Ларыса Геніюш. Асоба без зямнога грамадзянства

 

Доля мая ў Яго Божых руках,

мілей за харомы, карону,

пакутны, цярнёвы жыцця Яго шлях

і храм, гдзе прыбытак ягоны.

Л.Геніюш.

7 красавіка 22 гады таму памерла Ларыса Геніюш. а 80 год таму ў гэты ж дзень, на сьвята Благавешчаньня Найсьвятой Багародзіцы, адыйшоў да Госпада Сьвяцейшы Патрыярх Маскоўскі Ціхан. Здавалася, што агульнага паміж гэтымі асобамі: сьвятым вызнаўцам і беларускай паэткай... Але іх шляхі злучаныя ў адну рану - крывавую рану, зробленую бязбожнай савецкай уладай, зьнявагамі, допытамі, наглядам, страхам і болем.

Сьвяцейшы Патрыярх Ціхан (які таксама быў праслаўлены як асьветнік Паўночнай Амерыкі) быў кананізаваны ў 1989 годзе. У 1917 годзе, калі Уладыка Ціхан быў інтранізаваны патрыярхам, для царквы надыйшлі цяжкія часіны. Пасада Патрыярха несла за сабой ня гонар, не шанаваньне, не ўзнагароды, ня пышныя службы, а зьнявагі, перасьледы, прыніжэньні. Вакол пастыра і ягонага духоўнага "статку", які ён абараняў як евангельскі пастыр добры, зьбіраліся зграі "ваўкоў", гатовыя зь нянавісьцю разарваць статак. Унутры ж "статак" разьдзіраўся "ваўкамі ў авечай скуры" - "жывацаркоўнікамі", "абнаўленцамі". Здавалася, такі вялізны будынак Праваслаўнай Царквы разбураўся, як і храмы, якія падрывалі "бязбожнікі". І разам з усёй Царквой Божай, з усім народам Божым пакутаваў Патрыярх, які прыняў пакутніцкі крыж і са зьміранасьцю нёс яго да самай сьмерці, памёршы пры загадкавых акалічнасьцях у шпіталі. Ён прайшоў праз шматгадзінныя допыты, праз замахі на жыцьцё, праз арышты, зьнявагі, уціск, але служыў, прадстаяў за ўвесь народ Божы, умацоўваючы яго сваімі зваротамі, пропаведзямі. Але выпрабаваньні для Цела Хрыстовага тады толькі пачыналіся.

Ларыса Геніюш трапіла ў Савецкі Саюз толькі пасьля Другой Сусьветнай вайны. 7 лютага 1948 года судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда БССР асудзіла Геніюшаў без іх прысутнасці на 25 гадоў зняволення за здраду «камуністычнай сістэме». 5 сакавіка 1948 года Геніюшаў арыштавалі і дэпартавалі ў БССР па этапах праз Вену, Львоў, Брэст, Баранавічы, Менск. Ларыса Геніюш ужо тады была слыннай паэткай, сваімі духоўнымі і патрыятычнымі вершамі падтрымліваючы дух беларускай эміграцыі, а таксама дух змагароў з камуністычнай уладай на Радзіме. Дапытваў Ларысу Геніюш у Менску сам Лаўрэнцій Цанава: у Празе на яе руках паміраў прэзідэнт Рады БНР Васіль Захарка (1877–1943). Цанаву трэба было нарэшце разабрацца, куды падзеўся архіў БНР, а з архівам і сама Рэспубліка. Нічога не атрымаўшы ад Ларысы Геніюш, яе загналі ў Гулаг на 25 гадоў разам з мужам: на шахты, у мерзлату, валіць лес. Цягніком везьлі да Масквы, адтуль па этапах: Інта, Варкута, Абезь, Поцьма. Цяжкія часіны гэта былі для паэткі і для вялікага мноства іншых. У сваёй кнізе "Споведзь" Ларыса Геніюш апавядае пра тую суцеху, якую мела ў лагерох ад малітвы: вялікай розьніцы тады не было, праваслаўная ты, ці баптыстка, усе трымаліся адзін аднога, разам маліліся, стараліся адзначаць сьвяты, вышывалі пасланьні-крыжы, памятаючы, што самі нясуць свой крыж. Геніюшаў вызвалілі 10 чэрвеня 1956 года, пасьля сьмерці Сталіна, але не рэабілітавалі.

Яны пасяліліся ў Зэльве на былой Царкоўнай вуліцы (якраз насупраць Траецкай царквы), якая ў савецкі час называлася адпаведна Савецкай. Здавалася, што вось, яны на "волі". Але Ларыса Геніюш працягвала быць у "зоне". Сын яе, якога бацькам удалося пакінуць за мяжой, і які выхоўваўся ў польскіх дзіцячых дамох, быў далёка. Дом, у якім жыла паэтка, быў падзелены на дзьве часткі: у большай часцы жыла службістка, якая дакладала ўсё "куды трэба". Гэта было жыцьцё пад наглядам КГБ, страшнае жыцьцё, калі нельга было давяраць нікому. Толькі з Богам можна было быць шчырай, і выліваць сваё душу ў вершах, якія, вядома, нідзе не друкаваліся ў СССР, а разыходзілся падпольна. І гэтых вершаў чакалі многія, чакалі, як глытку паветра. Але тым, якія прызнаваліся ў вечным сяброўстве, таксама нельга было давяраць. Гэтая "зона" была страшная - яна хавала за калючы дрот сэрца. І з гэтай сваёй "зоны" пісала лісты і вершы, пісала сваю "Споведзь".

Памерла Ларыса Геніюш у шпіталі. У яе быў рак кішэчніка, яе праапэравалі, тыя, хто даглядаў яе ў шпіталі сьведчаць, што "нейкія практыканты-канавалы" рабілі зь ёй дзіўныя працэдуры, якія, хутчэй за ўсё, і наблізілі ейную сьмерць.

Ларыса Геніюш памерла, так да канца жыцьця і ня прыняўшы савецкага грамадзянства, так і не скарыўшыся перад бязбожнай і злачыннай уладай. Яе надзея была ў грамадзянстве Нябеснага Царства, дзе няхай і ўладкуе Гасподзь яе ў сялібах праведных.

Мэмарыяльная дошка і помнік Ларысе Геніюш па благаславеньні Мітрапаліта Філарэта ўсталяваны на тэрыторыі прыхода Траецкай царквы г.Зэльвы, прыхаджанкай якога доўгі час была паэтка.

7.04. у гадавіну сьмерці паэткі ў Петра-Паўлаўскім саборы г.Мінска служыцца паніхіда ў яе памяць.

Наталька Базылевіч