Арцыбіскуп Габар Пінтэр пакідае Беларусь
17.12.2019Арцыбіскуп Габар Пінтэр, які быў 12 лістапада прызначаны Апостальскім Нунцыем у Гандурасе, пакідае Белаусь. Як паведамляе Catholic.By, у Менску прайдуць развітальныя сустрэчы і служэнні арцыбіскупа:
- 19 снежня, у чацвер, арцыбіскуп Габар Пінтэр, які з мая 2016 года быў Апостальскім нунцыем у Беларусі, возьме ўдзел у пастырскай сустрэчы духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая пройдзе ў касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску (пачатак у 11.00).
Падчас сустрэчы, якая распачнецца супольнай малітвай Літургіі гадзінаў, працягнецца тэматычнай канферэнцыяй, адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і святой Імшой, пасля кароткай арганізацыйнай часткі адбудзецца дзяленне аплаткамі. - 5 студзеня, у нядзелю, арцыбіскуп Габар Пінтэр у 13.00узначаліць цэлебрацыю святой Імшы ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі.
Гэтая Эўхарыстыя стане падзякаю Богу за больш як трохгадовае служэнне іерарха ў якасці прадстаўніка папы Францішка ў Беларусі.
Арцыбіскуп Габар Пінтэр з’яўляўся Апостальскім нунцыем у Беларусі з 13 мая 2016 г. Ён змяніў на гэтай пасадзе арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці.
Арцыбіскуп Пінтэр нарадзіўся ў Венгрыі 9 сакавіка 1964 г. Атрымаў святарскае пасвячэнне 11 чэрвеня 1988 г. Пачаў службу ў ватыканскай дыпламатыі 1 ліпеня 1996 г. Працаваў у дыппрадстаўніцтвах Святога Пасаду на Гаіці, у Балівіі, Швецыі, Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі. Ведае венгерскую, італьянскую, англійскую, нямецкую, іспанскую, французскую, рускую, шведскую і крэольскую мовы.
Фота Vatican News
Апошнія навіны