Чыноўнікаў Апарату Ўпаўнаважанага па справах рэлігій - у чорны спіс

Прапановы былі агучаныя на нядаўняй сустрэчы ў Брусэлі сустаршыняў “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” Аляксея Шэіна і Віталя Рымашэўскага з прадстаўнікамі інстытуцыяў Эўразьвязу, дыпляматычных місіяў эўрапейскіх краінаў, што месьцяцца ў Брусэлі, сябрамі праваабарончых арганізацыяў.

“Чорны спіс” прапаноўваецца пашырыць за кошт высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, што непасрэдна заўважаныя ў парушэньні правоў на свабоду сумленьня.На думку кіраўнікоў “БХД”, у спіс невыязных у ЭЗ мусяць быць унесеныя: упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Савеце Міністраў РБ Леанід Гуляка, ягоны намесьнік Уладзімер Ламека, начальнік адзьдзелу па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Менскага гарвыканкаму Ала Рабіцава.Падставай для санкцыяў ёсьць дзеяньні вышэйпералічаных чыноўнікаў на сваіх пасадах. Гэта адмовы ў рэгістрацыі рэлігійных абшчынаў у Менску й усёй Беларусі, ліквідацыя пратэстанцкіх цэркваў, ціск на цэрквы ў шляхам разнастайных праверак, распаўсюд ілжывай інфармацыі аб дзейнасьці цэркваў. Акрамя гэтага, уціск з боку ўладаў зазналі прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай канфэсіяў.

Падчас візыту беларускіх хрысьціянскіх палітыкаў у Брусэль, што завяршыўся напрыканцы мінулага тыдня, абмяркоўвалася сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. На думку кіраўнікоў “БХД”, парушэньні права на свабоду сумленьня ў Беларусі патрабуюць больш пільнай увагі з боку ЭЗ, бо дагэтуль праблемы са свабодай веравызнаньня не патрапілі ў шэраг умоваў Эўразьвязу, абавязковых да выкананьня дзеля дыялёгу ЭЗ і Беларусі.

Источник:

БХД

Рубрика: