1 Паводле Марка

1 Пачатак Евангелля Іісуса Хрыста, Сына Божага,
2 як напісана ў прарокаў: “вось, Я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою”.
3 “Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабіце сцежкі Яму”.
4 З’явіўся Іаан, хрысцячы ў пустыні і прапаведуючы хрышчэнне пакаяння дзеля адпушчэння грахоў.
5 І выходзілі да яго ўся краіна Іудзейская ды Іерусалімляне, і хрысціліся ад яго ўсе ў рацэ Іардане, спавядаючыся ў грахах сваіх.
6 Іаан жа насіў вопратку з вярблюджага воласу і скураны пояс на паясніцы сваёй і еў акрыды і дзікі мёд.
7 І прапаведаваў, кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты, нахіліўшыся, развязаць рамень абутку Яго.
8 Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым.
9 І было ў тыя дні, прыйшоў Іісус з Назарэта Галілейскага і хрысціўся ад Іаана ў Іардане.
10 І калі выходзіў з вады, убачыў адразу Іаан, што раскрываюцца нябёсы і Дух як голуб сыходзіць на Яго.
11 І голас быў з нябёсаў: Ты Сын Мой узлюблены, Якога Я ўпадабаў.
Канец Багаяўленню на Утрані.
12 І адразу Дух вядзе Яго ў пустыню.
13 І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны сатаною, і быў са звярамі. І Ангелы служылі Яму.
14 Пасля ж таго, як узяты быў Іаан, прыйшоў Іісус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Царства Божага.
15 і кажучы, што споўніўся час і наблізілася Царства Божае; пакайцеся і веруйце ў Евангелле.
16 А ідучы каля мора Галілейскага, убачыў Сімана і Андрэя, брата Сіманавага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбаловы.
17 І сказаў ім Іісус: ідзіце за Мною, і Я зраблю, што вы будзеце лаўцамі людзей.
18 І яны адразу, пакінуўшы мярэжы свае, пайшлі ўслед за Ім.
19 І, прайшоўшы крыху адтуль, Ён убачыў Іакава Зевядзеевага і Іаана, брата яго, як яны, таксама ў лодцы, ладзілі мярэжы;
20 і адразу паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзея ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім.
21 І прыходзяць у Капернаум; і неўзабаве ў суботу ўвайшоў Ён у сінагогу і вучыў.
22 І здзіўляліся вучэнню Яго; бо Ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
23 І быў у сінагозе іхняй чалавек у духу нячыстым, і закрычаў ён,
24 кажучы: пакінь, што табе да нас, Іісусе Назараніне? Ты прыйшоў загубіць нас. Ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы.
25 Але Іісус забараніў яму, кажучы: змоўкні і выйдзі з яго.
26 І дух нячысты, скалануўшы яго і ўскрыкнуўшы моцным голасам, выйшаў з яго.
27 І жахнуліся ўсе, так што пыталіся адзін у аднаго, гаворачы: што гэта? што гэта за новае вучэнне, што Ён з уладаю і духам нячыстым загадвае, і яны слухаюцца Яго?
28 І разнеслася чутка пра Яго адразу па ўсіх ваколіцах Галілеі.
29 І адразу, выйшаўшы з сінагогі, яны прыйшлі ў дом Сімана і Андрэя з Іакавам і Іаанам.
30 А цешча Сіманава ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
31 І, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку; і гарачка адразу пакінула яе, і яна прыслужвала ім.
32 А як вечарэла і сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі.
33 І ўвесь горад сабраўся да дзвярэй.
34 І Ён ацаліў многіх, якія пакутавалі ад розных хваробаў, і дэманаў многіх выгнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
35 А раніцай, калі было яшчэ вельмі цёмна, Ён, устаўшы, выйшаў; і пайшоў у пустэльнае месца, і там маліўся.
36 І паспяшаліся ўслед Яму Сіман і тыя, што былі з ім.
37 І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.
38 І кажа Ён ім: хадзем у бліжэйшыя вёскі і гарады, каб Мне і там прапаведаваць; бо на тое Я і выйшаў.
39 І Ён прапаведаваў у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі і дэманаў выганяў.
40 І прыходзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і на калені падаючы перад Ім, кажа Яму: калі Ты хочаш, можаш ачысціць мяне.
41 Іісус жа, змілаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і кажа яму: хачу, ачысціся.
42 І калі сказаў Ён, адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты.
43 І, звярнуўшыся да яго сурова, Ён адразу адаслаў яго,
44 і кажа яму: глядзі, нікому нічога не гавары; а ідзі, пакажыся святару і прынясі за ачышчэнне тваё, што загадаў Маісей, дзеля сведчання ім.
45 А ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і распавядаць, так што Іісус ужо не мог адкрыта ўвайсці ў горад, а быў звонку, у пустэльных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.