Свята Божага Цела католікі адзначылі традыцыйнымі працэсіямі (+ ФОТА)

Традыцыйнымі працэсіямі  па вуліцах гарадоў Беларусі адзначылі свята Божага Цела каталікі. Само свята ў гонар сакрамэнту Эўхарыстыі адзначаецца ў другой чацвер пасля свята Святой Тройцы, а працэсіі са святымі дарамі праводзяцца альбо ў гэты ж дзень, альбо ў бліжэйшыя. Напрыклад,  ў апошнюю нядзелю траўня, як гэта адбываецца ў Мінску, дзе ў гэтым годзе ўдзельнічала па розных ацэнках ад 10 да 15 тысяч вернікаў.

На сайце Catholic.by пра мінскія святкаваньні так піша Марына Валасар, ілюструючы здымками  Аляксандры Шчыглінскай.

Дарослыя, моладзь і дзеці прайшлі ад касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы да архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ўрачыстай працэсіяй, праслаўляючы Бога ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Працэсія Божага Цела стала ўжо традыцыйнай для Мінска, аднак, як і раней, кожны год збірае вялікую колькасць вернікаў не толькі са сталіцы, але і з іншых гарадоў. Сёлетняя працэсія — адна з самых маштабных.

 

Іду па праспекце і паварочваю да касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха). За некалькі хвілін да Імшы тут ужо амаль не праціснуцца. У першых шэрагах, перад алтаром стаяць прыгожа ўбраныя дзеці і моладзь, якія некалькі дзён таму прынялі першую Камунію. За імі дарослыя і моладзь спрабуюць сканцэнтравацца перад пачаткам святой Імшы.  

Прыгожай міні-працэсіяй з касцёла да першага алтара на вуліцы выходзяць святары і пачынаецца святая Імша, якую цэлебруе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Чарговы раз Божы Провід дазваляе нам адзначаць урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якую традыцыйна мы называем святам Божага Цела. Знаходзячыся ў Святой Эўхарыстыі, Езус выходзіць па-за межы касцёлаў і капліц, каб быць бліжэй да чалавека, да месца яго працы, адпачынку і прабывання», — заўважыў у гаміліі Мітрапаліт.

31 мая іерарх будзе адзначаць 35-ю гадавіну свайго прэзбітэрскага пасвячэння. Таму ў гаміліі ў гэты дзень арцыпастыр дзякаваў усім святарам і людзям добрай волі за падтрымку і прасіў аб малітве ў яго інтэнцыі.

«Сёння дзякую Богу за дар святарства і 35 гадоў святарскага служэння. Дзякую за тое, што ўжо тры з паловай дзесяцігоддзі Ён дазваляе мне кожны дзень падымаць кансэкраваную Гостыю, як дар для мяне самога і для людзей, якім я служыў у Літве, Беларусі, Расіі і ізноў служу ў Беларусі. Дзякуючы сакрамэнту святарства патрэбная для збаўлення Божая ласка прыходзіць да людзей», — сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасля Імшы працэсія вырушыла па вуліцах Мінска. Езус у Найсвяцейшым Сакрамэнце спыняўся на чатырох алтарах у розных месцах сталіцы.

Эўхарыстыя – шлях да сапраўднага адзінства

Першым прыпынкам працэсіі стаў алтар на плошчы Перамогі. Тут, каля абеліска, успомніўшы прыклад еднасці розных народаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, католікі памаліліся аб дары еднасці для ўсіх людзей у сучасным свеце.

Прыкладам еднасці для хрысціян з’яўляецца Святая Тройца. Менавіта ў такім боскім адзінстве, паводле гаміліі а. Аляксандра Шамрыцкага МІС, якую вернікі змаглі пачуць на плошчы Перамогі, заключана «бескарыслівая любоў, якая яднае ў адно цэлае тры Божыя Асобы».

«Езус Хрыстус дзеля таго прыйшоў у свет, каб заахвочваць нас да адзінства і пераконваць, што так, як паміж зярняткамі ў хлебе, яно магчыма таксама паміж намі, людзьмі – у свеце, грамадстве, Касцёле, нашых сем’ях. Трэба толькі жыць Эўхарыстыяй штодня. Гэта значыць, памятаць пра рэальную, жывую прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі», – заўважыў а. Аляксандр Шамрыцкі. 

Эўхарыстыя - дар Божай Міласэрнасці

Па дарозе да наступнага алтара, які размясціўся на Кастрычніцкай плошчы, удзельнікі працэсіі памаліліся аб дары Божай Міласэрнасці для ўсяго беларускага народа.

Некаторыя трымалі ў руках Біблію і невялікі абраз Езуса Міласэрнага, а паўсюль гучала: «Дзеля Яго балеснай мукі, будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету». 

Тут, на Кастрычніцкай плошчы, каля абраза Езуса Міласэрнага, католікі Мінска разважалі над тым, што Божая Міласэрнасць найбольш праяўляецца ў Хлебе эўхарыстычным.

«Калі Езус дае штосьці, то дае не столькі, колькі мы патрабуем, а значна болей. Часам неабавязкова разумець, што адбываецца, а хопіць нашай сустрэчы з Ім, з Езусам, які сёння ідзе праз Мінск і благаслаўляе кожнага, бо хоча заспакоіць нашыя найглыбейшыя думкі», - такія словы гучалі ў чарговай гаміліі.

Эўхарыстыя – сустрэча з Богам

Просячы заступніцтва Панны Марыі ў святым Ружанцы, працэсія накіравалася да Чырвонага касцёла, дзе вернікі разважалі асаблівым чынам над тым, наколькі важна пакінуць усе свае справы і прыйсці да Езуса, укрытага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

«Эўхарыстыя – гэта не толькі дар Бога, гэта таксама інструмент збаўлення. Таму мы, як хрысціяне, як католікі, маем абавязак шанаваць Найсвяцейшы Сакрамэнт. Дзякаваць Богу за гэты дар. Не толькі тады, калі прыходзім на святую Імшу, калі прымаем святую Камунію, але і наведваць касцёл для кароткай адарацыі, каб проста сказаць Езусу: “люблю Цябе, Пане". А Ён адкажа: “Я яшчэ больш люблю цябе"», – падкрэсліў у сваёй гаміліі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Завяршылася працэсія Божага Цела ля апошняга алтара побач з архікатэдрай Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе пра гісторыю ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста прысутным распавёў кс. Уладзіслаў Завальнюк.

Святар таксама прывёў прыклад святых, якія, нягледзячы на выпрабаванні, захавалі спакой сэрца і веру ў Бога, чарговы раз узгадаўшы і асобу Слугі Божага Эдварда Вайніловіча, беатыфікацыйны працэс якога пачаўся 10 красавіка.

«Наколькі Езуса Хрыста будзе больш у тваім сэрцы, настолькі лягчэй табе будзе пераадольваць усе зямныя выпрабаванні і ісці за Хрыстом, бо Ён цябе будзе несці. Толькі тады ты вытрываеш, як вытрываў Слуга Божы Эдвард Вайніловіч, калі ў штодзённых выпрабаваннях будзеш звяртацца да Бога, просячы падтрымкі з вышыняў», – заўважыў святар.

Напрыканцы набажэнства Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч яшчэ раз падзякаваў усім прысутным за ўдзел у працэсіі і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.

Замест пасляслоўя

Яшчэ падыходзячы да Чырвонага касцёла, я пачула такі дыялог. «Што тут адбываецца?» – запытаўся адзін з мінакоў у сваіх сяброў. «Гэта католікі. У іх сёння свята, таму яны ўсе сабраліся і выйшлі на вуліцу», – адказала адна з дзяўчын.

У такія моманты адчуваеш сапраўдную радасць ад таго, што можаш сведчыць пра Езуса такім чынам. І адначасова ловіш сябе на думцы: шкада, што такое «свята» адбываецца раз у год…

Партал TUT.BY які вёў прамую трансляцыю Святой Імшы на Залатой Горцы,  у сваем рэпартажы звяртае ўвагу на тое, што біскуп Юрый Касабуцкі ў самым пачатку святочнай службы ля касцёла Святога Роха, адзначыў у сваёй прамове,што такім чынам каталікі святкуюць не толькі само свята Божага цела, але і 35-годдзе пастырскага служэння мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.
 

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

«Гэта традыцыйнае свята, і мы, і вернікі, і гарадскія ўлады, і спецыяльныя службы накшталт хуткай дапамогі або міліцыі за гады ўжо прывыклі да таго, што ў апошнюю нядзелю мая праходзіць працэсія па цэнтры горада. Працэсія Божага цела - маніфестацыя веры каталікоў, калі мы ідзем па вуліцах нашых гарадоў, мы просім бласлаўленьня для нашых гарадоў, вёсак, нашай Радзімы. Калі моліцца адзін чалавек - гэта выдатна, а калі моляцца тысячы - гэта велічна», - адзначыў у каментары TUT.BY настаяцель касцёла на Залатой Горцы Юрый Санько, прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі.

 

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

У сваёй гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў не мяняць касцёл праўдзівы на «касцёлы» у выглядзе дыскатэк, гандлёвых цэнтраў і іншых забаўляльных месцаў. «Іх трэба наведваць, але важна памятаць, што само слова "культура" паходзіць ад культу. Нядзеля - дзень для Бога, - падкрэсліў арцыбіскуп. - Сёння, калі мы пойдзем па вуліцах горада, мы хочам паказаць, што мы хочам жыць па-хрысціянску, у адпаведнасці з нормамі і асновамі хрысціянаў. Наша працэсія - яркае пацвярджэнне таго, што Бог жыве сярод нас, і сёння ён выходзіць з храмаў, каб паглядзець на нашы хаты і офісы, паркі і бальніцы, месцы адпачынку і забавы, каб быць бліжэй да нас».
 

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Удзельнікі святочнай працэсіі зрабілі традыцыйныя пяць прыпынкаў: на службу ля алтара на Залатой Горцы, а таксама на малітву каля абеліска на плошчы Перамогі, ля алтара на Кастрычніцкай плошчы, ля касцёла Святых Сымона і Алены, і фінішавалі каля архікафедральнага касцёла на плошчы Свабоды.

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Асаблівае значэнне гэтае свята мае для дзяцей, якія ў гэтым годзе ўпершыню прыступілі да прычасця. Яны апранутыя асаблівым чынам - у белае адзеньне, якое сімвалізуе чысціню душы і намераў.

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

У працэсіі удзельнічаюць цэлымі сем'ямі - ад бабуль і дзядуляў да ўнукаў. Мама з двума маленькімі дзецьмі Тацяна на падыходзе да Кастрычніцкай плошчы кажа пра тое, што, нягледзячы на ​​немаленькія адлегласці паміж алтарамі, яе малыя бадзёра маршыруюць па праспекце. "Напэўна, ім Бог дапамагае", - усміхаецца жанчына.

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

«Гэта адзін з найважнейшых святаў. Мы ідзем паказаць, што ў Беларусі ёсць мы, ёсць Бог. Збіраюцца вернікі ўсіх парафій горада, гэта адзінае свята для ўсіх», - дзеліцца радасцю Людміла, якая ідзе ў працэсіі з мужам і малым у калысцы.

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

 

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

«Я прыйшоў сюды выказаць сваю веру, удзельнічаю ў працэсіі кожны год і лічу, што такім чынам і іншыя гараджане могуць убачыць, хто мы і якія мы», - кажа Антон, ён удзельнічае ў святочным набажэнстве са сваёй дзяўчынай.

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

 

Конфессии: 
Страны: 
Рубрыка: 

Апошнія навіны