15 Паводле Марка
17.12.20101 I адразу ранiцай зрабiлi нараду першасвятары са старэйшынамi i кнiжнiкамi, i ўвесь сiнедрыён, i, звязаўшы Iiсуса, павялi i аддалi Пiлату.
Канец Серадзе.
2 I запытаў Яго Пiлат: Ты Цар Iудзейскi? Ён жа сказаў яму ў адказ: ты кажаш.
3 I абвінавачвалi Яго першасвятары ў многім.
4 Пiлат жа зноў запытаў Яго, кажучы: Ты нiчога не адказваеш? глядзi, колькi супраць Цябе сведчаць.
5 Iiсус жа больш нiчога не адказваў, так што Пiлат здзiўляўся.
6 На кожнае ж свята адпускаў iм аднаго вязня, за якога прасiлi.
7 Быў жа адзiн нехта, званы Варава, зняволены з саўдзельнiкамi сваiмi, якiя пад час бунту ўчынiлi забойства.
8 I натоўп пачаў крычаць і прасiць Пiлата аб тым, што ён заўсёды рабiў для iх.
9 Пiлат жа адказаў iм, гаворачы: хочаце, адпушчу вам Цара Iудзейскага?
10 Бо ведаў, што па зайздрасцi выдалi Яго першасвятары.
11 Але першасвятары падбухторылi натоўп прасіць, каб лепш адпусцiў iм Вараву.
12 Пiлат жа зноў сказаў iм у адказ: а што хочаце, каб я зрабiў з Тым, Каго вы называеце Царом Iудзейскiм?
13 Яны ж зноў закрычалi: распнi Яго!
14 Пiлат сказаў iм: якое ж зло Ён учынiў? А яны яшчэ мацней закрычалi: распнi Яго!
15 Тады Пiлат: хочучы дагадзiць натоўпу, адпусцiў iм Вараву, а Iiсуса, пасля бiчавання, аддаў на распяцце.
16 Воiны ж адвялi Яго ўсярэдзiну двара, гэта значыць, у прэторыю, i склікаюць увесь полк,
17 i апранаюць Яго ў багранiцу, i, сплёўшы цярновы вянец, ускладаюць на Яго;
18 i пачалi вiтаць Яго: радуйся, Цару Iудзескi!
19 I бiлi Яго па галаве кiем, i плявалi на Яго, i, становячыся на каленi, кланялiся Яму.
20 I калi наглумiлiся з Яго, знялi з Яго багранiцу i апранулi Яго ў адзежу Ягоную; i выводзяць Яго, каб распяць Яго.
21 I прымушаюць прахожага нейкага Сiмана Кiрынеянiна, якi iшоў з поля, бацьку Аляксандра i Руфа, несці крыж Яго.
22 I прыводзяць Яго на месца Галгофу, што значыць: “месца чэрапа”.
23 I давалi Яму пiць вiно са смiрнаю, але Ён не ўзяў.
24 I тыя, што распiналi Яго, дзялiлi адзежу Яго, кiдаючы жэрабя на яе, каму што ўзяць.
25 Была ж трэцяя гадзiна, i распялi Яго.
26 I быў зроблены надпiс вiны Яго: Цар Iудзейскi.
27 I з Iм распiнаюць двух разбойнiкаў, аднаго справа, а другога злева ад Яго.
28 I збылося Пiсанне, якое кажа, “i да злачынцаў залiчаны”.
29 I тыя, што праходзiлi мiма, зневажалi Яго, кiваючы галовамi сваiмi i кажучы: гэй! Ты, што разбураеш храм i за тры днi будуеш!
30 уратуй Самога Сябе i сыдзi з крыжа.
31 Гэтаксама i першасвятары з кнiжнiкамi, насмiхаючыся, адзiн аднаму казалi: iншых ратаваў, а Сябе не можа ўратаваць.
32 Хрыстос, Цар Iзраiлеў, няхай сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылi, i ўверавалі ў Яго. I распятыя з Iм ганьбілi Яго.
33 Калі ж надышла шостая гадзiна, цемра настала па ўсёй зямлi да гадзiны дзевятай.
34 I ў дзевятай гадзiне ўскрыкнуў Iiсус моцным голасам, кажучы: Элаi, Элаi! ламма савахфанi? што азначае: ”Божа мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакiнуў?
35 I некаторыя з тых, што стаялi там, чуючы гэта, казалi: вось, Iлiю клiча.
36 А адзiн пабег, намачыў губку воцатам i, насадзiўшы на кiй, даваў Яму пiць, кажучы: чакайце, пабачым, цi прыйдзе Iлiя зняць Яго.
37 Iiсус жа, ускрыкнуўшы моцна, спусціў дух.
38 I завеса ў храме разадралася напалам ад верху да нiзу.
39 Сотнiк жа, якi стаяў насупраць Яго i бачыў, што Ён, так ускрыкнуўшы, спусціў дух, сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў Сын Божы.
40 Былi i жанчыны, што глядзелi здалёк, сярод iх была Марыя Магдалiна, i Марыя, мацi Iакава Меншага i Iасii, i Саламiя,
41 якія і тады, калi Ён быў у Галiлеi, хадзiлi за Iм i служылi Яму; i iншыя многiя, што прыйшлi разам з Iм у Iерусалiм.
42 I калi ўжо настаў вечар, — паколькі была пятнiца, гэта значыць, пярэдадзень суботы, —
43 прыйшоў Iосiф, што з Арымафеi, паважаны саветнiк, якi i сам чакаў Царства Божага, i, адважыўшыся, увайшоў да Пiлата i прасiў цела Iiсусава.
44 Пiлат жа здзiвiўся, што Ён ужо памёр; i, паклiкаўшы сотнiка, спытаў яго: цi даўно памёр?
45 I, даведаўшыся ад сотнiка, аддаў цела Iосiфу.
46 Ён, купiўшы плашчанiцу i, зняўшы Яго, абвiў плашчанiцаю i паклаў Яго ў магiлу, што была высечана ў скале, i прывалiў камень да дзвярэй магiлы.
47 Марыя ж Магдалiна i Марыя Iасiева глядзелi, дзе Яго паклалi.