Святар-пакутнік Васіль (1885-1930)

Ізмайлаў Васіль Васільевіч, протаіярей

Нарадзіўся 4 чэрвеня 1885 года ў сям'і месьціча г. Вышні Валачок Цьвярской губерні і першапачаткова пражываў у цэнтральнай Расеі. Пасьля заканчэньня Цьвярской Духоўнай сэмінарыі, у 1905 годзе, паступіў у лік студэнтаў Санкт-Пецярбургзкай Духоўнай Акадэміі і праслухаў у ёй поўны курс навук.

Захаваўся акадэмічны дыплём Васіля Ізмайлава, які сьведчыць пра тое, што ў верасьні 1910 года ён атрымаў ступень кандыдата багаслоўя.

Хутка Васіль Ізмайлаў ажаніўся. Ягонай абраніцай стала Яўгенія Мікалаеўна (прозьвішча якой, нажаль, невядомае). У маладой пары нарадзілася два сыны: у 1912 годзе - Мікалай; в 1914 годзе - Васіль.

Пасьля рукапалажэньня ў сан сьвятара зь лютага 1914 года а. Васіль нёс паслушэнства выкладчыка Менскай Духоўнай Акадэміі. У ёй ён выкладаў прадметы дагматычнага і маральнага багаслоўя.

Пасьля закрыцьця сэмінарыі з 1920 года, а. Васіль перайшоў служыць да Сьвята-Пакроўскай царквы в. Слабада-Азярыцкая Менскага раёна. У 1927 годзе стаў настаяцелем Сьвята-Ўваскрасенскага сабора г.Барысава. У Барысаве а. Васіль праслужыў усяго толькі некалькі месяцаў і быў арыштаваны 2 чэрвеня 1927 года.

Незадоўга да арышту за ім была ўстаноўленая сочка агентуры ОГПУ. Агенты, якія высочвалі Яго цягам трох месяцаў, склалі шэраг даносаў, якія ўвайшлі ў так званае "Абвінаваўчае заключэньне". У ім, у прыватнасьці, чытаем:

"...прыблізна 12 сакавіка ў час усяночнай і на наступны дзень, калі поўная была царква народу, сьвятар Ізмайлаў казаў, што хутка мусяць прыехаць бальшавісцкія папы і забраць наш сабор, кааб потым зрабіць у ім клюб. Заклікаў грамадзянаў абараняць царкву, пры чым раіў мужчынам у гэтую справу ня ўмешчацца… Казаў, што рэлігію перасьледуюць, даваў намёк на тое, што хутка будзе вайна….

2 мая, осьвячаючы магілы на могілках, у размове аб надвор'і казаў, што халоднае надвор'е пасылае Бог у пакараньне за тое, што савецкая ўлада і няверуючыя зьдзекуюцца з Царквы…

...у прыватнай размове са старэнькай жабрачкай (прозьвішча не ўсталяванае) казаў, што дождж увесь час ідзе - гэта прыкметы ў хуткім часе вялікай вайны, што так будзе ліцца кроў, як цяпер ліецца дождж…

Прымаючы да ўвагі, што сьведкі, а таксама агентурны матэрыял цалкам пацьвярджаюць, што Ізмайлаў вёў агітацыю зь яўна контррэвалюцыйнай мэтай і што дзейнасьць Ізмайлава мае ўзбуджальны ўплыў на массу, аб чым сьведчыць выступленьне массы ў час прыезду абнаўленцаў у сакавіку гэтага году, калі выгукі з натоўпу, настроенным Ізмайлавым, былі скіраваныя супраць савулады, прымаючы ўсё гэтае да ўвагі, мяркуем неабходным прыцягнуць Ізмайлава да адказнасьці самым жорсткім чынам…"

Вінаватым сябе ў прад'яўленых яму абвінавачаньнях а. Васіль не прызнаў, заявіўшы, што "усе гэтыя абвінавачаньні ні на чым не грунтуюцца".

Спакойным, упэўненым у сваёй рацыі поглядам, глядзіць ён на нас праз многія дзесяцігодзьдзі з фотаздымку "сьледчай справы", якая цудам ацалела ў ягоных дакументах.

Без суда і сьледзтва 26 жніўня 1927 года Яго прысудзілі да заключэньня ў Салавецкі концлагер асаблівага прызначэньня тэрмінам на тры гады. У час знаходжаньня там, ён, паводле афіцыйнай вэрсіі, памёр 22 лютага 1930 года, але, хутчэй за ўсё, як сьведчыць царкоўнае паданьне, быў расстраляны, увайшоўшы ў сонм навамучанікаў, які за веру пакутавалі ў страшны час ганеньняў на Царкву Божую. [1]

Цэтральны Архіў КГБ РБ. Сьледчая справа №32889-с.
Памятная кніжка Менской губерніі і каляндар на 1915 год. Мн. 1914. Л.86.
Паводле ўспамінаў праўнучкі Галіны Станіславаўны Барадулькінай.

ЗАЎВАГА

Гэтае паданьне грунтуецца на тым факце, што ў 30-я гады ўлады расстрэльвалі многіх вязьняў з афармленьнем падкладзеных дакументаў. Івана Саланевіч, які адбываў пакараньне ў лагерах Карэліі, так узгадвае пра гэта: "... штодзень у "санітарную ведамасьць" лагера даводзілася ўпісваць лічбу… якая азначала колькасьць расстраляных. Дзе і як іх расстрэльвалі, "афіцыйна" заставалася невядомым… Барыс (родны брат І.Саланевіча паводле спецыяльнасьці лекар - заўв. сьвят. Ф.К.), на адпаведных асабовых картачках мусіў вынаходзіць дыягназы і пісаць exitus litalis. Гэта былі расстрэлы уціхую - самы распаўсюджаны від расстрэлаў у СССР".

И.Л. Солоневич. Россия в концлагере. М. 1999. Л.148-149.

Хвёдар Крыванос

Рубрыка: