Маці і Настаўніца Касцёл: да праблемы (не)беларускасці Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі

Колькі год таму кардынал Казімеж Свёнтэк сказаў, што няма добра распрацаванай беларускай багаслоўскай тэрміналогіі.

Я чакаў, што хто-небудзь публічна задасць кардыналу пытанне:

-- Як жа так здарылася: мелі плеяду беларускіх рыма-каталіцкіх святароў, мелі каталіцкую перыёдыку, выдавалі кнігі, а тэрміналогіі не распрацавалі?

Гэтае пытанне можна было б задаць і трошкі інакш:

-- А ў чым жа прычына гэткага вартага жалю становішча?

Шкада, ніхто не задаў гэтых пытанняў Казімежу Свёнтэку. Не задаў і я. З увагі на ўзрост кардынала, каб не нерваваць пажылага чаалвека. Бо кардыналу давялося б прызнаць віну за гэткае становішча афіцыйных уладаў Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. І Ватыкана.

Поўную трагізму гісторыю беларускага каталіцызму (а не каталіцызму ў Беларусі), спадзяюся, яшчэ нехта напіша. Напіша пра тое, што быць рыма-каталіком і беларусам адначасна ў міжваеннай Заходняй Беларусі было прост небяспечна для здароўя і дабрабыту чалавека, бо беларуса-каталіка дыскрымінавалі, бадай, не менш, а то й больш, чым праваслаўнага. Напіша пра тое, у якіх умовах беларускія рыма-каталікі выдавалі свае газеты і часопісы і якія перашкоды ім чынілі польскія біскупы Рамуальд Ялбжыкоўскі і Мікалай Міхалькевіч. (Пра тое, якія перашкоды чыніў настаўнік кардынала Свёнтэка, біскуп Зыгмунт Лазінскі, я ўжо пісаў.)

Беларускія ксяндзы выпускалі кнігі, але кожны працаваў асобна і беларусізаваў грэцкія і лацінская тэрміны на сваё разуменне. Сабрацца ж беларускім ксяндзам разам, утварыць тэрміналагічную камісію – такое было немагчыма, бо такі крок быў бы расцэнены царкоўнымі і дзяржаўнымі ўладамі як бунт, праява сепаратызму, схізмы.

Дадамо да гэтага фактычнае выгнанне з Беларусі на Далёкі Ўсход такіх дасведчаных святароў, як айцы Фабіян Абрантовіч, Андрэй Цікота, Язэп Германовіч… Дадамо разгром Друйскага кляштара айцоў марыянаў, дзе на сваю бяду сабраліся беларусы…

Адной з праяў дыскрымінацыі, якой паддавалі беларусаў-каталікоў віленскі мітрапаліт Рамуальд Ялбжыкоўскі і пінскія біскупы Зыгмунт Лазінскі ды Казімеж Букраба, было тое, што БЕЛАРУСАМ БЫЎ ЗАКРЫТЫ ДОСТУП У ДУХОЎНЫЯ НАВУЧАЛЬНЫЯ ЎСТАНОВЫ. Беларусу нельга было стаць клерыкам (семінарыстам). Беларусу ніводзін ксёндз-паляк не даў бы рэкамендацыі, а рэкамендацыя беларускага ксяндза толькі нашкодзіла б юнаку, які б надумаўся стаць святаром.

Вынікам палітыкі польскіх іерархаў стала тое, што ў паваенны час У БССР ПРАКТЫЧНА НЕ ЗАСТАЛОСЯ КСЯНДЗОЎ-БЕЛАРУСАЎ. Яны апынуліся за межамі краіны: або у ГУЛАГу, або на Захадзе. Тых, хто выходзіў ў сярэдзіне 1950-х з лагероў, савецкая ўлада (на радасць тутэйшых ксяндзоў-палякаў) адпраўляла ў Польшчу.

Адзіным на ўсю Беларусь ксяндзом-беларусам быў выпускнік Друйскай семінарыі, марыянін а. Уладзіслаў Чарняўскі, які якраз у сярэдзіне 1950-х пераехаў з Літвы на Радзіму. Другім ксяндзом-беларусам стаў пазней а. Ян Матусевіч, які сваю беларускасць мусіў хаваць ажно да 1989 года. Ды яшчэ нясвіжскі пробашч Каласоўскі дазваляў сабе польска-беларуска-расійскую трасянку.

Адучваю, што зараз у мяне папытаюцца: а як жа мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, ягоны суфраган Антоні Дзям’янка?.. Думаю, ніхто не будзе спрачацца, што біскупы Уладзіслаў Блін і Аляксандр Кашкевіч – палякі. І ў савецкім пашпарце біскупа Казімежа Велікасельца, я ўпэўнены, таксама значылася, што ён – паляк. І ў пашпарце Тадэвуша Кандрусевіча. А ксёндз Вацлаў Пянткоўскі, які вучыў Антонія Дзям’янку, нізашто не прыняў бы ў сваю падпольную семінарыю чалавека, у чым пашпарце запісана, што ён – беларус.

Дык вось, адзіны на ўсю Беларусь адкрыты каталіцкі святар-беларус перакладаў на нашу мову Новы Запавет. Ён прыйшоў да высновы, што і каталікам варт было б казаць і пісаць Госпад Бог, бо Усявышні стаіць вышэй за любога пана. Варт было б казаць і пісаць Дзева Марыя, бо Маці Божая вышэйшая за любую панну. А заручанага з ёю праведніка добра было б назваць не Іосіфам, не Юзафам, а Язэпам…

Пераклад айца Уладзіслава выйшаў у 1999 годзе без imprimatur. Ён можа выкарыстоўвацца ў літургіі толькі часова, да з’яўлення кананізаванага перакладу. Дзеля гэтага і створана секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

З першымі вынікамі працы гэтае секцыі можна пазнаёміцца ў інтэрнэце, калі зазірнуць на адрас catholic.by/2/libr/bible.html. Там маюцца амаль афіцыйныя пераклады чатырох Евангелляў ды пасланняў апосталаў Якуба, Пятра, Яна і Юды.

Першая думка пры чытанні самага першага ж Евангелля: і гэта яшчэ не дасканалы пераклад. Мо дакладны, але асобныя мясціны чытаюцца цяжка. Але перш за ўсё ў вочы кідаецца вяртанне да старога. Зноў Пан Бог... А святы і праведны Язэп стаў, дайце веры, Юзафам. Сапраўды “беларускае” імя! Лепш назвалі б яго Іосіфам.

Такія павароты мяне не дзівяць. Посткаляніяльнага сіндрому цяжка пазбыцца. Таму ў нас не Рыма-Каталіцкая Царква, як ў Расіі і Ўкраіне, а Касцёл. Але гэты Касцёл іншы раз выступае ў жаночай іпастасі, і ў яго дакументах (напрыклад, у афіцыйным перакладзе дэкларацыі ІІ Ватыканскага Сабору «Gravissimum Educationis”) сустракаем такое нязвыклае для беларускага вока і вуха словаспалучэнне, як “Святая Маці-Касцёл павінен...” Гэта не апіска, не плён творчасці непісьменнага чалавека, гэта напісана свядома, бо і ў Польшчы Касцёл – Маці. І не толькі Маці, але і Настаўніца.

...Кардынал Казімеж Свёнтэк казаў, што няма беларускай багаслоўскай тэрміналогіі. Як відаць, у бліжэйшы час яе і не будзе. А будзе ў нас такая сабе польска-беларуская трасянка. Бо і Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі таксама няма. А ёсць Касцёл. Як у Польшчы. Толькі з той розніцай, што Каталіцкая Царква ў Польшчы – усё ж нацыянальная.

Сідарэвіч Анатоль

Рубрыка: