МАНІТОРЫНГ БЛОГАЎ: Westki: Будслаў перажыве гэтых хамаў
10.07.2011Мінула і гэта свята, з тварамі сяброў, са спевамі, з малітвай. Калі б нашаму Будславу не было 500 год, то многія рэчы маглі б знеахвоціць, скінуць на дно чалавечага бунту і незразумення.
Напрыклад: чаму мяне, чалавека ў сутане, які ідзе ў касцёл, абмацоўваюць людзі ў форме і чаму яны маюць права вырашаць зайсці мне ў Будслаў, альбо не? Чаму гэтых людзей не было ў Даўгінаве, калі стаміўшыся ад доўгага шляху мы не маглі заснуць у палатках ад дзікага візгу п'яных маладзёнаў? Чаму іх няма там і там... Сёння ведаю чаму - яны ў Будславе!
У Будславе была мая дарагая Віцебшчына. Непакорнасцяй гэтага жэсту нельга не ганарыцца, нават, калі ён і не твой. Так, каб католікі на нашай зямлі хадзілі праз "катухі" і "зыгарадкі", якія для іх паставілі людзі ў формах, і каб маліліся толькі на тых месцах і пры тых умовах, якія ім абазначылі, то не было б на нашай зямлі ні Будслава, ні майго Задарожжа, ні Мёраў (і як шкада, што там пра гэта нібыта забыліся).
Так, гэта непакорнасць - працяг каталіцкага трывання на нашай Зямлі, і бунт супроць віславухага сярмяжніцтва, якое ўсё прыкрые банальнай фразай: мы ж маліцца ідзем...мы пакорныя...Вядома, для пакалення 90-х, гэта стылістыка, для нас, якія памятаем такіх жа дабрадзецеляў парадку пад касцёламі ў савецкія часы і нашыя дзіцячыя слёзы ад іхніх дзеянняў -- гэта знаёмая рэальнасць.
Калі б Будславу было не 500 год, можна было б спалохацца шматлікіх брыгад спецназаўцаў і яшчэ шмат чаго. Але Будславу 500, і ён ператрываў столькі такіх, якія лічыліся абсалютнымі гаспадарамі на гэтай зямлі, і наводзілі свае парадкі.
Будславу 500 і магутнасць тых вежаў нібы хоча падкрэсліць яго непакорнасць. Будслаў перажыве і тых хамаў, што даставалі бутэлькі з вадой з сумак сясцёр законных, нюхаючы "падазронную вадкасць унутры", і тых, што паўгадзіны валтузілі дзяўчну, якая хацела пранесці скрыпку, таксама, напэўна, з "падазронным жаданнем" зайграць у святыні.
Урэшце рэшт Будслаў перажыве і нашу маладушнасць...
Як добра, што ў нас ёсць Будслаў.
vkontake "Айцец-Славік Пялінак" via Westki