Крупецкая святыня

 

Крупецкая іконаКалісьці, пад час працы ў Расійскай Нацыянальнай Бібліятэцы (г. Санкт-Пецярбурга) нам пашанцавала знайсці выяву, калісьці вельмі знакамітай, добра вядомай да рэвалюцыі ўсім мінчанам, Крупецкай іконы Божае Маці.

Гэта знаходка з’яўляецца своеасаблівай падзеяй ў царкоўным жыцці Мінска, бо ікона, пра якую пойдзе размова, недзе ў 30-я гады ХХ стагоддзя была згублена, ды так, што да нядаўняга часу ніхто не мог з дакладнасцю сказаць, як яна нават выглядала. І вось, праз болей чым пяцьдзесят гадоў, выява іконы зноў перад нашымі вачыма… Яе гісторыя губляецца ў даўніне вякоў.

Невядома, калі тое адбылося, але паводле вельмі старадаўняга падання, запісанага яшчэ ў ХІХ ст., Крупецкая ікона, пры загадкавых абставінах, з’явілася непадалёку ад Мінска, на крыніцы, якая і сёння яшчэ бруіць і знаходзіцца ў мікрараёне “Вяснянка”, бліжэй да р. Свіслач. Непадалёку ад крыніцы, на ўзвышшы, раней існавала вёска (ад яе засталося некалькі хат), што звалася Крупцы. Адсюль і ікона атрымала найменне: Крупецкай. Наколькі нам вядома з архіўных дакументаў, упершыню мясцовасць пад назваю Крупцы ўзгадваецца ў 1622 годзе. Менавіта тады нейкі даволі заможны чалавек, па прозвішчу Мікалай Вароніч, ахвяраваў на карысць Свята-Петрапаўлаўскага праваслаўнага манастыра, які дзейнічаў у Мінску, дзве сенажаці: адну на Камароўскім балоце, а другую – у Крупцах. Значыць, мясцовасць гэтая здаўна належала праваслаўным вернікам горада.

На пачатку XVII ст. Крупецкая ікона ўжо была вядомай святыняй у Мінску. Яна захоўвалася ў невялікай драўлянай капліцы, што стаяла на ўзгорку, з якога і выцякала жыццятворная крынічка. Капліца звалася Свята-Пакроўскай. Цікава, што на адваротным баку іконы прачытваўся надпіс, зроблены на лацінскай мове. Ён сведчыў за тое, што ў 1612 годзе ікона пэўна мелася ў Крупецкай капліцы.

Пасля таго, як на Беларусі стала шырока распаўсюджвацца уніяцтва і большая частка вернікаў прымусова пераведзена ва унію, Крупецкая капліца пачала ўзгадвацца ў дакументах у якасці прыпісной да Свята-Уваскрасенскай прыходскай царквы, што існавала ў мінулым прыблізна там, дзе сёння праходзіць вуліца Вызвалення (дарэчы, былая вул. Уваскрасенская).

Па звестках XVIII ст., капліца ў Крупцах не вылучалася нічым адметным, была крыта гонтай і ўпрыгожана адзіным купалам. Ікону, што знаходзілася ў ёй, упрыгожвалі дзве срэбраныя кароны.

У 1818 годзе, калі настаяцелям Свята-Уваскрасенскай царквы служыў а. Пётр Сіткевіч, Крупецкую ікону абалочылы ў срэбраную шату. Пры тым жа святары ў 1820 годзе стараннем прыхаджан капліца была нанава перабудавана.

Па меры сваіх сіл, людзі заўсёды даглядалі гэтае месца, бралі з крынічкі ваду, падоўгу маліліся ў капліцы, і Гасподзь дапамагаў ім; бывалі выпадкі, калі ад той вады нават безнадзейна хворыя і нямоглыя вярталіся да жыцця.

У сярэдзіне XIX ст., па ініцыятыве мінскага губернатара Фядота Шкларэвіча было вырашана ўзвесці на славутай крыніцы цалкам новы храм, большых памераў, чым папярэдні, таксама драўляны.

На гэты час Свята-Уваскрасенская царква ўжо не дзейнічала, бо па старасці гадоў прыйшла ў поўны заняпад. Таму Крупецкая капліца сталася прыпісанай да Свята-Екацярыненскага гарадскога сабора, што раней з’яўляўся храмам Свята-Петрапаўлаўскага праваслаўнага манастыра. Настаяцель сабора а. Ксаверый Шышко падтымаў ініцыятыву мінскага губернатара і на будаўніцтва новай царквы хутка пачаўся збор грошай. Людз давалі хто колькі мог: надворны саветнік Станіслаў Варонін ахвяраваў 2500 рублеў срэбрам, загадчык дырэкцыі Мінскага гарадскога тэатра Мінкевіч – 113 рублёў, звычайныя жыхары Мінска клалі на пабудову царквы “лепту вдовицы”. Нават татары, якія пражывалі паблізу ад Крупцоў (у той мясцовасці, дзе зараз стаіць кінатэатр “Масква”), хаця і вызнавалі мусульманства, але настолькі ўшаноўвалі крыніцу ў Крупцах, што наняліся падвозіць дрэва, неабходнае для будоўлі.

У 1856-57 гады выключна на дабрачынныя міласціны царква была ўзведзена. А праз некалькі год стараста Свята-Екацярынінскага сабора Аляксандр Свечнікаў падараваў для знакамітай іконы новую шату, на якой быў выбіты наступны надпіс: “Сия святая икона Пресвятыя Богородицы, что в Крупцах, украшена серебряною, вызолоченною ризою, с украшением венца из камней, и бронзовым кистом, старостою Минского Екатерининского собора, почетным блюстителем Минской духовной семинарии, Александром Андреевичем и супругою его Верою Семеновною Свечниковыми, 1861 года, марта 25 дня».

Пачынаючы з 1884 года, па благаславенню мінскага епіскапа Варлаама, жыхары горада сталі рэгулярна рабіць з Крупецкай іконай урачыстыя хрэсныя хады. Увосень, на свята Пакрова Божае Маці, пры шматлюдным наплыву народу, святую ікону неслі да царквы Мінскага архіерэйскага падвор’я (на яго падмурках стаіць сёння Дом афіцэраў). Там яна захоўвалася ўсю зіму, на працягу якой да яе ішлі багамольцы. У маі, зноў-такі хрэсным ходам, ікону вярталі назад. І ўсё лета яна стаяла ў Крупецкай царкве. Так рабілася з той нагоды, што архіерэйскі храм быў цёплы, і ў ім было лягчэй маліцца ўзімку.

Звычай хрэсных хадоў з цудазейнай іконай трывала ўвайшоў у жыццё праваслаўных вернікаў Мінска; яны захоўвалі яго аж да 1917 года.

Што здарылася потым, здагадацца не цяжка. Пасля таго, як у 30-я гады Крупецкую царкву знішчылі, ікона згубілася, і месца, да якога не адно стагоддзе ішлі са сваімі нягодамі і смуткам мінчане, паступова запусцела. І толькі крыніца працягвала бруіцца, нагадваючы пра былое.

Нядаўнім часам у Крупцах праваслаўныя братчыкі ўсталявалі драўляны крыж. У планах вернікаў ёсць намер адрадзіць храм, адбудаваць царкву там, дзе яна стаяла спрадвеку.

Але з пачатку 90-х гадоў вернікі пачалі адраджаць былое святое месца. Была знойдзена выява іконы, што ў мінулым прыцягвала да сябе столькі людзей! Можа, дасць Бог, знойдзецца і сапраўдны абраз… А на спрадвечным святым месцы адбудавана новая царква Пакрава Божай Маці.

Святар Хведар Крыванос

Рубрыка: