Дзяржынск . Няхай маўчыць усякая плоць..

Міраструменьне і ўсё, што яму спадарожнічае

 

Такое незвычайнае і яўна містычнай уласьцівасьці цуд, як міраструменьне і нават крываструменьне іконаў, у апошні час (і, можа, нават менаіта таму, што «апошні час») становіцца амаль паўсюднайй і нават звыклай зьявай. У некаторых праваслаўных гэта нават стала нагодай для пэўнага кшталту пачуцьця «духоўнай непаўнавартаснасьці». Маўляў, ува ўсіх ёсьць, а нас нічога. А тыя, хто спадобіўся далучыцца да цуда, часьцяком вылівае сваю «духоўную» радасьць зь нейкім аперэтачным захавленьнем. Чаго варты, напрыклад, вось такі тон паведамленьня аб адной з апошніх зьяваз такога кшталту: “І вось - новая цудоўная зьява! Ікона заміраточыла пасьля сьвяточнай Боскай літургіі, у момант, калі настаяцель прыхода мітрафорны протаіярэй NN выпускаў на волю птушак — амялушак і шчыглоў”.

Аднак усё часьцей гэтыя звышнатуральныя знакі ўспрымаюцца зусім ужо не з такой радасьцю, як спачатку. І чым больш відавочны цуд, тым больш ён выклікае насьцярожанасьці і нават занепакоенасьці. Як бачым, усё больш яскрава ўсьведамляецца факт, што цудоўная зьява можа быць ня толькі знакам асаблівай міласьці Божай, але і нават пагрозьлівым папярэджаньнем, горкім дакорам звыш – бо мірастуменьне часьцяком праяўляецца ў тым, што сьвятыя абліччы літаральна плачуць, а з ранаў Збаўцы струменіць кроў.

Асабліва востра гэта адчулася ў сувязі з падзеямі ў Дзяржынску. Гэтае невялікае з няпростай назвай мястэчка ў Менскай вобласьці зь нядаўняга часу прыцягнула да сябе ўвагу ўсяго праваслаўнага сьвету.У канцы студзеня ў мясцовым храме Пакрова Найсьвятой Багародзіцы раптам пачалі міраструменіць іконы.Спачатку заўважылі, што «плача» абраз Божай Маці, а праз тры дні міраструменьне распаўсюдзілася і на іншыя абразы. За некалькі дзён цудоўная зьява ахапіла ўжо больш за дзясятак іконаў. Моцна міраструменіць пачалі нават металічныя крыжы, а да некаторых іконаў для міра літаральна падстаўлялі тазы. Але цэнтрам і засяроджаньнем усёй зьявы стаў алтар. На некаторых іконах там праступіла вадкасьць ня толькі алейная, але і чырвонага колеру, падобная на кроў. Такая «кроў» пачала струменіць, напрыклад, з ранаў Збаўцы.

Усё гэта, вядома прыцягнула масавую ўвагу і мясцовага насельніцтва, і паломнікаў, як зь блізкага Менску, так і з далёкага замежжа. Храм быў пастаянна адчынены і поўны людзей. Хтосьці сьпяшаўся з трымценьнем прыкласьціся да цудатворных іконаў, хтосьці асабіста ўпэўніцца, а хтосьці і проста зь цікаўнасьці, бо ўвага да зьявы падмацоўвалася СМІ.

Трэба адзначыць, што з самага пачатку ў паломнікаў, апроч натуральнага захапленьня перад цудам, заставаўся нейкі дзіўны трывожны асадак. Ужо надта яўна гэта ўсё выглядала не выклікаючым радасьці – плач, крываструменьне з ранаў.

А тут навогул пачалося нешта незразумелае – міро пачало выцякаць са сьценаў храма. Зьява ўсё больш пачала тлумачыцца як заклік да пакаяньня. Але да пакаяньня каго? Кагосьці асабіста, менавіта гэтага храма, мястэчка зь недарэчнай назвай Дзяржынск, усёй нашай краіны ці толькі праваслаўных? А можа, і ўсяго праваслаўнага сьвету? Чаму для такога асблівага нечуванага знаку абраны сьціплы правінцыйны храм?

Пытаньні гэтыя ня толькі засталіся, але яшчэ больш абвострыліся пасьля наступных яшчэ больш неверагодных падзеяў, якія адбыліся ўжо празь месяц - у канцы лютага.

Як ужо згадвалася, зацяроджаньнем цудаў стаў алтар, вось там і мелі месца ўжо зусім дзіўныя і незвычайныя факты.

У алтары міро знаходзілі і ў богаслужбовых сасудах і на антымінсе. (Антымінс - гэта сьвятая дэталь з мошчамі ў выглядзе плату, якой засьцілаецца прастол; без антымінсу ня служаць літургіі).

І вось аднойчы ў час службы сьвятары заўважылі, што з-пад напрастольнага Евангельля выцякае нешта, падобнае на кроў. Але службу не перапынілі. І раптам спалахнула, нібы маланка, а прастол ахапіла полымя... У якой ступені ён абгарэў, вядома мала. Паводле некаторых сьведчаньняў цалкам згарэў антымінс і пашкоджаныя некаторыя іконы паблізу прастола. Некаторы час храм быў зачынены і адчыняўся толькі на час службаў.

У храме пабывала камісія,у яе складзе кіроўны архіярэй мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт, а таксама архіяпіскап Віцебскі і Аршанскі Дзьмітры. Высновы камісіі нам невядомыя. Але ў прыватных размовах Мітрапаліт душа быў занепакоены занядбанасьцю і неахайнасьцю ў храме і, здаецца, выказваўся ў тым духу, што гэта ўсё вынік нейкіх «унутраных справаў» на прыходзе. Хаця цяжка сабе ўявіць, якія могуць быць такія «ўнутраныя справы» ў правінцыйным храме, няхай нават і занядбаным і неахайным, каб выклікаць такі неардынарны знак і прыцягнуць да сябе такую ўвагу.

У паветры павісла нейкая таямніца. Неяк раптам перасталі гаварыць аб Дзяржынску. Цікавіцца падзеямі стала неяк «незручна». Аднак, паломнікі, якія на днях пабылі ў храме, сьведчаць, што міраструменьне працягваецца. Некаторыя, праўда, называюць гэта ўжо больш асьцярожна – алееструменьнем. У храме ўдзень былі толькі супрацоўніцы храма, жанчыны, якім, як бачна, не дазволена было асабліва распавядаць. Спасылаюцца на тое, што жанчынам у алтар уваход забаронены, а таму, маўляў, і нічога ня бачылі, нічога ня ведаем. І навогул пазьбягаюць нейкіх канкрэтных размоваў на тэму падзеяў. Але і зараз алей з ікон даюць паломнікам. А на салеі стаіць новы, як бачна, прыгатаваны для замены, прастол. Агульнае ўражаньне паломнікі назвалі «прыгнятаючым».

Мы зьвярнуліся ў менскае епархіяльнае ўпраўленьнt з пытаньнем, ці няма хоць нейкага афіцыйнага рэзюмэ. «Няхай маўчыць усякая плоць чалавечая… Вось такое рэзюмэ», - такім быў адказ. Гэты сьпеў (Няхай маўчыць усякая плоць чалавечая) бывае ў Вялікую суботу, калі ўзгадваецца таямнічнасьць подзьвігу Госпада, які памёр і ўваскрос дзеля нашага збаўленьня.

святар Аляксандар Шрамко

Рубрыка: