9 Паводле Лукі

1 Склікаўшы ж дванаццаць, Ён даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі, і ацаляць ад хвароб;
2 і паслаў іх прапаведаваць Царства Божае і ацаляць хворых.
3 І сказаў ім: нічога не бярыце ў дарогу: ні посаха, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і не майце па дзве вопраткі;
4 і ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выпраўляйцеся далей;
5 а калі хто не прыме вас, то, выходзячы з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых у сведчанне на іх.
6 І, пайшоўшы, яны праходзілі па селішчах, дабравесцячы і ацаляючы ўсюды.
7 І пачуў Ірад тэтрарх пра ўсё, што рабіў Іісус, і недаўмяваў, бо некаторыя казалі, што Іаан паўстаў з мёртвых,
8 а некаторыя, што Ісаія явіўся, а іншыя, што адзін са старажытных прарокаў уваскрэс.
9 І сказаў Ірад: Іаану я адсек галаву; хто ж Гэты, пра Каго я чую такое? І імкнуўся ўбачыць Яго.
10 І, вярнуўшыся, апосталы расказалі Яму, што зрабілі; і ўзяўшы іх, пайшоў асобна ў пустэльнае месца каля горада, які называўся Віфсаіда.
11 Але людзі, даведаўшыся, пайшлі за Ім; і Ён, прыняўшы іх, гаварыў ім пра Царства Божае, і тых, хто меў патрэбу ў ацаленні, ацаляў.
12 Дзень жа пачаў хіліцца да вечара.
1 І, падышоўшы, дванаццаць сказалі Яму: адпусці людзей, каб пайшлі ў навакольныя селішчы і вёскі і знайшлі прытулак і ежу, бо мы тут у пустэльным месцы.
13 Але Ён сказаў ім: вы ім дайце есці. Яны ж сказалі: няма ў нас больш нічога, акрамя пяці хлябоў і дзвюх рыбін, хіба што пайсці нам купіць ежы для ўсіх гэтых людзей.
14 Бо іх было каля пяці тысяч мужчын. Але Ён сказаў вучням Сваім: рассадзіце іх групамі па пяцьдзесят.
15 І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх.
16 Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, і ўзвёўшы вочы на неба, благаславіў іх і пераламіў, і даваў вучням, каб разнеслі народу.
17 І елі, і насыціліся ўсе; і сабрана было ў іх рэшты кавалкаў дванаццаць кашоў.
18 І сталася: калі Ён маліўся ў адзіноце, з Ім былі вучні, і Ён спытаўся ў іх: за каго Мяне прымае народ?
19 Яны ж сказалі ў адказ: за Іаана Хрысціцеля, іншыя ж за Ілію, а іншыя кажуць, што нехта са старажытных прарокаў уваскрэс.
20 Ён жа сказаў ім: а вы за каго прымаеце Мяне? І ў адказ Пётр сказаў: за Хрыста Божага.
21 Але Ён, забараняючы ім, загадаў нікому не казаць пра гэта,
22 сказаўшы, што Сыну Чалавечаму належыць многа адпакутаваць, і быць адрынутым старэйшынамі і першасвятарамі, і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
23 А да ўсіх казаў: хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой штодня і ідзе ўслед за Мною.
24 Бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той уратуе яе.
25 Бо якую карысць мае чалавек, здабыўшы ўвесь свет, а сябе загубіўшы ці сабе пашкодзіўшы?
26 Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айца, і святых Ангелаў.
27 Кажу вам па праўдзе: ёсць сярод тых, што стаяць тут, некаторыя, якія не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Царства Божага.
28 І сталася пасля гэтых слоў дзён праз восем: узяўшы Пятра, Іаана і Іакава, узышоў Ён на гару памаліцца.
29 І калі маліўся, выгляд твару Яго стаў іншым, і ўбранне Яго стала белым і зіхатлівым.
30 І вось, два мужы размаўлялі з Ім, гэта былі Маісей і Ілія;
31 явіўшыся ў славе, яны гаварылі пра адыход Яго, які Ён меў здзейсніць у Іерусаліме.
32 А Пятра і тых, што былі з ім, змарыў сон; прабудзіўшыся ж, яны ўбачылі славу Яго, і двух мужоў, што стаялі з Ім.
33 І сталася: калі яны адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр да Іісуса: Настаўнік! добра нам тут быць; і зробім тры шатры: адзін Табе і адзін Маісею, і адзін Іліі, — не ведаючы, што кажа.
34 Калі ж ён гаварыў гэта, узнікла воблака і ахінула іх; і яны спалохаліся, калі ўвайшлі ў воблака.
35 І быў з воблака голас, які гаварыў: гэта Сын Мой Узлюблены; Яго слухайце.
36 І калі быў голас гэты, апынуўся Іісус адзін. І яны маўчалі, і нікому не расказалі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі.
37 І сталася на другі дзень: калі яны сышлі з гары, сустрэла Яго мноства народу.
38 І вось, нейкі чалавек з натоўпу ўскрыкнуў, гаворачы: Настаўнік! малю Цябе, узглянь на сына майго; бо ён адзіны ў мяне;
39 і вось, дух хапае яго, і ён раптам ускрыквае, і курчыць яго, так што ён пену пускае; і ледзь адступае ад яго, змучыўшы яго;
40 я прасіў вучняў Тваіх, каб выгналі яго, і яны не змаглі.
41 Іісус жа сказаў у адказ: о, родзе бязверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? прывядзі сюды сына свайго.
42 І калі той яшчэ падыходзіў, кінуў яго дэман і скурчыў. Але Іісус забараніў духу нячыстаму, і ацаліў хлопца, і аддаў яго бацьку яго.
43 І ўсе дзівіліся велічы Божай. Калі ўсе здзіўляліся ўсяму, што рабіў Іісус, Ён сказаў вучням Сваім:
44 укладзіце вы ў вушы свае словы гэтыя: Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі чалавечыя.
45 Яны ж не разумелі слова гэтага, і было яно скрыта ад іх, так што яны не спасціглі яго; і баяліся яны спытацца ў Яго пра слова гэтае.
46 І прыйшло ім на думку: хто быў бы з іх большы?
47 Іісус жа, бачачы помысел сэрца іх, узяў дзіця, паставіў яго каля Сябе
48 і сказаў ім: хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае; а хто прыме Мяне, прымае Таго, Хто паслаў Мяне; бо хто меншы між усіх вас, той вялікі.
49 Іаан жа сказаў у адказ: Настаўнік! мы бачылі некага, хто імем Тваім выганяў дэманаў, і забаранілі яму, бо ён не следуе за Табою з намі.
50 І сказаў яму Іісус: не забараняйце; бо хто не супраць вас, той за вас.
51 І сталася: калі набліжаліся дні ўзяцця Яго ў неба, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Іерусалім.
52 І паслаў вестуноў перад абліччам Сваім; і яны пайшлі і ўвайшлі ў паселішча Самаранскае, каб падрыхтаваць для Яго;
53 але там не прынялі Яго, таму што Ён ішоў у Іерусалім.
54 Убачыўшы гэта, вучні Яго Іакаў і Іаан сказалі: Госпадзі! хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх, як і Ілія зрабіў?
55 Але Ён, абярнуўшыся, забараніў ім, кажучы: не ведаеце, якога вы духа;
56 бо Сын Чалавечы прыйшоў не загубіць душы чалавечыя, але ўратаваць. І пайшлі ў другое паселішча.
57 І сталася: калі яны былі ў дарозе, сказаў нехта Яму: я пайду за Табою, куды б Ты не ішоў, Госпадзі!
58 І сказаў яму Іісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае дзе галаву прыхіліць.
59 Другому ж сказаў: ідзі ўслед за Мною. А той сказаў: Госпадзі! дазволь мне пайсці і перш пахаваць бацьку майго.
60 Але Іісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых; а ты ідзі абвяшчай Царства Божае.
61 І сказаў яшчэ адзін: я пайду за Табою, Госпадзі, але перш дазволь мне развітацца з тымі, хто ў доме маім.
62 Іісус жа яму сказаў: ніхто з тых, хто кладзе руку сваю на плуг і азіраецца назад, не прыдатны для Царства Божага.