КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА ГРЭКА-КАТАЛІЦКАЙ ЦАРКВЫ Ў БЕЛАРУСІ Ў ХІХ - ХХ ст.: ІНТЭГРАЦЫЯ Ў СІСТЭМУ КАШТОЎНАСЦЕЙ І СФЕРУ ЎЖЫТКУ НОВЫХ УЛАДАЛЬНІКАЎ

Што ж можна лічыць асноўнай прычынай страты такой вялікай часткі культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы? Пажары ва ўсе часы былі адной з важнейшых прычын знішчэння царкоўнай маёмасці: гарэлі цэрквы і манастыры разам са шматлікімі іконамі, скульптурай, царкоўным посудам, кнігамі і г.д. Аднак, безумоўна, пажары і іншыя стыхіі не могуць лічыцца галоўнай прычынай знікнення асноўнай часткі культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы. Тым больш, што на стан захавання нематэрыяльнай спадчыны яны ўплывалі ў нязначнай ступені. Тое ж тычыцца і шматлікіх разбуральных войнаў, якія непасрэдна закраналі беларускія землі. Вайна неразборліва знішчала культурную спадчыну розных канфесій і помнікі свецкай культуры, аднак знішчыць тую ці іншую традыцыю яна не была здольнай. Вываз культурных каштоўнасцей за межы Беларусі (продаж, рабаўніцтва ў час войнаў, прымусовая канфіскацыя і г.д.) у ХІХ - ХХ стст. хоць і меў масавы характар, але і ён не можа лічыцца асноўнай прычынай страт. Па-першае, вываз культурных каштоўнасцей закрануў спадчыну ўсіх канфесій, але не нанёс непапраўнага ўрону ні адной з іх. Па-другое, ён не мог закрануць ў значнай ступені нематэрыяльную і нерухомую (найперш, архітэктурную) спадчыну.

Часта таксама даводзіцца сустракаць меркаванне пра свядомае вынішчэнне культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы дзяржавай і іншымі канфесіямі (найперш, праваслаўнай царквой). Некаторыя аўтары нават кажуць пра «сапраўдную вайну супраць спадчыны грэка-каталіцкай царквы» [3, с. 100]. На наш погляд, у ХІХ - ХХ стст. мела месца не вайна супраць гэтай спадчыны, а спроба іншых канфесій, прыватных асоб і дзяржавы інтэграваць гэту спадчыну ва ўласную сістэму каштоўнасцей, прыстасаваць яе да ўласных патрэб. Безумоўна, далёка не ўсё магло быць прынятым, таму на гэтым шляху інтэграцыі і адаптацыі не магло абысціся без страт.

Такім чынам, асноўнай прычынай знішчэння культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі стала знікненне самой царквы. Знікненне носьбіта традыцыі не магло не выклікаць яе частковую ці поўную страту. У такім разуменні тыя структуры, якія выявілі імкненне інтэгра­ваць культурную спадчыну грэка-каталіцкай царквы ва ўласную сістэму каштоўнасцей і сферу ўжытку не павінны ўспрымацца як знішчальнікі даў­няй традыцыі. Наадварот, дзякуючы іх намаганням каштоўнасці, якія ўз­ніклі ў грэка-каталіцкім асяроддзі, здолелі захавацца да нашага часу. Знач­на горшы лёс чакаў тую частку культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы, якая засталася незапатрабаванай, - рана ці позна яна зусім знікла.

Найбольш пацярпела пасля ліквідацыі уніі нематэрыяльная (духоўная) спадчына грэка-каталіцкай царквы. Калі матэрыяльныя аб'екты часта працягвалі сваё існаванне незалежна ад існавання асяроддзя, у якім яны ўзніклі, то нематэрыяльная спадчына (музычная творчасць, абраднасць, інтэлектуальнае і манаскае жыццё і інш.) не можа існаваць доўга пасля знікнення свайго носьбіта. Напрыклад, нехарактэрным для праваслаўнай царкоўнай практыкі было існаванне манаскіх ордэнаў. У выніку яшчэ да 1839 г. пачалася рэарганізацыя ордэна базыльян, перадача праваслаўнай царкве базыльянскіх манастыроў (з адпаведнымі зменамі ў манаскім жыцці) і нават іх закрыццё. Абраднасць, якая вызначалася штодзённай практыкай грэка-каталіцкай царквы і адрознівалася ад практыкі набажэнства праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, не магла развівацца без існавання самой царквы.

Безумоўна, на працягу развіцця ўсходняга хрысціянства ў Беларусі (у форме праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэркваў) назапасілася нямала рыс, якія адрознівалі яго ад расійскага праваслаўя. Аднак ва ўмовах, калі гэтыя цэрквы перасталі існаваць у якасці самастойных адзінак, нельга было спадзявацца на захаванне іх спецыфікі. Праваслаўная царква Расійскай імперыі не магла прыняць запазычаныя з заходнехрысціянскай практыкі святы (напрыклад, свята Божага Цела), таму іх святкаванне працягвалася толькі прадстаўнікамі рыма-каталіцкай царквы (у т.л. сярод былых грэка-католікаў, што далучыліся да яе). У сваю чаргу, нельга было спадзявацца і на захаванне абраднасці грэка-католікамі, якія перайшлі ў каталіцтва.

Разам з абраднасцю ў нябыт адыходзілі і іншыя практыкі, якія на працягу больш чым двух стагоддзяў выпрацоўвала грэка-каталіцкая царк­ва. Напрыклад, значнаму рэфармаванню падлягала музычнае мастацтва грэка-каталіцкай царквы. Іншы характар, уласцівы праваслаўнаму і ката­ліцкаму богаслужэнню, вымагаў адпаведных змен у музычным суправа­джэнні набажэнства. Традыцыі грэка-каталіцкай царквы ўжо не маглі быць выкарыстаны ў поўнай меры. Хаця яшчэ доўгі час пасля ліквідацыі уніі ў народзе жылі элементы яе музычнай культуры.

Адным з найвышэйшых дасягненняў царквы была шматузроўневая разгалінаваная адукацыйная сістэма. Безумоўна, яна таксама не магла быць выкарыстана ў поўнай меры ў новых умовах. Так, амаль адразу была пастаўлена па-за законам практыка навучання ў заходніх універсітэтах і калегіях [5]. Нехарактэрным для Расійскай імперыі было таксама існаванне свецкіх адукацыйных устаноў пры манастырах. У выніку пачалася іх рэарганізацыя і ліквідацыя. Для замацавання разрыву з даўняй традыцыяй і рэарганізацыі адукацыйнай сістэмы па новых узорах праводзіўся таксама і перанос былых грэка-каталіцкіх навучальных устаноў на новае месца. Так, найбуйнейшыя школы пры Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах былі перанесены адпаведна ў Вільню і Гродна [1, с. 9; 4, с. 302]. Адна за адною былі закрыты або рэарганізаваны многія навучальныя ўстановы грэка-каталіцкай царквы. Дарэчы, падобная сітуацыя склалася і з праваслаўнай царквой у Беларусі пасля далучэння яе да Расіі: нешматлікія навучальныя ўстановы, якія існавалі пры праваслаўных манастырах (як напрыклад, магілёўскія школы), былі закрыты.

Змянялася таксама і моўная практыка ў царкоўным жыцці Беларусі. У грэка-каталіцкім асяроддзі мела месца выкарыстанне беларускай мовы ў прапаведніцкай дзейнасці. На першых парах пасля ліквідацыі уніі яе выкарыстанне часткова захоўвалася. Аднак у практыцы праваслаўнай царквы Расійскай імперыі (незалежна ад рэгіёну краіны) было распаўсюджана максімальнае выкарыстанне рускай мовы. Таму падчас шматлікіх рэвізій беларускіх епархій у ХІХ ст. пастаянна ажыццяўляўся кантроль за добрым веданнем святарамі рускай мовы, а цэрквы апрача богаслужэбнай літаратуры маскоўскага друку забяспечваліся кнігамі ўзорных казанняў на рускай мове. Выкарыстанне беларускай мовы паступова змяншалася да поўнага яе выкаранення з царкоўнай сферы. Тое ж можна сказаць і пра каталіцкую царкву, якая на тэрыторыі Беларусі апрача сакральнай лацінскай мовы пры правядзенні катэхізацыі і ў казаннях выкарыстоўвала пераважна польскую мову. У выніку былыя прыхаджане грэка-каталіцкай царквы, якія былі вымушаны схіліцца ці да праваслаўнай ці да рыма-каталіцкай царквы, збліжаліся то з рускамоўным, то з польскамоўным асяроддзем.

Матэрыяльная культурная спадчына грэка-каталіцкай царквы захавалася значна лепш, бо яе захаванне ў меншай ступені залежала ад існавання стваральніка і носьбіта. Матэрыяльная спадчына не знікала ўслед за знікненнем таго асяроддзя, у якім яна ўзнікла і бытавала. Хаця змяненне спецыфікі бытавання, меншая або поўная незапатрабаванасць гэтай спадчыны ў новых умовах вяла да значнага змяншэння яе колькасці.

Сказанае можна праілюстраваць на прыкладзе кніжнай спадчыны. У сувязі са змяненнем абрадавай практыкі, пераарыентацыяй на дагматычныя пазіцыі праваслаўнай або рымска-каталіцкай цэркваў амаль знікла запатрабаванасць у богаслужэбнай літаратуры грэка-каталіцкай царквы. Таму амаль адразу сталі прымацца меры па ліквідацыі выданняў, прызначаных для богаслужэння ў грэка-каталіцкіх храмах. Не прызначаная для вядзення набажэнства грэка-каталіцкая літаратура, за рэдкімі выключэннямі (напрыклад, ідэйна неадпаведныя выданні), пераходзіла ў кнігазборы праваслаўных, каталіцкіх і прыватных бібліятэк.

Гэтаксама амаль не прымалася спецыяльных мер па знішчэнні грэка-каталіцкіх архітэктурных помнікаў пасля ліквідацыі уніі. Многія храмы былі значна перабудаваны (часам, непазнавальна), што таксама сведчыць пра спробы адаптацыі новымі ўладальнікамі культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы да ўласных патрэб. Тым не менш, змены праводзіліся не ў адпаведнасці з мясцовай традыцыяй, часам узнікала неабходнасць ліквідаваць архітэктурныя элементы, не ўласцівыя праваслаўнай традыцыі, - амбоны, бакавыя алтары, элементы інтэр'еру (лаўкі, званочкі) і інш.

З выкарыстання ў праваслаўных цэрквах выводзіліся абразы, якія не адпавядалі ўсходняй традыцыі іканапісання, у храмах пачалося аднаўленне ці рэканструкцыя іканастасаў, у якіх месца старажытных абразоў занялі новыя іконы работы расійскіх жывапісцаў. Абсалютна не адпавядала прак­тыцы расійскай праваслаўнай царквы выкарыстанне аб'ёмных скульп­турных выяў ва ўнутраным аздабленні храмаў. Таму са скульптурай сапраўды вялася самая жорсткая барацьба. Больш пашанцавала тым скульптурным творам, якія трапілі ў каталіцкія касцёлы, дзе працягвалі шанавацца і выкарыстоўвацца па сваім асноўным прызначэнні.

Няздольнасць у поўнай меры інтэгравацца ў сістэму каштоўнасцей і сферу ўжытку новых уладальнікаў заставалася асноўнай прычынай страт культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы і ў ХХ ст. ў Савецкай Беларусі. У сувязі з палітыкай барацьбы з рэлігіяй загінула нямала куль­турных багаццяў нашай краіны. Зноў з-за неадпаведнасці новым умовам, «незапатрабаванасці» царкоўныя пабудовы і іх матэрыяльныя каштоўнасці знішчаліся ці канфіскаваліся. Вялікія масы народу па сваёй волі ці супраць яе адышлі ад царкоўнага жыцця. У атэістычнай дзяржаве не было месца для царкоўных каштоўнасцей і помнікаў сакральнага мастацтва.

Такія ўмовы не маглі не спрыяць знікненню даўніх традыцый, знішчэнню ці змене функцыянальнага прызначэння істотнай часткі культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы. Вынікам таго стала знішчэнне і пераабсталяванне царкоўных пабудоў пад іншыя патрэбы (клубы, музеі, архівы, жылыя ці службовыя памяшканні і г.д.), канфіскацыя царкоўных каштоўнасцей (золата, срэбра, каштоўныя камяні, абразы, кнігі і інш.) для барацьбы з голадам і павышэння дабрабыту асобных устаноў, рэгіёнаў і дзяржавы ў цэлым.

Такім чынам, значная колькасць культурных багаццяў, якія засталіся пасля знікнення грэка-каталіцкай царквы, была знішчана на працягу наступнага паўтара стагоддзя. Мы не схільны вінаваціць у гэтым знішчэнні праваслаўную і каталіцкую цэрквы, як і дзяржаўныя структуры. Наадварот, можна казаць, што пераход часткі культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы да новых уладальнікаў станоўча паўплываў на яе захаванне, бо застаўшыся ў іх руках культурная спадчына працягвала быць запатрабаванай, гэта значыць працягвала сваё існаванне. Напрыклад, у выніку праведзенага намі аналізу кнігазбораў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі было высветлена, што пераважная большасць кніжных помнікаў грэка-каталіцкай царквы захоўвалася да 1920‑х гг. у праваслаўных цэрквах, манастырах і навучальных установах, а пазней трапіла ў дзяржаўныя зборы. Тое ж тычыцца іншых помнікаў. Тыя ж каштоўнасці, што не былі запатрабаваны, прыходзілі ў заняпад, знішчаліся, прападалі з народнай памяці. Напрыклад, пасля ліквідацыі базыльянскага манастыра пры Сафійскім саборы ў Полацку яго будынак быў закінуты, з яго знялі медзяны дах, які быў адпраўлены ў Пецярбург на будаўніцтва Ісакіеўскага сабора. Ад недагляду пабудова згарэла у выніку пажару. Магутны будынак датрываў да 1913 г., калі яго прадалі расійскаму падрадчыку, які разабраў сцены і сплавіў цэглу па Дзвіне ў Рыгу [2, с. 53-54]. Пабудовы, якія трапілі да новых уладальнікаў, напаткаў значна лепшы лёс: яны працягвалі выкарыстоўвацца па прызначэнню і, у пераважнай большасці, перажылі ХІХ і ХХ стагоддзі. Больш таго, перавод пэўнай часткі культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы ў ХХ ст. у бібліятэчныя, музейныя, архіўныя і іншыя зборы дазволіў забяспечыць іх лепшае захаванне, вывучэнне, а часам і папулярызацыю.

Такім чынам, мы не пагаджаемся са сцвярджэннем аб мэтанакіраванай вайне тых ці іншых сіл супраць культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы. На нашу думку, асноўнай прычынай страты значнай часткі гэтай спадчыны з'яўляецца яе незапатрабаванасць у новых умовах, якія склаліся пасля знікнення царквы.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Далматов, Н. Краткое описание Супрасльского Благовещенского монастыря Гродненской губернии, Белостокского уезда / сост. архим. Николай. - Вильна: Тип. А. Г. Сыркина, 1885. - 12 с.

2. Ластоўскі, В. Выбраныя творы / В. Ластоўскі. - Мінск: Беларускі кнігазбор, 1997. - 512 с.

3. Марозава, С.В. Лёс культурнай спадчыны уніяцкай царквы ў Беларусі / С. В. Марозава // Спадчына. - 1996. - № 6. - С. 100 - 118.

4. Паевский, Л. С. Жировицкий и Брест-Литовский архивы (к вопросу о значении провинциальных архивов для западно-русского края) / свящ. о. Л. Паевского // Труды девятого археологического съезда в Вильне: 1893. В 2 т. / под ред. графини Уваровой и С. С. Слуцкого. - М. , 1895 - 1897. - Т. 1. - 1895. - С. 299 - 308.

5. Рождественский, С.В. Исторический обзор деятельности Министерства Народного Просвещения, 1802 - 1902 / сост. С. В. Рождественский; изд. М‑ва нар. просв. - СПб.: Гос. тип., 1902. - 787 с., 17 л.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Суша А.А.

Рубрыка: