Сінод Біскупаў: інтэрв’ю з біскупам Антоніем Дзям’янкам

 

Ужо другі тыдзень Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка знаходзіцца ў Рыме на ХІІ Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў як прадстаўнік Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Прапануем вашай увазе фрагменты інтэрв’ю з біскупам Антоніем для Ватыканскага радыё, у якім гаворка ідзе пра мінулы і сучасны стан біблійнага душпастырства на Беларусі.

— Раскажыце, калі ласка, Эксцэленцыя, якім чынам Божае слова вытрымала складаны час пераследу Касцёла на Беларусі?

— На Беларусі вернікі Біблію ведаюць, карыстаюцца ёю. Але, калі гаварыць пра мінулы перыяд, які быў вельмі складаны для нашых вернікаў, трэба адзначыць, што Божае слова было вядомым дзякуючы таму, што святар у касцёле пераказваў яго ў форме Lectio divina. Было забаронена высылаць рэлігійныя кнігі, аднак была Біблія, і гэта было асаблівым стымулам для прапаведніка, каб, як мага часцей у яе заглядваць. Таксама малітвай, якая дапамагала зразумець Біблію, быў Ружанец.

— Ці існуюць у Беларусі якія-небудзь формы біблійнага душпастырства, ці ствараюцца біблійныя колы?

— У цяперашні час зацікаўленасць Бібліяй павялічваецца. У парафіях, дзе працуюць актыўныя душпастыры, ствараюцца такія колы. У іх уваходзяць свецкія асобы, якія хочуць глыбей пазнаць Святое Пісанне і разважаць над ім. Раз або некалькі разоў на тыдзень збіраюцца яны для супольных разважанняў над Божым словам. Відавочна зацікаўленасць маладых людзей, якія жадаюць не толькі разважаць над Божым словам, але жыць ім. Многія душпастыры заклікаюць, каб прынамсі адзін раз на тыдзень кожная сям’я збіралася на супольнае чытанне Божага слова.

— Ужо больш за тыдзень Вы, шаноўны біскуп Антоні, маеце магчымасць штодня бачыць Святога Айца ў вялікай супольнасці кардыналаў, кіраўнікоў Рымскай Курыі, сінадальных айцоў з усяго Касцёла. Які гэта досвед для Вас?

— Незвычайны. Перадусім гэта досвед супольнай малітвы са Святым Айцом. Бачу таксама, што Папа вельмі ўважліва слухае выступоўцаў, зацікаўлены тэматыкай, і гэта заахвочвае нас да яшчэ больш грунтоўнай працы. Штодзённа сустракаючыся з біскупамі розных кантынентаў, я бачу, што Бог розным чынам дзейнічае ў чалавеку. Адны распавядаюць пра Касцёл, які мае глыбокія традыцыі і структуры, а іншыя — пра яго сучасныя цярпенні. Напрыклад, у краінах паўночнай Афрыкі хрысціяне не аднойчы асуджаныя на складаныя ўмовы жыцця; у залежнасці ад перакананняў жывуць яны ў экстрэмальных умовах, але трываюць. Не маючы сродкаў да існавання, не маючы працы, трымаюцца Касцёла, жывуць ім, разважаюць над Божым словам, і Святы Дух дапамагае вытрываць у такіх абставінах. Выступалі таксама іерархі з Індыі, якія казалі пра фундаменталізм, пра нападзенні на католікаў. З другога боку, біскупы Аўстраліі казалі пра сітуацыю, калі вернікі ўжываюць больш за 1200 моваў. Як перакласці Біблію на мову кожнага племені, кожнага народу? Гэта вельмі складаная сітуацыя, але Дух Святы дзейнічае ў Касцёле, і гэтыя праблемы, якія здаюцца чалавеку невырашальнымі, калісьці з лёгкасцю будуць вырашаны. У маёй памяці надоўга застанецца размова з біскупам Цэнтральнай Афрыкі, які казаў, што з’яўляецца першым біскупам-тубыльцам. Ён евангелізуе асабіста, і адно з плямёнаў менавіта з яго рук упершыню атрымала Біблію.

— Ваша Эксцэленецыя, на Беларусі ёсць таксама Праваслаўная Царква. Ці дапамагае Божае слова экуменічным зносінам?

— На Беларусі ёсць католікі, праваслаўныя і пратэстанты. Шмат т. зв. «змешаных» сем’яў. Зразумела, што кожнаму чытанне і вывучэнне Святога Пісання дапамагаюць у экуменічных зносінах. Чым лепш католікі, праваслаўныя і пратэстанты будуць ведаць Біблію, тым лепшымі будуць зносіны паміж намі.

Паводле матэрыялаў Радыё Ватыкана

партал Catholic.by

Рубрыка: