20 Паводле Лукі
17.12.20101 І сталася ў адзін з тых дзён: калі Ён вучыў народ у храме і дабравесціў, прыйшлі першасвятары і кніжнікі са старэйшынамі
2 і сказалі Яму, гаворачы: скажы нам, якою ўладаю Ты гэта робіш альбо хто даў Табе ўладу гэтую?
3 І, адказваючы, Ён сказаў ім: спытаю ў вас і Я адну рэч, і скажыце Мне:
4 хрышчэнне Іаанава з неба было ці ад людзей?
5 Яны ж разважалі паміж сабою, гаворачы: калі скажам: “з неба”, то скажа: “чаму ж вы не паверылі яму?”
6 а калі ж скажам: “ад людзей”, то ўвесь народ каменнем паб’е нас, бо ён перакананы, што Іаан — гэта прарок.
7 І адказалі, што не ведаюць, адкуль.
8 Іісус жа сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.
9 І пачаў Ён казаць народу прытчу гэтую: адзін чалавек пасадзіў вінаград і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся на доўгі час;
10 і ў пэўную пару паслаў да вінаградараў раба, каб далі яму пладоў з вінаградніка; але вінаградары, набіўшы яго, адаслалі ні з чым.
11 І паслаў яшчэ другога раба; але яны і таго, набіўшы і зняважыўшы, адаслалі ні з чым.
12 І паслаў яшчэ трэцяга, але яны і таго, параніўшы, прагналі.
13 Тады сказаў гаспадар вінаградніка: што мне рабіць? пашлю сына майго ўзлюбленага, можа, яго ўбачыўшы, яны пасаромеюцца.
14 Але, убачыўшы яго, вінаградары разважалі між сабою, кажучы: гэта спадкаемец; хадзем, заб’ем яго, і спадчына будзе наша.
15 І, вывеўшы яго вон з вінаградніка, забілі. Што ж зробіць з імі гаспадар вінаградніка?
16 Прыйдзе і знішчыць вінаградараў гэтых, і аддасць вінаграднік іншым. Тыя, што слухалі, сказалі: няхай не будзе так!
17 Ён жа, паглядзеўшы на іх, сказаў: што значыць гэтае напісанае: “камень, які адкінулі будаўнікі, той самы стаў галавою вугла”?
18 Усякі, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раздушыць.
19 І намерыліся першасвятары і кніжнікі накласці на Яго рукі ў тую ж гадзіну, але пабаяліся народа, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу.
20 І, пасачыўшы за Ім, падаслалі выведнікаў, якія, прыняўшы выгляд праведных, злавілі б Яго на слове, каб выдаць Яго начальству і ўладзе намесніка.
21 І яны спыталі ў Яго, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты правільна гаворыш і вучыш, і не глядзіш на абліччы, але па праўдзе шляху Божаму вучыш;
22 ці дазволена нам даваць падатак кесару, ці не?
23 Ён жа, зразумеўшы хітрасць іх, сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце?
24 пакажыце Мне дынарый: чыю выяву і надпіс ён мае? Яны сказалі ў адказ: кесара.
25 Ён сказаў ім: вось і аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.
26 І не змаглі яны злавіць Яго на слове перад народам, і, здзівіўшыся адказу Яго, замоўклі.
27 Тады падышлі да Яго некаторыя з садукеяў, якія кажуць, што няма ўваскрасення, і спыталі Яго,
28 кажучы: Настаўнік! Маісей напісаў нам: “калі ў каго памрэ брат, што меў жонку, і памрэ бяздзетным, то няхай брат яго возьме жонку і адродзіць семя брату свайму”;
29 было сем братоў; і першы, узяўшы жонку, памёр бяздзетны;
30 і ўзяў другі тую жонку, і ён памёр бяздзетны;
31 і трэці ўзяў яе, і так усе сямёра; і не пакінулі дзяцей, і памерлі,
32 пасля ж усіх памерла і жонка;
33 дык вось, пры ўваскрасенні катораму з іх будзе яна жонкаю? бо сямёра мелі яе жонкаю.
34 І сказаў ім Іісус у адказ: сыны веку гэтага жэняцца і выходзяць замуж,
35 а спадобленыя дасягнуць таго веку і ўваскрасення з мёртвых не жэняцца і замуж не выходзяць;
36 і памерці ўжо не могуць, бо яны роўныя Ангелам і сыны Божыя яны, будучы сынамі ўваскрасення.
37 А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Маісей паказаў у аповедзе пра купіну, называючы Госпада Богам Аўраама і Богам Ісаака, і Богам Іакава.
38 Ён жа Бог не мёртвых, а жывых, бо ў Яго ўсе жывыя.
39 У адказ некаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Ты добра сказаў.
40 І ўжо больш не асмельваліся пытацца ў Яго ні пра што. Ён жа сказаў ім:
41 як гэта гавораць, што Хрыстос — сын Давідаў?
42 А сам Давід гаворыць у кнізе псалмоў: “сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне,
43 пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх”.
44 Дык вось, Давід Госпадам Яго называе, і як жа Ён сын яму?
45 І калі слухаў увесь народ, Ён сказаў вучням Сваім:
46 сцеражыцеся кніжнікаў, якім падабаецца хадзіць у доўгіх уборах і якія любяць вітанні на плошчах і наперадзе сядзець у сінагогах, і ўзляжаць наперадзе на гасцінах,
47 і якія праядаюць дамы ўдоў і напаказ доўга моляцца; яны прымуць большае асуджэнне.