КАНФЕСІЙНАЯ ТРАНСФАРМАЦЫЯ БЕЛАРУСКАГА ГРАМАДСТВА Ў КАНЦЫ XVI - ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XVII ст.

З часоў свайго заснавання Вялікае княства Літоўскае існавала ва ўмовах выбару паміж некалькімі культурна-рэлігійнымі мадэлямі развіцця грамадства. У XIII ст. маладая балта-славянская дзяржава развіваецца ў культурным і гістарычным арэале хрысціянства. Сама дзяржаўнасць ВКЛ, нягледзячы на моцны ўплыў дахрысціянскіх традыцый, не мела паганскага характару. Гэта стварала далейшыя ўмовы складвання агульнай духоўнай асновы развіцця як мінімум двух этнасаў у адзіным грамадстве. Царкоўна-рэлігійны фактар у складванні беларускай-літоўскай дзяржаўнасці варта разглядаць у цывілізацыйным, культуралагічным, псіхалагічным аспектах, неабмежаваным уласна канфесійнай гісторыяй.

У канцы XIV ст., з пачаткам хрышчэння паганскай часткі Літвы па заходняму абраду, канфесійны дуалізм, у якім складнікі «паганства-хрысціянства» замяняюцца на «заходняя традыцыя - усходняя традыцыя», становіцца галоўнай умовай развіцця грамадства, так як перапыняецца працэс культурна-гістарычнага паяднання балцкага і славянскага насельніцтва ВКЛ. З часоў Ягайлы духоўны і цывілізацыйны падзел грамадства атрымаў своеасаблівы ststus quo, альбо, як сцвярджае С.Марозава, мадэль адзінавернай (з дзяржаўнай праваслаўнай царквой) славянскай дзяржавы ВКЛ страціла магчымасці рэалізацыі яшчэ ў XIV ст. [1, с. 333].

У сярэдзіне XVI ст. пачынаецца трансфармацыя дуалістычнай мадэлі суіснавання дзвюх хрысціянскіх канфесій у духоўным арэале адзінай краіны. Пачынаецца яна ў віхуры агульнаеўрапейскіх культурных працэсаў, звязанных з пашырэннем гуманістычных ідэй і рэфармацыйнага руху ў хрысціянскай царкве. Адносная бесканфліктнасць свецкага і рэлігійнага пачаткаў трансфармацыйных працэсаў у светапоглядзе жыхароў ВКЛ уплывае на структуры менталітэту грамадства, дынаміку мадэрнізацыйных працэсаў. На сувязь і ўзаемапранікненне царкоўна-рэлігійных з'яў і культурна-гістарычнай эпохі звярнуў увагу С. Падокшын, які падкрэсліў сувязь працэса дзяржаваўтварэння і трансфармацыі духоўнага светапогляду, сцвярджаючы, што «Рэч Паспалітая» - агульная справа - не палітычнае, а этыка-палітычнае паняцце» [2, с. 51].

Вынікі этнаканфесійных працэсаў падсумавала з'яўленне уніяцкага варыянта хрысціянскай супольнасці і яе афармлення ў канцы XVI ст. Да гэтага праваслаўная канфесія як дамінуючая на землях ВКЛ з'яўлялася галоўным носьбітам духоўных традыцый грамадства, а, значыць, адыгрывала выключную ролю ў дзяржаватворчых працэсах.

Пасля падпісання Брэсцкай царкоўнай уніі - варыянта лакальнага аб'яднання дзвюх галін хрысціянства - на ролю галоўнага складніка этнанацыянальнай ідэнтыфікацыі грамадства ВКЛ прэтэндуе уніяцкая царква. Гэтак жа адбываецца перайманне функцыі «носьбіта» далюблінскіх дзяржаўных, духоўных, культурных традыцый народаў княства. І. Вішнеўская разглядала Берасцейскую унію як «адно з мерапрыемстваў працэса вялікакняжацкага адраджэння, накіраванае на замацаванне аўтаномнага статуса ВКЛ» [3, с. 59]. У накірунку вылучэння ролі духоўнай традыцыі ў трансфармацыйных працэсах на беларуска-літоўскіх землях С. Падокшын адрозніваў этыка-рэлігійны светапогляд ад уласна працэсаў рэлігійнай трансфармацыі і не ўключаў у апошнюю карпаратыўную этыку беларускіх гараджан, звязваючы гэту з'яву з даўнімі вечавымі традыцыямі. Вучоны адзначаў, з аднаго боку, абумоўленасць рэлігійнай хрысціянскай дактрынай эклектычнага (г.зн. духоўна разнароднага, змешанага) характару айчыннай этычнай думкі, а, з іншага боку, ўплыў рэнесансавага плюралізму на светапогляд пратэстантаў, праваслаўных і католікаў [2, с. 144].

Конттрэфармацыя як частка еўрапейскага працэсу на тэрыторыі ВКЛ амаль супала з росквітам пратэстанцкіх ідэй, аднак асаблівая канфесійная напружанасць не набыла жудасных форм, падобных рэлігійным войнам у Заходняй Еўропе, дзякуючы выпрацаваным у ВКЛ нормам талерантнасці [1, с. 339].

Перыяд з канца XVI да сярэдзіны XVII стст. складаюць тры адрозныя этапы дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да канфесійнага пытання. Жыгімонт ІІІ Ваза робіць бескампрамісную стаўку на гвалтоўнае і тэрміновае вырашэнне пытання канфесійнага адзінства Рэчы Паспалітай. Маючы на ўвазе традыцыі народаў ВКЛ і аддаючы пашану адноснай бяскроўнасці перыяду Контррэфармацыі на беларускіх землях, Жыгімонт ІІІ Ваза між тым ў гісторыі ВКЛ можа разглядацца ў такой жа ролі, у якой разглядаецца Марыя Медычы ў гісторыі Францыі, г.зн. як правадыр жорсткай монаканфесійнай палітыкі. Пратэстанцкая царква, знаходзячыся пад пагрозай ідэйнага вынішчэння на землях ВКЛ ў лоне контррэфармацыі, застаецца веравызнаннем эліт. Калі раней гэтыя эліты былі элітамі палітычнымі, і рэфармацыйныя цэрквы ўсё больш інтэграваліся ў сферу палітычнага і духоўнага жыцця дзяржавы і грамадства, то ў пачатку XVII ст. пратэстанцкае веравызнанне захоўваецца ў маргінальных колах. У гэты перыяд каталіцкая царква далей праводзіць ідэю ўжо рэалізаванага варыянта рэгіянальнага паяднання з праваслаўем. На восі барацьбы з «пазаўнійнымі» рэлігійнымі рухамі уніяцтва падзяляе бок каталіцтва. У той жа час, уніяцтва фарміруецца як новая культурна-гістарычная форма развіцця беларускага і ўкраінскага народаў, што ўсё больш выразна вызначае пэўную адасобленнасць ад рыма-каталіцкай цывілізацыйнай прасторы. Больш таго, уніяцкая царква ў якасці паўнапраўнага суб'екта міжканфесійнага дыялогу адыгрывае вызначальную ролю ў працэсе духоўнай кансалідацыі грамадства ВКЛ. У Рэчы Паспалітай з канца XVI ст. існуе аформленая пазаунійная апазіцыя (праваслаўных і пратэстантаў) дзяржаўнай каталіцкай царкве.

На думку А.Мартаса, паварот улады да метадаў прыцяснення і адкрытага гвалту, на думку вучонага, не ў апошнюю чаргу тлумачыцца яднаннем на пэўным этапе дзяржаўнай стратэгіі варожай Маскоўскай дзяржавы і ідэйнай платформы праваслаўя. Узнікненне ў 1589 годзе патрыярхату ў Маскоўскім княстве - знешнепалітычным суперніку ВКЛ - азначала стварэнне моцнага духоўнага цэнтра, прэтэндуючага на ўладу над усім праваслаўным насельніцтвам ўсходнеславянскіх зямель [5, с. 84].

Праўленне караля Уладзіслава Вазы можна ахарактарызаваць як перыяд кампрамісу паміж «апазіцыйнай» царквой і ўладамі, што вынікала з узаемавыгадных інтэрэсаў: для ўлады гэты інтэрэс заключаўся ў прадухіленні непажаданых раскольніцкіх тэндэнцый у грамадстве, выкліканых палітыкай папярэдніка, для канфесій - як уніяцтва і каталіцтва, так і «апазіцыйных» - было непрыймальна вырашэнне царкоўных спраў гвалтоўным шляхам (па прыкладу віцебскіх падзей 1623 г. ці рокашаў 1606 - 1607 гг., антыпратэстанцкіх пагромаў 1611 г.). У дарэвалюцыйнай расійскай гістарыяграфіі асобе Уладзіслава Вазы часта выпадала стаць ледзь не адзіным, хто актыўна імкнуўся захаваць канфесійны мір у дзяржаве [4, с. 231]. Ян Казімір Ваза праводзіў канфесійную палітыку ўжо ў новых геапалітычных умовах, што вызначала асобную тактыку ўплыву на рэлігійнае жыццё ў краіне.

У расійскай дарэвалюцыйнай і савецкай гістарыяграфіі трансфармацыя рэлігійнага жыцця і з'явы ў саслоўным грамадстве звязваліся і нават атаясамліваліся. У працах «патрыярха» ўкраінскай гістарычнай навукі М.Грушэўскага выводзіцца паняцце праваслаўнага «духоўнага грунта», адарвацца ад якога - значыць адарвацца ад народа [6, с. 220]. Падобная тэндэнцыя падзелу на «свой народ» і «польскія эліты» паступова замяняецца навукова выверанымі падыходамі да вывучэння Новага часу на беларускіх землях. На думку Л.Івановай, працэс кансалідацыі шляхты ў пачатку XVII ст. насіў пераважна саслоўны, а не веравызнаўчы характар [7, с. 42]. Контррэфармацыя на беларускіх землях здолела «вярнуць» у лона каталіцызму пратэстанцкія эліты, далучыць большасць праваслаўнай знаці, што, аднак, не дазволіла стварыць нацыянальную царкву ў ВКЛ па прыкладу нацыянальных цэркваў Чэхіі, Германіі, Англіі і іншых [1, с. 339]. Да сярэдзіны XVII ст. этапнымі датамі ў рэлігійнай гісторыі ВКЛ можна лічыць 1547 і 1548 г. У першай палове XVII ст. Літоўская мітраполія праваслаўнай царквы перажывае апошні этап самабытнага развіцця і інтэлектуальнага ўзвышэння. Са смерцю «апошняга экзарха Канстанцінопальскага трона» Пятра Магілы заканчваецца традыцыя «літоўскага» праваслаўя. «И обоснованно его именем обозначают целую эпоху в истории Западно-русской церкви и культуры. Это был убежденный западник, западник по вкусам и привычкам» - пісаў пра Пятра Магілу Г.Флароўскі [8]. Нягледзячы на тое, што Кіева-Магілянская школа, цэнтр беларуска-ўкраінскага («заходняга») праваслаўя ў разглядаемы перыяд знаходзіцца па-за межамі княства, дзейнасць знакамітага мітрапаліта ў справе захавання праваслаўнай традыцыі ВКЛ, стварэння асобнага патрыярхата і інш. у многім датычыць беларуска-літоўскіх зямель. Вызначальным у гісторыі беларуска-ўкраінскага праваслаўя з'яўляецца 1654 год, калі беларускія епархіі на акупаваных расійскімі войскамі тэрыторыях перайшлі пад юрысдыкцыю Маскоўскага патрыярхату, а патрыярх Нікан стан стаў першасвятаром «усяе Вялікія і Малыя і Белыя Русі» [7, с.163].

У кантэксце развіцця дзяржавы і права лёсавызначальным з'яўляецца рашэнне Сейма 1658 года аб выгнанні арыян з Рэчы Паспалітай. Да гэтага моманту пратэстанцкая царква, знаходзячыся пад пагрозай ідэйнага вынішчэння ў лоне контррэфармацыі, застаецца веравызнаннем эліт. Антыпратэстанцкія пагромы становяцца распаўсюджанай з'явай. Аднак да сярэдзіны XVII ст. пратэстанты вызначаюцца актыўнай выдавецкай, асветніцкай дзейнасцю.

1658 год юрыдычна замацаваў канчатковы адыход ад ідэй рэлігійнай талерантасці, якая з часоў Жыгімонта ІІ вызначала канфесійнае жыццё Рэчы Паспалітай.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Марозава, С. В. Трансфармацыя канфесійнай структуры Вялікага княства Літоўскага ў паслялюблінскае стагоддзе 1569 - 1667 гг. / С. В. Марозава // Polsko-Białoruskie związki językowe, literackie, historyczne i kulturowe. - VII. - Biаłystok. - 2006. - S. 333 - 343.

2. Падокшын, С. А. Этычная думка ў культуры Беларусі XVI - XVII стст. / С. Падокшын. - Мінск: Беларуская навука, 2004. - 151 с.

3. Вішнеўская, І.У. Канцэпцыі міжканфесійнай уніі ў палітыка-прававой думцы Беларусі XVI ст. / І.У. Вішнеўская // Проблемы правового регулирования общественных отношений в условиях глобализации: материалы международной научно-практической конференции, Минск, 26 октября 2007 г. / редколлегия: Г. А. Короленок (отв. ред.) [и др.]. - Минск : БГЭУ, 2007. - С. 57-59.

4. Батюшков, П. Н. Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо - Западного края / П. Н. Батюшков. - СПб.: «Общественная польза», 1890. - 376 с.

5. Салей, С. М. Канфесійнае пытанне ў Вялікім Княстве Літоўскім у кантэксце міжнародных адносін у XVI ст. / С. М. Салей // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. нав. арт. / рэдкал.: С. В. Марозава [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2008. - С. 77 - 88.

6. Грушевський, М. Ілюстрована Історія Украіни / М. Грушевський. - Кіів: Петро Барській, 1918. - 576 с.

7. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 3: Беларусь у часы Рэчы Паспалітай / Ю. Бохан [і інш.]; рэд.кал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.] - Мінск: Экаперспектыва, 2004. - 344 с.

8. Флоровский, Г. Пути русского богословия [Электронный ресурс]. - Режим доступа: http://krotov.info/library/f/florov/page03.htm#5 -Дата доступа: 02.05.2009.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Пятраўскас М.А.

Рубрика: