85 год а.Яну Абабурку

Як паведамляе газета "Наша ніва": "85 гадоў таму, 1 верасьня 1921 г., у Морачы Нясьвіскага павету нарадзіўся Ян Абабурка.

Па вайне ён апынуўся ў Манчэстары, дзе браў удзел у грамадзкім жыцці, быў актывістам парафіі Жыровіцкай Божай Маці Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Гэта і абумовіла ягоны далейшы выбар, пасьля таго з Брытаніюі ў ЗША зьехаў адзіны сьвятар БАПЦ Аляксандар Крыт.

У 1963 г. пасьля належнай падрыхтоўкі і самых сапраўдных іспытаў у нямецкім Карлсруэ Ян Абабурка быў высвячаны ў сьвятары.

У 1960-1980-ыя гады служба была цяжкая. Як і большасьць беларускіх сьвятароў у буднія дні а. Абабурка рабіў на асноўнай працы, а ў выходныя выбіраўся з душпастырскай місіяй. Часьцей за ўласны кошт, ва ўсе гарады, дзе жылі беларусы: Лёндан, Брэдфард, Нотынгем, Бірмінгем, Ковэнтры, Вулвэрхэмптан, Лідс ды інш.

І ў кожным горадзе яго чакалі, каб пачуць слова на роднай мове.

Сёньня а. Яну цяжка спраўляцца адному (ягоная жонка – Кацярына Абабурка – памерла ў пачатку 1990-х). Дзесяць гадоў таму ён сур’ёзна захварэў. Яму цяжка хадзіць і размаўляць. Але два разы на месяц ён адпраўляе багаслужбу ў Манчэстары."

Асабіста я імя а.Яна Абабуркі пачула ад архім.Яфрэма (Лэша), святара Канстанцінопальскага Патрыярхату з Манчэсцера, што было дзіўным - а.Ян не належыць да кананічнай царквы, але да Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, пры гэтым у Манчэсцеры заўжды быў прыход Канстанцінопальскага Патрыярхату, які ўзначальваў святар Міхаіл Іскрыцкі, аднак сам а.Міхаіл звязаўся з ілжэ-епіскапам Аляксандрам Салагубам, і ягоны кананічны статус пахіснуўся. Архімандрыт Яфрэм адзначыў высокі духоўны ўзровень а.Яна Абабуркі, а таксама тое, што нічога не замінае вызнанню яго прыхода з боку Канстанцінопальскага Патрыярхату аж да магчымасці прыняцця гэтага прыходу ў юрысдыкцыю Канстанцінопаля.

Наталька Базылевіч

Источник:

ЦАРКВА

Рубрика: