Янку Запрудніка узнагародзілі орденам Кірылы Тураўскага
09.12.200728 кастрычніка, у дзень, калі асвячаў храм у гонар беларускай св. Еўфрасіні Полацкай у г.Івянец, Мітрапаліт Філарэт узнагародзіў орденам Кірылы Тураўскага вядомага дзеяча нацыянальнага руху ў эміграцыі Янку Запрудніка, які, разам са сваёй жонкай Надзяй Запруднік спрычыніўся да будаўніцтва храма і дапамогі прыходу. Аднак афіцыйныя паведамленні пра ўзнагароду былі зробленыя толькі 5 снежня – больш, як праз месяц. Як паведаміў Янка Запруднік Радыё Рацыя, атрыманне ўзнагароды стала для яго поўнай нечаканасцю, медаль і падзяку ён атрымаў поштай, ніхто з афіцыйных прадстаўнікоў Беларускай праваслаўнай царквы з ім не звязваўся.
Іншая радыёстанцыя - Еўрапейскае радыё для Беларусі здолела ўзяць каментар з гэтай нагоды ў прэс-сакратара мітр. Філарэта Андрэя Петрашкевіча, які паведаміў: “14 кастрычніка гэты спадар быў узнагароджаны медалём свяціцеля Кірылы Тураўскага за садзейнічанне ў будаўніцтве храма святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай у гарадскім пасёлку Івянец… Такія царкоўныя ўзнагароды дае мітрапаліт”.
Несупадзенне датаў магчыма патлумачыць тым, што указ аб узнагароджанні быў падпісаны загадзя. Але гэта значыць, што з моманту падпісання ўказа да ягонага абнародвання прайшло паўтары месяцы.
Еўрарадыё таксама адзначае, што “летась медаль з рук мітрапаліта Філарэта атрымаў цяпер ужо былы старшыня Мінскага аблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч, а Аляксандр Лукашэнка быў уганараваны ордэнам св. Кірылы Тураўскага”, а БелТА паведамляе, што 10 лістапада, менш чым праз месяц пасля сп.Янкі Запрудніка, мітр. Філарэт узнагародзіў дадзеным ордэнам дзяржсакратара Савета бяспекі Віктара Шэймана пра асвячэнні помніка беларускаму святому прап. Елісею Лаўрышаўскаму ў Наваградку.
Трэба адзначыць, што Янка Запруднік – значная асоба беларускага праваслаўнага руху, і не толькі таму, што разам са сваёй жонкай Надзяй і праваслаўным сястрынсвам дапамагае будаўніцтву храмаў у Беларусі – ён з’яўляецца таксама і аўтарам шэрагу даследаванняў на тэму беларускай аўтакефаліі, дапамагае з выданнем праваслаўных выданняў на беларускай мове, напрыклад, Беларускага праваслаўнага календара. Апроч таго, Янка Запруднік, 81-гадовы навуковец і грамадскі дзеяч, з’яўляецца аўтарам шэрагу даследаванняў па гісторыі Беларусі, а таксама ўваходзіць у прэзідыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Источник:
Последние новости