Урачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, Б: Кароль ці палітык?

Дан 7, 13–14

Ап 1, 5–8

Ян 18, 33b–37

«Ці Ты – Кароль юдэйскі?»

Магчыма, цягам стагоддзяў збляк першапачатковы драматызм гэтага пытання. Дзеля таго, каб нейк уваскрасіць яго пачатковы сэнс, паспрабуйма ўявіць сабе, што Ісус Хрыстос жыве і дзейнічае ў Беларусі ў – скажам – сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя.

«Товарищ Иисус Иосифович Назарянин, мне донесли, что Вы возомнили себя Президентом Белоруссии. Это правда?»

Ісус цікавіць Понція Пілата перадусім як палітык. А менавіта: ці гэты прарок з Назарэту, з выгляду нявінны, не рыхтуе часам якогась бунту супраць рымскай улады? ці Яго дзейнасць не нясе пагрозы панаванню боскага Імператара?

Сёння таксама многіх Ісус цікавіць найперш як палітык. Гэтаксама, як у старажытнасці Пілат разважаў, ці Ісус Назаранін не пагражае «рымскаму правапарадку», так і сёння многія задаюцца пытаннем: Ці гэты Ісус не пагражае дэмакратыі? талеранцыі? ці не пагражае еўрапейскаму правапарадку? У сувязі з гэтым: варта ці не варта ўзгадваць пра Яго вучэнне ў еўрапейскай канстытуцыі? Ці не пагражае Ён прагрэсу? навуцы і тэхніцы? цывілізацыйнаму поступу?... Як думаеце, чым спрычынена нядаўняе заключэнне Страсбургскага Трыбунала (адносна Італіі), што наяўнасць крыжоў у школах парушае правы чалавека?

Як сёння, так і цягам гісторыі можам назіраць нешта, што можна акрэсліць як «Пілатава дылема». Гэта дылема спароджана прычытваннем Ісусавай місіі як палітычнай дзейнасці. А калі гэта – палітыка, то лагічным ёсць пытанне, на чыю карысць альбо некарысць будзе пераразмеркаваны палітычны капітал? І калі Понцій Пілат пытае: «Ці Ты – Кароль юдэйскі?», то пытае менавіта пра гэта: у чым заключаецца Твая палітыка?

Што на гэта сам Ісус?

Валадарства Маё не з гэта га свету. Калі б з гэтага свету было Маё Валадарства, то слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я не быў выдадзены юдэям. Але цяпер Маё Валадарства не адгэтуль. (...) Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе.

Тут, думаю, варта паставіць пытанне: да каго гэтыя словы скіраваны ў першую чаргу: да Пілата, ці, можа, да паслядоўнікаў Хрыста? Я думаю, што менавіта да нас, хрысціянаў.

Выкарыстоўванне Імя Ісуса да здабывання ўлады, узмацнення ўплываў у грамадстве, павышэння сацыяльнага статусу было і застаецца адной з найвялікшых праблем хрысціянства. Патрабаванне адмысловых правоў, прывілеяў, ільготаў па той прычыне, што хтось ёсць «слугою Хрыста» - гэта спакуса, якая стала пагражае прадстаўнікам Касцёла/Царквы. Адной з праяў такога злоўжывання ёсць схільнасць многіх духоўнікаў выкарыстоўваць святарскую вопратку для аблегчання вырашэння пэўных надзённых спраў, што мае месца ў хрысціянскіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі. Многія святары і законнікі, хоць у штодзённым жыцці не носяць духоўнай вопраткі, то ўсё ж ахвотна яе апранаюць калі, скажам, ідуць да лекара альбо ў консульскі аддзел. Сутана, габіт, каларатка з'яўляецца даволі надзейным сродкам псіхалагічнага ўздзеяння на службовых асоб, каб тыя трактавалі духоўнікаў як персон вышэйшага гатунку, а не як звычайных, шэрых людзей. Прыгадваю выпадак, калі з адным ксяндзом ехаў у машыне (ксёндз быў за рулём). Перавысіў хуткасць (а такое ён рабіў даволі часта) і натрапіў на дарожнага інспектара. Інспектар спыніў машыну, але пабачыўшы, што кіроўцам з'яўляецца святар, не выпісаў штрафу. І тым не менш, гэты святар потым доўга абураўся на тое, што інспектар увогуле адважыўся яго затрымаць! Думаю, няцяжка цяпер здагадацца, чым корміцца антыклерыкалізм і чаму ў Еўропе хрысціянства становіцца ўсё менш і менш папулярным.

Атакі на Касцёл/Царкву і на хрысціянскія сімвалы, як напрыклад, крыж – гэта, безумоўна, прыкрыя рэчы. Магчыма, часта яны несправядлівыя. Але думаю, што варта, каб мы, хрысціяне, успрымалі гэтыя напады перш за ўсё як нагоду да навяртання. Нагоду да ўсведамлення, што калі мы сапраўды належым да Хрыста, то наша Валадарства не з гэтага свету. Нам трэба вызваляцца ад прагі ўлады і пераадольваць спакусу здабывання прывілеяў на гэтым свеце. І калі б было так, што крыжы ў італьянскіх школах з'яўляюцца ўсяго толькі маніфестацыяй хрысціянства як палітычнай сілы, гэта значыць, падкормлівалі нашу фанабэрыю, то тады, мабыць, сапраўды лепей іх стуль паздымаць...

Нам давераны скарбы намнога больш каштоўныя, чым, скажам, грошы і ўлада. Мы з'яўляемся ўладальнікамі моцы самога Хрыста. Падчас Прычасця гэтая моц становіцца асабліва дзейснай. Гэта моц міру, любові і прабачэння. Мы можам – дакладней, можам магчы – тое, што не заўсёды можа гэты свет – пераадольваць зло пры дапамозе дабра. Мы пакліканы да ўдзелу ў каралеўскай годнасці Хрыста, быць волатамі Дабравесця і вестунамі Божага Валадарства, якое – паўторым за Ісусам - «не ёсць з гэтага свету». Сведчыць аб сіле любові.

Вось такое ёсць наша Валадарства.

Блог Пятра Рудкоўскага - У Пошуках Невядомага Слова

Пётра Рудкоўскі ОР