14. Епіскап Аргентынскі (1956-1957)

У першыя дні сьнежня 1955 года я атрымаў тэлеграму: "Вы прызначаны на епіскапскую катэдру ў Аргентыну. Чакаем Вашай згоды. Тэлеграфуйце. Мітрапаліт Анастасій". Стан майго здароўя затрымаў мяне з адказам. Хутка атрымаў другую тэлеграму: "Чакаем Вашай згоды. Мітрапаліт Анастасій". Памаліўшыся, я адказаў: "Згодны".

Заставацца ў Сіднэі ці ў Аўстраліі я ня мог, бо супраць гэтага быў бы епіскап Сава ды і Сынод. Мае сябры ў Адэлаідзе запрашалі мяне да іх, пра што прасілі мітрапаліта Анастасія, але епіскап Нікан па даручэньні мітрапаліта адказаў адмовай. Зрабілі гэтае без майго ведама і згоды, а потым паведамілі мне.

Пра Аргентыну і аргентынскае царкоўнае жыцьцё я мала што ведаў. Для атрыманьня зьвестак адтуль я напісаў ліст протаіерэю Н. Масічу, якога я ведаў па Гамбургу і Казацкім Стане. Зь ім быў там і а. Чаркашын, мой знаёмец з Гамбургу і Казацкага Стану. Неўзабаве атрымаў ад іх лісты, ляканічныя, але з тлумачэньнем становішча. А. Масіч пісаў, што храм і кватэра для архірэя ёсьць, у храме служаць галасістыя дыяканы, ёсьць сьвятары, выдатны царкоўны хор, рэгент. а астатняе сам убачу. У другім лісьце паведамлялася пра тое, што ў царкве камандуюць тры асобы: протаіерэй Соін, царкоўны стараста Гегелашвілі і ягоны памочнік Увараў, з якімі давядзецца мець непрыемныя справы. Па зьмесьце гэтых лістоў я здагадаўся, у чым справа і запытаўся мітрапаліта. Той адказаў мне з прапановай паскорыць ад'езд у Аргентыну аэраплянам. На аплату білета абяцаўдаслаць мне грошай. Замежны пашпарт атрымаў хутка, бо ўжо я быў аўстралійскім грамадзянінам. Выдача аргентынскай візы затрымалася. У Буэнас-Айрэсе выпрошвалі для мяне аргентынскую візу на сталае жыхарства. На гэта патрэбны быў дазвол міністэрства. Пакуль цягнулася справа з атрыманьнем пастаяннай візы, даслалі мне ўказ з Сыноду, у якім паведамлялася, што мяне прызначылі на катэдру Епархіяльнага архірэя Аргентынскай епархіі з тытулам: "Епіскап Буэнас-Айрэскі і Аргентынскі". Я быў задаволены, што выйшаў з становішча вікарнага епіскапа. Перажыўшы гэтае прыніжальнае становішча, я зрабіўся ворагам прызначэньня на епіскапскія вікарыяцтвы.

Напрыканцы лютага наступнага 1956 года я вылецеў аэраплянам "Квантас" у Буэнас-Айрэс па лініі - Фіджы, Кэнтан, Ганалулу, Лос-Анжэлес, Сан-Францыска з прыпынкам на тры дні і далей - Гватэмала. Панама, Ліма і Аргентына. У Сан-Францыска я наведаў сваіх старых знаёмцаў, сяброў і пазнаёміўся з горадам. На месца прыбыў раніцай у суботу 3 сакавіка. Тады ляталі аэрапляны чатырохматорныя, а джэтаў не было ўвогуле.

На аэрадроме чакалі мяне прадстаўнікі прыходу, бо я паведаміў ім тэлеграмай пра дзень і час свайго прыбыцьця. У храме сустрэлі мяне саборнае духавенства і даволі шмат народу, як і раней. Харысты былі ў поўным зборы. Малебен, прамова царкоўнага старасты і мая ў адказ. Пасьля царквы чай у архірэйскай кватэры ў гонар духавенства і госьця. Ня ведаю чаму, але ўсё ўбачанае ўпершыню зрабіла на мяне сумнае ўражаньне, падалося нішчымным. I не памыліўся я ў сваіх адчуваньнях.

Пасьля афіцыйнай часткі пацягнуліся будзённыя дні з усёй іх галізной. Царкоўная каса пуставала, епархіяльнай касы не было. асабістага катэдральнага сабора таксама не было. Набажэнствы праводзілі ў наёмным каталіцкім падвале школы, цесным і нізкім. Усе сабраныя грошы ішлі на аплату гэтых памяшканьняў. Прадбачыў я. што мяне чакае вялікая праца па ўрэгуляваньні ўсіх спраў. Гасподзь прывёў мяне сюды не для адпачынку і спакою, а для працы і клопату. Здавалася, што перада мною ляжыць некранутае поле, цаліна. Трэба было мець цярпеньне.

Першай справай я вырашыў увесьці ў кананічнае рэчышча так званую Рускую Праваслаўную кангрэгацыю ў Аргентыне, якая мела юрыдычную асобу Аргентынскай епархіі і на імя якой былі купленыя ўчасткі зямлі і будаваліся храмы. Але паводле статуту гэтай арганізацыі епархіяльны архірэй быў убаку ад кіраваньня царкоўна-епархіяльнай маёмасьцю. Займаліся гэтай справай вернікі без удзелу свайго епіскапа. Я лічыў такое становішча ненармальным і небясьпечным для епархіі. Па рускай прыказцы - новая мятла добра мяце. - так і я ўзяўся за справу ачышчэньня ад сьмецьця царкоўнага дому. Пераадольваючы перашкоды з боку вернікаў гэтай кангрэгацыі, я пры падтрымцы болыпасьці дасягнуў сваёй мэты. Быў зьменены статут і зацьверджаны дзяржаўнымі ўладамі, згодна з якім епархіяльны архірэй зьяўляўся па пасадзе старшынёй праўленьня названай кангрэгацыі. Гэтае новае становішча зацьвердзіў Архірэйскі Сынод і выказаў мне падзяку.

Адначасова з гэтай справай я аддана ўзяўся за ідэю будаўніцтва катэдральнага сабора. Мяне не спыняла тая акалічнасьць, што ў царкоўнай касе не было грошай увогуле, а тым болып на будаўніцтва храма і пакупкуўчастка. Спадзяваўся на Божую дапамогу, верыў, што Гасподзь прыслаў мяне ў гэтую краіну для арганізацыі царкоўных спраў. У ЗПІА і ў краінах Захаду звычайна будуюць храмы дзякуючы займу грошай у банках, але мы ў Буэнас-Айрэсе не маглі разьлічваць на гэта па розных прычынах. Трэба нам будаваць за свой кошт, на ахвяраваньні дабрачынцаў. На іх была мая надзея.

У дзень прастольнага сьвята катэдральнага падвальнага храма Ўваскрэсеньня Хрыстова я абвясьціў з царкоўнага амбона, што будзем будаваць сваімі сіламі свой сабор, і заклікаў вернікаў ахвяраваць на гэтую сьвятую справу і дапамагаць у будаўніцтве сваімі сіламі. г. зн. працай. Я не памыліўся ў сваіх спадзяваньнях. Пасьля доўгага пошуку патрэбнага ўчастка напрыканцы 1956 года мы яго купілі. Ахвяраваньні паступалі. Увесь цяжар клопатаў і розных хадайніцтваў. зьвязаных з будаўніцтвам, палягаў на мне. Калі былі зацьверджаны гарадзкімі ўладамі пляны нашага сабора, я асьвяціў плошчу і зрабіў закладку сабора ў палове кастрычніка 1957 года, а ў чэрвені 1958 года мы ўжо праводзілі рэгулярныя Набажэнствы ў сваім храме. Дружна дапамагалі ў гэтай справе добрыя людзі - адны грашыма, другія працай. Імёны ўсіх увекавечаныя на шыльдзе ўнутры сабора пры ўваходзе для ведама ўсіх і для малітоўнага памінаньня. Многія рабочыя працавалі бясплатна. Вялікія ахвяраваньні грашыма і пакупкай неабходнага матэрыялу для рызьніц і аздабленьня храма зрабіла Н. Н. Кенігсберг. Сам я працаваў фізычна, не саромеўся ніякай цяжкай і бруднай працы. Усе ўносілі свае пасільныя лепты на Божы дом.

Будаўніцтвам катэдральнага сабора і архірэйскага дома пры ім ствараўся Епархіяльный цэнтар Аргентынскай епархіі Рускай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы, дзякуючы чаму яна перастала быць часовай і бежанскай на чужой зямлі.

Усялякая добрая справа праводзіцца з вялікімі цяжкасьцямі і перашкодамі. Так было з катэдральным саборам. Адны ахвяравалі і працавалі ў гэтай сьвятой справе, а іншыя супрацьдзейнічалі і заміналі. Сваёй энэргіяй і жаданьнем я вынес на сабе ўсё будаўніцтва сабора і дома. Сам фізычна працаваў з мулярамі чатыры гады. Гасподзь даваў сілу і здольнасьць. У дадзеным выпадку мне даводзілася рабіць кладку цэглы, тынкаваць, выконваць сталярныя працы і іншае, пра што ў жыцьці ніколі і ня думаў.

Апрача будаўнічай працы, я траціў энэргію і час на выданьне часопіса "Епархіяльны весьнік", на духоўныя размовы з прыхаджанамі і дарослай моладзьдзю. На мае размовы прыходзілі многія: для прыхаджанаў асобна і для моладзі асобна. Праводзіў таксама пастырскія сходы, падчас якіх размаўлялі пра богаслужбовую практыку, царкоўны статут, пастырскую дзейнасьць і розныя праблемы царкоўнага жыцьця. Надакучаў усім, каму толькі мог. Жаданьне ў мяне было ня дзеля сваёй славы, а хацелася павысіць рэлігійны і маральны ўзровень ўсіх рускіх людзей, якія бачылі мяне і гаварылі са мною. Многіх не ўдалося ўскалыхнуць духоўна, але некаторыя пасталелі.

Патрэбная такая праца, бо рускія ў Буэнас-Айрэсе не складалі маналіт ці адну нацыянальную і праваслаўную сям'ю. У царкоўных адносінах яны былі раздробленыя ня толькі на асобныя супольнасьці. але і на юрысдыкцыі. У горадзе існаваў стары, першы ў Аргентыне. рускі прыход з велічным храмам, настаяцелем і будаўніком якога быў яшчэ напрыканцы ХГК стагодзьдзя протаіерэй К Ізрасцоў. Самавольна ён выйшаў з лона Рускай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы і самавольна перайшоў у Паўночна-Амэрыканскую мітраполію. Ён павёў за сабою і сваіх прыхаджанаў. Ён і яго прыхільнікі, як гэта звычайна здараецца псыхалягічна ў раскольнікаў, стараўся нашкодзіць нашай епархіі ў Аргентыне і агітаваў супраць яе разьвіцьця і царкоўнага жыцьця. Посьпеху ня меў, бо ўносіў спрэчкі паміж рускімі. Неўзабаве ён памёр. Яго намесьнік, болып спакойны, пазьней перайшоў у маю юрысдыкцыю разам з прыходам у 1961 годзе перад Вялікаднём. Сьвятарстваваў архімандрыт Міхаіл Дзікі, які меў прыход са сваіх прыхільнікаў, але той не перашкаджаў нашаму епархіяльнаму жыцьцю. Спрабавалі місіянэрстваваць каталіцкія сьвятары ўсходняга абраду, але рускіх яны мала пераманілі. Усе гэтыя падзелы не спрыялі царкоўнаму жыцьцю ў яго разьвіцьці ў мірных абставінах. Шмат было цывільных арганізацый, галоўным чынам ваеннага і палітычнага характару, якія паміж сабой не мірыліся. Паступова ўсе гэтыя падзелы зьнікалі ў выніку сьмерці адных і старасьці другіх. 3 дапамогай Божай Аргентынская епархія разьвівалася пасьпяхова і набывала аўтарытэт і значнасьць.