Інтэрв’ю кардынала Тарчызіо Бэртонэ тэлеканалу АНТ

 

6 мая 2009 г. у Ватыкане Дзяржаўны сакратар Яго Cвятасці Папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ даў інтэрв’ю беларускай тэлекампаніі АНТ. З высокім іерархам Каталіцкага Касцёла размаўляў палітычны аглядальнік Руслан Паддубскі. Прапануем вашай увазе тэкст інтэрв’ю.

— Як Вы ахарактарызуеце адносіны паміж Ватыканам і Рэспублікай Беларусь да Вашага візіту?

— Гэта адносіны паміж двума суб’ектамі, якія знаёмяцца, прыглядаюцца адзін да аднаго і працуюць разам на карысць беларускага народа. Нягледзячы на тое, што Апостальская Сталіца з’яўляецца органам міжнароднага кіравання, які стаіць на чале Касцёла ва ўсім свеце, сваёй прысутнасцю, праз мясцовы Касцёл у кожнай краіне, імкнецца ўплываць на грамадства, і гэты ўплыў накіраваны на карысць народа. Гэта ўзаемнае супрацоўніцтва паступова развівалася. Яно ўмацавалася яшчэ больш падчас майго візіту ў Беларусь, дзякуючы як майму асабістаму знаёмству з іерархіяй, грамадскасцю, так і падчас сустрэчы з Прэзідэнтам, міністрам замежных справаў і прадстаўнікамі органаў улады. Я павінен прызнаць, што вялікая заслуга ва ўмацаванні дадзеных адносінаў належыць паслу Рэспублікі Беларусь пры Ватыкане. Гэта цудоўны чалавек, годны вялікай павагі, з ім у мяне атрымалася пазнаёміцца і зблізіцца падчас маёй працы ў якасці дзяржсакратара.

— Як Вы ахарактарызуеце візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Ватыкан?

— Павінен адзначыць, што пасля майго візіту ў Беларусь была праведзена значная праца, адбыліся розныя сустрэчы. Па-першае, сустрэча з міністрам замежных справаў у Рыме, па-другое, шматлікія сустрэчы з паслом Беларусі ў Ватыкане, які цяпер стаў намеснікам міністра замежных справаў Беларусі. Гэтую пасаду ён атрымаў дзякуючы сваёй дзейнасці. Таму быў падрыхтаваны і здзейснены візіт Прэзідэнта Лукашэнкі ў Ватыкан і Італію. Я вельмі задаволены тым, што стаў сведкам візіту вашага Прэзідэнта як у Ватыкан, так і ў Італію, а таксама яго сустрэчаў з Берлусконі і міністрам замежных справаў Італіі.

Святы Айцец застаўся задаволены гутаркай з вашым Прэзідэнтам, які быў вельмі добра падрыхтаваны да сустрэчы. Прэзідэнт правёў з ім (Папам) дыскусіі на розныя тэмы, абмеркаваўшы ў тым ліку праблему ўзаемаадносінаў паміж рэлігійнай верай і чалавечым розумам, паміж навукай і верай. У іх была цікавая размова, і Прэзідэнт прадэманстраваў, што вельмі цэніць пазіцыю Святога Айца, якая з’яўляецца пазіцыяй высокай маральнай і навуковай значнасці на сусветным узроўні. Я думаю, што факт дадзенай сустрэчы яшчэ больш зблізіў Беларусь з Каталіцкім Касцёлам, з Ватыканам.

Падчас нашых сустрэчаў, як ужо было адзначана, мы абмеркавалі больш канкрэтныя праблемы і прааналізавалі магчымасці заключэння Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Ватыканам. Гэтае Пагадненне знаходзіцца на стадыі вывучэння, мы ўжо абмяняліся заўвагамі адносна розных яго пунктаў. Прадстаўнікі дзяржаўнай улады разам з кампетэнтнымі міністэрствамі зробяць свае высновы, а затым дзяржаўны сакратарыят падвядзе вынікі. Мы маем надзею ў бліжэйшым часе падпісаць гэтае пагадненне. Я сказаў Прэзідэнту: «Пагадненне можна падпісаць усюды, але прыкметаю яго вялікага значэння і важнасці быў бы факт яго падпісання ў гэтай зале, дзе мы знаходзімся цяпер, — гэта зала пагадненняў і перамоваў». Апошнім пагадненнем, якое мы тут падпісалі, было пагадненне з Арабскай Лігай, а перад гэтым — важнае пагадненне з Бразіліяй (гэта велізарная краіна, дзе колькасць католікаў складае вялікі працэнт). У Беларусі Каталіцкі Касцёл прадстаўлены добра, ён шматлікі, хоць і знаходзіцца ў меншасці ў адносінах да Праваслаўнай Царквы. Але мы ведаем, што да Каталіцкага Касцёла адносяцца з пашанай і Праваслаўная Царква, і дзяржаўныя ўлады Беларусі. Было б добра, калі б гэтае пагадненне было падпісана тут, у гістарычнай зале, у якой на працягу многіх стагоддзяў падпісваюцца пагадненні святога Каталіцкага Касцёла з краінамі і міжнароднымі арганізацыямі.

— Калі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пакідаў Ватыкан, развітваючыся з Папам Рымскім, ён запрасіў Бэнэдыкта XVI наведаць Беларусь. Ці адбудзецца гэты візіт у бліжэйшым часе, а можа, ужо вядома яго дакладная дата?

— Так, Прэзідэнт скіраваў запрашэнне і растлумачыў Святому Айцу свой праект. Святы Айцец выказаў гатоўнасць наведаць Беларусь. Дату візіту пакуль нельга назваць, бо гэта залежыць ад розных фактараў, якія будуць вызначаны пазней і ўдакладнены Прэзідэнтам Лукашэнкам. Такім чынам, дату візіту мы пакуль не можам вызначыць, але сама гатоўнасць Папы наведаць Беларусь — гэта ўжо, на маю думку, добрая навіна.

Матэрыялы інтэрв’ю прадастаўлены парталу catholic.by

тэлекампаніяй АНТ

 

 

Рубрыка: