З гісторыі перакладу Бібліі на ўсходнеславянскіх тэрыторыях

Даклад на сімпозіуме, прысвечаным Божаму слову ў год св. апостала Паўла: «Слова Божае жывое і дзейснае» (Гбр 4, 12)

 

Калі гаварыць пра гісторыю біблейскага перакладу на ўсходнеславянскіх тэрыторыях, трэба зазначыць, што моўная і роднасна-этнічная агульнасць, якая пачала страчвацца толькі ў 11–12 стагоддзях, дазваляла нашым народам карыстацца агульнай крыніцай — царкоўна-славянскім перакладам.

Попыт на слова Божае, існаваўшы ў ахрышчанай у 988 г. Кіеўскай Русі, задавальняўся дасканалым у багаслоўскім і агульнадаступным у моўных адносінах стараславянскім перакладам Кірыла і Мяфодыя. Салунскія браты, грунтуючыся на ўзыходзячай да старажытнасці высокай перакладніцкай культуры, параўняльнай «Октапле» Арыгена (магчыма, праз пазнейшы яе Лукіянаў спіс Септуагінты /Канстантынопаль/), стварылі новы, пасля лацінскай Вульгаты, міжрэгіянальны славянскі пераклад, які па дакладнасці перадачы арыгінала, па ўзнёслай натхнёнасці і экспрэсіі стыля, па лексічным багацці пры адначасовай афарыстычнай лапідарнасці выказвання прадстаўляў сабой новае слова ў біблістыцы і да гэтага часу з’яўляецца кананічным эталонам шмат для якіх славянскіх Цэркваў.

Усходнія славяне, да якіх з прычыны ўціску турэцкай агрэсіяй, а потым і падзення хрысціянскай Візантыі, у значнай меры пры пасярэдніцтве паўднёва-славянскага ўплыву, перамяшчаліся культурна-рэлігійныя цэнтры (Кіеў, Масква, Вільня), у руплівасці першай любові ўспрынялі Дабравесце Хрыстова; князі, прывілегірованыя саслоўі, воіны і просталюдзіны ў асноўнай сваёй масе станавіліся на шлях хрысціянскага подзвігу.

Біблія распаўсюджвалася шляхам працаёмкага — адзін асобнік быў роўны па кошту гадавому даходу чалавека сярэдняга дастатку — перапісвання ў манастырскіх, царкоўных, княжых майстэрнях-скрыпторыях, якія былі наладжаны, судзячы па дакументах, якія зберагліся да нашага часу, паўсюдна ў беларускай зямлі

Да гэтага перыяду адносіцца адасабленне рускай, украінскай і беларускай этнічных галін з усходнеславянскага ствала з інтэнсіўным фарміраваннем этнічных і моўных асаблівасцяў.

У гэтых умовах вельмі важнымі трэба лічыць стварэнне ў Беларусі самастойнага поўнага біблейскага збору (зводу), які быў састаўлены Мацвеем Дзесятым («Дзесяціглаў», 1502–1507 гг.) і Фёдарам Янушэвічам (гістарычныя кнігі і «Пяцікніжжа Майсеева», 1514 г.). У адрозненне ад некалькі раней створанага рускага, так званага Генадзіеўскага збору Бібліі (Ноўгарад, 1499 г.), які грунтаваўся переважна на балгарскай рэдакцыі кірыла-мяфодыеўскага переклада і нехапаючых кніг, пераўтвораных з Вульгаты, беларускі збор, як бачна, узыходзіў да больш ранняй і дастаткова поўнай мараўскай рэдакцыі названага перекладу.

Як паказваюць даследаванні (акадэмік Карскі Е. Ф. і інш.), на Белай Русі ўжо з 11 стагоддзя робяцца спробы прыспасабляць кірыла-мяфодыеўскі пераклад да мясцовых асаблівасцей мовы, яе царкоўна-літургічнага стылю, удакладнення тэксту і выпраўлення памылак перапісчыкаў на аснове старажытнагабрэйскага і старажытнагрэчаскага арыгіналаў. З прычыны надзвычай неспрыяльных культурна-гістарычных умоў Белай Русі ў наступныя эпохі да нашага часу дайшлі толькі адрывачныя беларускія пераклады той пары («Кніга Рут» невядомага перакладчыка, пачатак 16 ст., і інш.).

Далейшыя працэсы духоўнага адраджэння ў паўднёва- і ўсходнеславянскіх хрысціянскіх цэнтрах, якія паслужылі штуршком, што прызнаецца і заходнімі вучонымі (Р. Сазерн, Р. Піччыо), да еўрапейскага больш свецкага Рэнесансу, вызвалі нечуваную актывізацыю багаслоўскіх даследаванняў, аднаўленне некалі высокай культуры тлумачэння, перакладу і дакладнасці параўнання біблейскага тэксту.

У гэтых умовах беларускі духоўны асветнік і першадрукар Францыск Скарына, які атрымаў усебаковую асвету ў вядомых заходнееўрапейскіх цэнтрах, здабыўшы званне доктара медыцыны і «навук вызваленых» (філасофіі), за кароткі час перакладае на старабеларускую мову ў яе царкоўна-літургічнай рэдакцыі (стылі) і ў наладжанай у Празе Чэшскай тыпаграфіі ў 1517–1521 гг. выдае асобнымі выпускамі кірылічным шрыфтам 23 кнігі Старога Запавету (у паслядоўнасці: Псалтыр, Ёў, Прытчы прамудрага Саламона, Ісус Сірахаў, Эклезіяст, Песня Песняў, Прамудрасць Божая (Кніга прамудрасці Саламона), 4 Кнігі Царстваў, Ісус Навін, Эдыт, Суддзі, Быццё, Другазаконне, Данііл-прарок, Эстэр, Рут, Плач Ярэміі, Выхад, Левіт, Лічбы) пад агульнаю назвай «Біблія руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко ч(ес)ти и людям посполитным к доброму научению».

Пасля вяртання на радзіму Ф. Скарына засноўвае ў тагачасным дзяржаўна-культурным цэнтры Белай Русі г. Вільні тыпаграфію і выдае яшчэ раз «Псалтирь», так званую «Псалтирь последованную» ( у складзе «Малой падарожнай кніжыцы», 1522 г.) і ў 1525 г. — «Апостал».

Пераклад зроблены на старабеларускую мову ў яе царкоўна-літургічнай версіі (стылі), прытым у рознай ступені пераўтварэння яе мясцовых асаблівасцей у залежнасці ад літургічнага, вучыцельнага ці гістарычнага прызначэння кнігі. Так для кніг, якія прызначаліся для гадавога літургічнага карыстання царквы, у большай меры захована традыцыйная агульнацаркойная рэдакцыя, а асобныя з іх, як, напрыклад, «Псалтирь», узноўлены па-царкоўнаславянску толькі з глосамі на палях, тлумачэннем менш зразумелых слоў і архаізмаў.

Выпуск кніг, асабліва старазапаветных, папераджвае змястоўны каментарыйны апарат «Прадмовы», «Надпісання глаў», «Пасляслоўі» з выкладаннем рознабаковых гістарычных, багаслоўскіх, лінгвістычных ведаў (звестак). Але галоўнае месца ў Прадмовах займае экзэгеза — тлумачэнне найбольш адказных і цяжкіх месц Св. Пісання. Праглядваецца прадуманая ўстаноўка перакладчыка-выдаўца ў сувязі з перакладам пры дапамозе друкарскага станка да масавага рэпрадуктавання кніг Бібліі даць кваліфікаваны багаслоўскі і пастарскі накірунак прыхаджаніну-чытачу, каб пазбегнуць спрошчанага начотніцка-літаральнага разумення і тлумачэння Святога Пісання ў простым народзе.

У аснове экзагетычных метадаў Ф. Скарыны ляжыць правобразнае, алегарычнае, вучыцельнае тлумачэнне, ключы і меру іншасказання да якога пакінуў нам Сам Госпад Ісус Хрыстос пры тлумачэнні закона, прарокаў і новазапаветных прыпавесцяў. У прыватнасці, скарынаўскае тлумачэнне цяжкіх для экзэгетаў кніг Ёва, Эклезіяста, Песні Песняў сваім правобразным сэнсам застаецца ў пэўнай меры ўзорным ў айчынным багаслоўі да нашага часу.

Пераклад Ф. Скарыны кананічна дакладны ў перадачы літары і духу біблейскага тэксту, не дапускае вольнасці і дапісак тлумачальніка. Пераклад, што трэба адзначыць, зберагае адпавядаючы старажытнагебрайскаму і старажытнагрэчаскаму арыгіналу іменны стан мовы, узнаўляе высокую рытмічную ўпарадкаванасць біблейскай прозы, не дазваляючы сабе спрашчэння задачы — пераклад вершам новага часу. Ф. Скарына меў славу золатавуста, майстра слова, быў знакамітым рыторам сярод сучаснікаў, вынікам чаго і з’явілася высокая культура пераўтварэння вобразнага, афарыстычнага строю біблейскага тэкста.

Як вынікае з прадмовы, «В книги первыи Царств», «Во всю Библию рускаго языка», прынамсі да «Апостала», Ф. Скарынаю была перакладзена ўся Біблія, «все кнігі Бібліі, Старога і Новага Законаў, мною на руські язык выложенных». «Руськім» у Скарыны называецца мова Белай Русі, «с которою меня Господь Бог на свет пустил», у адрозненне ад стараславянскай мовы, якую ён называе «словенскай»

Поўны, які ўключае і дэўтаракананічныя кнігі, пераклад Бібліі Ф. Скарынам пацвярджаюць знойдзеныя ў 19 ст. Я.Ф. Галавацкім рукапісы біблейскіх кніг бібліятэкі Львоўскага Ануфрыеўскага манастыра, сярод якіх знаходзілася дадаткова 30 кніг (Ездра, Тавіт, Макавей, кнігі 16 прарокаў і інш.) і якія па прадмовах да некаторых з іх (да 4-й кн. Ездры і да кніг 16 прарокаў) ідэнтыфікуюцца як скарынінскія. Цяжкія ўмовы далёка ад радзімы ў пражскі перыяд і асабліва ў роднай Вільні не дазваляюць рупліваму спадзвіжніку на Божай ніве давесці справу да заканчэння. Пры гэтым Ф. Скарына, перакладчык, экзэгет, паліграфіст, мастак, праявіў сябе як сапраўдны паборнік народнай асветы. Зыходзячы з таго, што ў старажытнай педагагічнай практыцы асноўнымі кнігамі для навучэння грамаце з’яўляліся Псалтыр і іншыя кнігі Святога Пісання, у сваё выключнае па паліграфічнаму мастацтву афармленне ён у сістэму буквіц уводзіў вынайдзеныя ім элементы нагляднага буквара. Літару «Г», напрыклад, ён ілюструе газеллю, «В» — вішняй, «З» — зверам, «Т» — трубамі, «Л» — льном і г.д.

Паказальна, што паслядоўнікі беларускага першадрукара, вядомыя выдаўцы Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец, выхадцы з беларускай зямлі, пры выданні ў Заблудаве «Евангелля вучыцельнага» (1568–1569 гг.), як вынікае з прадмовы, рыхтавалі спачатку тэкст на беларускай мове. Поўная сугучнасць прадмовы са скарынінскай і іншыя прыкметы дазваляюць даследчыкам меркаваць, што і сам пераклад быў таго ж аўтара.

З паслядоўнікаў Ф. Скарыны вядомы сваімі творамі Васіль Цяпінскі (каля 1530–1603 гг.), які ў арганізаванай у родавым маёнтку Цяпіна тыпаграфіі выдаў каля 1580 г. перакладзенае ім «Евангелле» з вялікай прадмовай.

У далейшым вельмі багатая ў старажытнасці традыцыя беларускай біблеістыкі перарываецца больш чым на 2 стагоддзі.

Новабеларускія пераклады Бібліі з’яўляюцца толькі ў пачатку 20 стагоддзя ў заходнебеларускім багаслоўскім асяроддзі. Баптысцкі прасвіцер Лукаш Дзекуць-Малей (1888–1955 гг.) перакладае Чатырохевангелле, якое выходзіць асобнымі кнігамі кірылічным шрыфтам у пратэстанцкім выдавецтве «Компас» на працягу 1926–1930 гг. Пазней Л. Дзекуць-Малей працуе ў сааўтарстве з Антонам Луцкевічам (1884–1946 гг.), які пераклаў некаторыя наступныя кнігі і рэдагаваў пераклад; у 1931 г. у Гельсінфорсе пры падтрымцы Брытанскага і Замежнага Біблейскага Таварыства было ажыццёўлена выданне першага новабеларускага перакладу «Новага Запавету і Псальмаў». Пераклад вытрымаў наступныя перавыданні ў Лондане (1948 г.) і Таронта (1985, 1991 гг.).

Папулярнасць пераклада забяспечвалася дастаткова строгім у кананічных адносінах пераўтварэннем асноўнага корпуса тэкста, і толькі тыповыя памылкі ў перакладзе цяжкіх, у тым ліку ключавых, месц, значны элемент архаізмаў і старое правапісанне (тарашкевіца), якое прыжылося ў беларускім замежжы, робяць яго недастатковым для сучаснага ўжывання.

Затым ужо ў каталіцкім багаслоўскім асяроддзі ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім (1888–1942 гг.) да 1930 г. быў падрыхтаваны каментыраваны пераклад Новага Запавету, выданне якога зрабілася магчымым ажыццявіць толькі ў 1938 г. у Вільні лацінскім шрыфтам «Catyry Ewanelii i Apostlskija Dziei». Ёсць звесткі, што да пачатку Другой сусветнай вайны кс. В. Гадлеўскі выканаў значную частку пераклада Старога Запавету, згінуўшага, калі аўтар памёр у гестапаўскіх засценках

У Беларускай Каталіцкай Царкве прадоўжыў справу біблейскага перакладу кс. Пётр Татарыновіч (1897–1978 гг.), які, непасрэдна арыентуючыся на пераклад свайго папярэдніка, выдаў у 1954 г. у Рыме каментыраваныя «Sviatuju Evaneliju i Apostolskija Dziei», пазней — «Listy Sviatych Apostalau» (1974 г.)

Галоўным дасягненнем у беларускай біблеістыцы новага часу з’явіўся поўны пераклад Бібліі, здзейснены вядомым гісторыкам мовы, лексікографам і даследчыкам беларускіх старадаўнасцяў Янам Станкевічам (1896–1976 гг.) і выходзіўшы ў ЗША спачатку асобным выданнем «Новага Закону» (Нью-Ёрк, 1970 г.), затым усяго перакладу «Сьвятой Бібліі (Нью-Ёрк, 1973 г.). Выкананы ў супрацоўніцтве з вельмі кваліфікаваным гебраістам Гітліным, пераклад, асабліва ў адносінах Старога Запавету, не саступае ў даставернасці пераўтварэння класічным перакладам, сур’ёзна, аднак, праігрываючы з-за зацемненага моўнага выражэння, перанасычанага дыялектызмамі, не заўсёды ўдалымі неалагізмамі асабістага словаўтварэння і даўно выйшаўшай з ужытку на радзіме старой арфаграфіі. Да таго ж, пераклад Новага Запавету патрабуе яшчэ значнай перапрацоўкі ў больш дасканалым пераўтварэнні ключавых месцаў.

З улікам набытага перакладніцкага вопыту, архіепіскапам беларускай замежнай праваслаўнай царквы Мікалаем ажыццёўлена выданне «Напрастольнага Святога Евангелля» (Таронта, 1988 г.), якое, пры ўсёй яго добрай якасці, грашыць, аднак, усё той жа прадузятасцю да архаізмаў дыялектнага походжання і да старога напаўтранскрыбіраванага правапісу.

Для патрэб пратэстанцкіх абшчынаў беларускай дыяспары метадысцкім прэсвітарам Янам Пятроўскім (нарадз. у 1905 г.) выданы асабістыя пераклады, часткова ксеракапіраваным варыянтам Гэнэзіс (1984 г.) і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка (1987 г.) у Гейнсвіле (штат Фларыда) і тыпаграфскім спосабам «Эвангелле паводле Сьв. Яна» (Мінск-Лондан-Нью-Ёрк, 1991 г.).

Зараз у Беларусі намаганнямі Біблейскай камісіі, заснаванай у 1990 годзе пры Беларускай Праваслаўнай Царкве, з наступным удзелам Бел. Біблейскага таварыства, а таксама прыватных асоб праводзіцца вялікая праца па стварэнню сучаснага беларускага перакладу Св. Пісання, якое б адпавядала найнавейшым дасягненням біблеістыкі і сучаснаму функцыянальна-стылявому ўзроўню нацыянальнай мовы. Праваслаўная Царква заяўляе, што бачыць сваю мэту ў ажыццяўленні строга кананічнага, прыгоднага для ўжывання ў царкве пераклада, які робіцца на ўзраджэнні старажытнай з прыцягненнем вопыту сучаснай біблейскай культуры, з неабходным выпраўленнем недакладных месц у існуючых перакладах.

У аснову беларускага перакладу (пакуль толькі тэкстаў Новага Запавету) пакладзены вопыт царкоўна-славянскага тэксту (Елізавецінская Біблія) з адначасовым кантралюючым звяртаннем да грэчаскага арыгіналу, у якім перавага аддадзена «тэксту большасці», які ў адрозненне ад тэкста Э. Нэстле-К. Аланда абдымае большы круг існуючых і дастаткова вядомых грэчаскіх новазаветных рукапісаў з іх інварыянтнасцю. Недасканаласць сучасных перакладаў з грэчаскага, згодна думцы членаў Біблейскай камісіі, у многім ідзе ад рацыяналістычнага падыходу ў разуменні тэкста і страты адчування старажытнай мовы грэкаў. Таму царкоўна-славянская мова як мова-пасрэдніца і ўзята за аснову новага перакладу, што адпавядае сучасным зыходным прынцыпам працы над усходне-славянскімі біблейскімі тэкстамі ў Праваслаўнай Царкве.

Адна з важнейшых задач Бібл. камісіі, як яна бачыцца яе членам, знаходзіцца ў саборным выпрацоўванні літургічнага функцыянальнага стылю сучаснай літаратурнай мовы. Дзеля параўнальнага аналізу новы пераклад вырашана друкаваць у паралельным зборы з грэчаскім, царкоўна-славянскім і рускім сінадальным тэкстамі, першы пробны выпуск якога ўжо з’явіўся ў 1991 г.

Вядомымі беларускімі літаратарамі В. Сёмухай і А. Клышкам у прыватным парадку выкананы самастойныя пераклады біблейскіх тэкстаў. Пераклад В. Сёмухі з мовы-пасярэдніцы, які выйшаў пад рэдакцыяй архіепіскапа Мікалая разам з, несумненна, новым стылявым вопытам і бясспрэчнымі дасягненнямі ў пераўтварэнні евангельскага тэкста на сучасную нацыянальную мову, незвычайна аслаблены, аднак, усімі недахопамі выданняў беларускай дыяспары, непрыкрытай вольнасцю ў перакладзе цяжкіх месц, дыялектным напісаннем біблейскіх імёнаў, нярэдка да поўнай страты іх патаемнай (запаветнай) этымалогіі, і зноў жа выйшаўшай з ужытку арфаграфіяй, якую не ўспрымае масавы сучасны носьбіт мовы.

Зроблены з арыентацыяй на еўрапейскую перакладальніцкую практыку, пераклад А. Клышкі Новага Запавету, - у пахвалу яму трэба адзначыць, што ён зроблены з грэчаскага арыгіналу, - таксама з’яўляецца знакавай з’явай у гісторыі беларускага перакладу біблейскіх тэкстаў.

Над сваімі перакладамі Новага Запавету і ўсёй Бібліі для ўнутрацаркоўнага ўжывання няспынна працуе група каталіцкіх перакладчыкаў. Імі за пэўны час падрыхтаваны вялікі і

дасканалы лекцыянарый, часткамі якога можна было б карыстацца пры падрыхтоўцы тэкста Бібліі да друку. У перспектыве можна пагаварыць і аб гэтым.

З 2001 г. Біблейскае таварыства працуе над перакладам, які па даручэнню Ватыкана зрабіў кс. Ул. Чарняўскі, чалавек,які ўсё жыццё працаваў на тэрыторыі Беларусі, пераносіў усе цяжкасці быта разам з народам, пераклаў Біблію на тую мову і тым правапісам, да якога прывыкла і які ўжо лічіць сваім большасць беларусаў. У 2004 г. выйшаў у свет «Новы Запавет». Яго нешматлікі тыраж ужо поўнасцю разышоўся.

Але падрыхтаваны для выдання пераклад не з’яўляецца ў строгім сэнсе слова аўтарскім. Біблейскае таварыства падключыла да працы над ім навукоўцаў-лаціністаў Жану Некрашэвіч-Кароткую і Таццяну Федасееву, якія зверылі пераклад Чарняўскага на адраведнасць лацінскаму арыгіналу, з якога ён перакладаўся. Першапачптковы пераклад Новага Запавету адпавядаў крытычнаму падыходу Нэстле-Аланда. У падрыхтаванай для выдання Бібліі тэкст прыведзены да адпаведнасці «тэксту большасці», таму што мінавіта да такога тэкста нашы людзі больш прывыклі, маючы за ўзор сінадальны пераклад. Новы Запавет, які выходзіў, быў напоўнены вялікім аб’ёмам справачнага матэрыялу. Так, там былі:

1) слоўнік некаторых слоў, выкарыстаных пры перакладзе;

2) выразы, якія называюць Ісуса Хрыста ў Новым Запавеце;

3) падзеі з жыцця Госпада Ісуса Хрыста паводле чатырох Евангелляў;

4) апісане ўваскрэсення Хрыста ў 4-х Евангеллях;

5) спіс імён апосталаў Хрыста ў 4-х Евангеллях;

6) цэрквы апостальскага перыяду;

7) сем цэркваў Адкрыцця;

8) знакі і цуды І.Х.;

9) прыпавесці І.Х. у першых 3-х Евангеллях.

На фарзацах дадзены мапы:

1) Палесціна ў часы Хрыста;

2) Ерузалім у часы Хрыста;

3) місіянерскія падарожжы апостала Паўла.

У таварыстве падрыхтаваны тэксты Старога Запавету, над якім працавалі, звяраючы пераклад Чарняўскага з Новай Вульгатай, тыя ж навукоўцы-лаціністы. На фарзацах Бібліі мяркуецца таксама даць мапы:

1) Палясуіна да 5-га стагоддзя да нар. Хр.;

2) Палясціна ў 1-м ст. па нар. Хр.;

3) старажытны Бліжні Ўсход і Грэцыя;

4) Усходняе Сяродземнамор’е ў 1-м ст. па нар. Хр.

Біблія будзе мець Паказальнік паралельных месцаў (упершыню ў беларускім перакладзе!), невялікі слоўнік і каментарый да тэксту Старога Запавету, які робіць Галіна Веніамінаўна Сініла, знакаміты вучоны-спецыяліст у галіне біблеістыкі і ўсходніх літаратур. Дапамогу Біблейскаму таварыству ў перакладзе зацененных месц аказваў прафесар Оксфордскага ўніверсітэта Дж. Элволд, чыталі і давалі заўвагі да перакладу прадстаўнікі евангельскай і каталіцкай цэркваў.

Зараз тэкст поўнай Бібліі знаходзіцца ў працэсе вёрсткі, каб перадаць яго ў тыпаграфію. Паралельна рыхтуецца аўдыёматэрыял Новага Запавету для людзей з праблемамі зроку, таксама выданне Новага Запавету з Псалтырам

Кожны новы пераклад робіцца з надзеяй і спробай пазбегнуць памылак мінулых перакладаў і зрабіць штосьці больш дасканалае.

Ужо ў працэсе працы над перакладам мы пачынаем разумець, што ён, па-рознаму ўспрымаемы рознымі канфесіямі, патрабуе далейшага ўдасканалення, якое ў ідэале павінна зводзіцца да стварэння пераклада міжканфесійнага.

Гэта справа не бліжэйшай перспектывы. Яна партабуе лучнасці і сумеснай творчасці святароў і багасловаў розных дэнамінацый, згоды розных бакоў у справе аднолькавасці (аднастайнасці) напісання некаторых імёнаў і багаслоўскіх тэрмінаў. Аднак мы ўпэўнены ў тым, што кожны новы пераклад уносіць лепту як у развіццё беларускай біблеістыкі, тэрміналогіі на беларускай мове, так і ў выкарыстанне слова Божага беларускамоўнымі вернікамі, прыбліжаючы гэтым час, калі дыялог па стварэнню міжканфесійнага перакладу стане магчымым.

Нядзельная школа katecheta-by

Родаў Г.Я.

Рубрыка: