Цыбуліны, каланіялізм і тутэйшае праваслаўе: рэканструкцыя Барыса-Глебскай царквы ў Наваградку

Днямі на вежы Барыса-Глебскай царквы ў Наваградку - адзін з найстаражытных праваслаўных храмаў на Беларусі-Літве - усталявалі архітэктурны элемент, які ў народзе называецца “цыбулінамі”, праз падабенства паводле сваёй формы да цыбулі. Аднак насамрэч, калі паглядзець на фотаздымкі стане бачна, што купал цалкам перацярпеў рэканструкцыю і быў заменены шатровым, а глухой цыбульнай галоўкай ён проста завяршаецца. У чым адрозненне? Цыбульная галава - гэта від купала, які адрозніваецца вялікім дыяметрам галавы, большым за дыяметр барабану, а таксама перавалоданнем вышыні над шырынёй. Шатровы купал з’яўляецца праз цяжкасць перадачы такога элементу візантыйскага праваслаўнага храму як купал. Шацёр меў некалькі рэбраў і на вяршыні яго размяшчаўся купал. Прыкладна такую рэканструкцыю правялі і над Барыса-Глебскай царквой, замяніўшы гнілы бляшаны шатровы купал на новы, аздоблены “цыбулінкай”.

Многіх такая эстэтыка абурыла яшчэ ў чэрвені 2010 г., калі ўпершыню стала вядома пра рэканструкцыю. Таварыства аховы помнікаў звярнулася ў міністэрства культуры з патрабаваннем спыніць працы ў храме. Група інтэлігенцыі прыняла зварот “Не дапусціце варварства з царквой у Навагрудку”, у якім у прыватнасці адзначалася: “Лічым сваім маральным абавязкам апэляваць да грамадзянскай і культурніцкай супольнасьці краіны з мэтаў выказаць рашучы пратэст супраць антыкультурнай, антыбеларускай дзейнасьці РПЦ. Зьвяртаем таксама ўвагу на тое, што разбурэньне аўтахтоннай культуры і беларускіх гістарычных помнікаў — адна з праяваў тыповай каляніяльнай палітыкі, што расейскія ўлады ажыцьцяўлялі цягам некалькіх мінулых стагодзьдзяў у акупаванай і далучанай да імпэрыі Беларусі. Цяпер гэтую палітыку працягвае РПЦ. Мы патрабуем спыніць разбурэньне нашай спадчыны!” Незалежныя смі таксама падтрымалі хвалю абурэння, пафас якога гучаў у стылі “Расейскай Праваслаўная Царква руйнуе беларускія помнікі, ажыццяўляючы Маскоўскую каланіяльную палітыку на Беларусі”.

Паспрабуем разабрацца ў гэтым пытанні.

Рэканструкцыя ў храме сапраўды праводзілася, і сапраўдыстарыя шатровыя купалы былі замененыя на новыя з пазалочанымі глухімі цыбульнымі галоўкамі.

Чым была выкліканая неабходнасць замены? Як мы можам прачытаць навагрудскай грамадска-палітычнай газеце “Новае жыццё” ў рубрыцы “Нашы святыні - нашы лёсы” яшчэ 1-га красавіка 2009 г. настаяцель Барыса-Глебскай царквы іярэй Міхаіл Орса звярнуўся да жыхароў гораду з наступнай просьбай: “У бягучым годзе тут плануецца правядзенне найважнейшых і неадкладных работ па замене даху і сістэмы водазабеспячэння, падвядзенні да храма сістэмы цеплазабеспячэння. Усё гэта звязана з фінансавымі праблемамі. У сувязі з гэтым Свята-Барысаглебская царква праводзіць Велікодную дабрачынную акцыю па збору сродкаў для выканання работ. Кожны з нас можа далучыцца да гэтай святой і богаўгоднай справы - прыняць удзел у акцыі і стаць яе распаўсюджвальнікам.

Як мы бачым, тутэйшы святар на беларускай мове звяртаецца да ўсіх, каму неабыякавы лёс Барыса-Глебскай царквы па фінансавую дапамогу ў сувязі з неабходнасцю неадкаладных работ па замене даху. Прыхаджане храму таксама сведчаць, што дах усімі цяпер такога любімага храму, знаходзіўся ў аварыйным стане. Інтэлігенцыя шуму з гэтай нагоды не ўздымала.Тое, што гэты дах мог элементарна абваліцца, нікога не цікавіла. Гэта зараз усе прыхільнікі гісторыка-культурнай спадчыны ўспомнілі пра храм. Для настаяцеля ж гэта была надзённая неабходнасць. Да тутэйшага беларускага святара. Для тутэйшых беларускіх прыхажанаў. Не нейкіх, якія прыехалі немаведама адкуль, з Расеі і Сібіры, і якіх прапануюць выслаць назад. Значыць, з матывацыяй мы высветлілі - настаяцель не руйнаваў храм, а наадварот, яго захоўваў.

Калі з матывацыяй зразумела, возьмемся за аўтэнтычнасць. Як вы думаеце, адкуль у святара ўзялася такая думка - на слынны кафедральны храм Навагрудскай мітраполіі ўзняць маленькія цыбуліны, якія асацыююцца з усходне-рускім стылем, а зусім не з нашым, тутэйшым? За некалькі стагоддзяў форма цыбуліны на вершаліне параваслаўнага храму стала гэткай жа свойскай у нас, як і гатычныя стромкія вежы, і барочныя ды рэнесансныя элементы. Цыбулінка ж у нас асацыюецца з Расея мо таму, што такі архітэктурны элемент масава пачаў з’яўляцца на нашых земляў пасля таго, як Беларусь стала часткай Расейскай імперыі, для нас зла роўнага з Савецкай уладай, якая паспяхова гэтыя самыя цыбулінкі з храмаў праваслаўных скідала, да 1939 г. пераўтварыўшы БССР у тэрыторыю без ніводнага дзеючага храму. Што такое для нас Расея таго перыяду? Так, каланіяльная палітыка расейскай адміністрацыі. Так, рэалізацыя гэтай палітыкі ў тым ліку праз праваслаўную царкву. Так, ліквідацыя ўніі (між іншым, разам з самім уніяцкім духавенствам). Так, “праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць”. Так, русіфікацыя. Усё так. Але сёння - ці ў Маскве выдаваўся загад пра тое, каб на Наваградскі храм узняць цыбуліны? Ці Патрыярх са сваім “Рускім светам” прымаў гэтае рашэнне? Ці кіраўніцтва БПЦ імкнулася прывесці да “агульнарускага ўзору” выгляд Барыса-Глебскай царквы? Ці гэта проста святар, наш тутэйшы, з прыхажанамі, сваімі, наваградскімі, проста вырашыў зрабіць “як лепей, як прыгажэй”? І тут зноў пытанне матывацыі - ніхто не хацеў зрабіць горш. Цыбуліны, мала таго, што выкананыя з няякаснага таннага матэрыялу, сапраўды парушаюць звыклае аблічча храму, прыносяць новыя элементы эклектыкі ў без таго эклектычнае збудаванне - розныя архітэктурныя элементы належаць розным стылям і часінам. Але калі ў цыбулінках і можна бачыць парушэнне эстэтыкі, то тут у нашай тутэйшай праваслаўнай царкве - сярод Вашых бабуляў і дзядуляў, мацярок і бацькоў - адсутнасць адчування стылю, аўтэнтычнасці сапраўды прагледжваецца. Яны ўсе - ахвяры каланіяльнай культурнай экспансіі. Яны глядзяць расейскія каналы, гавораць па-руску, слухаюць расейскую музыку, жывуць у расейскай інфармацыйнай прасторы. Не знайшлося каго ў а. Міхаіла, каб падказаць (ці, дакладней, знайшоўся нехта, хто вось так і падказаў). Вось ён тыя цыбуліны і вырашыў ставіць, каб царкву ўпрыгожыць. І, думаю, калі пачаўся шквал неверагоднай анты-праваслаўнай агрэсіі, яму ніколі б не захацелася б больш звяртацца да такіх вось анты-праваслаўных спецыялістаў, каб яны памаглі храм адрамантаваць у больш аўтэнтычным рэчышчы. “Гэць расейскія папы!”, “Антыбеларуская дзейнасць РПЦ”, - пагадзіцеся, такія слоганы не спрыяюць дыялогу, наадварот.

Менавіта на гэтым месцы ў ХII ст. з'явілася плошча, якая ўзяла на сябе функцыі новага горадаўтваральнага цэнтра. Адсюль вялі шляхі на Вільню, Уселюб, Мінск, Слонім. Будаўніцтва Свята-Барысаглебскай царквы звязваецца з імёнамі Яраслава Мудрага, Міндоўга, Рыманта - сына князя Трайдзеня. Асноўную частку храма, магчыма, узводзілі віцебскія майстры, а галерэю, што была пабудавана пазней, - полацкія майстры. Будаўніцтва першага ў Навагрудку праваслаўнага храма супала з часам значнага пашырэння хрысціянства на Навагрудчыне. А вось час яго росквіту пачынаецца з ХIV ст. - пасля таго, як Кіеў быў разбураны і спалены мангола-татарамі. Мітрапаліт Кіеўскі быў вымушаны перанесці сваю рэзідэнцыю ў іншае месца і ўсталяваў кафедру ў Навагрудку, як у найбольш мірным месцы. Такім чынам, з 1317 г. Барысаглебская царква набыла статус кафедральнага сабора. Пры вялікім князі Гедаміне была створана самастойная праваслаўная Навагрудска-Літоўская мітраполія з цэнтрам у Навагрудку.” Гэта піша той самы “расейска-праваслаўны поп”, які “руйнуе беларускую культуру”. Гедымін, Тройдзень, Вільня, Слонім - і ніякай Масквы; самастойная праваслаўная Навагрудска-Літоўскай мітраполія - і ніякага Маскоўскага Патрыярхату.

Што рабіць паборнікам захавання культурнай спадчыны? Высылаць папоў (а заадно і ўсе 83% свайго народу) у Расею? Заплюшчваць вочы на сапраўды неабгрунтаваныя змены архітэктурнага аблічча і на каланізаванасць нашых культурных узораў? А можа, трэба наладжваць дыялог? А. Міхаілу вельмі былі патрэбныя кансультацыі экспертаў, тэрмінова, з-за іх адсутнасці ці недастатковай кваліфікацыі ён зрабіў такую памылку. І ўсё - даўно так нікога ў парыве праведнага гневу нішто так не яднала ў байнэце. Яднацца трэба, сваю спадчыну архітэктурную захоўваць трэба, але што для нас гэтая спадчына? З’ездзіць сфоткацца ў Наваградак на фоне Барыса-Глебскай царквы? А для а. Міхаіла і ягоных прыхажанаў - аўтахтоннага насельніцтва Наваградку - гэта аварыйны стан даху, гэта родны храм, які хочацца ўпрыгожыць. Давайце аб’яднаем намаганні, усе тутэйшыя людзі, каму неабыякавы лёс Барыса-Глебскай царквы, збярэм грошы, зробім добры праект - раз у нас так шмат спецыялістаў у галіне архітэктуры, прапануем а. Міхаілу замест танных цыбулінак нешта наскае аўтэнтычнае. Да гэтага заклікаў яшчэ ў 2009 г. а. Міхаіл: “Як паказвае гісторыя, лёс нашых святыняў - гэта наш лёс. За кожнага, хто не застанецца абыякавым, у храме будзе ўзносіцца малітва за здароўе і дабрабыт.

Яшчэ раю прачытаць Дэталь у маштабе помніка. Быць або не? // Штотыднёвая асветніцкая газета "Культура"

Фота НАША НІВА

Васілевіч Наталля

Рубрыка: