Нараджэнне супольнасці

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі праходзілі ў нязвыклай атмасфэры памяншэньня ўціску з боку дзяржавы. Нам усім запомняцца рознакаляровыя сьцягі ініцыятыўных групаў разнастайных кандыдатаў: маладых і сівых, апаратчыкаў і нефармалаў. Даўно ў рэспубліцы не было такой колькасьці разнастайных палітычных дыскурсаў, хаця выбару па-ранейшаму не зьявілася. І 19 сьнежня ўсе колеры вясёлкі зьмяніліся на колер хакі і чорныя шлемы АМАПу, на масавыя арышты і ператрусы.

Сярод розных дыскурсаў у час выбарчай кампаніі прагучаў досыць новы для нашых краёў – хрысьціянскі. У Беларусі ўпершыню зьявіўся кандыдат, які пазыцыянаваў сябе як верніка, а сваю партыю – як партыю хрысьціянаў. Ён цытаваў Біблію, нагадваў пра запаведзі, часта апэляваў да хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, і пра яго любы мог сказаць: “Рымашэўскі? Гэта той, каторы хрысьціянін?”.

Царкоўныя суполкі, нягледзячы на тое, што прыналежнымі да той ці іншай хрысьціянскай традыцыі сябе дэкляруе вялікая колькасьць жыхароў краіны, займаюць досыць маргінальнае становішча ў палітычным полі. Таму для БХД, якая спрабавала стаць голасам

хрысьціянаў, у гэтым полі не было канкурэнтаў. Хаця дзейная ўлада і спрабавала гуляць на рэлігійным полі, аднак гэта была не гульня, а хутчэй “заляцаньне”, шырокія і яркія жэсты: Лукашэнка ў саборы на Вялікдзень, Лукашэнка ў Ватыкане, Лукашэнка ў Канстантынопалі, словы пра рэлігійную стабільнасьць, заключэньне пагадненьня зь Беларускай Праваслаўнай Царквой, абяцаньні канкардату з Рыма-Каталіцкай.

У асабліва складаную сытуацыю былі пастаўленыя праваслаўныя – раней у асяродку праваслаўных прыходзкіх актывістаў і сьвятароў была тэндэнцыя падтрымліваць Лукашэнку як “свайго”, хоць і атэіста, але “праваслаўнага”, а пры гэтым, дзякуючы прапаган-дзе, у апазыцыі бачыць “чужых” і “заходніх”. Пра гэта сьведчаць і афіцыйныя прамовы, і газэткі-ўлёткі, якіх у праваслаўных храмах распаўсюджваецца шмат, і праваслаўныя інтэрнэт-форумы, дзе калі і зьяўляліся апазыцыянэры ці хаця б проста крытыкі палітыкі дзяржавы, то ім “даставалася” ад сваіх больш ляяльных да рэжыму суразмоўцаў. Безумоўна, сярод праваслаўных былі людзі з рознымі палітычнымі пазыцыямі, але ўсё ж паноўны дыскурс – антызаходні, прарасейскі, анты-“дэманакратычны” быў на баку Лукашэнкі. Цяпер жа пры наяўнасьці кандыдата, галоўным матывам палітычнай ангажаванасьці якога стала хрысьціянства, чалавека са знаёмага рэлігійнага поля, са “сваёй” субкультуры, голас гэтай субкультуры, са знаёмымі вобразамі, знаёмымі словамі – вялікай сталася спакуса ў праваслаўных аддаць сваю падтрымку яму. Прычым незалежна ад уласна палітычных поглядаў: прыхільнікі і цара Мікалая ІІ, і беларускай аўтакефаліі, і наогул без аніякіх поглядаў, пабачылі ў праваслаўным кандыдаце “свайго”. Няхай ён беларускамоўны, няхай ён апазыцыянэр, але ён “такі ж, як і мы”.

Афіцыйная БПЦ такога “праваслаўнага” кандыдата магла вельмі лёгка выбіць з таго поля, дзе ён знайшоў сабе электарат. Дастаткова было рэплікі прэс-службы, заявы па Беларускім тэлебачаньні, падобнай да тых, якія рабіліся ў 2009 г. супраць БХД рукамі расейскага дыякана Кураева і эпархіяльнага юрыста А. Алешкі. Але такія спробы дыскрэдытацыі тады атрымалі жорсткі адпор ад адказнага па сувязях са сродкамі масавай інфармацыі БПЦ. І ў 2010 г. давялося для крытыкі БХД прыцягваць нейкага малавядомага ў шырокіх колах сэктазнаўцы зь Нямеччыны Т. Гандоў, бо, напэўна, не ўдалося схіліць БПЦ да такога кроку.

У рэакцыі на падзеі 19 сьнежня таксама адбылася разьдзяленьне поглядаў праваслаўных. Мітрапаліт Філарэт маўчаў – не крытыкаваў жорсткія разгоны, не віншаваў зь перамогай. У гэтым маўчаньні спрабавалі пачуць асуджэньне Лукашэнкі. Адзін зь лідэраў БПЦ, блізкі да дзяржавы, прот. Ф. Поўны – у вечаровым этэры канала АНТ ганіў пратэстоўцаў з плошчы. Патрыярх Маскоўскі адзін зь першых даслаў прывітальнае слова ў адрас дзейнага прэзыдэнта са словамі пра ўзровень “народнага даверу” і пра неабходнасьць ісьці “па шляху разьвіцьця братэрскіх стасункаў з Расеяй”.

У асяродку ж царкоўных людзей нешта сасьпела. Нешта сасьпела ў дачыненьні да царквы і ў асяродку нецаркоўных. Ліст Вольгі Іпатавай да Патрыярха Кірыла, ліст абурэньня. Артыкул Пятра Садоўскага, артыкул абурэньня ўручэньнем харугвы Міністэрству ўнутраных справаў, ведамству, якое кіравала разгонам і зьбіцьцём дэманстрантаў.

Лісты, як крок адчаю ці спроба дакрычацца да царкоўнага кіраўніцтва, напісаныя многімі вернікамі. У саміх такіх лістах, як і ў запісах у блогах і абмеркаваньнях на форумах, няма нічога дзіўнага. Пад адным зь лістоў да Патрыярха падпісалася шэсцьдзесят праваслаўных вернікаў – выпускнікоў Інстытута тэалёгіі і прыходзкіх актывістаў, спрабуючы заклікаць апошняга да больш адпаведнай беларускай рэчаіснасьці рэакцыі. Цікава вось што: мноства лістоў з просьбай да царкоўнага кіраўніцтва заняць пазыцыю што да разгону на плошчы Незалежнасьці друкуе афіцыйная газэта Менскай эпархіі “Царкоўнае слова” з накладам 5000 асобнікаў, якая выдаецца ў Петра-Паўлаўскім саборы Менска.

Рэдакцыя газэты камэнтуе: “У гэтых лістах – трывога і занепакоенасьць лёсам зьняволеных, клопат пра стан здароўя пацярпелых, просьбы да Мітрапаліта Філарэта зьдзейсьніць місію міратворчасьці, міласэрнасьці і яднаньня ў беларускім грамадзтве”.

Здавалася б, такія нязначныя крокі, але ў незалежных сродках масавай інфармацыі і ў блогах трыюмф: нарэшце БПЦ заняла пазыцыю! І гэта нягледзячы на камэнтар царкоўнага кіраўніцтва на лісты. Маўчаньне

Мітрапаліта Філарэта, якое ўсё ж зьмянілася на віншаваньне на інаўгурацыі і ўжо згаданую харугву Куляшову, прывяло да наступнага расчараваньня.

Так, расчараваньне чытаецца і ў Вольгі Іпатавай, і ў Пятра Садоўскага. І гэта расчараваньне ў тым, што грамадзянская супольнасьць у Беларусі прызвычаілася чакаць пазыцыяў ад начальства. У БПЦ такім начальствам ёсьць Мітрапаліт Філарэт і вядомыя сьвятары. Аднак пазыцыя – і спосабы яе артыкуляцыі – фармуецца зусім не на найвышэйшым узроўні. Бо што гэта за пазыцыя: “як начальства скажа”. Прыватныя ініцыятывы праваслаўнай грамадзкасьці, якія часта застаюцца незаўважанымі СМІ і якія, магчыма, і не трэба, каб СМІ заўважалі, – збор грошай на прыходзе для дапамогі вязьням, малебны за зьняволеных, занепакоенасьць іх лёсам, размовы ў “панамарцы” – усё гэта нараджаецца ня зьверху, а зь сярэдзіны царквы, царквы як супольнасьці. І гэтая супольнасьць як суб’ект супольнасьці грамадзянскай знаходзіцца ў стадыі фармаваньня.

Каталікі і пратэстанты, загартаваныя ў змаганьнях з дзяржаўнай сыстэмай, праваслаўных тут абганяюць. Аднак усе канфэсійныя супольнасьці знаходзяцца хутчэй на ўзроўні эмацыйнай аргумэнтацыі. Наступным крокам мусіць стаць рэфлексія, рэфлексія этычная, сацыяльная, палітычная, а ня проста фармуляваньне сваіх інтарэсаў ці выказваньне свайго абурэньня. І хаця ў эмацыйным пляне пасьля 19 сьнежня ўся супольнасьць знаходзіцца ў заняпадзе, з гэтага заняпаду нараджаецца надзея.

Васілевіч Наталля, часопіс "Асамблея"

Рубрыка: