На беларускую дарогу.

“Беларуская Газэта” № 65, 6 верасьня 1942.

 

Дзякуючы спрыяльным дачыненьням нямецкіх уладаў да беларусаў, усе галіны нацыянальна-беларускага жыцьця паступова ўзыходзяць на беларускую дарогу. Пасьля школьніцтва, культуры і мастацтва, гаспадаркі, паліцыі самааховы і самаўраду ўзышла на беларускую дарогу і Праваслаўная Царква.

2 верасьня 1942 г. закончыўся ў Менску Праваслаўны Сабор іерархаў, прадстаўнікоў выбранага духавенства і вернікаў. Сабор зацьвердзіў аўтакефалію Беларускай Праваслаўнай Царквы. Так Праваслаўная Царква на Беларусі ... зрабілася незалежнай.Пэўнасьць жа гэтага зрабілася ў выніку тае спрыяльнае сітуацыі, якая стварылася дзякуючы вызваленьню Беларусі ад ворагаў.

З абвешчаньнем і канчальным зацьвярджэньнем аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы зьліквідавана тое ненармальнае палажэньне, якое было ў ёй дагэтуль. Раней Царква на Беларусі фармальна падпарадкоўвалася Маскоўскаму Мітрапаліту Сергію, стаўленіку Саветаў. /.../

Маскоўская Савецкая Царква ня толькі ... прызнала савецкі ўрад законным урадам расійскага народу, але нават урадам дадзеным Богам. Паводле словаў Маскоўскага мітрапаліта Сергія, “Царква павінна радавацца радасьцямі савецкае радзімы, сумаваць ейным сумам”. Маскоўскі мітрапаліт Сергій моліцца за перамогу саветаў над нямецкімі ўзброенымі сіламі, якія нясуць вызваленьне і запраўдную рэлігійную свабоду.

Вось у такой савецкай царкве фармальна была да нядаўна падпарадкаваная Праваслаўная Царква на Беларусі. Прыняцьцем аўтакефаліі зьліквідавана гэтае дасюляшняе парадаксальнае палажэньне ў Праваслаўнай Царкве на Беларусі. Але гэта толькі першы крок дзеля таго, каб зрабіць Праваслаўную Царкву на Беларусі творчым і нацыянальным дзейнікам беларускага народу.

Фармальнае сарваньне з Масквою ня робіць яшчэ духовага сарваньня зь ёю. Шмат старых праваслаўных духаўнікоў - гадунцоў былое Расіі - няпэўна, з укрытым болем прыймаюць аўтакефалію. Усім у менску можна было пачуць і пабачыць, як бальшыня выбраных на Сабор ... прадстаўнікоў ... гаварыла па-расейску. Гэта мог кожны пачуць не толькі на вуліцы, але й у страўні БНС, дзе яны прыходзілі на абед, і ў беларускім тэатры на канцэрце духоўных сьпеваў і г.д.

Нават ... напісаны з нагоды Сабору ў № 63 нашай газэты артыкул, у якім кляймілася маскоўшчына ў Беларускай Царкве, выяўлялася ненармальная лучнасьць гэтай Царквы с савецкім стаўленікам мітрапалітам Маскоўскім і перадказвалася вострае змаганьне з духавенствам, калі яно будзе далей арыентавацца на Маскву, - так узяў за жывое некаторых удзельнікаў Сабору, што яны нават уважылі за патрэбнае на такім вялікім гістарычным Саборы скланяць і спрагаць сьціплую асобу аўтара ўспамянёнага артыкулу, забываючыся, што гэтая палітычная справа пераходхіць іхнія саборныя кампэтэнцыі. Ніхто з вернікаў не ўважыў за патрэбнае зьвярнуць увагу і перасьцерагчы ўмяшаньне духоўных у палітычныя справы, якое заказана адпаведнымі ведамымі ўсім пастановамі нямецкіх цывільных уладаў. Гэта ўсё паказвае, як багата яшчэ трэба працы кіраўніком Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, каб пераўзгадаваць у нацыянальным беларускім духу сваіх старых духаўнікоў і некаторых пасомых.

Абвешчаньне Саборам аўтакефаліі Беларускай Царквы прынята ўсім беларускім грамадзянствам прыязна. Каталіцкая дэлегацыя ў васобах Найдзюка, Шукелойца і Васюкевіча, не баючыся сваіх неталеранцыйных каталіцкіх канонаў, прывітала Сабор пасьля ўхвалы аўтакефаліі. І мы пазытыўна ставімся да прыняцьця Аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквой, маючы надзею, што ў будучыні яна будзе творчым элемэнтам беларускай нацыі. Ставячыся пазытыўна, мы, аднак, не глядзім на гэта праз ружовыя акуляры. Мы прадбачым, што шмат яшчэ будзе кіраўніком Аўтакефальнай Беларускай Праваслаўнай Царквы весьці кананічнага і іншага змаганьня з агэнтамі Масквы, зь іхнімі савецкімі патрыярхамі, а таксама за беларусізацыю Царквы.

У гэтым змаганьні Царква, безумоўна, будзе мець падтрыманьне беларускага грамадзянства, нямецкіх цывільных уладаў. Але адмысловай апекай ніводнае веравызнаньне на Беларусі карыстацца не можа і павінна разьлічваць толькі на свае сілы./.../

Усе веравызнаньні лаяльна працуюць разам з нямецкім кіраўніцтвам. Само сабой зразумела, што БАПЦ ужо прынцыпам нацыянальнага самасьцьвярджэньня адхіляе ўсякую апеку з боку вялікарасійскага нагляду. Таксама і тут, у галіне культаў, мае значаньне лёзунг: “Беларусы - не расейцы”.

Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква - БАПЦ - Афіцыйны сайт

Рубрыка: