Закалоты з Арцеміем: Сербская Праваслаўная Царква і Косаўскія жарсці

У Косава не суціхаюць жарсці вакол апальнага сербскага епіскапа Арцемія (Радаслаўлевіча), які рашэннем Архіярэйскага Сабору Сербскай Праваслаўнай Царквы  быў адпраўлены на спачын за фінансавыя злоўжыванні ў епархіі Косава і Метохіі. Ці браў у гэтых злоўжываннях удзел сам епіскап - але ён быў прызнаны адказным за тое, што ў махінацыях удзельнічалі бліжэйшыя асобы з ягонага акружэння, у т.л. сакратар архіярэя архімандрыт Сімяон (Вілоўскі), якія самавольна бралі сродкі з царкоўных дабрачынных фондаў і трацілі на свае асабістыя мэты, у т.л. на набыццё нерухомай маёмасці ў Бялградзе і Грэцыі. Сярод дабрачынных фондаў былі і тыя, фінансавыя сродкі з якіх прызначаліся для рэканструкцыі манастыроў і храмаў у Косаве і Метохіі.

Магчыма, калі б справа тычылася іншага епіскапа, альбо адбываліся б гэтыя падзеі ў іншай епархіі, то пакаранне прайшло б ціха. Аднак шырокая сусветная вядомасць Арцемія, а таксама асаблівая сітуацыя Косава, дзе Сербская Праваслаўная Царква знаходзіцца ў досыць неспрыяльных умовах, не кажучы ўжо пра палітычны статус гэтай былой сербскай тэрыторыі, якая самаабвесціла аўтаномію пры падтрымцы ЗША і многіх краінаў Еўропы, сталі каталізатарам царкоўных і палітычных закалотаў.

На тэрыторыі Косава, якую сербы лічаць калыскай сваёй дзяржаўнасці і духоўнасці, знаходзіцца мноства праваслаўных манастыроў (да пачатку баявых дзеянняў храмаў і манастыроў у Косава налічвалася больш за 1800). Пасля распаду Югаславіі, з к. 1980-х - пач. 1990-х гг. у Косава сталі расці сепаратысцкія настроі: за ХХ стагоддзе асноўным насельніцтвам гэтай тэрыторыі сталі албанцы. Сербска-албанскае супрацьстаянне, тэрарыстычная партызанка ў краі прыводзяць да адкрытага канфлікта, калі ў 1998 г. у Косава была ўведзеная югаслаўская армія, пачаліся этнічныя чысткі з абодвух бакоў, у т.л. албанскімі паўстанцамі было разбурана мноства храмаў. Такім чынам, канфлікт набыў яскравую рэлігійную афарбоўку: мусульмане албанцы супраць праваслаўных сербаў - і для мільёнаў праваслаўных ва ўсім свеце Косава стала сімвалам праваслаўнага пакутніцтва ад рук мусульманаў. Калі ж у 1999 г. да канфлікту далучыліся і ўзброеныя сілы НАТО, з боку якіх праводзіліся масавыя бамбардзіроўкі сербскіх гарадоў, у выніку чаго Белград даў дазвол на ўвядзенне ў Косава кантынгенту НАТО, то тады канфлікт набыў яшчэ і афарбоўку "сутыкнення цывілізацый": Захад супраць праваслаўнай цывілізацыі.

Безумоўна, такая схематычная рэпрэзентацыя канфлікту была хутчэй міфам, чым рэчаіснасцю; у ім праваслаўныя сербы ўяўляліся гэтакімі героямі і пакутнікамі сярод Балканаў, у якіх злачынныя албанскія сепаратысты-тэрарысты, да таго ж мусульмане, адбіралі спрадвечную спадчыну Косава, забівалі жыхароў-сербаў, знішчалі праваслаўныя манастыры пры дапамозе заходніх армій. У такім кантэксце героем уяўляліся і Мілошавіч - усенародна абраны Прэзідэнт сербаў, якога злачынная Амерыка зжыла са свету; і нават баявік Караджыч, вось, паглядзіце, ён на фотаздымку з мілейшым Патрыярхам Паўле, герой, патрыёт і змагар за бацькаўшчыну і праваслаўе. Сербія стала сімвалам праваслаўнага супраціву і ісламу, і Захаду, супраціву культурнага і палітычнага.І тут косаўскі епіскап Арцеміе, асоба харызматычная, атрымаў вялікую вядомасць і павагу, ён аб'ездзіў увесь свет, расказваючы пра албанскія і амерыканскія злачынствы ў Косава, і вось ён сам ужо стаў сімвалам праваслаўнага супраціву, пакутніцтва, патрыятызму.

Быў ён і ў Беларусі ў красавіку 2009 г., выступаючы і Беларускім Дзяржаўным Універсітэце, і ў беларускім Парламенце. З дабраславення архіярэя ў Беларусі дзейнічай праект "Белая Русь - сестре Сербии" па зборы сродкаў на аднаўленне царквы св. Параскевы ў Косава, рэалізоўваўся шэраг іншых "сербскіх" ініцыятываў, у цэнтры якіх нязменна стаяў лозунг "Косава ёсць Сербія". Для Беларусі палітычная актуальнасць такіх праектаў тлумачыцца нашай палітычнай сітуацыяй: у нас таксама ёсць праваслаўны ўсенароднаабраны Прэзідэнт Лукашэнка, супраць якога ваюе ўся антыправаслаўная антыславянская сусветная закуліса, якая хоча зжыць яго са свету гэтак жа, як і Слабадана Мілошавіча. Сербская рыторыка тут спрацоўвае на ўсе 100 %.

Пасля адхілення Рашка-Прызненскага епіскапа ад кіравання епархіяй у лютым 2010 г., па Сербіі і ўсім свеце пракацілася хваля пратэстаў. Многія звязвалі такое адхіленне са спачынам Свяцейшага Патрыярха Паўле і прыходам да ўлады ў Сербскай Праваслаўнай Царкве ледзь не "антысербскіх сілаў", некаторыя сцвярджалі, што прычынай стала бескампрамісная пазіцыя епіскапа Арцемія па пытанні Косава і Метохіі, у той час як кіраўніцтва Сербіі, якое імкнецца да інтэграцыі ў Еўрапейскі Саюз, даўно "здала" Косава пад ціскам Захаду і таму Косаўскі архіярэй для іх як "бяльмо на воку". Пра тое, што ініцыятыва кананічных мераў супраць апальнага епіскапа "зыходзіла не ад самой Сербскай Праваслаўнай Царквы, якая зараз аслабленая пасля смерці патрыярха Паўле, а звонку, ад пэўных сілаў Захаду, якія актыўна працуюць на палітычным полі Балканаў і супрацоўнічаюць з цяперашнім урадам Сербіі", напрыклад, заявіў і адзін з каардынатараў праекту "Белая Русь - сястры Сербіі" парталу "Материк": "З імі епіскап Арцеміе быў у канфлікце па фундаментальных праблемах будучыні Косава-Метохіі".

Яшчэ ў лютым быў праведзены шэраг акцый у падтрымку апальнага архіярэя, але найбольшыя пратэсты пачаліся пасля адпраўкі епіскапа Арцемія на спачын, які вернікі ў адкрытым лісце назвалі "палітычна-матываваным", "паспешным, нецаркоўным, чыста свецкім, груба-выкананым, распутным і антыкананічным". Архіярэйскі сабор, у адказ на пратэсты, абвесціў, што непрыняцце рашэння Сабору аб адпраўцы епіскапа Арцемія на спачын, якая часта прымае форму паклёпу супраць Патрыярха Сербскага Ірынея, а таксама Святога Сіноду, не можа разглядацца інакш, як спробы расколу Царквы з боку "самаабвешчаных абаронцаў" царкоўнага і палітычнага дзеяча. У паведамленні "Адказ на паклёп псеўда-абаронцаў: абараняюць Уладыку ад Царквы і Патрыярха" адзначаецца, што шэраг групаў, якія падпісваюцца як духоўныя дзеці епіскапа Арцемія - гэта людзі сектанцкага менталітэту, якія дазваляюць Сабе называць Патрыярха і членаў Сіноду як "беззаконнікі" і "ганебны Сінод", і дзейнасць такіх групаў - раскольніцкая, больш за тое, яна кампраметуе і асобу самога епіскапа Арцемія. Сярод такіх груповак адзначаецца дзейнасць чатырох прыходаў у Аўстраліі, якія ўжо шмат часу саслужаць з святарамі-расстрыгамі і сектантамі, самазваных "сербскіх лідараў" і арганізацый "Сербскіх нацыянальных веча" ці "Садружнасці абшчынаў", якія нікога не прадстаўляюць, пры гэтым распаўсюджваюць вучэнні пра "планетарныя сілы зла", чым таксама не спрыяюць аўтарытэту былога косаўскага архіярэя.

Цэнтрам пратэстаў стаў манастыр Црна-Рака, а адным галоўным з арганізатараў - іераманах Антон (Давідавіч). Дыскурс зваротаў у падтрымку епіскапа Арцемія набыў таксама афарбоўку ад слоганаў аб "здрадзе Сербству і Праваслаўю" да "пагрозы папізму, экуменізму і глабалізму". Пад кіраўніцтвам Давідавіча быў складзены "Зварот святарства, манаства і вернага народу Святому Сіноду СПЦ" і пачаты збор подпісаў, пасля чаго супраць манаха быў распачаты царкоўны працэс, пасля чаго манахі Црна-Ракі апублікавалі "Петыцыю да Святога Архіярэйскага Сабору".

Нягледзячы на пратэсты, епіскап Арцеміе быў усё ж адпраўлены на спачын, а выконваючым абавязкі кіраўніка епархіі стаў Мітрапаліт Чарнагорскі Амфілох. Апальны іераманах Антон (Давідавіч) царкоўным судом Будзімлянска-Нічшскай епархіі быў пазбаўлены святарскага сану, манаскага чыну, а таксама як міранін Драган Давідавіч адлучаны ад Царквы на два гады. У віну Давідавічу былі пастаўленыя арганізацыя дэманстрацыі 13 лютага супраць адхілення епіскапа Арцемія ад кіраўніцтва Рашка-Прызненскай епархіяй, а таксама правядзенне кампаніі ў падтрымку архіярэя, у часе якой былы манах дапускай абразлівыя і паклёпніцкія выказванні ў бок Патрыярха Ірынея і шэрагу епіскапаў Сербскай Праваслаўнай Царквы. Тым не менш, гэта не прынесла спакою ў манастыр Црна-Рака і манахі сталі пагражаць пакінуць манастыр.

Пры ўступленні на пасаду адміністратара епархіі 26 траўня Мітрапаліт Амфілох звярнуўся да манахаў і вернікаў: "Я веру, што вы застанецеся тут... Любыя іншыя паводзіны - адмова ад паслушэнства Ісусу Хрысту". Аднак, нягледзячы на гэта, настаяцель пратасінкел Нікалае (Ніколіч), а таксама дзевяцёра насельнікаў манастыра Црна-Рака вырашылі пакінуць манастыр у знак пратэсту, папрасіўшы кананічны адпуст у Мітрапаліта, які, аднак, адмовіўся яго даваць. Падобная сітуацыя склалася і ў манастыры святых Архангелаў пад Прызненам, якім кіруе іераманах Бенедыкт. Епархіяльнае ўпраўленне папярэдзіла манахаў аб кананічных наступствах стварэння псеўдазілоцкіх групаў і за непаслушэнства кіраўніцтва епархіі. Аднак, нягледзячы на заклікі, 3 чэрвеня, напярэдадні прастольнага свята манастырскай капліцы, мяцежная брація Црна-Ракі, у парушэнне Статуту СПЦ, пакінула манастыр, выправіўшыся ў невядомым кірунку. У манастыры засталося толькі чатыры манахі. 

Кананічныя меры былі прынятыя і ў дачыненні да бліжэйшага памочніка епіскапа Арцемія пратасінкела Сімяон (Вілоўскага): былы настаяцель Баньскага манастыра быў пазбаўлены святарскага сану і манаства. Дзеян Вілоўскі, цяпер міранін, быў таксама адлучаны ад Царквы на тры гады. Вілоўскаму быў выстаўлены шэраг абвінавачванняў, віну ў якіх цалкам прызнаў царкоўны суд: калі Вілоўскі быў студэнтам багаслоўя ў Салоніках, ён служыў літургію на антымінсе, падпісаным епіскапам Арцеміем, пры гэтым не памінаючы Патрыярха Канстанцінопальскага, на кананічнай тэрыторыі якога той знаходзіўся, чым стварыў праблему ў стасунках з Усясветным Патрыярхатам і пашкодзіў аўтарытэту Сербскай Праваслаўнай Царквы; а таксама давай ілжывыя паказанні з гэтай нагоды перад Камісіяй Архіярэйскага Сабору СПЦ у 2006 г. Пасля навучання ў Грэцыі Вілоўскі вярнуўся ў епархію і стаўшы там вышэйшай адміністратыўнай уладай, ён стаў умацоўваць свой статус праз пераслед, пагрозы і роўныя формы ціску на клірыкаў епархіі, пра што сведчаць іх шматлікія заявы. Ён таксама выкарыстоўваў свой статус для атрымання асабістай матэрыяльнай выгады, прывелеяў для сваіх сваякоў і лаяльных памочнікаў. Таксама Вілоўскі абвінавачваўся ў незаконным прыўлашчванні царкоўных грошай, з якімі, пасля распачынання супраць яго крымінальнай справы, а таксама з епархіяльнымі дакументамі, ён уцёк у Грэцыю, дзе і знаходзіцца ў дадзены момант. У якасці настаяцеля манастыра ў Баньску, Сімяон Вілоўскі не толькі не выконваў сваіх абавязкаў па стырнаванні манастыра, але таксама прыўлашчваў і брацкую маёмасць. Акрамя таго былы пратасінкел быў адным з заснавальнікаў будаўнічай фірмы Раде Неімар, на дзейнасці якой, карыстаючыся сваёй манапольнай пазіцыяй, нажываўся, прысвойваючы таксама грошы, сабраныя на дапамогу бедным і галодным у Косава і Метохіі, чым нанёс неймаверную шкоду аўтарытэту ўсёй Сербскай Праваслаўнай Царквы. Пасля таго, як супраць Вілоўскага была распачатая крымінальная справа і ён збег у Грэцыю, злачынца выставіў пераследы супраць яго як палітычна-матываваныя, узводзячы паклёп на кіраўніцтва СПЦ.

Якая роля ва ўсім гэтым самога епіскапа Арцемія? Ці меў ён дачыненне да дзейнасці свайго бліжэйшага паплечніка Вілоўскага? Ці падтрымлівае ён сваіх "саманазваных" абаронцаў? Ці ён проста стаў ахвяраў сітуацыі? Ягоныя выступленні ў сербскай прэсе, дзе ён крытыкуе суд супраць сябе, сведчаць, што з рашэннем суда епіскап не згодны і пакуль не збіраецца сыходзіць на спачын. Больш за тое, пасля наведання ім Косава 6-8 чэрвеня 2010 г. насельнікі шэрагу манастыроў (ужо згаданага св. Архангелаў у Прызнене, а таксама некаторых іншых) звярнуліся да кіраўніцтва епархіі з просьбай аб адпускных граматах, каб паследаваць за сваімі "духоўным айцом", месцам жыхарства якога на спачыне вызначаны манастыр Шышатовац у Срэмскай епархіі, пры гэтым манахі заявілі, што ў выпадку адмовы, яны гатовыя пакінуць епархію, як і брація Црна-Ракі, і пяцёра манахаў з манастыра св. Архангелаў на чале з Бенедыктам (Прэрадовічам) сваю пагрозу выканалі, на іх была накладзеная кананічная епіцім'я - забарона на служэнне і прычашчэнне.

Закалоты ў епархіі дасягнулі такой напружанасці, што ў справу вымушаныя быў умяшацца Сербскі Патрыярх Ірыней, які наведаў Косава ў к. чэрвеня. Каментуючы сітуацыю ў епархіі, Патрыярх, які сам пражыў у Косава з 1947 па 1975 г., што ў той час не было такога супрацьстаяння паміж албанцамі і сербамі, два народы жылі ў міры, і ён спадзяецца, што мір зноў усталюецца на святой зямлі Косава; неабходнасць жа адхілення кіраўніка Рашка-Прызненскай епархіі тлумачыцца тым, што епіскап Арцеміе супрацьдзейнічаў кіраўніцтва СПЦ у расследаванні злоўжыванняў і махінацыяў, якія адбываліся ў епархіі цягам многіх год, і ў якія былі замяшаныя набліжаныя да яго людзі.

Епіскап Арцеміе пакуль не выступае з афіцыйнымі заявамі. Ён не становіцца на чале таго руху, актывізацыю якога спарадзіла ягоная адстаўка. Час ад часу ён толькі намякае, што яго пераследуюць за вернасць праваслаўю, за вернасць Сербіі, але адкрыта супраць Сіноду і Патрыярха апальны архіярэй не выступае. Магчыма, у яго перад вачыма нядаўняя гісторыя чукоцкага архіярэя Маскоўскага Патрыярхату Дзіяміда, які быў пазбаўлены сану за актыўную зілоцкую і раскольніцкую дзейнасць, які, здавалася, атрымаў шырокую падтрымку, але пра якога сёння ўжо мала хто памятае. Безумоўна, маштаб асобы і вядомасць у свеце Арцемія не параўнальная з вядомасцю Дзіяміда, але ў выпадку адкрытай канфрантацыі з Царквой са шматтысячнай арміі прыхільнікаў па ўсім свеце ў яго застануцца невялікія групы прыхільнікаў. І тут слушна прагучыць пытанне Архіярэйскага Сабору: "Дзе тут Царква і пабожнасць = Праваслаўе? На баку псеўдазілотаў, якія, паклёпнічаюць, носячы партрэты епіскапа Арцемія? На баку Печы Суботнічага, які сядзіць у турме, і Сімяона Вілоўскага, які збег ад праўды і гневу абрабаваных косаўскіх беднякоў? На баку віртуальных "народных лідараў", непрызнаных багаслоўскіх "геніяў", якія нават не маюць багаслоўскай адукацыі, але ўзяліся вучыць веры епіскапаў? Розных рыбакоў у мутнай вадзе, гатовых гаварыць пра ўсё, што заўгодна, апроч як пра Хрыста, пра жыццё ў Хрысце і пра збаўленне ў Царкве, якая ёсць Целам Хрыстовым? Ці ісціна ўсё ж там, дзе ёсць Патрыярх, як стырнавы саборнай тоеснасці Царквы, з самымі годнымі сербскімі епіскапамі, прафесарамі багаслоўя і манаствам духоўна трывалых сербскіх манастыроў?" На гэтае пытанне выпадае адказаць і самому епіскапу Арцемію.

Наталля Васілевіч

Рубрыка: