыкі Афанасія пачалася за некалькі тыдняў да яго прыбыцьця ў Аўстралію. У Сіднэі гэтая акцыя была даручана протаіерэю Расьціславу Гану, які тэлефанаваў аднаму вядомаму грамадзкаму дзеячу з просьбай дапамагчы арганізаваць сход пратэсту супраць прызначэньня ў Аўстралію архіепіскапа Афанасія. У Сіднэі гэты пачатак ня меў вялікага посьпеху, але грамадзкі сход у Мэльбурне 2 лістапада 1969 года ў памяшканьні школы пры Пакроўскім храме (катэдральным) быў удалы. Сход вынес рэзалюцыю на імя мітрапаліта Філарэта з настойлівай просьбай адмяніць прызначэньне архіепіскапа Афанасія ў Аўстралію. Гэты сход адлюстраваны ў паклёпніцкім артыкуле № 44 газэты "Едйненйе" ад 7-га лістапада, г. зн. тады, калі архіепіскап Афанасій быў яшчэ за трыдзевяць зямель ад Аўстраліі" (з часопіса).

"Архіепіскап Афанасій прыбывае ў Аўстралію 9 сьнежня 1969 года з цяжкім адчуваньнем. Унутраны голас падказвае яму. што на новай ніве рыхтуецца для яго нешта нядобрае... Ззаду варожа настроены Сынод, сьпераду двое варожых архірэяў, былых сапернікаў, а цяпер аднадумцаў, а за імі злосны ашалелы ад сьляпой нянавісьці люд, разьюшаны царкоўнай грамадзкасьцю". агітацыяй, як "жйдове йзлйха вопйяху - распнй Его!" ( з друку).

"Калі архіепіскап Афанасій быў у Аўстраліі, на яго сыпаліся як з рогудастатку зьневажаньні, даносы, правакацыі і ўсё ўласьцівае гандлярам цёмных спраў. Распаўсюджваліся лістоўкі ў цэрквах, на цьвінтарах царкоўных, на сходах; дасьшаліся па пошце, а зьмест лістовак - як вышэй сказана..." (з друку).

"Пастаўлены перад неабходнасьцю выбраць паміж верай у праўду або верай у хлусьню, асьлеплены непрыязнасьцю да архіепіскапа Афанасія, Сынод прыняў ва ўвагу хлусьню..." (з друку).

Прыведзеныя цытаты з прыватных лістоў і часопісных артыкулаў сьведчаць пра тое становішча, у якім я знаходзіўся ў той час, і пра тое. што думалі цывільныя вернікі і духавенства. Пра гэта я выдаў асобную брашуру.