Сабор БАПЦ абраў першаярарха

21-22 ліпеня 2012 г. у катэдральным саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью Ёрку (ЗША) адбыўся царкоўны сабор Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, прысьвечаны юбілеям абвешчаньня Аўтакефаліі ў 1922 г. і 1942 г. на саборах у Менску, паведамляе Радыё Свабода.

У саборы ўзялі ўдзел япіскапы БАПЦ — Сьвятаслаў і Серафім, госьці з УАПЦ у ЗША — архіяпіскап Аляксандар і архіяпіскап Макарыяс, сьвятары й вернікі БАПЦ з Ангельшчыны, Аўстраліі, Беларусі, Канады й Злучаных Штатаў Амэрыкі. Дэлегаты й госьці сабору абмеркавалі стан парафіяў і ўсяе Царквы.

Царкоўны сабор прыняў зьмены й папраўкі да Статуту БАПЦ.

Важнай падзеяй сабору сталася абраньне першаярарха БАПЦ — архіяпіскапа Сьвятаслава (Логіна). Ад 31 дэлегата, прысутных на саборы асабіста і праз упаўнаважаньні, 23 галасы былі пададзеныя за абранага першаярарха.

Таксама сабор абраў новую Раду БАПЦ і кантрольную камісію БАПЦ.

У нядзелю адбылася архірэйская літургія, у якой узялі ўдзел новаабраны першагерарх БАПЦ, духавенства і вернікі, і на якой сьвятар а. Леанід Акаловіч, настаяцель парафіі Сьв. Эўфрасіньні Полацкае ў Менску, быў узнагароджаны санам пратаярэя.

Пасьля набажэнства адбыўся сьвяточны абед, пасьля якога вернікі выступалі з прывітальным словам. Сярод пачэсных гасьцей прысутнічала спадарыня Ганна Войтанка, якая брала ўдзел у саборы БАПЦ у 1948 годзе ў г. Канстанцы ў Нямеччыне.

Рубрыка: