Іосіф Гашкевіч і свяціцель Мікалай у Японіі

Беларусь–Япония = Belarus–Japan: Матэрыялы Другіх міжнар. чытанняў, прысвечаных памяці Іосіфа Гашкевіча, Мінск–Астравец, 9–10 кастрычніка 2002 г.

 

Іосіф Гашкевіч — сын спачатку уніяцкага, а потым праваслаўнага святара з Рэчыцкага павета Мінскай губерні Антонія Гашкевіча, які служыў у царкве в. Перасвятое. Пры царкве была прыходская школа, дзе бацька, а. Антоній, быў адзіным настаўнікам. Відаць, ён быў чалавекам неардынарным, бо лепшым шматгадовым яго сябрам з’яўляўся вядомы археограф, лексікограф, царкоўны гісторык протаіерэй Іаан Грыгаровіч.

У 20-гадовым узросце Іосіф, як і яго старэйшы брат Іван, паступіў у Мінскую духоўную семінарыю. Пасля заканчэння вучобы ў Мінску па рэкамендацыі І. Грыгаровіча працягваў вучобу ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. У час вучобы займаўся падрыхтоўкай да выдання першага перакладу старазапаветных кніг з габрэйскай мовы на рускую. Разам з сябрам-студэнтам Захаравым адбіраў і рэдагаваў лепшыя спіскі для перакладу. Біблія была падрыхтавана і ў 1839 г. выйшла з друку (усяго было тры выданні). І. Гашкевіч пасля заканчэння акадэміі меў званне магістра багаслоўя, але не прыняў святарскага сану. Аднак і далей, нягледзячы на кар’еру вучонага і дыпламата, заставаўся верным сынам Царквы. Гэта праявілася ў час яго дзейнасці ў складзе Рускай духоўнай місіі ў Кітаі і консульства ў Японіі.

Калі І. Гашкевіч прыбыў у якасці першага рускага консула ў Японію, на востраў Хакайда (1857), там яшчэ дзейнічаў закон аб забароне распаўсюджвання хрысціянства. Вінаватым у парушэнні яго пагражала смяротнае пакаранне. Асаблівасць заключалася і ў тым, што хрыціянам-місіянерам даводзілася дзейнічаць сярод народа, які меў даўнюю, тысячагадовую традыцыю. Спачатку здавалася, што пропаведзь Евангелля ў Японіі зусім немагчымая. Але І. Гашкевіч дабіўся ад губернатара Хакадатэ прадастаўлення консульству вялікага зямельнага надзела Рамісёміцё (цяпер Мотамаці), дзе пабудаваў не толькі вялікі дом, шпіталь на 200 ложкаў, але і царкву.

Пасля адмены закона аб забароне прапаганды хрысціянства І. Гашкевіч звярнуўся з просьбай у Свяцейшы Сінод Рускай праваслаўнай царквы з просьбай прыслаць у Японію такога пастыра, «які б мог быць карысным не толькі сваёй духоўнай дзейнасцю, але і вучонымі працамі, і сваім прыватным жыццём у стане быў даць добрае ўяўленне пра наша духавенства не толькі японцам, але і іншаземцам». Такім пастырам стаў іераманах Мікалай (Касаткін), будучы архіепіскап, кананізаваны ў 1970 г. РПЦ як свяціцель Мікалай Японскі. Ён прыехаў на востраў Хакайда ў адкрыты порт Хакадатэ ў 1861 г. На працягу першых васьмі гадоў іераманах Мікалай вывучаў мову, культуру і звычаі японцаў. Гэта стала магчымым дзякуючы дапамозе консула і яго сям’і. Настольнай кнігай іераманаха стаў першы руска-японскі слоўнік І. Гашкевіча. Дапамаглі і шырокія веды консула пра японскую гісторыю, культуру, мясцовае жыццё. Не ўмешваючыся ва ўнутраныя справы Японіі, валодаючы вялікім дыпламатычным тактам, яны разам наведвалі народныя сходы, слухалі заездных місіянераў і будыйскіх прапаведнікаў. Праведным і аскетычным ладам жыцця а. Мікалай хутка заслужыў павагу і любоў японцаў. Асноўная ідэя яго пропаведзяў грунтавалася на тым, што дахрысціянскія філасофіі і рэлігіі былі толькі перадвеснікамі Евангелля, Ісціны сапраўднай і поўнай.

Да часу ад’езду І. Гашкевіча на радзіму (1865) а. Мікалай ужо бегла гаварыў па-японску, а гісторыю краіны ведаў лепш за многіх японцаў. У гэты час паства а. Мікалая налічвала каля 20 чалавек (для параўнання: у 1898 г. — 25 тыс.). Дзякуючы вялікай падрыхтоўчай дзейнасці для разгортвання работы, у 1869 г. было прынята рашэнне пра стварэнне асобнай Рускай духоўнай місіі ў Японіі, якая да канца ХІХ ст. дасягнула бліскучых вынікаў.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, пропаведзь хрысціянства дала свае плады. Узніклі першыя праваслаўныя храмы, у тым ліку Свята-Уваскрасенская царква ў г. Хакадатэ, у будаўніцтве якой удзельнічала і сям’я Гашкевічаў. Тут былі адкрыты два духоўныя вучылішчы для японскіх хлопчыкаў. Богаслужэнне ў абшчынах і выкладанне вялося на роднай для паствы мове.

І. Гашкевіч як верны сын Царквы прымаў непасрэдны ўдзел у вялікай місіі распаўсюджвання хрысціянскай веры ў далёкай Японіі, спрыяючы духоўнаму ўзвышэнню народа, якога ён не толькі змог зразумець, але і палюбіць.

Цяпер у г. Хакадатэ замест старой драўлянай царквы ўзвышаецца новая мураваная. Каля яе знаходзяцца праваслаўныя могілкі, куды перанесены прах першай жонкі Гашкевіча Лізаветы Стафанаўны. Хакадацкую царкву, у якой цяпер святаром японец Іоў Набору Баба, наведваюць не толькі вернікі, але і шматлікія турысты — яна стала адной з асноўных славутасцей горада.  

Скарынаўскі цэнтр

Лідзія Кулажанка