У Менску:  14:36     Панядзелак, 8-га Верасьня, 2008 по-русски | in english   
НАВІГАЦЫЯ  
  Галоўная старонка 
  Гасьцявая кніга 
  Форум 
  Пра сайт 
  Пошук па сайце 

НАВІНЫ  
  Усе навіны 
  Навіны Беларусі 
  Навіны замежжа 

МАТЭРЫЯЛЫ  
  Артыкулы 
  Каментарыі 
  Афіцыйнае 
  Казань 
  Інтэрвію 
  Асобы 
  Бібліятэка 
  Усе 
  Паводле папулярнасці 

НА ФОРУМЕ  


Православный Байнет
Беларуская Праваслаўная Царква
Портал Православный Дом - общение и знакомства. Форум, чат, православная библиотека.
Рыма-каталіцкі Касцёл на Беларусі
Православный сайт КЕЛИЯ






абмеркаваць (0 каментароў)

На ніве Хрыстовай
Архіепіскап Апанас (Мартас)

назад змест далей

Архімандрыт

Пры атрыманьні ўзнагародаў у мяне здараліся непаразуменьні. Я іх не жадаў і лічыў, што сьвятар павінен выконваць свае пастырскія абавязкі па сумленьні і без узнагародаў. Духоўна абслугоўваючы сваю паству, а таксама стоячы ў царкве перад сьв. прастолам, яны служаць Богу і ад Бога атрымоўваюць узнагароду. Калі імпэратар Мікалай I устанавіў узнагароду для духавенства, мітрапаліт Маскоўскі Філарэт заплакаў і сказаў: "Няшчасьце для Царквы!" У старажытнасьці духавенства служыла без узнагародаў.

Калі мітрапаліт Дыянісій узнагародзіў мяне санам ігумена, я ўхіліўся ад узьвядзеньня ў гэты сан. Паводле маіх перакананьняў, ігуменства не ўзнагарода, а пасада ў манастыры. Ігумен - настаяцель у манастыры. Я ж ня быў настаяцелем манастыра. Аднак маю ўпартасьць зламаў епіскап Сава словамі, сказанымі ў алтары Варшаўскага катэдральнага сабора ў прысутнасьці духавенства: "Не жадаеце ігуменства, а жадаеце архімандрыцтва?" Гэта было непрыемна, і каб так ня думалі, я прыняў сан ігумена. Той жа епіскап у наступную нядзелю узьвёў мяне ў ігуменства.

Да свайго сану гераманаха я прывык і палюбіў яго. Я не хацеў зь ім разьвітвацца. У гэты час узнагароды раздавалі духавенству направа і налева лёгка, часта без асаблівых заслугаў. Стары протасьвятар Варшаўскага катэдральнага сабора аднойчы зазначыўуголас "Цяпер стала сорамна атрымліваць узнагароды". Узнагароджаных мітрамі было шмат, і станавілася ўсё болып. Гэтую высокую ўзнагароду абясцэнілі.

Мяне не цікавіў сан архімандрыта. Я і не хацеў яго прымаць, калі мітрапаліт у 1938 годзе узнагародзіў мяне гэтым санам. Мяне пераканаў прыняць яго епіскап Сіман, якога я любіў. Мітрапаліт даведаўся пра маю ўпартасьць, але ведаў і яе прычыну, а прычына гэтая была па віне самога мітрапаліта.

Знаходзячыся на ўнівэрсытэцкай службе, я меў тры з паловай месяцы летніх вакацый. Я праводзіў іх часткова ў Яблочынскім манастыры, а ў жніўні адпачываў у Карпатах, звычайна ў Варохце. Горнае паветра было неабходнае для майго здароўя.

У Карпатах застала мяне польская ваенная мабілізацыя. Хутка рыхтаваліся да вайны з немцамі. На гарадзкіх курортах пачалася паніка - усе сьпяшаліся вярнуцца дадому. За дзьве гадзіны да адпраўленьня цягніка я з цяжкасьцю атрымаў месца ў вагоне, пасьля мяне гэта было ўжо немагчыма. У вагон набілася грамада, стаялі ў праходах, нават у прыбіральнях.

У Варшаву я не хацеў вяртацца, бо ведаў, што ў час вайны там будзе дрэнна. Паехаў у Пачаеўскую Лаўру, ціхі прытулак у буру. Па дарозе з Варохты меў перасадку ў Львове на другі цягнік. На вакзале гучала баявая музыка, якая падбадзёрвала палякаў. На душы было трывожна.

У сьв. Лаўры было ціха і спакойна. Манастыр жыў сваім жыцьцём: малітвай і пастом. Брація праводзіла шмат часу на Набажэнствах у царкве. Пасьля дарогі я акунуўся ў гэтае жыцьцё. Пасьля людзкой марнасьці яно здавалася мне нябесным, жыватворным. Магчыма. яно такое і было.

Намесьнікам Лаўры быў архімандрыт Панцеляймон, пра якога я прыгадаю пазьней. Мы зь ім калегі па ўнівэрсытэце ў Варшаве. Ён узрадаваўся майму прыезду. Разьмясьціў мяне ў пакоі Архірэйскага дома. Ён быў пусты, без гасьцей. У вялізным доме мне было неяк не па сабе. Заняўся перапісваньнем сваёй дысэртацыі на друкарцы. Наведваў Набажэнствы. Абедаўў брацкай трапэзнай. Стравы строга манастырскія і посныя. Нялёгка было прызвычаіцца да іх.

Нямецка-польская вайна пачалася 1 верасьня 1939 года. Нямецкая авіяцыя і нямецкія танкі пачалі ваенныя дзеяньні без абвяшчэньня вайны. За дзесяць дзён польская армія была разьбітая і немцы займалі краіну. Варшава абаранялася даўжэй, з той прычыны моцна пацярпела ад бамбардзіровак. Па радыё перадавалі трывожныя весткі. Родныя, чые мужы і браты пайшлі на вайну, плакалі. Са сьлязьмі на вачах прасілі выратаваньня перад цудадзейным абразам Божай Маці Пачаеўскай. Народная вера ў дапамогу Царыцы Нябеснай была моцнай. Гэтая вера мяне натхняла.

Нямецкія аэрапляны зьявіліся і над Пачаевам, а горад Крамянец яны бамбардзіравалі аднойчы ў кірмашовы дзень, калі народ зьехаўся на кірмаш. У гэтым ціхім горадзе знайшлі сабе прытулак амбасадары Францыі і Англіі, якія ўцяклі на сваіх аўтамабілях з Варшавы. Але нямецкія аэрапляны выгналі іх з горада. Яны выехалі да румынскай мяжы. Увогуле, гэтыя варожыя аэрапляны былі гаспадарамі становішча і запаланілі ўсю Полыпчу, абстрэльвалі цягнікі і калёны бежанцаў.

На Валынь прыбылі польскія бежанцы з Заходняй Полыпчы. У Крамянцы і Пачаеве іх было шмат. Людзі галадалі і мерзьлі, калі пачыналіся халады. Асабліва цяжка было тым, што мелі малых дзяцей. Не спадзяваліся, што іх усходні сусед - Савецкі Саюз - ударыць па Полыпчы і акупуе яе ўсходнія раёны: Галіцыю, Валынь, Палесьсе іўсю Заходнюю Беларусь. Гэта здарьшася 17 верасьня, калі тав. Мо-латаў абвясьціў па радыё з Масквы, што "пераможная чырвоная ар-мія вызваляе братоў украінцаў і беларусаў ад прыгнёту польскіх па-ноў і ксяндзоў".

У вёсках знаходзілася па-савецку настроеная моладзь. Для сустрэ-чы чырвонай арміі яна рабіла аркі з зеляніны ў канцы вёсак. Калі я праяжджаў з Пачаева ў Крамянец, то па дарозе я сустракаў гэтыя аркі. Убачыўшы савецкую ўладу на ўласныя вочы, гэтая моладзь хутка вы-лечвалася ад "чырвонай" хваробы і ў такой самай ступені пачынала "хварэць" на ўкраінскі нацыяналізм. Так было і ў Заходняй Беларусі.

Хутка пасьля прыходу чырвонай арміі на тэрыторыю Полыпчы адбыўся прыродны цуд, які прадказваў народную бяду, як зразумелі тое. У цёплую восеньскую паравіну ў верасьні-месяцы выпаў надзвы-чай вялікі сьнег і ўдарыў моцны мароз. На дарогах утварыўся гала-лёд, перакульваліся вайсковыя машыны, маладыя дрэўцы ламаліся пад цяжарам сьнегу і лістоты. Сьнег і мароз пратрымаліся некалькі дзён, пакуль не растала.

Мяне асабіста цікавіла рэлігійнасьць чырвонаармейцаў. Калісьці я чытаў у эмігранцкай прэсе, што нібыта маршал Тухачэўскі28 пат-рабаваў спыніць антырэлігійную прапаганду сярод вайскоўцаў, бо сярод іх ёсьць 70 % вернікаў. Я шукаў гэтых вернікаў. Магчымасьць была. Невялікімі групамі чырвонаармейцы пад кіраўніцтвам палітру-коў прыходзілі ва Ўсьпенскі сабор Лаўры, каб агледзець яго, убачыць яго прыгажосьць і веліч. Вернікі заходзілі ціха, а бязбожнікі грукалі жалезнымі цьвікамі ў падэшвах і азіраліся. Былі і такія, што непрык-метна аддзяляліся ад сваёй групы і совалі ў руку багамольцам са сло-вамі "памаліцеся". Падавалі пры гэтым запіску з імёнамі. 70 % верні-каў я не знайшоў, але 5 % было.

Лаўру наведвалі чыны НКУС, рабілі вобшукі, шукалі зброю, радыё. лазілі па вышках манастырскіх карпусоў і цягалі за сабой намесьніка архімандрыта Панцеляймона. Гэта стварала трывожную атмасфэру і няўпэўненасьць у заўтрашнім дні. Брація Лаўры хвалявалася.

Прыяжджалі таксама палітрукі-агітатары, якія склікалі братоў на галерэю перад саборам і тлумачылі дасягненьні савецкай улады, пе-равагу сталінскай канстытуцыі і іншае. Старыя манахі не хадзілі слу-хаць. Я бываў на гэтых сходах і слухаў. Падчас іх з манахамі пра-водзілі такія прыёмы. Палітрук задае манахам пытаньне, ці задаволеныя яны прыходам савецкай улады. Першыя шэрагі сьць-вярджальна ківаюць галовамі. "Пляскайце ў далоні!" - камандуе па-літрук. Манахі пляскаюць, а іх здымаюць на кінаплёнку. Прымушалі іх падымаць рукі за савецкую ўладу і ўсё гэта фатаграфавалі. У Са-вецкім Саюзе паказвалі ў кіно, як пачаеўскія манахі стаяць гарой за савецкую ўладу, а ў сапраўднасьці гэта быў гвалт над беднымі, запалоханымі людзьмі.

Лаўра мела вялікія сады. Плады яшчэ не сабралі. Савецкая ўлада выдала распараджэньне, якое забараняла браціі Лаўры зьбіраць садавіну са свайго саду. Я паехаў з архімандрытам Веніямінам да вайсковага камісара ў Крамянец прасіць дазволу сабраць садавіну. Там мы пайшлі ў будынак былога польскага павятовага ўпраўленьня, дзе разьмяшчаўся камісар. Пасьля дакладаў ён прыняў нас, але ў нашай просьбе рашуча адмовіў і заявіў, што сады - народнае дабро і што без згоды народа ён ня можа даць дазволу. Пры гэтым ён згадаў вайну 1920 года, калі ваявалі палякі з балыпавікамі, што ў Пачаеўскай Лаўры ў той час стаялі польскія войскі і абстрэльвалі балыпавікоў Мы ведалі ад старых манахаў пра гэты выпадак. Мы растлумачылі яму. што польскіх салдатаў у Лаўры тады не было, а па манастыры стралялі з гарматаў савецкія войскі. "Расказвайце мне казкі", — сказаў той і спыніў з намі размову. Мы выйшлі расчараваныя. Патруль ля ўваходу запытаўся ў нас "У Лаўры быў манахам мой дзядзька, ці жывы ён?" Пры гэтым назваў ягонае імя. Мы сказалі, што памёр. Ён агледзеўся вакол і дадаў: "Памаліцеся за мяне".

Па справе манастырскіх садоў і маёмасьці прыехаўу Пачаеў палітрук і склікаў сход сялян у мястэчку. Было гэта позьняй восеньню, хутка цямнела. На сходзе было няшмат людзей. 3 цікаўнасьці туды пайшоў і я. Палітрук гаварыў доўга і многа. У сваёй прамове ён закрануў і манастыры: "Манахі - дармаеды і шкоднікі. У Савецкім Саюзе іх не бяруць праз гэта на службу". Раптам з натоўпу сялян голас "Гэта вашы свае дармаеды і шкоднікі, а вы на манахаў звальваеце?" Грамада ўздрыгнула і пакрысе пачала разыходзіцца. Палітрук гэта заўважыў і крыкнуў: "Падніміце рукі, хто за канфіскацыю ў манастыра маёмасьці і зямлі?" Голас з натоўпу: "Мы маем сваю зямлю і манастырскай нам ня трэба". Грамада разышлася ў цемры вечару. На наступны дзень у павятовым упраўленьні, ці сельсавеце, зьявілася паведамленьне: "Агульнай аднагалоснай пастановай жыхароў Пачаева ў манастыра канфіскуюцца ўсе землі і сады". Народ у гэтым не ўдзельнічаў. Жыхары Пачаева абураліся.

Брація Лаўры была кранутая паводзінамі жыхароў Пачаева - падтрымкай манастыра. Архімандрыт Панцеляймон, намесьнік Лаўры. параіўся з архімандрытам Веніямінам і са мной і вырашыў падзякаваць пачаеўцам за гэта. У нядзельныя дні ўвечары прыходзілі многія ў царкву на акафіст Божай Маці, які служылі перад Яе цудадзейным Пачаеўскім абразам. Напрыканцы акафісту і малебну архімандрыт Панцеляймон узышоў на амбон і прамовіў прыблізна такія словы: "Браты і сёстры! 3 гэтага сьвятога месца, дзе перад намі зьзяе сьв. абраз Божай Маці, прыношу вам ад свайго імя і ад імя браціі Лаўры глыбокую падзяку за маральную падтрымку ў гэтью складаныя дні". Пры гэтым ён зрабіў зямны паклон да народу. У царкве пачалося галашэньне. Грамада плакала, плакала брація, плакаў таксама і я. Цяжка было тады на душы ва ўсіх. Простыя кароткія словы, а выклікалі ўсеагульнае галашэньне.

Урачыстая ўсяночная на сьвята Пакроваў Божай Маці. Я стаяў на левым клірасе, глядзеў на цудадзейны абраз, маліўся да Божай Маці і плакаў. Пасьля ўсяночнай я зайшоў да духоўніка Лаўры а. Касьсяна. Афонскага манаха, за духоўным суцяшэньнем. Расказаўяму пра свой настрой. Гляджу, замест суцяшэньня — ён сам плача. На наступны дзень ён таемна пакінуў Лаўру і выехаўу Вільню. Казалі пазьней, што ён праз Літву і Германію выехаў на Афон у Грэцыю.

Маё знаходжаньне ў Лаўры было небясьпечным. Я вырашыў прабірацца ў Варшаву, дзе засталіся мая кватэра і рэчы. Трэба было пераходзіць таемна савецка-нямецкую мяжу цераз раку Буг. Я меў на ўвазе - каля Яблочынскага манастыра, дзе мяне ведалі многія жыхары. На ўсялякі выпадак я ўзяў пропуск з сельсавета ў Пачаеве ў гэты манастыр. У дарозе ён мне спатрэбіўся.

Разьвітаўшыся з архімандрытамі Панцеляймонам і Веніямінам. памаліўшыся ля сьв. Абраза Божай Маці і каля мошчаў сьв. вялебнага Іова Пачаеўскага, я рушыў у дарогу. На разьвітаньне падараваў а. Веніяміну свой фатаграфічны апарат і залатыя рублі, якія не хацеў мець пры сабе. 3 Пачаева ехаў аўтобусам, набітым пачаеўскімі габрэямі, а з Крамянца ў Брэст - на цягніку. Начаваў у Ковелі на вакзале з вялікай грамадой бежанцаў-палякаў з малымі дзецьмі. Усюды -у Пачаеве, Крамянцы, Брэсьце - я нагледзеўся на дзёрзкія паводзіны маладых ізраэлітаў. Яны трымалі сябе нахабна, з выклікам. Раптоўна перамянілася гэтае племя ў горшы бок пры балыпавіках. У Польшчы яны такімі не былі. Дзе маглі, імкнуліся ўзяць уладу ў свае рукі.

У мястэчку Збуніне і ў Дубіцы мяне арыштавалі, але пропуск з Пачаева ўратаваў. У прызначаны час, позьнім цёмным восеньскім вечарам, мяне перавезьлі на лодцы паненкі з Дубіцы, манастырскія пеўчыя, якія мяне добра ведалі. Страшна было на рацэ. Думалася: а вось заўважаць савецкія памежнікі, высьветляць месца ракетамі і абстраляюць. Маліўся Богу. Да супрацьлеглага берага прычалілі ўдала. Я выйшаў з лодкі, а дзьве паненкі, што мяне перавозілі, вярнуліся ў мястэчка. Страшная і рызыкоўная пераправа прайшла пасьпяхова. Гасподзь захаваў ад напасьці.

У сяле Навасёлкі я пераначаваў у манастырскага дыякана, дзе яго матушка высушыла маё мокрае адзеньне. На наступны дзень зранку з а. дыяканам я прыйшоў у манастыр. У манастыры стаяла нямецкая памежная варта. Дзяжурны немецпатруль ля брамы манастыра прывітаў нас. Я ў манастыры - як дома. Радасьць і ўдзячнасьць Богу. Настаяцель манастыра, яго намесьнік і брація — мае сябры. Але яны ня ведалі, адкуль я прыйшоў. Я баяўся немцаў і пасьпяшаўся выехаць у Варшаву. Чыгуначная станцыя знаходзілася прыблізна за 20 кілямэтраў ад манастыра, і мне давялося ехаць туды на нанятай падводзе. Да вайны манастырская станцыя знаходзілася за ракой Бугам, але цяпер там былі балыпавікі.

Былая прыгажуня Варшава зрабіла на мяне шчымлівае ўражаньне: многія будынкі разбураныя, некаторыя бяз дахаў і вокнаў, трамваяў, рамізьнікаў і таксовак няма. Тратуары запоўненыя пешаходамі. 3 вакзала я ішоў пешшу, а валізку аддаў везьці на вазку жыдкам. Яны зьніклі ў натоўпе з маёй валізкай. Я застаўся бяз рэчаў. Крыўдна было - усю дарогу яе вёз, а абакралі амаль дома.

Дом мітрапаліта і катэдральны сабор стаялі некранутыя. Сустрэў сяброў, знаёмцаў. Расказвалі мне, што падчас баёў яны сядзелі ў пячорнай царкве пад саборам без вады і ежы. Мая кватэра ў інтэрнаце была занятая пацярпелымі ад вайны. Я зайшоў да мітрапаліта. Ён прыняў мяне з радасьцю, па-бацькоўску і прапанаваў мне пасяліцца ў мітрапалітным доме, што я ахвотна скарыстаў. На абеды ён клікаў мяне да сябе. У гэты час я быў беспрацоўным архімандрытам. Маё ранейшае становішча пры інтэрнаце страцілася. Унівэрсытэт закрылі, а частка яго была спаленая. Немцы не дазвалялі палякам адчыняць школы. 3 харчаваньнем стала складана.

Арышт мітрапаліта

Неўзабаве пасьля майго прыезду ў Варшаву, гэта было ў палове лістапада 1939 года, нямецкае гестапа (ваенная жандармэрыя) выклікала мітрапаліта на допыты. Падставай для гэтага сталі даносы на яго з боку рускіх арганізацый, незадаволеных ім і ягонай дзейнасьцю як кіраўніка Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы ў Польшчы. Адной з такіх арганізацый было "Таварыства прыхільнікаў праваслаўя", пасьпешліва арганізаванае і ўзначаленае прафэсарам багаслоўскага факультэта, якога мітрапаліт выпісаў з Баўгарыі і ўладкаваў на прафэсарскую катэдру. Пра гэта расказаў мне сам гэты прафэсар, за што я пакрыўдзіўся на яго і перастаў быць ягоным знаёмцам, хоць ён і быў маім прафэсарам. Чалавечай подласьці я не цярпеў. Рускі эмігранцкі асяродак у Варшаве дзейнічаў супраць мітрапаліта Дыянісія і жадаў бачыць сваім мітрапалітам Серафіма Бэрлінскага і Германскага, немца, які належаў да Рускай Зарубежнай царквы. Пры дапамозе нямецкага гестапа таварыства спадзявалася дасягнуць сваёй мэты. Немцы шукалі і іншыя падставы. Пасьля працяглых допытаў мітрапаліта Дыянісія пасадзілі пад хатні арышт у ягонай кватэры, а келейніка Ігара, студэнта-багаслова, прызначылі яго целаахоўнікам і вартаўніком. Гэты пастараўся выслужыцца перад немцамі і строга трымаў свайго мітрапаліта. Пасьля гэты студэнт быў высьвечаны ў сьвятара мітрапалітам Бэрлінскім Серафімам, і мне расказваў, што ён так ненавідзеў мітрапаліта Дыянісія, што мог застрэліць яго ўласнай рукой. А гэты ж мітрапаліт шмат дапамагаў яму матэрыяльна і лічыў яго верным слугой. Як лёгка можна памыліцца ў людзях. Герэй Ігар трапіў ў ЗПІА і служыў у Амэрыканскай мітраполіі.

Гестапа, пасадзіўшы мітрапаліта Дыянісія пад хатні арышт, паставіла ўмову: адрачыся ад мітрапаліцкай катэдры ў Варшаве ці трапіць у канцэнтрацыйны лягер у Дахаў. Дахаў - самы пакутніцкі лягер. Мала хто выходзіў жывым адтуль. Мітрапаліт вырашыў адмовіцца ад сваёй Мітраполіі і перадаць яе мітрапаліту Серафіму (Лядэ). За гэта немцы дазволілі яму пасяліцца на сваім летніку ў Атвоцку як прыватнай асобе. Сваю адмову ён напісаў і перадаў у гестапа.

Нібыта мітрапаліт Серафім гэтага і чакаў. Ня ведаў мітрапаліт Дыянісій, калі з любоўю прымаў свайго саперніка ў Варшаве ў верасьні месяцы і падараваўяму каштоўную Панагію. Рускі эмігранцкі асяродак цешыўся з сваёй перамогі - дамагліся свайго.

Немцы вызвалілі мітрапаліта Дыянісія з-пад арышту і загадалі яму неадкладна выехаць у Атвоцк (горад за 30 кілямэтраў ад Варшавы). Келейнік яго Ігар некуды зьбег.

Ад'езд мітрапаліта Дыянісія адбыўся ў кранальнай атмасфэры. У суправаджэньні іпадыяканаў у рызах ён увайшоў у пячорную царкву катэдральнага сабора бяз славы і мантыі і накіраваўся ў алтар. Там маліўся нейкі час. Мітрапаліцкі хор сьпяваў ірмасы Вялікай суботы: "Хваляю марскою" сьпявалі ціха і ўрачыста. Мітрапаліт выйшаў з алтара і пачаў бласлаўляць тых, што падыходзілі да яго па бласлаўленьне. Многія плакалі. У царкве сабралася некалькі дзесяткаў прыхаджанаў, харысты і духавенства. Пасьля гэтага мітрапаліт ціха выйшаў з царквы ў суправаджэньні іпадыяканаў. Сеў у свой аўтамабіль, і яго верны шафёр-паляк павёз яго ў Атвоцк. Усе адчулі сябе сіротамі.

У хуткім часе пасьля ад'езду мітрапаліта Дыянісія гестапа арыштавала яго сакратара С. П. Юдэнку і кіраўніка справамі Сіноду Ю. Г. Рашчыцкага. Абодвух павезьлі ў канцлягер у Дахаў, дзе яны і загінулі. Сакратар духоўнай кансысторыі схаваўся ўЯблочынскім манастыры. Адсюль ён перайшоў нелегальна мяжу на савецкі бок і пасяліўся ў сваіх сяброў у Крамянцы. Зь ім разам быў памочнік мітрапаліта па катэдры пастырскага багаслоўя ва ўнівэрсытэце. Апошні вярнуўся у Варшаву пасьля заканчэньня вайны і займаў пасаду ў камуністычным міністэрстве па веравызнаўчых справах. Зручна прыстасаваўся.

Мітрапаліт Серафім доўга не прыяжджаў у Варшаву, каб узначаліць Мітраполію пасьля мітрапаліта Дыянісія. Царкоўнае жыцьцё працякала па заведзеным парадку. Я заставаўся без прызначэньня і службы. Жыў на свае сродкі ў сяброў на кватэры. Мяне, бяздомнага. прытуліў архімандрыт Філафей, ключнік катэдральнага сабора.

Перад сьвятам Нараджэньня Хрыстова прыехалі ў Варшаву з Яблочынскага манастыра архімандрыты Мітрафан і Мсьціслаў - абодва мае сябры. Яны запрасілі мяне пераехаць на жыхарства ў гэтае сьвятое месца. 3 радасьцю я прыняў запрашэньне і зь імі разам выехаў з Варшавы. Мне было добра там. Манахі, штодзённыя Набажэнствы, інтэлігентны асяродак: епіскап Цімафей, памянёныя архімандрыты, паэт Вадзімаў-Лісоўскі і іншыя. У манастыры электрычнасьці не было. Свае кельлі асьвятлялі лямпадамі і сьвечкамі. Доўтімі вечарамі зьбіраліся ў кельлі епіскапа Цімафея і там бавілі час. Калі-некалі гулялі ў прэфэранс. Вучылі мяне, але з гэтага нічога не атрымалася. Удзень выходзілі па калена ў сьнезе пілаваць дровы каля манастыра для кухні і кельляў. Мароз быў моцны. Я застудзіўся і захварэў. Хварэў таксама і сакратар Варшаўскай духоўнай кансысторыі Р. А. Кікец. Дактароў не было, так і ляжалі ў ложках. Ежа манастырская бедная. посная. Нягледзячы на гэта, я адчуваў сябе шчасьлівым.

У манастыры стаяла нямецкая памежная варта. Пры пераходзе мяжы па рацэ Бугу лавілі габрэяў, прыводзілі іх у свой участак, рабілі вобшукі і некуды выпраўлялі. Маладых габрэек гвалцілі. Брація баялася немцаў, хоць тыя не чапалі.

У сакавіку новага 1940 годая атрымаўліст ад благачыннага з Грубешава протаіерэй Рыгора Міцюка, пасьля вайны быў высьвечаны ў епіскапа ў Канадзе для Украінскай Царквы і быў абраны яе мітрапалітам. Тады ён яшчэ быў сьціплым бацюшкам. У лісьце паведамлялася, што мітрапаліт Серафім у Варшаве прызначыў мяне настаяцелем прыходу ў Туркавічах. Гэтае нечаканае прызначэньне ўсьцешыла мяне. Не марудзячы, я сабраўся і паехаў з манастыра. Туркавічы добра ведаў, там я служыў у 1932 годзе, пра што ўжо пісаў раней.

3 цяжкасьцю, праз бездарожжа, я дабраўся да ўлюбёных маіх Туркавічаў. Мае былыя прыхаджане сустрэлі мяне са зьдзіўленьнем і радасьцю ад нечаканасьці. Мая царква на могілках і званіца былі разбураныя палякамі ў чэрвені 1938 года. Нашы Набажэнствы ўжо праводзіліся ў старажытнай царкве на тэрыторыі былога Туркавіцкага манастыра. Тамсама, у манастыры, і знаходзілася мая кватэра ў былым прычтавым доме. Я застаў ужо пяць нашых манашак на чале з ігуменьняй Магдалінай. Яны пачыналі арганізоўваць жаночы манастыр, але манастырскія карпусы былі занятыя каталіцкімі польскімі манашкамі і іхнім дзіцячым прытулкам для хлопчыкаў і дзяўчатаў. Яны злосна пазіралі на нас, але маўчалі. Мы іх не чапалі.

У Туркавічах я ўзяўся за працу па ўзнаўленьні нашага манастыра. Пачатак быў пакладзены манашкамі і ігуменьняй. Зь ёй разам мы атрымалі ад нямецкага павятовага начальніка надзел зямлі пад манастырскі агарод, які ўзаралі і пасадзілі гародніну і бульбу. Манашкі завялі гаспадарку. Наш манастыр станавіўся на ногі. Свае царкоўныя даходы я аддаваў на карысьць манастыра. На пачатку вясны прыбылі новыя манашкі. У нашым манастыры ўжо жылі 12 манашак. Туркавічане былі задаволеныя і дапамагалі нам.

Вядомасьць нашага манастыра распаўсюдзілася ў навакольлі і нават дайшла да Бэрліна. У наш манастыр немцы прыслалі некалькі дзесяткаў бежанцаўгалічанаў з савецкай зоны. Іх уладкавалі ў корпусе польскіх манашак. Бежанцы доўга не затрымаліся і разьехаліся.

Пасьля ад'езду бежанцаў немцы прыслалі ў наш манастыр вялікую групу габрэяў, якіх разьмясьцілі ў былым Народным доме. Іх ганялі на цяжкія мэліярацыйныя працы па ўрэгуляваньні рэчышча ракі Гачвы. Гэта былі ахвяры нямецкай палітыкі ў адносінах да габрэяў. Праз месяц іх пагналі кудысьці.

Без "гасьцей" наш манастыр не заставаўся. Пасьля габрэяў прыехалі да нас украінцы і зрабілі летнік для моладзі. Яны жылі ў палатках. Паводзілі сябе дастаткова добра і нам прыемна было зь імі. Польскія манашкі іх баяліся. Штодзённа яны сьпявалі ўранку і ўвечары свой гімн, у якім былі словы: "Ляхам смерть! — Смерть жыдивсько-московський комуни" і іншыя. У нядзельныя дні я служыў для іх у сваёй царкве раніцай абедні і хор іх моладзі сьпяваў. Да нашых манашак ставіліся паважна і добра. Зь імі сябравалі. Яны запрашалі нас вечарамі на свае "ватры" (вогнішчы) і прадстаўленьні. Зь іхняй дапамогай я паставіў вялікі крыж на плошчы, дзе стаяў разбураны палякамі манастырскі сабор. Крыж пастаўлены ў цэнтры манастыра.

Холмскія царкоўна-грамадскія дзеячы запрасілі ў мітрапаліта Дыянісія яшчэ да яго арышту акт на вылучэньне Холмшчыны ў самастойную епархію, якой яна была да Першай сусьветнай вайны. Часовым кіраўніком яе мітрапаліт прызначыў старэйшага сьвятара протасьвятара I. Ляўчука. Мітрапаліт Серафім, уступіўшы ў кіраваньне Варшаўскай Мітраполіяй, не прызнаў самастойнасьці Холмскай епархіі і наведаў яе прыходы: Холм і Грубешаў. Яго сустракалі ўрачыста, як епіскапа, а як мітрапаліта для Холмшчыны не прызналі. Тым часам царкоўныя дзеячы выставілі кандыдатуру архімандрыта Афанасія на пасаду епіскапа для Холмшчыны. Мітрапаліт Серафім адмовіўся садзейнічаць у гэтай важнай справе, матывуючы тым, што архімандрыт Афанасій не ўкраінец і прапаноўваў свайго кандыдата — ігумена Аляксандра Лоўчага, які служыў у Германіі. Халмшакі не прынялі гэтай кандыдатуры, пасьля чаго пытаньне пра хіратанію епіскапа для Холмшчыны павісла ў паветры.

Ініцыятыву ўзначальваньня Холмскай епархіі ўзялі ў свае рукі ўкраінскія палітычныя дзеячы ў Холме і Кракаве, якія абралі епіскапам прафэсара Івана Агіенку. Гэтую кандыдатуру падтрымаў Грубешаўскі дабрачынны протаіерэй Г. Міцюк і некаторыя ўкраінскія сьвятары Холмшчыны. Для папулярнасьці Агіенку запрашалі ў Холм і Грубешаў, дзе ён чытаў свае лекцыі народу. Гэты кандыдат быў шырока вядомы як украінскі патрыёт і "самостійнік", у мінулым міністар Украінскай рэспублікі29 ў 1919 годзе. Сярод украінцаў ён меў папулярнасьць. Царкоўнасьцю не вылучаўся.

3 мітрапалітам Серафімам украінскія дзеячы не ўзгаднялі кандыдатуры прафэсара Агіенкі. Яны ўвайшлі ў кантакт з вышэйшымі нямецкімі ўладамі, патрабавалі ад іх вяртаньня з высылкі мітрапаліта Дыянісія і адлучэньня мітрапаліта Серафіма. Нямецкае кіраўніцтва разьвязвала вайну з балыпавікамі і задаволіла патрабаваньне ўкраінцаў, спадзеючыся на іхнюю дапамогу ў час вайны. У верасьні 1940 года мітрапаліт Дыянісій быў вернуты на сваю катэдру, а мітрапаліту Серафіму загадалі неадкладна пакінуць Варшаву. Атрымалася так. што ўкраінцы выручылі мітрапаліта Дыянісія з высылкі ў той час, як рускія яго туды загналі даносамі і хлусьнёй. У знак удзячнасьці ўкраінцам, што выратавалі яго, мітрапаліт Дыянісій высьвеціў у епіскапа прафэсара Агіенку і другога ўкраінца - архімандрыта Паладзія Відыбіду-Рудэнку. Для Варшавы сабе ў вікарыі ён хацеў высьвеціць у епіскапа архімандрыта Афанасія, але той рашуча адмовіўся ад гэтага.

Прафэсара Агіенку пасьпешліва пастрыглі ў манахі з імем Іларыён ўЯблочынскім манастыры, высьвецілі ў герадыякана і гераманаха з узьвядзеньнем у сан архімандрыта. Усе гэтыя ступені ён прайшоў за адзін тыдзень. Пастрыгаў і высьвячаў епіскап Цімафей. Наўрад ці такі выпадак быў калі-небудзь ў гісторыі Праваслаўнай Царквы на Русі.

Урачыстая хіратанія ў епіскапа для Холмшчыны архімандрыта Іларыёна адбылася ў Холме ў катэдральным саборы. Хіратанію ўзначаліў мітрапаліт Дьюнісій у саслужэньні архіепіскапа Чэскага Савація (Канстантынопальскай патрыярхіі) і епіскапа Цімафея. На ўрачыстасьць сабралася вялікая колькасьць духавенства і вернікаў. Украінскія дзеячы абвясьцілі гэтую падзею сваім нацыянальным сьвятам. Пасьля хіратаніі адбыўся шматлюдны банкет у вялізнай залі архірэйскага дома. Выказана было шмат прамоваў з нагоды гэтай падзеі і ўсхваленьняў у адрас новага архіепіскапа Холмскага і Падляскага. У той самы дзень мітрапаліт Дыянісій узьвёў яго ў сан архіепіскапа за літургіяй.

Духавенства Холмшчыны і насельніцтва асьцерагаліся, што новы холмскі архіпастыр зойме крайні ўкраінскі курс для ўкраінізацыі Набажэнстваў, але ён гэтага не зрабіў. Незадаволеныя гэтым украінскія дзеячы арганізавалі са школьнай моладзі дэманстрацыю супраць яго з плякатамі: "Гэть з москалямй!". Іларыён абураўся, але сваёй тактыкі не зьмяніў.

Да мяне і да нашага Туркавіцкага манастыра ён ставіўся добра. Дамогся ад немцаў для манастыра грашовай дапамогі, а мяне прымаў у сябе дастаткова гасьцінна, даваў мне начлег у сваіх архірэйскіх пакоях. У 1941 годзе прыехаў у Туркавічы на адпусту і ўзначаліў Набажэнства. На гэтым сьвяце было шмат багамольцаў і каля сотні духавенства. У гэты час нямецкія войскі займалі Украіну і набліжаліся да Масквы. Украінцы марылі пра свабодную Украіну. На Холмшчыне яны рабілі высокія насыпы на могілках і ставілі на іх крыжы ў памяць пра загінуўшых за незалежнасьць Украіны. У Туркавічах таксама насыпалі такую магілу.

Пачатак нямецка-савецкай вайны30 22 чэрвеня 1941 года мы перажылі без асаблівага хваляваньня. На нашых вачах нямецкія танкі і аэрапляны рухаліся супраць савецкіх войскаў, якія адступалі. Сотні тысяч чырвонаармейцаў немцы бралі ў палон і заганялі за калючы дрот лягераў. Безьліч палонных гінула ад голаду, а позьняй восеньню - ад холаду.

Немцы прагналі балыпавікоў і вызвалілі манастыры на Валыні. Некаторыя манашкі з нашага Туркавіцкага манастыра, у тым ліку і ігуменьня яго Магдаліна, пакінулі Туркавічы і выехалі ў свае манастыры на Валыні. Дзьвюх манашак архіепіскап Іларыён забраўу свой архірэйскі дом весьці гаспадарку. У Туркавіцкім манастыры засталіся толькі чатыры манашкі. Створаны нашымі клопатамі манастыр драбнеў і страчваў сваё значэньне. Смуткавалі туркавічане, смуткаваў і я. 3 жахам мы бачылі, што будучыні ў нашага манастыра няма. Палякі бралі верх.

Напрыканцы года мяне пачалі непакоіць члены Беларускага царкоўнага камітэта з Варшавы, настойваючы на тым, каб я накіраваўся ў Беларусь на епіскапства. Я пачаў сур'ёзна пра гэта думаць, але шкадаваў пакідаць Туркавічы. Тут прыклаў я столькі энэргіі і працы. на што немагчыма забыцца. Але ўбачыўшы, што наша царкоўная справа пачала марнець, я згадзіўся паехаць у Беларусь не для епіскапства, а наведаць сваіх родных і пабываць на радзіме. Паехаў з гэтым да архіепіскапа Іларыёна ў Холм. Расказаў яму сваю бяду, а ён і слухаць ня хоча, каб адпусьціць мяне.

- Вы будзеце на Украіне епіскапам і Ваша кандыдатура выстаўлена Брацтвам Праваслаўных Багасловаў. А пакуль гэта будзе, я прызначаю Вас рэктарам духоўнай акадэміі ў Холме, якую я адкрываю. - спакушаў ён мяне.

Я адмовіўся і ад епіскапства, і ад рэктарства, бо ўсьведамляў, што з гэтага нічога не атрымаецца.

Пасьля доўгіх разважаньняў усё ж ён згадзіўся адпусьціць мяне з умовай, што я вярнуся на Холмшчыну. На ўсялякі выпадак, калі мяне там затрымаюць, выдаў мне адпускную грамату. 3 гэтым я вярнуўся ў Туркавічы. На сваё месца я запрасіў свайго сябра з Яблочынскага манастыра архімандрыта Мітрафана. Ён павінны быў замяняць мяне ў Туркавічах у маю адсутнасьць. Сам я паехаў у Варшаву, адслужыўшы сьвята Нараджэньня Хрыстова. 3 туркавічанамі не разьвітваўся. думаў, што вярнуся. Аднак Гасподзь павёў мяне іншым шляхам і выратаваў мяне ад пагібелі, немінучай у Туркавічах.

Яшчэ пакуль я жыў у Туркавічах, ужо хадзілі чуткі пра зьяўленьне савецкіх і польскіх партызанаў. Паступова яны ўзмацняліся. Польскія банды нападалі на праваслаўных і забівалі цэлыя сем'і. Нападалі і на туркавічанаў. Архімандрыт Мітрафан выехаў з Туркавічаў, і прыхаджане засталіся без сьвятара. Дта іх насталі страшныя дні. Праваслаўныя туркавічане гінулі ад забойцаў - польскіх партызанаў. Гэтая трагедыя адбывалася ў 1942-1943 гадах. Цяпер праваслаўных у Туркавічах няма: адны забітыя, а тыя, што засталіся жывымі, выехалі або ў Савецкі Саюз пасьля вайны, або ў глыбіню Полыпчы. Праваслаўнай Холмскай Русі болып не існуе.

назад змест далей
абмеркаваць (0 каментароў)
Copyright © 2005 Беларускі партал "ЦАРКВА".
Пры капіяваньні эксклюзыўных матэрыялаў сайта пажаданая спасылка.
Меркаваньні аўтараў могуць не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі.
Rambler's Top100 Rating All.BY Рейтинг ЧИСТЫЙ ИНТЕРНЕТ - logoSlovo.RU